Нагаловіч ’перакладзіна паміж вушакамі над дзвярамі’ (браг., Шатал.), ’верхні брус над акном’ (рэч., Мат. Гом.), сюды ж на́галавень ’вушак над варотамі’, ’брус над дзвярамі’ (маст., Шатал.), нагловень ’тс’ (браг., Шатал.). Да галави на аснове метафары («галава дзвярэй»), параўн. іншую назву рэаліі — шапка; цікавую паралель даюць польск.nagłówek, nagłówka ’архітэктурная дэталь; пліта, якая накрывае капітэль’, н.-луж.nagłowk ’верхні брус над дзвярамі’ і інш., якія могуць мець і першаснае значэнне ’шапка, шалом’ (’тое, што знаходзіцца на галаве’, параўн. Шустар-Шэўц, 13, 982); адсутнасць апошяга значэння ў бел. слова, таксама як і арыгінальнае словаўтварэнне, не дае падстаў адносіць яго да запазычанняў, хаця яны характэрны для народнай тэрміналогіі цяслярства.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́руч ’побач, поплеч, рука пры руцэ’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Мал.; слонім., Арх. Бяльк.; навагр., Сл. ПЗБ; ТС, Шат., Федар.), паручкі ’тс’ (Шат.), укр.поруч ’тс’, ст.-польск.porącz ’побач, у адзін рад’. Адвербіялізаваны назоўнік, утвораны пры дапамозе прыстаўкі по- ад назоўніка рука са значэннем месца адносна утваральнага слова *porǫkjь < *po‑rǫka даслоўна ’які знаходзіцца каля рукі, пад рукой’ альбо ’апора, памагаты’, параўн. по́ручань ’брусок пры лесвіцы, уваходзе, дзвярах, за які трымаюца рукамі, парэнчы’ (ТСБМ), рус.порука, поручательство ’падтрымка’, польск.poręcz ’падпора для рук, выступ, рэйка, па якой пасоўваецца рука пры хадзьбе па сходках’, славац.poruke ’побач, пад рукой’. Гл. таксама побач, поплеч.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ро́дны ’які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі’, ’звязаны з месцам нараджэння (пра горад, вёску)’, ’дарагі, блізкі сэрцу’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Стан., Байк. і Некр., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; слуц., Жыв. НС), ’айчынны’ (Байк. і Некр.), родный ’родны’ (Бяльк.). Укр.рі́дний, рус.родно́й, ро́дный ’тс’, польск.rodny толькі ў словазлучэнні narządy rodne ’палавыя органы’; н.-луж.rodny ’родны па крыві’, ’які датычыць паходжання’, чэш., славац.rodný ’родны’, славен.rôden, серб.ро̏дан і харв.rȍdan ’родны (месца нараджэння, родная старонка)’, макед.роден, балг.рождѐн ’родны’. Прасл.*ordьnъ. Да род1 (гл.). Сюды ж ро́дныя ’сваякі’, ро́днасны ’звязаны агульным паходжаннем’, ро́днасць ’блізкасць, падабенства’ (ТСБМ, ЛА, 3), радню́сенькі ’самы родны’ (Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Садзі́ба ’сядзіба; зямельны ўчастак на якім знаходзіцца хата з гаспадарчымі пабудовамі; сад’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Яшк., Інстр. 2, Нар. лекс., Шушк.), ’засяленне, выган’ (Нас. гіст.), ’засяленне, аселасць’ (Гарб.). Укр.сади́ба ’сядзіба’, польск.sadyba < усходнеславянскіх (Брукнер, 479). Слова з не вельмі ясным статусам. Лаўчутэ (Лекс. балг., 21; Балтизмы, 130) зыходзячы з лінгвагеаграфіі і суфіксацыі (балт. суф. ‑yba пры слав.*‑ba), крыніцай слова лічыць літ.sodýba ’сядзіба’ < sod‑inti ’садзіць, сажаць’ + суф. ‑yba. Супраць Трубачоў (ЭССЯ, Проспект, 78), які лічыць слова праславянскім дыялектызмам, і Слаўскі (SP, 1, 62), паводле якога слова з’яўляецца познім славянскім утварэннем ад прасл.*saditi + суф. ‑iba, дзе ‑i‑ ўзята з інфінітыва. Параўн. сядзіба.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стасава́ць, стасава́цца ‘быць, знаходзіцца ў адпаведнасці з кім-небудзь, чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), стосова́цца ‘адносіцца’ (ТС). Запазычанне з польск.stosować (się) у розных значэннях, якое з с.-в.-ням.stôʒen ‘удараць; прыстаўляць; распасціраць’ і г. д., ням.stossen ‘тс’; гл. Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 119 з літ-рай. Ст.-бел.стосоватися (XVI ст.), ‘складваць у стосы; прыстасоўваць’ з ст.-польск.stosować ‘тс’, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 93. Сюды ж стасу́нкі ‘адносіны’, дыял.стасу́нак ‘згода’, якія таксама паходзяць з польскай; параўн. stosunek ‘адносіны’, гл. Карскі 2–3, 36; Брукнер, 517; Борысь, 578; ЕСУМ, 5, 425.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трыбушы́ць ‘патрашыць, вымаць вантробы з забітай жывёліны’ (ТСБМ, Байк. і Некр.; мёрск., Жыв. НС), ‘разварочваць, разрываць, даставаць усё, што знаходзіцца ў чым-небудзь’ (ТСБМ, Растарг.), ‘тармашыць, рабіць вобыск’ (там жа, ТС), ‘трэсці; разварочваць’: трыбушыць у сундуку (Юрч. СНЛ), турбу́шыць ‘тармасіць, тузаць’ (ТС), трыбушы́цца ‘знішчацца, развальвацца, рвацца’ (Юрч. Вытв.), трэбушы́ты ‘трэсці, калаціць’ (пін., Нар. лекс.), сюды ж трыбушэ́ннік ‘той, хто трасе, разбурае’ (Юрч. СНЛ). Укр.трибушити ‘рассыпаць, раструшваць’, ‘выдаляць вантробы з рыбы ці забітай жывёлы’, трибуши́тися ‘рассыпацца, раструшваць’, тельбуши́ти ‘раструшваць’, польск.trybuszyć ‘матлашыць; патрашыць забітага звера’, славен.trebúšiti ‘напружвацца, выпучваць жывот, пуза’, балг.търбу́ша, дыял.тербу́ша ‘вымаць вантробы’, макед.трбуши ‘патрашыць, распорваць жывот’. Да трыбу́х (гл.), утворана, як патрашы́ць ад потрахі́ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),
трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн.км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс.км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн.км² (у т. л. суша 149,1 млн.км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн.км², або 70,8%), аб’ём 1083∙1012км³, маса 5976∙1021кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс.км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіццаядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс.км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙1011 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіццазямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд.км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.
Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля 2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля 1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр.атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,151015т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 кмзнаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б.ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш 1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс.км і 22 тыс.км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).
Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙1012т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).
Літ.:
Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.
В.П.Якушка.
Да арт.Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.Да арт.Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.Да арт.Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.