паслібізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што і без дап.
Разм. Слібізаваць некаторы час. — Склады чытаць ты пойдзеш скора, Абы каб літары нам знаць, А на склады ўжо — напляваць. Паслібізуеш і нічога — Не трэба розуму тут многа. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго.
Заглушыць сваім крыкам голас другога; дабіцца, дамагчыся таго, каб свой голас быў пачуты сярод іншых гукаў. Пеўні стараліся перакрычаць адзін другога. Даніленка. — Дзядзька Сцяпан! — старалася перакрычаць Ячнага Валька. — Дзядзька Сцяпан!.. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прашмыгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Хутка і непрыкметна прайсці. Марк падышоў непрыкметна. Ценем прашмыгнуў міма акна, спыніўся ў сенцах, прыслухаўся. Васілеўская. Каля дзвярэй тоўпіліся дзеці, цікуючы, каб як прашмыгнуць у клуб за спінамі дарослых. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызва́цца, ‑завуся, ‑завешся, ‑завецца; ‑завёмся, ‑завяцеся; зак.
Разм. Пайсці ў армію па прызыву. І Ігнась падаваўся далей на ўсход, каб усё ж прызвацца ў войска. Гурскі. — А чаму табе, браце, у Мінскім ваенкамаце Не прызвацца было?.. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбэ́рсацца, ‑аецца; зак.
Разм.
1. Раскідацца, распусціцца. Валасы разбэрсаліся.
2. Тое, што і разбарсацца. У адным месцы абора разбэрсалася, анучы аб’ехалі ўніз. Чорны. Разы са два за дарогу разбэрсалася абора, і Хадора нагіналася, каб завязаць яе. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разгарачы́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
Разагрэць каго‑н., чыё‑н. цела. Бег разгарачыў цела. Работа разгарачыла хлопца. // перан. Узбудзіць, узрушыць. — Чаму гэта абавязвае нас [Максіма і Андрэя], а цябе не? — каб яшчэ больш разгарачыць сябра, спытаў Максім. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сантыме́нты, ‑аў; адз. няма.
Празмерная чуллівасць. Спаткаліся.. [Антон і Ларыса] нібы два даўнейшыя сябры: сардэчна, але без сантыментаў. Стаховіч. // Іран. Празмерна мяккае, нерашучае дзейнічанне. Сантыменты разводзіць. □ [Віктар Міхайлавіч:] — У мяне план, завод, яго слава, а вы хочаце, каб я займаўся сантыментамі. Скрыган.
[Фр. sentiment — пачуццё.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́раж, ‑а, м.
1. Чалавек, які ахоўвае што‑н.; вартаўнік. [Аканом] пад’ехаў конна да ратушы, здаў каня на рукі сторажу і сам знік у ка[лі]доры. Чорны.
2. Разм. Прыстасаванне для малака, каб не набегла праз край пры кіпячэнні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БО́РА ТЭО́РЫЯ,
першая тэорыя атама і яго спектраў. Прапанавана Н.Борам у 1913 як аб’яднанне ідэі М.Планка аб квантаванні энергіі і планетарнай мадэлі атама Э.Рэзерфарда. Грунтуецца на двух пастулатах. Атамы могуць доўга знаходзіцца, не выпраменьваючы святла, ва ўстойлівых (стацыянарных) станах, адпаведных пэўным дыскрэтным (перарыўным) значэнням энергіі E1, E2, E3... (1-ы пастулат Бора). Выпрамяненне ці паглынанне святла адбываецца пры скачкападобных пераходах з аднаго стану ў другі паводле формулы , дзе hν — энергія святла частаты ν, што выпрамяняецца ці паглынаецца, h — Планка пастаянная (2-і пастулат Бора, ці ўмова частот).
Пастулаты Бора пацверджаны эксперыментальна і выконваюцца для ўсіх мікрасістэм (атамных ядраў, атамаў, малекул і інш.). Каб знайсці магчымыя значэнні энергіі і інш. характарыстыкі стацыянарных станаў атама, Бор разглядаў рух электронаў вакол ядра паводле законаў механікі Ньютана (класічнай механікі), пры дапаўняльных, т.зв. квантавых, умовах. Пры гэтым электрон у найпрасцейшым выпадку атама вадароду можа рухацца вакол ядра па кругавых ці эліптычных арбітах пэўных памераў, якія павялічваюцца з павелічэннем энергіі атама ў адпаведных стацыянарных станах. Канкрэтныя мадэльныя ўяўленні пра рух электрона ў атаме па строга вызначаных арбітах заменены ўяўленнямі квантавай механікі.
Літ.:
Ельяшевич М.А. Развитие Нильсом Бором квантовой теории атома и принципа соответствия // Успехи физ. наук. 1985. Т. 147, вып. 2.
М.А.Ельяшэвіч.
т. 3, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
М.А.Дубіцкі.
т. 3, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)