навучальна-адміністрацыйная адзінка ў Рас. імперыі ў 1829—50. Цэнтр знаходзіўся ў Віцебску. Утворана 17.1.1829 пасля рэарганізацыі Віленскай навучальнай акругі. Напачатку ў склад акругі ўваходзілі Віцебская і Магілёўская, з 1831 Мінская, з 1832 Гродзенская, Віленская губ. і Беластоцкая вобласці. Рэформы асветы ў акрузе праводзіліся ў адпаведнасці са «Статутам гімназій і вучылішчаў павятовых і прыходскіх» (1828) і «Дадатковымі пунктамі да статута навучальных устаноў у дачыненні да Беларускай навучальнай акругі» (1829). Апошні дакумент прадугледжваў уключэнне ў курс прыходскіх вучылішчаў навучанне «мясцовай мове». Пераўтварэнне навуч. сістэмы праводзілася з мэтай ліквідацыі польск. паліт. і культ. ўплыву. Навуч. ўстановы выключаліся з падпарадкавання каталіцкаму духавенству, замест польск. мовы ўводзілася руская. За час існавання Беларускай навучальнай акругі на яе тэр. створана 6 гімназій, 17 пав. вучылішчаў, 160 пач. школ і 29 пансіёнаў. У 1834 адкрыта першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя. У 1848 адкрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут — першая вышэйшая навуч. ўстанова ў Беларускай навучальнай акрузе. У 1840 на 4630 тыс. жыхароў акругі прыпадала 11,9 тыс. вучняў, з іх 65,2% складалі дзеці памешчыкаў, духавенства, чыноўніцтва, 18,5% — дзеці сялян, 16,3% — дзеці мяшчан, рамеснікаў і інш.; у школах працавалі 553 настаўнікі. Пасля ліквідацыі акругі (2.5.1850) навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскайгуб. аднесены да адноўленай Віленскай навуч. акругі, навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. — да Пецярбургскай навучальнай акругі.
навукова-даследчая ўстанова, якая зберагае кінафотафонадакументы Нац. архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь. Створаны ў маі 1941 паводле пастановы СНКСССР ад 29.3.1941 у Мінску, з 1987 у Дзяржынску Мінскай вобласці. Зберагае (1995) 22 987 адзінак захоўвання хранік.-дакументальных, навук.-папулярных фільмаў, кіначасопісаў, спецвыпускаў, асобных кінасюжэтаў, кіналетапісаў за 1920—90-я г., мастацкіх кінастужак. У іх адлюстраваны найб. значныя падзеі паліт. і культ. жыцця Беларусі: уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР, дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве, партыз. барацьба і дзеянні Чырв. Арміі ў Вял.Айч. вайну і інш., кінадакументы пасляваен. часу. У архіве захоўваецца больш за 187 850 фотанегатываў, пазітываў з 1880-х г. да нашых дзён, у т. л. каштоўныя фотадакументы перыяду Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і інш. Сярод гуказапісаў (больш за 8200) выступленні грамадскіх і паліт. дзеячаў, бел. пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва (у т. л. прамова Я.Купалы на 1-м Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў у 1934), успаміны ўдзельнікаў Вял.Айч. вайны, бел. музычныя творы ў выкананні майстроў і калектываў рэспублікі.
Аддзелы: камплектавання, экспертызы каштоўнасці дакументаў, кантролю за арганізацыяй ведамаснага захоўвання дакументаў; дзярж. ўліку дакументаў і навук.-даведачнага апарата; забеспячэння захавання дакументаў і фондаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; аўтаматызаваных інфарм.-пошукавых сістэм; тэхн. кантролю. Лабараторыя забеспячэння захаванасці кіна-, фота-, фонадакументаў.
А.М.Грыневіч.
Будынак Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ДРУГІ́ў Вялікую Айчынную вайну.
1-е фарміраванне створана 17.2.1944, дзейнічала на Ковельскім напрамку. Камандуючы ген.-палк. П.А.Курачкін, чл.ваен. савета ген.-лейт. Ф.Я.Бокаў, нач. штаба ген.-лейт. У.Я.Калпакчы. Уваходзілі арміі: 47, 61, 70, 6-я паветраная. Войскі фронту пачалі Ковельскую аперацыю, у час якой гітлераўцы прарвалі акружэнне Ковеля, таму сав. войскі перайшлі да абароны. 5.4.1944 фронт расфарміраваны, войскі перададзены ў склад Беларускага фронту першага.
2-е фарміраванне створана 24.4.1944 у выніку падзелу Зах. фронту на 2-і і 3-і Бел. франты, дзейнічала на Магілёўскім напрамку. Камандуючыя: ген.-палк. І.Я.Пятроў, з чэрв. 1944 ген. арміі Г.Ф.Захараў, з ліст. 1944 Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі; чл.ваен. савета: ген.-лейт. Л.З.Мехліс, з ліп. 1944 ген.-лейт. М.Я.Субоцін; нач. штаба: ген.-лейт. С.І.Любарскі, з мая 1944 ген.-палк. А.М.Багалюбаў. У розны час уваходзілі арміі: 3, 19, 33, 43, 48, 49, 50, 65, 70, 2-я ўдарная, 1-я і 5-я гвардз. танкавыя, 4-я паветраная. Франтавая газ. «Фронтовая правда». Войскі фронту ў 1944 правялі Магілёўскую, Беластоцкую аперацыі, удзельнічалі ў Мінскай (гл. адпаведныя арт.), у 1945 ва Усх.-Прускай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай аперацыях. 6.5.1945 на тэр. Германіі сустрэліся з войскамі 2-й англ. арміі. 10.6.1945 фронт расфарміраваны, яго палявое ўпраўленне перайменавана ва ўпраўленне Паўн. групы войскаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗІНО́,
горад у Беларусі, цэнтр Бярэзінскага р-на Мінскайвобл., прыстань на р. Бярэзіна. За 101 км ад Мінска, 50 км ад чыг. ст. Градзянка, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 13,3 тыс.ж. (1995). У Беразіно прадпрыемствы паліўнай, харч., лясной, лёгкай прам-сці. Помнік архітэктуры 19 ст. — сядзібны дом.
Упершыню ўпамінаецца ў 1501 як мястэчка ў Любашанскім старостве ВКЛ. З 1560-х г. у Мінскім пав., наз. Ніжняе Беразіно, належала Сапегам, з 1671 — Тышкевічам. У 1641 пабудаваны драўляны касцёл (у 1914 згарэў). З 1668 Беразіно мела прывілей на гандаль і штогадовы кірмаш. У час антыфеад. вайны 1648—51 тут адбыліся вял. баі. З 1793 у Пагосцкай вол. Ігуменскага пав.Рас. імперыі, належала Патоцкім. У 1-й пал. 19 ст. дзейнічала суконная мануфактура. У 1880 у Беразіно 3181 ж. Купцы з Беразіно гандлявалі дрэвам, пянькой, прадуктамі са смалы. З 1892 працавалі бровар, канатная ф-ка, млын. У 1897 — 4987 ж., нар. вучылішча, школа. У 1905 адбыліся забастоўкі рабочых і рамеснікаў. У лютым—снеж. 1918 акупіравана герм., са жн. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. У 1924—62 і з 1965 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 3.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,2 тыс.чал.; дзейнічала падп. група. У 1962—65 у Чэрвеньскім р-не. З 7.3.1968 горад. У 1989 — 12,7 тыс.ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ЖЫН,
горад у Беларусі, цэнтр Валожынскага р-на Мінскайвобл., на р. Валожынка. За 75 км ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Валожын на лініі Маладзечна—Ліда, на аўтастрадзе Мінск—Гродна. 11,5 тыс.ж. (1995).
Вядомы з 14 ст. Каля 1475 тут засн. касцёл. У розныя часы належаў Манівідам, Вярэйскім, Гаштольдам, Радзівілам. Служкам, Чартарыйскім, Тышкевічам. З 1551 мястэчка ў Ашмянскім пав Віленскага ваяв. У 1681 тут заснаваны касцёл і кляштар бернардзінцаў (ліквідаваны ў 1864), каля 1683 — правасл. брацтва, у 1710 пабудавана уніяцкая царква. У пач. 18 ст. ў Валожыне 107 двароў, 2 касцёлы, 2 царквы. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1806—92 дзейнічала яўр. духоўная акадэмія (ешыбот), 2 школы, З царквы, сінагога, аптэка, шпіталь, суконная ф-ка, праводзіліся 4 кірмашы на год. У 1897 — 4533 ж. У 1918 горад акупіраваны герм., вясной 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Валожынскага павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Валожынскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 2 тыс.чал. У 1969 — 5,8 тыс. жыхароў.
У Валожыне прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр. прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Валожынскі палац, касцёл св. Юзафа (1816), царква Канстанціна і Алены (1866). Помнік Вызвалення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕВА,
вёска ў Валожынскім р-не Мінскайвобл., на р. Альшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад г. Валожын, 98 км ад Мінска, за 7 км ад чыг. ст. Багданаў, на аўтадарозе Валожын—Ашмяны. 537 ж., 211 двароў (1996).
З 14 ст. ў складзе Крэўскага княства. З 15 ст. ўласнасць Гедыголдавічаў, Гальшанскіх, Пацаў, Гаштольдаў, з канца 17 да канца 19 ст. — Храптовічаў. У 1583 мястэчка, цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. дзейнічала школа базыльян. У 1780—1870 у Вішневе працаваў Вішнеўскі металургічны завод. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1865 дзейнічалі шкляная гута, цагельна-ганчарны з-д, сукнавальня, спіртзавод, вадзяны млын, царк.-прыходская школа, нар. і яўр. вучылішчы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1919—20 і 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на. З чэрв. 1941 да 6.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 2060 жыхароў. У Вішнева жыў і памёр бел. асветнік С.Будны, жылі і пахаваны бел. паэтэса К.Буйло, мастак Ф.Рушчыц.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Вішнеўскі касцёл Марыі і Казьмадзям’янская царква (1865).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,
першая руская с.-д.арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.Б.Аксельродам, Л.Р.Дэйчам, В.М.Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.
Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.Н.Гецаў, С.Л.Ляўкоў, С.Л.Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.
Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.І.Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
гарадскі пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., у вярхоўі р. Сэрвач. На аўтадарозе Баранавічы—Навагрудак. За 25 км ад г. Баранавічы, 2,5 тыс.ж. (1996).
У сярэдзіне 13 ст. Гарадзішча ў складзе ВКЛ, з 2-й пал. 15 ст. велікакняжацкі двор. У 1494 тут заснаваны касцёл. З канца 15 ст. ў розны час уладанне кн. Сямёна Бельскага, вял. княгіні Алены Іванаўны, Няміравічаў, Давойнавічаў, Карыцкіх, Гастомскіх, Хадкевічаў, Каменскіх, Зяновічаў, Л.Паца, Бухавецкіх. З 1793 мястэчка ў Рас. імперыі, з 1795 цэнтр воласці Навагрудскага пав.Мінскайгуб. У 1798 у Гарадзішчы уніяцкая царква, касцёл, якія ў 1839 і 1864 пераўтвораны ў правасл. цэрквы. У 1893 у Гарадзішчы 747 ж., сельскае вучылішча, 2 царквы, сінагога, 5 яўр. малітоўных дамоў, багадзельня, цагельня, 12 крам, 2 кірмашы штогод. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Гарадзішчанскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Гарадзішчы больш за 4 тыс.чал. З 1962 у Баранавіцкім р-не. У 1989 у Гарадзішчы 2,9 тыс.ж.
Прадпрыемствы харч. прам-сці, камбінат быт. абслугоўвання. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1764), касцёл (18 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШКЕ́ВІЧ (Іосіф Антонавіч) (1815—15.5.1875),
дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Д. Усходу, натураліст. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага пав.Мінскайгуб. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839). У 1839—49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Вывучаў кіт., кар., яп., маньчжурскую, англ., ням., франц., лац., грэч., яўр. і інш. мовы, даследаваў культуру і філасофію Кітая і Японіі. У 1852—55 як перакладчык суправаджаў на фрэгаце «Палада» (з рус. пісьменнікам І.А.Ганчаровым) дыпламат. місію адмірала Я.В.Пуцяціна ў Японію. З удзелам Гашкевіча заключаны рус.-яп. дагавор 1855. У 1858—65 першы рас. консул у Японіі. Першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы яп. сталіцы і зрабіць падарожжа па краіне. У 1861 сустракаўся ў Хакадатэ з М.А.Бакуніным. З 1867 у адстаўцы, жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857; разам з Тацібана но Каасай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899). Калекцыі флоры і фауны Паўд. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў заал. музею АН у Пецярбургу. У г. Хакадатэ на в. Хакайда Гашкевічу пастаўлены помнік. У 1994 помнік бюст Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульпт. Ф.Янушкевіч); створаны японска-бел.-рус. фонд імя І.А.Гашкевіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ З’ЕЗД КП(б)Б (аб’яднаўчы). Адбыўся 4—6.3.1919 у Вільні. Прысутнічалі 159 дэлегатаў з рашаючым і 10 з дарадчым голасам ад 17 636 камуністаў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, ч. Ковенскай і Сувалкаўскай губ. Парадак дня: даклады ЦБКП(б)Б і ЦК КП(б)ЛіЗБ (В.Г.Кнорын, А.І.Вайнштэйн-Браноўскі); аб’яднанне Кампартыі Беларусі і Кампартыі Літвы і Зах. Беларусі; III Камуніст. Інтэрнацыянал (В.С.Міцкевіч-Капсукас); арганізац. пытанне; Саветы і партыя (І.І.Рэйнгольд); работа на вёсцы; ваен. пытанне; праграма Камуніст. партыі (А.Ф.Мяснікоў); выбары кіруючых органаў. Скліканне з’езда было абумоўлена ўтварэннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел). З’езд ухваліў утварэнне Літбела і пастанавіў аб’яднаць Кампартыю Беларусі і Кампартыю Літвы і Зах. Беларусі ў адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] «як неад’емную частку РКП(б)». Зацвердзіў «Палажэнне па арганізацыйным пытанні», у якім вызначалася структура пабудовы КП(б)ЛіБ. У тэзісах «Саветы і партыя» замацоўваліся прынцыпы, формы і метады парт. кіраўніцтва Саветамі. З’езд прыняў тэзісы па ваен. пытанні, у якіх падкрэслівалася неабходнасць строгага класавага прынцыпу фарміравання Чырв. Арміі. Была прынята рэзалюцыя аб Камуніст. саюзе моладзі. Выбраў ЦК КП(б)ЛіБ у складзе 15 чл., дэлегатаў на VIII з’езд РКП(б) — 18 чал.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. (1918—1927). Мн., 1983.