ідэалогія, палітыка і практыка ў нац. пытанні, заснаваныя на прызнанні нацый як вышэйшай формы грамадскага адзінства, прыярытэту нац. фактара над сац. у жыццядзейнасці і грамадстве. Існуюць розныя падыходы да разумення прыроды, умоў узнікнення, зместу і функцый Н. У зах. філасофіі і сацыялогіі нац. разглядаецца найперш як духоўнае, а паняцце «Н.» як пэўная самадастатковая суверэнная сіла. Г.Кон, Б.Шэйфер (ЗША), А.Швейцэр (Германія — Францыя), Ж.Мішэль (Францыя) вызначалі Н. як фанатычную прыхільнасць да сваёй нац. супольнасці, прызнанне нац.дзяржавы ідэальнай формай арганізацыі грамадства. Рас. мысліцелі Я.М.Трубяцкой і І.А.Ільін сапраўдным Н. лічылі адданасць чалавека свайму народу, краіне, а лжывым Н. — нянавісць і пагарду да інш. народаў. М.А.Бярдзяеў адрозніваў Н. агрэсіўны, заалагічны, разбуральны і Н. творчы, культ., стваральны. Л.Доўбу, Р.Эмерсан, Р.Страўс-Хупе (ЗША) ставяць знак роўнасці паміж Н. і патрыятызмам, нац. і нацыяналістычным і сцвярджаюць, што нацыяналіст — гэта грамадзянін, які ўсведамляе свой абавязак перад Радзімай. У марксісцкай л-ры Н. вызначаецца як адзін з прынцыпаў ідэалогіі і палітыкі, што заключаецца ў абсалютызацыі нац.-этн. моманту ў жыцці і свядомасці народаў; пры гэтым вылучаюць Н. пануючых нацый у форме дзярж. шавінізму і Н. прыгнечаных народаў, які садзейнічае барацьбе за незалежнасць.
У перыяд фарміравання нацый і нац. дзяржаў у Зах. Еўропе і ЗША разам з лозунгам дэмакратыі Н. з’яўляўся ідэйным сцягам буржуазіі ў барацьбе супраць феадалізму і нац. прыгнёту, за стварэнне агульнанац. рынку і ўсталяванне свайго панавання ў нац. рамках. У гэтым плане, асабліва ў барацьбе супраць каланіялізму, Н. адыграў станоўчую ролю ў станаўленні нацый, іх кансалідацыі, вызваленні прыгнечаных народаў, іх нацыянальным самавызначэнні, захаванні і развіцці іх самабытнасці і інш. Існуюць і крайнія формы выяўлення нац. інтарэсаў, якія могуць перарастаць у сваю процілегласць — у пачуццё нац. выключнасці, перавагі над інш. нацыямі, параджаць імкненне да нац. замкнёнасці, адасобленасці, нац эгаізму і інш. праяўленняў Н Як ідэалогія і псіхалогія Н. уключаецца ў індывід. і розныя формы грамадскай свядомасці (палітыка, мараль, права, рэлігія, мастацтва, філасофія). У сучаснай навуцы вылучаюць такія тыпы і формы Н., як індывідуальны і групавы, бытавы (грубы) і «інтэлігентны», свецкі і рэліг., «чужы» і «сваёй» нацыянальнасці. Н. нац. большасці і нац. меншасці, прыгнечаных і пануючых нацый, вял. і малых нацыянальнасцей, Н. вызваленчы, месіянскі, мясцовы, расавы, фашысцкі, дзярж.-бюракратычны і інш.
Ідэалогія і практыка вялікадзярж. шавінізму і ваяўнічага Н. садзейнічаюць разбурэнню роўнасці, справядлівасці і павагі ў адносінах паміж людзьмі і народамі, спараджаюць сепаратызм, міжнац. і міжэтн. канфлікты, экстрэмізм, кровапралітныя войны; нярэдка яны набываюць форму касмапалітызму, нігілістычных адносін да нац. культур і традыцый. У краінах Зах. Еўропы Н. найчасцей выступае ў форме этн. сепаратызму, у краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі — знаходзіцца на ўзбраенні антыкаланіяльнага руху. Ажыўленне Н. ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі, у канцы 20 ст. адбывалася ва ўмовах барацьбы розных сац. і паліт. сіл па праблемах арыентацыі грамадскага развіцця пасля распаду СССР.
У пераадоленні крайніх форм Н. важнае значэнне маюць паслядоўная дэмакратызацыя нац. адносін, прызнанне прынцыпу роўнасці ўсіх народаў, моў і культур, своечасовае вырашэнне эканам. і сац.-культ. праблем у грамадстве з улікам інтарэсаў нацый і этн. меншасцей, нац. пачуццяў людзей. Вял. ролю ў гэтым адыгрываюць этн., ментальныя, светаадчувальныя, светапоглядныя і інш. асаблівасці і традыцыі народаў (гл.Інтэрнацыяналізм, Менталітэт, Светапогляд).
Літ.:
Поздняков Э.А. Национализм. Национальные интересы. М., 1994;
Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Этнические и этносоциальные категории. М., 1995;
Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;
Джунусов М.С. Национализм: Словарь-справ. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЎГАРАД,
горад у Расіі, цэнтр Наўгародскай вобл. За 6 км ад воз. Ільмень. 231 тыс.ж. (1996). Прыстань на р. Волхаў. Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (у т. л. радыёэлектронная), хім. (азотныя ўгнаенні, шкловалакно), дрэваапр., харч., лёгкая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л.ун-т. Драм.тэатр.Гіст.-архітэктурны музей-запаведнік. Турызм.
У летапісах упершыню згадваецца пад 859. З канца 10 ст. другі па значэнні цэнтр Кіеўскай Русі. Размяшчэнне Н. на скрыжаванні шляхоў «з варагаў у грэкі» і Волжскага спрыяла развіццю гандлю, рамёстваў, культуры. У 1136—1478 цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Яго гандл. сувязі пашыраліся ад Фландрыі і ням. ганзейскіх гарадоў (гл.Ганза) да Канстанцінопаля. У 12 ст. існавала гандл. карпарацыя «Іванскае сто». З 2-й пал. 14 ст.наз. Вялікі Н. У сярэдзіне 12 — сярэдзіны 15 ст. цэнтр узбр. барацьбы са знешняй агрэсіяй з боку Швецыі і Лівонскага ордэна. У Неўскай бітве 1240 і Лядовым пабоішчы 1242 наўгародцы на чале з Аляксандрам Неўскім перамаглі швед. і ням. войскі. У 1478 у выніку перамогі маскоўскага войска (1471) Н. і ўсе яго землі ўключаны ў склад Рус.дзяржавы. У 1480—90-я г., каб ліквідаваць наўгародскія «вольнасці», у цэнтр. вобласці Расіі выслана каля 7 тыс. жыхароў горада. У 1570 апрычнікі Івана Грознага знішчылі амаль усё насельніцтва Н. У 16 — пач. 18 ст. буйны эканам. і гандл. цэнтр Расіі. У 1616—17 пацярпеў ад швед. акупацыі. З 1727 губернскі горад, з 1927 акруговы, з 1930 раённы цэнтр Ленінградскай вобл. З 1944 цэнтр Наўгародскай вобл. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—44), моцна разбураны.
У выніку археал. раскопак адкрыты вуліцы і плошчы з драўлянымі маставымі, вадазборнікі і водаадводы, жылыя дамы, церамы, майстэрні, крамы; знойдзены берасцяныя граматы. Да сярэдзіны 12 ст. сфарміраваліся 2 асн. раёны Н.: на левым беразе р. Волхаў Сафійскі бок з крамлём (дзядзінцам; пабудаваны ў 1044, пашыраны ў 1484—90, з 1925 гіст.-арх. музей-запаведнік; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны); на правым — Гандлёвы бок з Торгам і комплексам пабудоў Яраслававага дварышча, дзе збіралася веча. Да 17 ст. ў Н. пераважала драўляная забудова, з каменю і цэглы рабілі абарончыя збудаванні, храмы, часам палаты знаці. У 12—15 ст. склалася Наўгародская школа дойлідства. На тэр. дзядзінца захаваліся Наўгародскі Сафійскі сабор, Сафійская званіца (15 ст., у 16—19 ст. перабудоўвалася), Уладычны (Епіскапскі) двор з гранавітай палатай (1433) і дазорнай вежай «Часазвоняй» (1673), Ліхудаўскі (15—17 ст.) і Нікіцкі (17 ст.) карпусы, будынак б.дзярж. устаноў (18—19 ст.) і інш. У цэнтры б. дзядзінца пастаўлены помнік «Тысячагоддзе Расіі» (1862, скульпт. М.Мікешын, арх. В.Гартман), на яго тэр. знаходзіцца магіла рас. паэта Г.Дзяржавіна. У канцы 18 — пач. 19 ст. добраўпарадкаваны радыяльна-паўкальцавая планіроўка Сафійскага боку і прамавугольная — Гандлёвага (генпланы 1778 і 1834), пабудаваны класіцыстычныя гаўптвахта (пач. 19 ст.), Пуцявы палац (1771, перабудаваны ў 1824—28, арх. В.Стасаў), жылыя дамы паводле ўзорных праектаў. У сав. час створаны ахоўныя зоны, упарадкаваны дзядзінец і Яраславава дварышча. Узведзены помнікі Перамогі (1974), Аляксандру Неўскаму (1985, скульпт. Ю.Чарноў, арх. Г.Ісаковіч).
Літ.:
Лихачев Д.С. Новгород Великий. М., 1959;
Каргер М.К. Новгород. 3 изд. Л.;
М., 1970;
Кушнир И.И. Архитектура Новгорода. Л., 1991.
Да арт.Ноўгарад. Від на Гандлёвы бок.Ноўгарад: 1 — панарама Сафійскага боку; 2 — Сафійская званіца крамля; 3 — помнік «Тысячагоддзе Расіі». 1862.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХу Вялікую Айчынную вайну 1941—45,
састаўная частка ўзбр. барацьбы народаў Сав. Саюза супраць фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр.СССР; важны фактар у дасягненні перамогі над Германіяй і яе саюзнікамі. Праграма разгортвання партызанскай вайны ўтрымлівалася ў дырэктыве СНГ СССР і ЦКВКП(б) ад 29.7.1941 і інш. дакументах, у адпаведнасці з якімі вялася падрыхтоўка патрыят. падполля, арганізацыя, камплектаванне і ўзбраенне партыз. атрадаў, вызначаліся задачы П.р. Ужо да канца 1941 на акупіраванай тэр. дзейнічала больш за 2 тыс.партыз. атрадаў (больш за 90 тыс.чал.). Для кіраўніцтва П.р. пры Стаўцы Вярх. Галоўнакамандавання 30.5.1942 створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з П.К.Панамарэнкам. Прадстаўніцтвы ЦШПР былі таксама пры Ваен. Саветах франтоў, пры арміях (аператыўныя групы штабоў П.р.), якія ўзгаднялі дзеянні партызан з баявымі аперацыямі франтоў і армій. Адпаведныя штабы былі створаны для кіраўніцтва П.р. на акупіраваных тэр. саюзных рэспублік (гл.Беларускі штаб партызанскага руху), у шэрагу абласцей РСФСР. Гал. аб’ектамі нападзення партызан былі чыг. камунікацыі. За гады вайны яны ўтварылі 29 тыс. крушэнняў цягнікоў (з іх больш за 11 тыс.бел. партызаны), узарвалі 2 тыс.чыг. мастоў, што на 25% знізіла прапускную здольнасць чыгункі (гл. таксама «Рэйкавая вайна»), Партызаны грамілі гарнізоны, калоны войск, знішчалі розныя ваен. аб’екты, парушалі лініі сувязі, выратоўвалі людзей ад вывазу ў Германію, знішчалі жывую сілу ворагаў і іх памагатых, інфармавалі насельніцтва аб падзеях на франтах, дапамагалі сялянам апрацоўваць зямлю і інш. У радах партызан змагаліся прадстаўнікі амаль усіх нацыянальнасцей і народаў СССР, а таксама грамадзяне многіх інш. краін. Базамі разгортвання барацьбы ў тыле ворага сталі партыз. краі і зоны (гл.Партызанская зона). Усяго за гады вайны ў тыле герм. войск дзейнічала больш як 6 тыс.партыз. атрадаў (больш за 1 млн.чал.), у т. л. на Беларусі 374 тыс. партызан і больш за 70 тыс. падпольшчыкаў (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Партызаны і падпольшчыкі забілі і паранілі каля 1,5 млн. салдат і афіцэраў праціўніка, знішчылі больш за 4 тыс. танкаў і бронемашын, 65 тыс. аўтамабіляў, 1100 самалётаў, 2500 гармат, 2900 розных складаў, пашкодзілі 17 тыс.км ліній сувязі; пастаянна прыцягвалі да сябе да 10% баявых сіл ням.-фаш. войск і іх саюзнікаў. Самаадданая барацьба народных мсціўцаў атрымала высокую ацэнку дзяржавы: 249 чал. сталі Героямі Сав. Саюза (сярод іх на Беларусі 87 партызан і падпольшчыкаў), больш за 311 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Каля 50 тыс. грамадзян СССР удзельнічалі ў руху антыфаш. супраціўлення ў Польшчы, Францыі, Італіі, Чэхіі, Славакіі, Югаславіі і інш. краінах.
Літ.:
Гл. пры арт.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну.
І.А.Літвіноўскі.
Да арт.Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну. Аб’ява нямецка-фашысцкіх акупацыйных улад на Браншчыне. «Увага! Небяспека — Партызаны!». 1943.Да арт.Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну. Партызаны Пскоўшчыны прымаюць прысягу. 1941.Да арт.Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну. Рэдакцыя газеты Сумскага партызанскага злучэння. 1942.Да арт.Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну. Партызаны-артылерысты. Ленінградская вобл.Да арт.Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну. Байцы партызанскага атрада імя А.В.Суворава. Смаленская вобл. 1943.Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Партызаны брыгады «Разгром» вырабляюць гранаты. Мінская вобласць.Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Партызаны брыгады імя Будзённага мініруюць мост. Вілейская вобласць.Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Партызаны атрада імя Суворава брыгады імя Варашылава прымаюць прысягу. Капыльскі раён. 1942.Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Вываз дзяцей на самалёце ў савецкі тыл з аэрадрома ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне.Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Партызанскі аэрадром. Малюнак мастака партызана Лельчыцкай брыгады Л.Рыбальчанкі. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧАТКО́ВАЯ ШКО́ЛА,
агульнаадукацыйная навучальна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, якая дае пач. адукацыю. Разлічана пераважна на дзяцей 6—10-гадовага ўзросту. Тэрмін навучання ў розных краінах ад 4 да 8 гадоў. На Беларусі ўзніклі ў 11 ст. як манастырскія школы граматы. Вядома іх дзейнасць пры епіскапскіх кафедрах у Полацку і Тураве. У 12 ст. П.ш. з’явіліся пры некаторых жаночых манастырах, у т. л. пры манастыры Св. Спаса, заснаваным Ефрасінняй Полацкай, дзе існавала школа для навучання грамаце. Рыхтавалі клірыкаў для службы ў цэрквах і манастырах, а таксама давалі элементарную адукацыю дзецям заможных гараджан. У ВКЛ доўгі час развівалася ў выглядзе манаскіх школ. У 1387 вял.кн. Ягайла заснаваў школу пры каталіцкім кляштары ў Вільні. У 1522 у мяст. Гайна Барысаўскага павета і ў 1545 у мяст. Мядзведзічы Слуцкага павета адкрыты П.ш. пры мясц. каталіцкіх кляштарах. Дзейнічалі П.ш. і пры праваслаўным Святадухаўскім манастыры ў Вільні (засн. ў пач. 16 ст.), а таксама пры манастыры ў Брэсце. З 17 ст. пачалі працаваць П.ш. пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мсціславе, Мазалаве. Да П.ш. належала большасць брацкіх школ. Пануючае месца ў асветніцкай справе Рэчы Паспалітай займалі каталіцкія манаскія ордэны езуітаў і піяраў, якія ў 1740 трымалі пры сваіх кляштарах адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Станаўленне свецкай П.ш. адбылося ў 2-й пал. 18 ст., што звязана з забаронай ордэна езуітаў (1773) і стварэннем Адукацыйнай камісіі. Новыя П.ш. дзейнічалі пры свецкіх акруговых і падакруговых вучылішчах (па колькасці яны саступалі манаскім школам, якія былі амаль пры кожным кляштары).
На бел. землях у складзе Рас. імперыі свецкая сістэма адукацыі, створаная Адукацыйнай камісіяй, ліквідавана, а школы зноў перададзены ордэнам. Падобнага падыходу прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі. У 1824 сярод больш як 380 П.ш. свецкіх практычна не было. Паводле школьнага статута 1828 П.ш. падзяляліся на прыходскія вучылішчы і павятовыя вучылішчы, якія маглі існаваць асобна ці пры гімназіях. Акрамя выхаваўчых мэт П.ш. актыўна ўдзельнічалі ў русіфікацыі Беларусі. У 1864 і 1874 зацверджаны статуты пач.нар. вучылішчаў. Паралельна са свецкімі П.ш. існавалі і царкоўнапрыходскія школы, якія падпарадкоўваліся Св. Сіноду. З канца 19 ст. ствараліся і прыватныя П.ш. У пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 17 тыпаў П.ш. (больш за 6 тыс.навуч. устаноў). Асобнае месца сярод іх займалі гарадскія вучылішчы (павышаны тып П.ш.) і прафесійна-тэхн. школы. У 1917 усе школы сталі дзяржаўнымі. У выніку аддзялення царквы ад дзяржавы (з 1918) школы сталі цалкам свецкімі. Тэрмін навучання ў П.ш. з 1918—5 гадоў, з 1923 (у сувязі з увядзеннем у сістэму адукацыі 7-гадовай школы) — 4 гады. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена абавязковая пач. адукацыя (у Зах. Беларусі з 1939).
Пасля ўпарадкавання структуры школьнай адукацыі (1934) П.ш. стала часткай (1-й ступенню) адзінай агульнаадук. школы. Тэрмін навучання з 1970—3, з 1986—4 гады. Навуч. праграмы адзіныя. Прымаюцца дзеці з 6 гадоў (з 1998). Выкладаюцца бел. і рус. мовы, матэматыка, прыродазнаўства, выяўл. мастацтва, спевы, фіз. культура, прац. навучанне, замежныя мовы і інш. Адраджаецца сістэма прыватных П.ш. У 1999/2000 навуч.г. ў падрыхтоўчых і 1—4-х класах усіх школ Рэспублікі Беларусь займалася 588,9 тыс. вучняў.
Літ.:
Чехов Н.В. Народное образование в России с 60-х гг. XIX в. М., 1912;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Снапкоўская С.В. Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст. Мн., 1998.
Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 903. З 10 ст. горад, уваходзіў у Кіеўскую Русь, у 12—13 ст. — у Наўгародскую феадальную рэспубліку. У 1240 захоплены Лівонскім ордэнам. У 1242 вызвалены войскам кн.Аляксандра Неўскага. У 1266—99 тут княжыў кн.Даўмонт. У 14—15 ст. цэнтр Пскоўскай феадальнай рэспублікі. Жыхары горада ўдзельнічалі ў Кулікоўскай бітве 1380. У 14—17 ст. П. — буйны гандл., рамесніцкі і культ.цэнтр. З 1510 у складзе Рус.дзяржавы. У час Лівонскай вайны 1558—83 вытрымаў паўгадавую аблогу войск караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя (гл.Пскова абарона 1581—82). У Паўн. вайну 1700—21 у П. знаходзілася штаб-кватэра Б.Л.Шарамецева. З пач. 18 ст. страціў б. значэнне. У 1708 увайшоў у склад Інгерманландскай, у 1717 — Пецярбургскай, у 1727 — Наўгародскай губ. З 1777 цэнтр Пскоўскага намесніцтва (потым губ.). У 1-ю сусв. вайну ў П. размяшчаўся штаб Паўн. фронту. Тут вясной 1917 адрокся ад прастола апошні рас. імператар Мікалай II. У Вял.Айч. вайну акупіраваны (1941—44) ням. фашыстамі. З 1944 цэнтр Пскоўскай вобл.
П. падзелены рэкамі Вялікая і Пскава на 3 часткі: цэнтр (на правым беразе Вялікай), Завялічча (левабярэжжа Вялікай) і Запскоўе (правабярэжжа Пскавы). З 13 ст. пачала складвацца Пскоўская школа дойлідства. Узведзены Пскоўскі крэмль. Крапасныя сцены ахоўвалі раёны горада: з Пд невял. тэрыторыя т.зв. Даўмонтава горада (паводле археалагічных дадзеных, існаваў з 12 ст., умацаваны ў 1266; княжацкая рэзідэнцыя і адм. цэнтр горада), у міжрэччы Псковы і Вялікай — прылеглы да Крома з ПдУ Сярэдні горад (склаўся ў 10 ст., умацаваны ў 1309—75), на яго ўскраінах — Вакольны горад (пачаў фарміравацца ў 11 ст.), за р. Пскова — Запскоўе. Плошча Даўмонтава горада ў 14 ст. шчыльна забудавана палатамі і цэрквамі (у выніку археалагічных раскопак адкрыты фундаменты 18 каменных пабудоў), з паўд. боку абмежавана манум. будынкам 2-павярховых Прыказных палат (1693—95). У 16 ст. сцены даўж. 9 км умацаваны і расшыраны, пабудаваны манум. вежы, у т. л. Грамячая (1524). Найб.стараж. пабудовы П. блізкія да Наўгародскай школы дойлідства: саборы Міражскага манастыра, Іванаўскага (да 1243), Снетагорскага (1310, фрэскі 1313) манастыроў. У 14—16 ст. будавалі невял. прыходскія цэрквы з вапняку: Васіля на Горцы (1413), Успення на Пароменні (1444, перабудавана ў 1521), Касьмы і Даміяна на Прымосці (1463), Георгія на Узвозе (1494), Міколы на Усосе (1536). Сярод каменных жылых дамоў 16—17 ст. — 3-павярховыя палаты Паганкіных (да 1645), дамы Лапіна («Саладзёжня»), Трубінскага (1670—80-я г.), палаты Ямскога (1680-я г). Паводле рэгулярнага плана 1778 у П. пабудаваны на гал. вуліцах каменныя і драўляныя 2-павярховыя дамы паводле «ўзорных» праектаў у стылі класіцызму. Горад моцна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, адноўлены. Непадалёк ад П. размяшчаюцца комплексы манастыроў Спаса-Елізараўскага (засн. ў 15 ст.) з 1-купальным 3-апсідным саборам 16 ст., Крыпяцкога (засн. ў 15 ст.) на беразе Святога воз. (захаваўся 1-купальны сабор, 1557). Музеі: мастака-рэстаўратара Ю.П. Спягальскага, гіст.-маст. і арх. музей-запаведнік.
Літ.:
Древний Псков: История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́Ў,
горад, цэнтр Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. За 121 км ад Гомеля, чыг. ст. на лініі Магілёў—Жлобін, вузел аўтадарог на Бабруйск, Магілёў, Слаўгарад, Жлобін, прыстань на р. Дняпро. 35,7 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142, уваходзіў, верагодна, у Тураўскае княства. Умацаваны цэнтр стараж. Р. — Замкавая гара — размешчаны на месцы гарадзішча мілаградскай і штрыхаванай керамікі культур. З канца 13 ст. ў ВКЛ, уладанне кн. Доўманта. У 14—18 ст. цэнтр Рагачоўскай воласці, кіраваўся старостам. З 1509 належаў вял. князю. У 16 ст. пабудаваны Рагачоўскі замак з Рагачоўскім палацам. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—57 горад пераходзіў з рук у рукі, пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У канцы 16 ст. ў ваколіцах Р. дзейнічалі казацка-сял. атрады Налівайкі і Дубіны (гл.Налівайкі паўстанне 1594—96). З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр Рагачоўскага павета і Рагачоўскай правінцыі. У 1777—96 і з 1802 у Магілёўскай, у 1796—1802 у Беларускай губ. 16.8.1781 атрымаў герб (у залатым полі чорны барановы рог). У 1880 — каля 4,5 тыс.ж., 560 дамоў, 2 цагельні, канатны, піваварны, мылаварны і 2 гарбарныя з-ды. У 1897—9038 ж. У 1900 працавала 36, у 1913—50 прадпрыемстваў. У 1902 праз Р. пракладзена чыгунка Магілёў—Жлобін. У 1906 адкрыта Рагачоўскае рэальнае вучылішча, пазней Рагачоўская настаўніцкая семінарыя. З мая 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1924 у БССР, цэнтр Рагачоўскага раёна Бабруйскай акр. (да 1930), з 1938 — Гомельскай вобл. У 1939 у Р. 15,2 тыс.ж. У 1936—41 і з 1944 дзейнічаў настаўніцкі ін-т. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, 13.7.1941 вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1941. З 14.8.1941 да 24.2.1944 зноў акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 6,3 тыс.чал. Дзейнічала Рагачоўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944 войскамі 1-га Бел. фронту. 13 вайск. часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Рагачоўскіх». У 1959 у Р. 10,2 тыс.ж., у 1970—16 тыс.ж. У 1971 знойдзены Рагачоўскі манетны скарб. З 27.2.1978 горад абл. падпарадкавання.
Першы рэгулярны план (1778) вызначыў дакладную прамавугольную сетку вуліц, якую захавалі генпланы 1947, 1959 і 1971 (Гомельскі філіял ін-та «Белдзяржпраект», арх. Я.Казлоў, А.Лебедзеў, інж. М.Найшулер; карэкціроўка 1984, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Кашырын, Т.Спірына, інж. Л.Пірожнік, В.Пузік). Асн.гар. тэрыторыя размешчана ў міжрэччы Дняпра і Друці (Цэнтр. і Залінейны планіровачныя раёны), часткова на правым беразе Друці (Задруцкі планіровачны раён). Гал. кампазіц. восі — вуліцы Леніна і Кастрычніцкая. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр — пл. імя 60-годдзя Кастрычніка. Пераважае 1-павярховая індывід. забудова сядзібнага тыпу, у цэнтр.ч. будуюць 5-павярховыя дамы. Горад развіваецца паводле генплана 1999 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) пераважна на З (на правым беразе Друці), часткова на ПнУ і Пн. Паводле генплана шматкватэрная забудова размяшчаецца ў планіровачных раёнах №1, 2, 4 (жылы раён «Ляснянка»). Сістэма азелянення горада фарміруецца ўздоўж Дняпра і Друці, ствараецца паркавая зона ў планіровачным раёне №5. Сфарміраваліся паўн. і паўд.-зах.прамысл. зоны.
Працуюць прадпрыемствы харч. (найб.Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат), буд. матэрыялаў (з-д жалезабетонных вырабаў, камбінат буд. матэрыялаў), камбікормавай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» і інш. Дзейнічаюць Рагачоўскае педагагічнае вучылішча, Рагачоўскі музей народнай славы. Брацкія магілы чырвонагвардзейцаў, сав. воінаў, магілы ахвяр фашызму, вайсковыя могілкі. Курган Славы. Помнік Вызвалення. Помнікі архітэктуры 19—20 ст.: капліца ў неарус. стылі, будынкі дваранскага вучылішча (1903—05), земскай управы (1909), касцёл (у 1912 асвячоны; неаготыка) і інш. Помнік археалогіі — гарадзішча і селішча стараж. Р.
Г.С.Ларкін, М.А.Найшулер (архітэктура).
Рагачоў. Будынак тэатра. Фота пач 20 ст.Рагачоў. Будынак земскай управы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ЯПО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1904—05,
вайна паміж Расіяй і Японіяй за перадзел сфер уплыву на Д.Усходзе, за панаванне ў Паўн.-Усх. Кітаі і Карэі. Узнікла ва ўмовах абвастрэння рас.-яп. супярэчнасцей у канцы 19 — пач. 20 ст. З абодвух бакоў насіла захопніцкі характар. У выніку япона-кітайскай вайны 1894—95 Японія захапіла ч.тэр. Кітая. Расія ў 1896 заключыла дагавор з Кітаем на буд-ваКітайскай Чанчуньскай чыгункі, у 1898 узяла ў арэнду Квантунскі п-аў з Порт-Артурам (Люйшунем), у час задушэння Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901) акупіравала Маньчжурыю. Інш.дзяржавы, занепакоеныя ўзмацненнем пазіцый Расіі і Японіі ў Кітаі, імкнуліся падштурхнуць абедзве краіны да ваен. канфлікту. Англа-яп. пагадненне 1902 спрыяла падрыхтоўцы Японіі да вайны. Пра свой нейтралітэт у гэтым канфлікце заявілі Германія і Францыя. Расія лічыла Японію слабым праціўнікам і спадзеючыся на лёгкую перамогу, не рыхтавалася належным чынам да вайны. Сілы Японіі ў пач. вайны на Д.Усходзе значна пераўзыходзілі расійскія: яп. армія налічвала больш за 375 тыс.чал., 1140 гармат, 147 кулямётаў, флот — 80 баявых караблёў, што ў 3 разы перавышала рас. войскі ў жывой сіле, у 8 разоў у артылерыі, у 18 разоў у кулямётах, у 1,3 раза ў караблях. Рас. план прадугледжваў часткай войск стрымліваць яп. армію, абараняць Порт-Артур, потым перайсці ў наступленне, разграміць праціўніка і высадзіцца на Японскіх астравах. Японцы меркавалі нечаканым ударам знішчыць рас. флот, перакінуць войскі на мацярык, захапіць рас.ваен.-марскую базу Порт-Артур і разграміць рас. армію ў Маньчжурыі. Вайна пачалася нечаканым нападам у ноч на 9.2.1904 яп. флоту на рас. эскадру ў Порт-Артуры (гл.Порт-Артура абарона 1904—05): У карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон) яп. флот напаў на крэйсер «Вараг» і кананерскую лодку «Карэец». Пасля цяжкага бою пашкоджаны «Вараг», затоплены камандай, а «Карэец» узарваны. Праз суткі Японія афіц. абвясціла вайну Расіі. Яп. флот заблакіраваў рас. эскадру ў Порт-Артуры, перакінутыя на мацярык сухап. войскі ў крас. 1904 пачалі актыўныя дзеянні. Пасля баёў на р. Ялу, каля Цзіньчжоў і Вафангоў (крас.—чэрв. 1904) рас. армія пакінула Карэю і Ляадунскі п-аў. Баі на сушы і моры сведчылі пра няўзгодненасць дзеянняў рас. вышэйшага камандавання (ген. А.М.Курапаткін, адм. Я.І.Аляксееў і інш.). Рас. армія пацярпела паражэнне і пад Ляаянам (гл.Ляаянская бітва 1904). З абложанага Порт-Артура рас. эскадра спрабавала прарвацца ва Уладзівасток, але беспаспяхова. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага р-на А.М.Стэсель здаў крэпасць Порт-Артур. Паражэнне рас. арміі ў Мукдэнскай бітве 1905, разгром 2-й рас. Ціхаакіянскай эскадры ў Цусімскім баі 1905 выклікалі незадавальненне насельніцтва, што паскорыла пачатак рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У выніку абодва бакі апынуліся ў цяжкім эканам. становішчы. Паводле Портсмуцкага мірнага дагавора 1905 Японія набыла перавагу ў Карэі, ёй перададзена паўд.ч. Сахаліна, арэндныя правы Расіі на Квантунскую вобл. (з Порт-Артурам) і ветку Кітайскай Чанчуньскай чыг.Рас.-яп. пагадненне дало Японіі права рыбалоўства ўздоўж усяго далёкаўсходняга ўзбярэжжа Расіі. У гэтай вайне ўдзельнічалі і таленавітыя рас. военачальнікі (С.В.Макараў, Р.І.Кандраценка), масавы гераізм паказалі салдаты і матросы, многія афіцэры і генералы, сярод якіх вызначыліся і ўраджэнцы Беларусі. У вайне ўпершыню ўжыта скарастрэльная зброя — гарматы і кулямёты, з’явіліся мінамёты і ручныя гранаты, набыты вопыт выкарыстання ў ваен. мэтах радыё, аэрастатаў, пражэктараў і інш.
Літ.:
История русско-японской войны, 1904—1905 гг.М., 1977;
Тайны русско-японской войны. М., 1993;
О.Митрофан Сребрянский. Дневник полкового священника, служащего на Дальнем Востоке. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. reformatio пераўтварэнне),
шырокі сац.-паліт. і ідэалаг. рух у Еўропе ў 16 ст., накіраваны супраць рымска-каталіцкай царквы і яе ролі ў паліт. сістэме грамадства; прывёў да ўзнікнення розных форм пратэстантызму. Ідэйнымі крыніцамі Р. былі гуманізм эпохі Адраджэння і сярэдневяковыя ерасі. Гуманісты выступалі з крытыкай сярэдневяковага светапогляду і абгрунтоўвалі прынцыпы бурж. індывідуалізму. Гал. месца ў ідэалогіі Р. займала вучэнне пра тое, што для выратавання душы верніка не патрабуецца пасрэдніцтва царквы, таму адмаўлялася неабходнасць яе існавання з усёй іерархіяй на чале з папам рымскім. Адзінай крыніцай веры было абвешчана Свяшчэннае пісанне — Біблія; адмаўлялася Свяшчэннае паданне (патрыстыка, прынятыя на царк. саборах заканадаўчыя акты, папскія пасланні, дэкрэты і інш.). Ідэолагі Р. патрабавалі адмены царк. дзесяціны і пышнага каталіцкага культу, секулярызацыі (адчужэння) царк. маёмасці (найперш зямельнай) на карысць дзяржавы і прыватных асоб, стварэння самаст.дэмакр. самакіравальных танных нац. цэркваў. Пачаткам Р. лічыцца выступленне 31.10.1517 праф. тэалогіі Вітэнбергскага ун-та ў Германіі М.Лютэра, у якім ён асудзіў гандаль папскімі індульгенцыямі. У ліку вядучых тэарэтыкаў Р. былі тэолагі У.Цвінглі і Ж.Кальвін (бюргерска-бурж. кірунак) і святар Т.Мюнцэр (сялянска-плебейскі кірунак).
На Беларусі Р. была абумоўлена глыбокімі сац.-гіст. прычынамі і паўплывала на ўсе бакі нар. жыцця. Гараджане імкнуліся вызваліцца ад феад. залежнасці, магнаты і шляхта разлічвалі захапіць багацце і зямельныя ўладанні царквы, гар. нізы і сялянства змагаліся супраць уціску свецкіх і царк. феадалаў, хоць сял. масы не прынялі шырокага ўдзелу ў рэфармацыйным працэсе. На фарміраванне Р. на Беларусі паўплывалі зах.-еўрап. гуманізм, гусіцкая ідэалогія, вучэнні правадыроў еўрап. Р. (асабліва кальвінізму), ідэі рус. вальнадумства. Першыя пратэстанцкія абшчыны ўзніклі да сярэдзіны 16 ст. У 1535 слуцкі кн. Ю Алелькавіч выдзеліў зямельны ўчастак для лютэранскай царквы ў Слуцку. Але лютэранства не атрымала тут вял. пашырэння. У 1550-я г. ў духу кальвінізму рэфармаваны цэрквы ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Ляхавічах, Койданаве, Навагрудку, пазней у Віцебску, Мінску, Полацку, Глыбокім, Івянцы, Оршы, Смаргоні і інш. Р. падтрымалі буйныя феадалы: Радзівілы, Кішкі, Сапегі, Хадкевічы, Тышкевічы і інш. У 1557 у Вільні адбыўся ўстаноўчы сінод пратэстанцкіх абшчын ВКЛ. Да 1560 рэфармацыйны рух на Беларусі набыў стройную кальвінісцкую арганізацыю, якая адрознівалася ад зах.-еўрап. кальвінізму большай цярпімасцю. Пры пратэстанцкіх абшчынах адкрываліся школы, шпіталі, друкарні. У 1560-я г. адбыўся раскол кальвінісцкага лагера. З яго вылучыўся радыкальна-рэфармацыйны кірунак — антытрынітарыі (прыхільнікі арыянства), якія крытыкавалі асновы феадалізму, падтрымлівалі патрабаванні нізоў. Пераемнікамі антытрынітарыяў былі сацыніяне. Своеасаблівасцю Беларусі было тое, што ў рэфармацыйным руху ўдзельнічалі і выхадцы з правасл. царквы. Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 на Беларусі пачалося наступленне Контррэфармацыі, большасць магнатаў перайшла ў каталіцтва, што прадвызначыла згасанне Р. У 17 ст. большасць пратэстантаў была вымушана вярнуцца ў каталіцызм; тыя, што заставаліся пратэстантамі, абмяжоўваліся ў правах. У 1658 прынята пастанова соймавага суда аб выгнанні антытрынітарыяў з Рэчы Паспалітай. Р. актыўна ўздзейнічала на духоўныя працэсы. З ёю звязана фарміраванне бел. народнасці і станаўленне нац. самасвядомасці, пашырэнне кнігадрукавання, развіццё л-ры, асветніцкай дзейнасці. Р. падарвала аўтарытэт афіц. тэалогіі, садзейнічала развіццю свецкіх ведаў.
Літ.:
Смирин М.М. Народная реформация Томаса Мюнцера и Великая Крестьянская война. 2 изд. М., 1955;
Чистозвонов А.Н. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. М., 1964;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI—начало XVII в.). Мн., 1970;
Дмитриев М.В. Православие и реформация: Реформационные движения в восточнославянских землях Речи Посполитой во второй половине XVI в. М., 1990;
Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księsiwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej. Wrocław etc., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЯО́Н ПО́ЛАЦКІ (сапр.Пятроўскі-Сітніяновіч Самуіл Емяльянавіч, паводле некат. звестак — Гаўрылавіч; 1629, г. Полацк Віцебскай вобл. —25.8.1680),
бел. і рус. паэт, драматург, перакладчык, педагог, рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскі калегіум (каля 1650), вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (да 1653). У 1654—64 настаўнік брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У 1656 прыняў манаства пад імем Сімяон. Прапагандаваў ідэю ўз’яднання хрысціян пад духоўнай эгідай рымскага папы і пад дзярж. патранатам маскоўскага цара. У полацкі перыяд творчасці пісаў на бел., польскай, лац. мовах, раннія вершы («Акафіст», «Канон», 1648) маюць рэліг., павучальны характар, вытрыманы ў духу тагачаснай панегірычнай паэзіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вітаў цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацку дэкламацыяй «Метры», прысвяціў яму шэраг віншаванняў з выпадку ўзяцця пэўных гарадоў і інш.: «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку ўзяцця Дэрпта», «Віншаванне з выпадку абрання на польскае каралеўства» і інш. Тады ж напісаў шэраг паліт.-сатырычных твораў, у якіх выкрываў захопніцкія войны швед. караля Карла X Густава: «Кароль шведскі шукае сваіх афіцэраў...», «Адчай шведскага караля...», а таксама іранічнае «Віншаванне... Амфінагену Крыжаноўскаму, вандруючаму псеўдаепіскапу». З 1664 жыў у Маскве. Арганізаваў «лацінскую» школу пры Заіконаспаскім манастыры, заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры Верхнюю друкарню, быў першым прыдворным паэтам рас. цароў, выхавацелем дзяцей Аляксея Міхайлавіча. Прыхільнік асветнага абсалютызму, быў у цэнтры дзярж. і рэліг. праблем Маскоўскай дзяржавы. Прапаведніцкая дзейнасць С.П. адлюстравана ў 2 зборніках яго пропаведзей: «Абед душэўны» (1675, выд. 1681) і «Вячэра душэўная» (1676, выд. 1683). Аснову яго літ. спадчыны складаюць 2 манументальныя зб-кі, падрыхтаваныя ў 1670-я г., але выдадзеныя пасмяротна: «Вертаград мнагацветны» і «Рыфмалагіён» (1678, выд. 1681). Яшчэ пры жыцці першы яго зборнік быў ацэнены як энцыклапедыя, з якой чэрпалі веды па хрысц. сімволіцы, гісторыі, ант. міфалогіі, тэалогіі. У другім зборніку змешчаны драм. творы «Камедыя прытчы пра блуднага сына...» і «Пра Навухаданосара цара...», якія ставіліся ў прыдворных тэатрах Крамля. Як перакладчык пазнаёміў чытачоў з многімі шырокавядомымі тагачаснымі творамі: «Казанне пра Магамета», «Тастамент, або Запавет Васіля, цара грэчаскага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш. Значнае месца ў паэзіі С.П. займалі і сатыр. матывы, выкрыццё каставых заган, кар’ерызму, прыстасавальніцтва («Клятва», «Жонка», «Помста» і інш.). У многіх выказваннях С.П. прыкметны ўплыў натурфілас. поглядаў ант. аўтараў Арыстоцеля і Плінія, а таксама здабыткаў сярэдневяковай навукі. Панегірычны дух яго паэзіі выявіўся ў некат. структурных асаблівасцях сілабічных вершаў: ён звяртаўся да зрокава-графічных эфектаў і прыёмаў (каляровае пісьмо, новыя страфічныя формы і інш.), распрацоўваў чыста барочныя формы ўскладненых метафар, мудрагелістых алегорый, сімвалаў, гіпербал і інш. Паводле рашэння ЮНЕСКА імя С.П. было ўнесена ў каляндар памятных дат 1980.
Тв.:
Избр. соч. М.; Л., 1953;
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
У кн.: Русская силлабическая поэзия XVII—XVIII вв. Л., 1970;
Вирши. Мн., 1990.
Літ.:
Татарский И. Симеон Полоцкий: (Его жизнь и деятельность). М., 1886;
Майков Л.Н. Симеон Полоцкий // Майков Л.Н. Очерки из истории русской литературы XVII и XVIII столетий. СПб., 1889;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд.Мн., 1985;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Панченко А.М. Русская стихотворная культура XVII в. Л., 1973;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Симеон Полоцкий и его книгоиздательская деятельность. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНТЫ́Я, Візантыйская імперыя,
дзяржава ў 4 — сярэдзіне 15 ст., якая ўзнікла ў выніку распаду Рымскай імперыі ў яе ўсх. частцы. Сталіца — г.Канстанцінопаль. У перыяд найвышэйшага росквіту займала тэр. Балканскага п-ва, М. Азіі, Сірыі, Палесціны, Егіпта, Італіі, астравоў Міжземнага м., Паўн. Афрыкі, ч. Пірэнейскага п-ва, Закаўказзя, Крыма. У 3 ст. пачалося адасабленне ўсх. частак Рымскай імперыі, якія вызначаліся высокім узроўнем развіцця эканомікі і дзе крызіс рабаўладальніцкай гаспадаркі меў менш вострыя формы. Напады варвараў, сац. рухі і ўнутр. міжусобіцы ў зах.ч. Рымскай імперыі пагражалі існаванню ўсёй дзяржавы. Гэта прымусіла імператара Канстанціна І [324—337] перанесці паліт. цэнтр імперыі на Усход. Прыняцце ім хрысціянства паспрыяла перамяшчэнню сюды і цэнтра ідэйнага жыцця. Новая сталіца імперыі, Канстанцінопаль, была засн. на месцы стараж. мегарскай калоніі Візантый (адсюль пазнейшая назва імперыі). Доўгі час сталіца імперыі наз. Новым Рымам. Самі візантыйцы называлі сябе рымлянамі (па-грэчаску рамеямі), а імперыю — рамейскай. Візант. імператары наз. васілеўсамі («царамі») рамеяў. Канчатковы падзел Рымскай імперыі адбыўся ў 395, пасля смерці апошняга імператара адзінай рымскай дзяржавы Феадосія I. Імператарам Усх. (Візант.) імперыі стаў Аркадзій [395—408], Зах. — яго брат Ганорый [396—423]. На тэр. Візантыі жылі грэкі, сірыйцы, копты, армяне, грузіны, яўрэі, элінізаваныя малаазійскія плямёны, фракійцы, ілірыйцы, дакі, готы, славяне, арабы, печанегі, полаўцы і інш.Гал. роля ў эканоміцы, паліт. жыцці і культуры Візантыі належала грэч. насельніцтву. Дзярж. мова імперыі ў 4—6 ст. лацінская, з 7 ст. грэчаская.
Ранні перыяд у гісторыі Візантыі (4 — сярэдзіна 7 ст.) характарызаваўся разлажэннем рабаўладальніцкага ладу і пачаткам фарміравання феадалізму. Асаблівасці аграрных адносін у ранняй Візантыі — захаванне значнай колькасці свабоднага сялянства, шырокае распаўсюджанне каланата і доўгатэрміновай арэнды, больш інтэнсіўная, чым на Захадзе, раздача рабам участкаў зямлі на правах пекулія. У 7 ст. праца калонаў і рабоў у буйных памесцях стала выцясняцца працай вольных сялян — арандатараў. Гарады Візантыі 4—5 ст. у асноўным заставаліся ант. рабаўладальніцкімі полісамі, новыя гарады, што ўзніклі пасля 5 ст., былі ўжо гандлёва-рамеснымі і адм. цэнтрамі. Візантыя вяла ажыўлены гандаль з Індыяй, Цэйлонам, Кітаем, Іранам, Сярэдняй Азіяй, Аравіяй, Эфіопіяй, Брытаніяй, Скандынавіяй; доўгі час была гегемонам у гандлі з зах.-еўрап. дзяржавамі па Міжземным м. У 7 ст., калі гарады-полісы канчаткова заняпалі, цэнтр грамадскага жыцця перамясціўся ў вёску. У 4—5 ст. Візантыя была цэнтралізаванай ваен.-бюракратычнай манархіяй. Уся ўлада належала імператару (васілеўсу), дарадчым органам пры ім быў Сенат. Усё свабоднае насельніцтва падзялялася на саслоўі. Сур’ёзнай грамадскай сілай з 5 ст. сталі своеасаблівыя паліт. партыі — дзімы. Пануючай рэлігіяй Візантыі з 4 ст. стала хрысціянства. У 4—7 ст. тут выпрацавана хрысц. дагматыка, склалася царк. іерархія. З канца 4 ст. пачалі ўзнікаць манастыры. У выніку барацьбы розных плыняў у хрысціянстве (арыянства, нестарыянства і інш.) пануючым у Візантыі з 6 ст. стала праваслаўе (пры імператару Юстыніяне I). З 370-х г. імперыя пастаянна абаранялася ад нападаў варвараў, якія ў 400 ледзь не захапілі Канстанцінопаль; у 570—80-я г. яна адбіла націск остготаў. Пры імператару Юстыніяне І [527—565] Візантыя дасягнула апагея сваёй паліт. і ваен. магутнасці. Першыя гады яго праўлення адзначаны буйнымі нар. рухамі (паўстанне самарыцян у Палесціне 529—530, паўстанне «Ніка» 532 у Канстанцінопалі). Пры Юстыніяне праведзена кадыфікацыя грамадз. права, узмацнілася цэнтралізацыя дзяржавы, створана моцная армія, адбіты націск персаў на У, славян на Пн, ажыццёўлены значныя заваяванні на З. Пры пераемніках Юстыніяна ў Візантыі настаў перыяд заняпаду. У канцы 6 ст. выступленні нар. нізоў адбываліся ў Канстанцінопалі, хваля сял. паўстанняў пракацілася па Егіпце, не спыняліся масавыя рухі ва ўсх. правінцыях — пастаянных асяродках ерасей і сепаратызму. У пач. 7 ст. пагрозлівы характар набылі хваляванні ў візант. арміі. У часы імператара Фокі [602—610] унутр. смуты перараслі ў грамадз. вайну, якая ахапіла М. Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет. На рубяжы 6—7 ст. Візантыя страціла значную ч. сваіх уладанняў на Захадзе і Усходзе.
З сярэдзіны 7 ст. ў Візантыі інтэнсіўна развіваецца феадалізм. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў вёсках пераважалі свабодныя сял. абшчыны. Гарады па-ранейшаму былі ў заняпадзе. У 7—8 ст. важныя змены адбыліся ў адм. сістэме: дыяцэзы і правінцыі былі заменены ваен.-адм. акругамі — фемамі, уся ваен. і грамадз. ўлада ў якіх належала камандзіру фемнага войска — страцігу. Свабодныя сяляне-страціёты, якія складалі войска, залічваліся ўрадам у разрад спадчынных уладальнікаў зямельных участкаў. Фемны лад быў сведчаннем дэцэнтралізацыі дзяржавы. Разам з тым ён спрыяў умацаванню ваен. патэнцыялу імперыі ў часы Льва III [717—741 ] і Канстанціна V [741—775], дазволіў дамагчыся поспеху ў войнах з арабамі і балгарамі. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў Візантыі пачаўся шырокі рэліг.-паліт. рух — іканаборства. Яго ўзначалілі імператары Ісаўрыйскай дынастыі, якія імкнуліся ўзняць прэстыж цэнтр. улады і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства. У сярэдзіне 7 ст. ў Зах. Арменіі зарадзіўся нар.-ерэтычны рух паўлікіян, які з замкнёнай ерэтычнай секты перарос у 9 ст. ў масавы антыфеад. рух. Антыфеад. паўстанне Фамы Славяніна ў 821—825 ахапіла тэр. М. Азіі, ч. Фракіі і Македоніі. 2-я пал. 10 ст. — перыяд стварэння ў Візантыі цэнтралізаванай феад. манархіі з моцнай дзярж. уладай, разгалінаваным бюракратычным апаратам кіравання. Асн. формай эксплуатацыі сялянства стала цэнтралізаваная рэнта, якая спаганялася ў выглядзе шматлікіх падаткаў. Фарміраванне асн. інстытутаў феадалізму ў Візантыі завяршылася ў 11—12 ст. Сяляне ператварыліся ў феадальна-залежных людзей (парыкаў), свабодныя абшчыны захаваліся толькі на ўскрайках імперыі. Паступова пашырылася пронія (форма ўмоўнага феад. землеўладання). Урад раздаваў феадалам правы экскусіі (асобная форма імунітэту). З 2-й пал. 9 ст. пачаўся ўздым візант. гарадоў, якія набываюць рысы, характэрныя для гарадоў сярэдневяковага тыпу. Асн. фігурай у гар. рамеснай вытв-сці становіцца свабодны рамеснік, уладальнік невял. майстэрні. Візант. мараплаўства і гандаль, нягледзячы на канкурэнцыю арабаў і нарманаў, адыгрывалі гал. ролю ў бас. Міжземнага м.Візант. царква пры патрыярху Фоцію (858—867) стала адстойваць ідэю раўнапраўя духоўнай і свецкай улады, заклікала да інтэнсіўнай хрысціянізацыі суседніх народаў, спрабавала ўвесці праваслаўе ў Маравіі, правяла хрысціянізацыю Балгарыі. Паліт. і дагматычныя рознагалоссі паміж канстанцінопальскім патрыярхам і папскім прастолам прывялі ў 1054 да афіц. разрыву (схізмы) паміж усх. і зах. цэрквамі. Канчатковы падзел цэркваў адбыўся пасля 1204. Знешняя палітыка Візантыі пры імператарах Македонскай дынастыі (867—1056) характарызавалася пастаяннымі войнамі. Візантыя адваявала ў арабаў Верхнюю Месапатамію, ч. Сірыі і М. Азіі, Крыт, Кіпр, вярнула пад свой пратэктарат Грузію і Арменію, заваявала Балгарыю. Пасля асады Канстанцінопаля кіеўскім кн. Алегам (907) Візантыя вымушана была заключыць у 911 гандл. дагавор, які спрыяў развіццю гандл. сувязей Русі і Візантыі па шляху з «варагаў у грэкі». Русь дапамагла імператару Васілію II задушыць мяцеж Фокі Варды [987—989]. У 1030—80-я г. Візантыю скаланулі ўнутр. смуты, барацьба правінцыяльных феадалаў супраць сталічнай знаці і чыноўніцтва. Пагоршылася і знешнепаліт. яе становішча: у выніку разгрому візант. арміі войскамі сельджукаў у 1071 пры Манцыкерце Візантыя страціла Арменію і ч. М. Азіі; на працягу 11 ст. яна вымушана была адбіваць націск печанегаў; да 1071 нарманы заваявалі Паўн. Італію. Зацяжны крызіс завяршыўся кансалідацыяй усіх сіл імперыі вакол дынастыі Камнінаў (1081—1185). Яны ўмацавалі дзяржаву і армію, адваявалі ў сельджукаў амаль усё Малаазійскае ўзбярэжжа, часова падпарадкавалі Сербію і Венгрыю, змагаліся за гегемонію ў Італіі, прадухілілі канфлікты з удзельнікамі 1-га і 2-га крыжовых паходаў. Але ў 1176 візант. армія была разгромлена сельджукамі каля Мірыякефалона, у 1185 нарманы захапілі Дзірахій і Фесалонікі. На ўсіх сваіх межах Візантыя вымушана была перайсці да абароны. Выкарыстаўшы нар. паўстанне ў Канстанцінопалі (1181), да ўлады прыйшоў прадстаўнік бакавой галіны Камнінаў Андронік І [1183—85]. Але ваен. няўдачы, незадаволенасць гараджан, тэрор у адносінах да вышэйшай феад. знаці выклікалі новы мяцеж. Улада перайшла да дынастыі Ангелаў (1185—1204), праўленне якой азнаменавала заняпад унутр. і знешняй магутнасці Візантыі. Узмацніліся феад. раздробленасць, незалежнасць кіраўнікоў правінцый ад цэнтр. улады, заняпалі гарады, аслабелі армія і флот. Пачаўся распад імперыі: у 1187 адпала Балгарыя, у 1190 — Сербія; Венецыя выцясняла з Візантыі сваіх канкурэнтаў Геную і Пізу. У канцы 12 ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж Візантыяй і Захадам: папства імкнулася падпарадкаваць візант. царкву рымскай курыі. Уплывовыя сілы на Захадзе дамагліся, каб 4-ы крыжовы паход (1202—04) быў накіраваны не на Палесціну і Сірыю, а ў Канстанцінопаль, які і быў захоплены 13.4.1204 войскамі крыжаносцаў на чале з Баніфацыем Манферацкім. Візант. імперыя часова перастала існаваць.
На заваяванай крыжаносцамі тэр. Візантыі была засн. Лацінская імперыя (1204—61). Лаціняне душылі ў Візантыі грэч. культуру, італьян. гандляры перашкаджалі адраджэнню візант. гарадоў. Супраціўленне мясц. насельніцтва не дазволіла крыжаносцам пашырыць сваю ўладу на Балканскі п-аў і М. Азію. Тут узніклі незалежныя грэч.дзяржавы Нікейская імперыя (1204—61), Трапезундская імперыя (1204—1461) і Эпірскае царства (1204—1337). У 1261 нікейскі імператар Міхаіл VIII Палеалог пры падтрымцы грэч. насельніцтва Лацінскай імперыі адваяваў Канстанцінопаль, аднавіў Візант. імперыю і засн. новую дынастыю Палеалогаў (1261—1453). Апошнія стагоддзі існавання некалі вял. імперыі азмрочаны значнымі стратамі тэрыторыі, нестабільнасцю эканомікі, бясконцымі феад. ўсобіцамі і ўзмацненнем тур. пагрозы. 29.5.1453 туркі-асманы на чале з султанам Мехмедам II Фатыхам пасля двухмесячнай асады захапілі і разрабавалі Канстанцінопаль. У 1460 заваёўнікі пакарылі Марэю, у 1461 — Трапезундскую імперыю.
Імперыя спыніла сваё існаванне, яе тэр. ўвайшла ў склад Асманскай імперыі.
Візантыйская культура. У гісторыі візант. цывілізацыі адметнае месца належыць візант. культуры — значнаму этапу еўрап. і сусв. культуры. У Візантыі існавала моўная і канфесійная супольнасць. Пры ўсёй шматэтнічнасці імперыі гал. яе этнічным ядром былі грэкі, у культ. жыцці дамінавала грэч. мова. У Візантыі панавала хрысц. рэлігія ў форме праваслаўя. Культуру Візантыі ад культур зах.-еўрап. краін адрознівала наяўнасць элементаў усх. цывілізацый, што рабіла яе сувязным звяном паміж Усходам і Захадам. Гал. тыпалагічныя асаблівасці візант. культуры: плённы сінтэз грэка-рым., усх. і зах. культур з перавагай першай, працяглае і ўстойлівае захаванне ант. традыцый, адрозненне правасл. рэлігіі ад каталіцкай, панаванне дзярж. дактрыны і дамінуючая роля Канстанцінопаля. Усё гэта спрыяла цэнтралізацыі візант. культуры, захаванню свецкай гар. культуры і адукаванасці. Візант. цывілізацыя зрабіла вял. ўплыў на развіццё культур многіх краін сярэдневяковай Еўропы (Паўд. Італія, Сіцылія, Далмацыя, дзяржавы Балканскага п-ва, Стараж. Русь, народы Закаўказзя, Паўн. Каўказа, Крыма). Гэта выявілася ў рэлігіі і філасофіі, грамадскай думцы і касмалогіі, пісьменнасці і адукацыі, паліт. ідэях і праве, ва ўсіх галінах мастацтва — л-ры і дойлідстве, жывапісе і музыцы.
Асвета. Захаваўшы традыцыі ант. адукаванасці, асвета ў Візантыі да 12 ст. знаходзілася на больш высокім узроўні, чым у інш. краінах Еўропы. Пач. адукацыю (навучанне чытаць і пісаць) тут атрымлівалі ў прыватных школах граматыстаў на працягу 2—3 гадоў. Да 7 ст.навуч. праграма грунтавалася пераважна на міфалогіі язычніцкіх рэлігій, пазней — на хрысц. Псалтыры. Сярэднюю адукацыю («энкікліяс педыа») атрымлівалі пад кіраўніцтвам настаўніка — граматыка або рытара па ант. дапаможніках. У праграму навучання ўваходзілі арфаграфія, грамат. нормы, вымаўленне, прынцыпы вершаскладання, красамоўства, часам — тахіяграфія (мастацтва скарочанага пісьма) і ўмельства складаць дакументы. Да вучэбных прадметаў адносілася і філасофія, пад якой разумеліся самыя розныя дысцыпліны (багаслоўе, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, логіка, этыка, палітыка, эканоміка, вучэнне аб навакольнай прыродзе). У праграмы некат. школ уключалася гісторыя. У Візантыі былі манастырскія школы. У 4—6 ст. функцыянавалі вышэйшыя школы (у Афінах, Александрыі, Бейруце, Антыёхіі, Газе, Кесарыі Палесцінскай), што засталіся з эпохі антычнасці. Створаная ў 425 вышэйшая школа ў Канстанцінопалі (аўдыторый) паступова выцесніла астатнія вышэйшыя школы. Паводле легенды, будынак канстанцінопальскай школы ў 726 спалены імператарам Львом III разам з настаўнікамі і кнігамі. З сярэдзіны 9 ст. пачынаюцца спробы аднаўлення вышэйшай школы. Магнаўрская школа (у Канстанцінопалі), якой кіраваў Леў Матэматык, рыхтавала вышэйшых свецкіх і духоўных саноўнікаў. Яе праграма абмяжоўвалася прадметамі агульнаадук. цыкла. У сярэдзіне 11 ст. ў Канстанцінопалі адкрыты юрыд. і філас. школы, што рыхтавалі чыноўнікаў. У 12 ст. вышэйшая школа аддадзена пад апякунства царквы, на яе ўскладзена задача барацьбы з ерасямі. У канцы II ст. адкрыта Патрыяршая школа, у праграму якой уваходзіла тлумачэнне Свяшчэннага пісання і рытарычная падрыхтоўка. У школе, створанай у 12 ст. пры царкве св. Апосталаў у Канстанцінопалі, апрача традыц. прадметаў, выкладалі медыцыну. Пасля 1204 вышэйшая школа ў Візантыі спыніла сваё існаванне. Дзярж. школы ўсё больш выцясняліся школамі пры манастырах, дзе пасяліліся вучоныя.
Антычныя б-кі не перажылі ранневізант. перыяд.Александрыйская бібліятэка разбурана ў 391; публічная б-ка ў Канстанцінопалі (засн. каля 356) згарэла ў 475. Пра б-кі больш позніх часоў вядома мала. Існавалі б-кі імператара, патрыярха, манастыроў, вышэйшых школ і прыватных асоб.
Тэхніка. Візантыя атрымала ў спадчыну ант. тэхніку сельскай гаспадаркі (драўляны бясколавы плуг, малацільны волак, у які запрагалі жывёлу, штучнае арашэнне) і рамёствы, што дало магчымасць ёй да 12 ст. заставацца перадавой дзяржавай Еўропы ў манументальным буд-ве, суднабудаванні (з 9 ст. стаў выкарыстоўвацца косы ветразь), ювелірным, шаўкаткацкім рамёствах і інш. Аднак імкненне да захавання ант. традыцый запавольвала тэхн. прагрэс і выклікала адставанне (з 12 ст.) большасці візант. рамёстваў ад зах.-еўрапейскіх (выраб шкла, карабельнае рамяство, тэкст.вытв-сць).
Матэматыка і прыродазнаўчыя навукі. Візант. матэматыка 4—6 ст. зводзілася ў асноўным да тлумачэння і распаўсюджвання твораў ант. аўтараў (Эўкліда, Архімеда, Арыстоцеля і інш.). Даследаваліся задачы квадратуры круга і падваення куба. У некат. пытаннях візант. навука пайшла далей за антычную: Іаан Філапон (6 ст.) прыйшоў да высновы пра незалежнасць скорасці падзення цел ад іх масы; Анфімій з Тралаў прапанаваў новае тлумачэнне дзеяння запальных люстраў. Хуткае развіццё прыродазнаўчых навук пачалося з сярэдзіны 9 ст. і асабліва ў 13—14 ст. Вучоны-энцыклапедыст Леў Матэматык (9 ст.) упершыню выкарыстаў літары ў якасці алгебраічных сімвалаў. Даследчык твораў Дыяфанта Максім Плануд (13 ст.) напісаў «Арыфметыку на ўзор індыйцаў», выкарыстаўшы ў ёй арабскія лічбы, а яго вучань Мануіл Масхопулас даследаваў магічныя квадраты, карыстаючыся пры гэтым элементамі камбінаторнага аналізу. У 14 ст. Іаан Педыясім напісаў «Геаметрыю» і трактат аб падваенні куба, а Ісаак Аргір — «Геадэзію» і трактат аб здабыванні квадратных каранёў. Даследаванні па астраноміі грунтаваліся на традыцыях араб. і перс. вучоных, аб чым сведчыць зводная праца Феодара Мелітыяніта «Астраномія ў трох кнігах» (1361). У 14 ст. Нікіфар Грыгара прапаноўваў рэформу календара і прадказваў зацьменні Сонца. Астр. назіранні падпарадкоўваліся патрабаванням астралогіі, якая ў Візантыі была вельмі пашырана. У касмалогіі біблейскія ўяўленні спалучаліся з дасягненнямі эліністычнай навукі (уяўленне пра шарападобнасць Зямлі, элементы геліяцэнтрычнай сістэмы свету і інш.). Хімія давала практычныя навыкі для вырабу фарбавальнікаў, каляровай палівы, шкла і інш. У ранневізант. перыяд была пашырана алхімія, магчыма, з ёй звязана адно з буйнейшых вынаходстваў канца 7 ст. — т.зв. «грэчаскі агонь» (лёгкаўзгаральная сумесь нафты, салетры і інш., якая выкарыстоўвалася ў ваен. справе). У 4 ст. ўрач Арыбасій з Пергама стварыў мед. энцыклапедыю, урач Нікшба — падручнік па хірургіі, Сімяон Сіф склаў кнігу аб уласцівасцях ежы (11 ст.), Нікалай Мірэпс — дапаможнік па фармакалогіі (13 ст.). У Канстанцінопалі існавалі бальніцы са спец. аддзяленнямі (хірург. і інш.), а таксама мед. вучылішчы пры гэтых бальніцах. Пачатак геаграфіі ў Візантыі паклалі афіц. апісанні абласцей, гарадоў, царк. дыяцэзаў. Каля 535 Іерокл склаў «Сінекдэм» — апісанне 64 правінцый і 912 гарадоў, якое лягло ў аснову больш позніх геагр. твораў. Захаваліся апісанні падарожжаў купца Касмы Індыкаплова (6 ст.) у Аравію, Усх. Афрыку, на Цэйлон, Іаана Фокі (12 ст.) — у Палесціну, Андрэя Лівадзіна (14 ст.) — у Палесціну і Егіпет, Канана Ласкарыса (канец 14 або пач. 15 ст.) — у Германію, Скандынавію і Ісландыю. Візантыйцы ўмелі складаць геагр. карты.
Філасофія. Асн. ідэйныя крыніцы візант. філасофіі — Біблія і грэч. класічная філасофія (у асноўным Платон, Арыстоцель, стоікі). У 4—7 ст. у філасофіі панавалі 3 кірункі: неаплатанізм (Ямвліх, Юліян Адступнік, Прокл), што ва ўмовах крызісу ант. свету адстойваў уяўленне аб гарманічным адзінстве Сусвету; гностыка-маніхейскі дуалізм, які зыходзіў з уяўлення пра непрымірымы раскол Сусвету на царствы Дабра і Зла; хрысціянства. Асноўным у развіцці багаслоўя 4—7 ст. было сцвярджэнне вучэння аб Тройцы і богачалавецтве Хрыста. Прызнаючы існую розніцу паміж «зямным» і «нябесным», хрысціянства дапускала магчымасць звышнатуральнага (дзякуючы дапамозе богачалавека) пераадолення гэтага расколу (Афанасій Александрыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі). У сферы касмалогіі паступова ўсталявалася біблейскае ўяўленне аб тварэнні. Антрапалогія (Немесій, Максім Спаведнік) зыходзіла з уяўлення аб чалавеку як цэнтры светабудовы і трактавала яго як мікракосм — мініяцюрны адбітак Сусвету. У этыцы цэнтр. месца займала праблема выратавання. Зазнаўшы моцны ўплыў неаплатанізму, філасофія, асабліва містыка (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт), зыходзіла з магчымасці не столькі карпаратыўнага (праз царкву), колькі індывідуальнага (праз асабістае «абожанне» — фіз. дасягненне чалавекам боскасці) выратавання. Працягваючы традыцыі александрыйскай школы (Клімент Александрыйскі, Арыген), філосафы прызнавалі важнасць ант.Культ. спадчыны.
Завяршэнне станаўлення візант. багаслоўя супадае з заняпадам гарадоў у 7 ст. Таму перад філас. думкай Візантыі паўстала задача не творчага развіцця, а захавання культ. каштоўнасцей ва ўмовах напружанай эканам. і паліт. сітуацыі. Іаан Дамаскін прынцыпам сваёй дзейнасці абвяшчаў кампілятыўнасць. Разам з тым ён імкнуўся да стварэння сістэм выкладання хрысц. веравучэння з уключэннем у праграму абвяржэння ерасей. Яго «Крыніца ведаў» — першая філас.-багаслоўская «сума», якая зрабіла вял. ўплыў на зах. схаластыку. Асн. ідэйныя дыскусіі 8—9 ст. спрэчкі іканаборцаў і іконапаклоннікаў былі працягам багаслоўскіх дыскусій 4—7 ст. Праціўнікі іканаборства (Іаан Дамаскін, Феодар Студыт) разглядалі абразы як матэрыяльныя вобразы нябеснага свету, як пасрэдніцкае звяно, што звязвае «верх» і «ніз». На 2-ю пал. 9—10 ст. прыпадае дзейнасць эрудытаў, якія імкнуліся адрадзіць антычнасць. З 11 ст.філас. барацьба набывае новыя рысы ў сувязі з зараджэннем візант. рацыяналізму. Паслядоўныя містыкі (Сімяон Багаслоў) супрацьпастаўлялі халоднай сістэме эмацыянальнае «зліццё» з бажаством; рацыяналісты знаходзілі ў багаслоўскай сістэме процілегласці. Міхаіл Псел паклаў пачатак новых адносін да ант. спадчыны як да цэласнай з’явы. Яго паслядоўнікі (Іаан Італ, Яўстрацій Нікейскі, Соцірых), апіраючыся на фармальную логіку, ставілі пад сумненне шэраг багаслоўскіх дактрын. Распад Візантыі пасля 1204 на шэраг дзяржаў выклікаў абвостранае адчуванне трагічнасці ўласнага становішча. 14 ст. — час новага ўздыму містыкі (ісіхазм — Грыгорый Сінаіт, Грыгорый Палама). Страціўшы надзею на захаванне сваёй дзяржавы, не верачы ў рэформы, ісіхасты абмяжоўвалі этыку рэліг. самаўдасканаленнем, распрацоўвалі фармальныя «псіхафізічныя» метады малітвы, якія адкрывалі шлях да «абожання». Адносіны да ант. традыцыі становяцца дваістымі: з аднаго боку, у аднаўленні стараж. інстытутаў бачылі апошнюю магчымасць ажыццяўлення рэформаў (Пліфан), з другога — веліч антычнасці спараджала пачуццё адчаю, уласнай творчай бездапаможнасці (Георгій Схаларый).
Гістарычная навука. У візант.гіст. навуцы 4 — сярэдзіне 7 ст. яшчэ захоўваліся ант. традыцыі, панаваў язычніцкі светапогляд. Вострая сац.-паліт. і ідэалаг. барацьба ў Візантыі ў гэты перыяд знайшла адлюстраванне ў творах гісторыкаў як свецкага (Аміян Марцэлін, Яўнапій, Алімпіядор, Засім, Прыск Панійскі, Пракопій Кесарыйскі, Агафій Мірынейскі, Менандр Праціктор, Феафілакт Сімаката), так і царк. кірункаў. Стварэнне хрысц.гіст.-філас. канцэпцыі звязана з дзейнасцю Яўсевія Кесарыйскага і яго паслядоўнікаў (Сакрат, Сазамен, Феадарыт Юрскі, Явагрый), паводле якіх гісторыя не вынік сукупных чалавечых намаганняў, а тэлеалагічны працэс. У хроніцы 6 ст. Іаана Малалы зарадзілася імкненне да глабальнага ахопу гісторыі чалавецтва, што знайшло свой працяг у сусв. хроніках 8—9 ст. Вядомасцю карысталіся «Хранаграфія» Феафана Спаведніка, «Брэвіярый» («Кароткая гісторыя») патрыярха Нікіфара і хроніка Георгія Амартола. У творах гісторыкаў 11—12 ст. (Міхаіл Псел, Нікіфар Врыеній, Ганна Камніна, Іаан Кінам, Нікіта Ханіят) выразна выявілася аўтарская пазіцыя, апавяданне набліжана да сучаснасці, храналагічны прынцып выкладання адыходзіў на задні план, характарыстыкі дзеючых асоб набывалі індывід. афарбоўку. Пасля лац. заваявання Візантыі гістарыяграфія працягвала развівацца ў Нікейскай імперыі («Хроніка» Георгія Акрапаліта). У гістарыяграфіі позняй Візантыі выразна выяўляліся гуманіст. рысы: цікавасць да чалавечай асобы, да прыроды, сусвету. Побач з біблейскай канцэпцыяй гіст. працэсу развіваліся новыя гіст.-філас. тэорыі, у прыватнасці тэорыя заканамернай змены сусв. манархій. Апошняе стагоддзе існавання імперыі і яе гібель апісаны ў творах гісторыкаў Георгія Сфрандзі, Духі, Лаоніка Халкакандзіла, Міхаіла Крытавула.
Юрыдычная навука. Характэрныя для культуры Візантыі традыцыяналізм і імкненне да сістэматызацыі найб. выразна выявіліся ў юрыд. навуцы. Пачатак гэтаму пакладзены сістэматызацыяй рым. права, складаннем збораў цывільнага права; найб. значны з іх Corpus juris civilis (6 ст.), на якім пазней і грунтавалася візант. права. Задача правазнаўцаў абмяжоўвалася ў асноўным тлумачэннем і пераказам збораў. У 6—7 ст. гэты зборнік права часткова перакладзены з лац. на грэч. мову. Падобныя пераклады ляжаць у аснове кампілятыўнага зборніка Васілікі (9 ст.), які часта перапісваўся з каментарыямі. Складаліся і розныя даведачныя дапаможнікі, у т. л. «сінопсісы», дзе артыкулы па асобных пытаннях права размяшчаліся ў алфавітным парадку. Юрыд. навука Візантыі вывучала таксама кананічнае права, якое грунтавалася на пастановах (правілах) царк. сабораў. Уздым юрыд. навукі пачаўся ў 11 ст., калі ў Канстанцінопалі была засн. вышэйшая юрыд. школа. Спроба абагульніць практыку канстанцінопальскага суда зроблена ў 11 ст. ў зборніку суд. рашэнняў, т.зв. «Піры» («Вопыт»), У 12 ст. правазнаўцы Візантыі (Іаан Занара, Арысцін, Феодар Валсамон), імкнучыся ўзгадніць нормы кананічнага і рым. права, выпусцілі шэраг тлумачэнняў да правіл царк. сабораў. У Візантыі існаваў натарыят. У 13—14 ст. асобныя правінцыяльныя канцылярыі выпрацоўвалі лакальныя тыпы фармуляраў для складання дакументаў.
Літаратура. У ранневізант. перыяд захоўваліся традыцыі стараж.-грэч. л-ры, якая ўсё больш трапляла пад уплыў хрысціянства. Ант. традыцыі выразна прасочваюцца ў свецкай паэзіі і прозе (Нон Панапалітанскі, Агафій Мірынейскі, Павел Сіленцыярый, Георгій Пісіда). У патрыстычнай л-ры (Васілій Кесарыйскі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст) ідэі ранняга хрысціянства спалучаліся з неаплатанічнай філасофіяй, ант. рытарычныя формы — з новым ідэйным зместам. Хрысц. ідэалогія ўсталёўвалася ў гімнаграфіі (Яфрэм Сірын, Раман Салодкапевец), агіяграфіі (Афанасій Александрыйскі, Паладый Яленапольскі), хранаграфіі (Іаан Малала). У 7—9 ст.ант. традыцыі амаль знікаюць, развіваецца пераважна рэліг.л-ра. Асн. жанры прозы — хроніка (Феафан Спаведнік) і жыціе; у перыяд іканаборства асаблівы ўздым перажывае агіяграфічная л-ра (Нікіта з Амніі). У паэзіі выступаюць Андрэй Крыцкі, Іаан Дамаскін, Феодар Студыт. Свецкую тэматыку распрацоўваюць Іаан Граматык, Ігнацій Антыяхійскі, паэтэса Касія. Да 9 ст. адносяць афармленне рэліг. рамана «Варлаам і Іаасаф». З сярэдзіны 9 ст. ствараюцца літаратуразнаўчыя зборы («Мірыябібліён» Фоція — першая спроба крытыка-бібліягр. л-ры), слоўнікі (Суда). Сімяон Метафраст склаў збор візант. жыцій. У 9—12 ст. у л-ры Візантыі з’яўляюцца перадрэнесансавыя тэндэнцыі: цікавасць да складанага чалавечага характару, суб’ектыўнае светаўспрыманне, станоўчыя адносіны да антычнасці; развіваюцца свецкая паэзія (Хрыстафор Мітыленскі, Феодар Продрам), гераічны эпас («Дыгеніс Акрыт») і эратычны раман (Нікіта Яўгеніян, Яўстафій Макрэмваліт). Вядучыя пісьменнікі 11—12 ст. — Феафілакт Балгарскі, Яўстафій Салунскі, Міхаіл Ханіят, Нікіта Ханіят, Нікалай Месарыт. Вял. значэнне набыла выкрывальная л-ра (ананімныя «Філапатрыс» і «Тымарыён»). Узнікаюць новыя формы арганізацыі літ. творчасці — літ. гурткі, якія аб’ядноўваюцца вакол уплывовага мецэната. Познавізант. л-ру вызначае кампілятыўнасць, у ёй пануе багаслоўская палеміка. Распад імперыі абумовіў з’яўленне ў л-ры трагічных матываў (пісьменнікі-гуманісты Пліфан, Мануіл Хрысалор, Вісарыён Нікейскі, Феодар Метахіт). Сярод фалькл. помнікаў «Радоскія любоўныя песні» і сатыр. творы «Апавяданне для дзяцей пра чатырохногіх», «Птушкалоў». Падзенне візант. сталіцы апісана ў паэт. «Манодыі на ўзяцце Канстанцінопаля» Іаана Яўгеніка.
Архітэктура. На архітэктуру Візантыі ранняга перыяду значна ўплывала культура Б. Усходу — М.Азіі, Сірыі, Палесціны. У часы Канстанціна пачалося масавае буд-вахрысц. храмаў. У 4—5 ст. склаліся 2 іх тыпы: базіліка і цэнтрычны купальны. У 5 ст. пабудаваны новыя крапасныя сцены, шматпавярховыя дамы ў Канстанцінопалі. У 6 ст. ў час росквіту візант. мастацтва пры Юстыніяне з’явіліся Вял. палац у Канстанцінопалі (каля 528), іпадром, аркі, тэрмы, акведукі. У купальнай базіліцы найб. паслядоўна адлюстраваліся характэрныя для 6 ст. тэндэнцыі да грандыёзнасці і велічнай святочнасці (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Блізкія па асэнсаванні маст. вобраза і арганізацыі прасторы рысы ўвасобіліся ў архітэктуры царквы св. Ірыны ў Канстанцінопалі (530-я г.) — базілікі, перакрытай двума купаламі, размешчанымі па восі сярэдняга нефа. Развівалася буд-ва крыжова-купальных храмаў (царква св. Апосталаў у Канстанцінопалі). Важным цэнтрам тагачаснай архітэктуры была Равена — сталіца остгоцкай дзяржавы Тэадорыха; тут узведзены палац Тэадорыха, базіліка Сант-Апалінарэ Нуова, арыянскія цэрквы і баптыстэрыі, царква Сан-Вітале з багатым інтэр’ерам і сціплым вонкавым выглядам (547). Архітэктура 7 ст. вызначалася больш сціплымі памерамі і кампазіцыяй (царква Успення ў Нікеі). У перыяд найвышэйшага росквіту візант. мастацтва (9—12 ст.) канчаткова склаўся тып крыжова-купальнага храма: Неа («Новая») 5-купальная царква, пабудаваная Васіліем I у Канстанцінопалі (881); царква Мірэлеён (10 ст.) і інш. Пазней развіваліся варыянты гэтага тыпу. У класічным варыянце крыжова-купальнага храма купал узводзіўся пры дапамозе ветразяў на стаячых апорах: цэрквы манастыра Ліпса, Мірэлеён (10 ст.), манастыр Пантакратара (у 12 ст.) у Канстанцінопалі, царква Божай Маці ў Салоніках (1028) і інш. На тэр. Грэцыі быў пашыраны тып храма з купалам на тромпах (храм Каталікон у манастыры Хосіяс Лукас у Факідзе, 11 ст., і інш.). Царк. архітэктура 14—15 ст. у асноўным паўтарала старыя тыпы (цэрквы Фетые і Мала-Гюрані ў Канстанцінопалі, 14 ст.; царква Апосталаў у Салоніках, 1312—15). У Містры пабудаваны цэрквы з рысамі базілікі і крыжова-купальнага храма. У архітэктуры сярэднявечча выкарыстоўваліся некат. матывы італьян. дойлідства і свецкія рэнесансавыя тэндэнцыі (царква Панагіі Парыгарытысы ў Арце, каля 1295; палац Тэкфур-серай у Канстанцінопалі, 14 ст.; палац уладароў Містры, 13—15 ст., і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Фарміравалася на аснове раннехрысц. і перадвізант. мастацтва 3—5 ст. Абсалютная перавага жывапісу над аб’ёмнай скульптурай стала характэрнай рысай мастацтва Візантыі. Арх.-пейзажны фон змяняецца абстрактна-ўрачыстым залатым; выявы становяцца плоскаснымі, прапорцыі і колеравы лад набываюць умоўны, сімвалічны характар. У шэрагу твораў заўважаліся жыццёвыя назіранні, рысы якіх увасобіліся ў мазаіках 4—6 ст.: цэрквы св. Георгія ў Салоніках (канец 4 ст.), Сан-Вітале ў Равене (каля 547), Панагіі Канакарыі на Кіпры (6 ст.). У перыяд іканаборства цэрквы ўпрыгожвалі хрысц. сімваламі і дэкар. размалёўкамі. У перыяд «македонскага рэнесансу» (9—10 ст.) завяршаецца фарміраванне іерархічнай сістэмы маст. афармлення храма: фрэскі, мазаікі, іканастас уключаліся ў цэласную кампазіцыю крыжова-купальнай пабудовы і адлюстроўвалі хрысц. мадэль сусвету (мазаікі ў саборы св. Сафіі ў Канстанцінопалі, 9—11 ст., царкве Успення ў Нікеі, 9 ст., абраз св. Панцеляймона, 10 ст.). У кніжнай мініяцюры назіраецца наследаванне ант. узорам («Парыжская псалтыр», 10 ст.). «Камнінаўскі» перыяд адметны развіццём правінцыяльных школ, яркім каларытам, віртуознасцю манеры, разнастайнасцю вобразаў: мазаікі ў манастырах Хосіяс Лукас у Факідзе, Неа Моні на в-ве Хіяс, Дафні каля Афін, саборы ў Тарчэла, фрэскі ў царкве Панагіі Кувелітысы ў Касторыі, у пячорных цэрквах Кападокіі (усе 11 — 12 ст.). Пра скульптуру 9—15 ст. даюць уяўленне рэльефныя абразы і дэкар. разьба. Развіваецца дэкар.-прыкладное мастацтва: шматколерная перагародчатая эмаль, ткацтва, вырабы з металу і слановай косці. Позні перыяд мастацтва Візантыі характарызуецца стылістычнай шматаблічнасцю правінцыйных школ, узмацненнем свецкага пачатку, адлюстраваннем гіст. і тагачасных падзей. Перыяд найвышэйшага яго ўздыму, т.зв. «палеалогаўскі рэнесанс», адметны захапленнем ант. традыцыямі, эмацыянальным багаццем вобразаў, увядзеннем элементаў пейзажу і архітэктуры ў жывапісныя кампазіцыі: мазаікі ў цэрквах манастыра Хора ў Канстанцінопалі, Апосталаў у Салоніках (пач. 14 ст.), фрэскі ў цэрквах Перыўлепта і Пантанаса ў Містры (2-я пал. 14 — 1-я пал. 15 ст.).
Музыка. Вытокі візант. музыкі ў перс., копцкай, яўр., арм. песеннасці, познагрэч. і рым. меласе. Яна аб’ядноўвала элементы сірыйскага, слав. і араб.муз. мастацтва. У літ. крыніцах ёсць звесткі пра вандроўных спевакоў-музыкантаў (гістрыёнаў, мімаў). Пры імператарскім двары гучала свецкая музыка — акламацыі (прывітальныя воклічы і вершаваныя ўслаўленні), харавыя поліхраніі (мнагалецці) і эўфеміі (святочныя акламацыі, часткі прыдворнай літургічнай службы); музыка інстр. ансамбляў (трубачоў, цымбалістаў), ігра на гідраўласе, пнеўматычным аргане. У натаваных помніках захавалася выключна культавая музыка, чыста вакальная і аднагалосая. Найб.стараж. віды культавых спеваў — літургічны рэчытатыў і псалмодыя. З 4 ст. пашырыліся трапары, якія паступова (6—7 ст.) выцеснілі псалмодыю. У 5—6 ст. пачаўся росквіт гімнатворчасці (Раман Салодкапевец). У 7—8 ст. узоры канона стваралі гімнографы Андрэй Крыцкі, Касма Маюмскі. Іаан Дамаскін, пазней Іосіф Гімнограф і інш. адыгралі вял. ролю ў фарміраванні актоіха, у якім гімны змяшаліся ў адпаведнасці з сістэмай асмагласся. З 9 ст. важнейшы цэнтр гімнатворчасці — Студыцкі манастыр у Канстанцінопалі, дзе служыў распеўшчык Феодар Студыт. З 10 ст. стаў пашыраным жанр стыхіры. Новы ўздым гімнічнага мастацтва ў 14—15 ст. звязаны з дзейнасцю Іаана Кукузеля ў Афонскім манастыры. Помнікі візант. музыкі захаваліся ў розных відах натацыі. У 8 ст. пачало складвацца неўменнае пісьмо (гл. ў арт.Нотнае пісьмо). Для пазначэння рытму, дынамікі і характару выканання існавалі хейранамічныя знакі (умоўная жэстыкуляцыя для кіравання хорам). Праблема расшыфроўкі ранневізант. натацыі поўнасцю не вырашана. Асн. прынцыпы сярэдне- і познавізант. натацыі ў 1920—30-я г. раскрылі Г.Тыльярд і Э.Велес. Візант. тэорыя музыкі была схаластычная, адарваная ад жывой практыкі, аўтары трактатаў абмяжоўваліся інтэрпрэтацыямі познаант. спадчыны.
Літ.:
Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988;
Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978;
Прокопий Кесарийский. Война с персами;
Война с вандалами;
Тайная история: Пер. с греч. М., 1993;
Комнина А. Алексиада: Пер. с греч М., 1965;
Советы и рассказы Кекавмена: Сочинение визант. полководца XI в.: Пер. с греч. М., 1972;
Робер де Клари. Завоевание Константинополя: Пер. с фр.М., 1986;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968;
Памятники византийской литературы IX—XIV вв. М., 1969;
Византийский временник. Т. 1—55. СПб.;
М., 1894—1994;
История Византии. Т. 1—З. М., 1967;
Курбатов Г.Л., Фролов Э. Д., Фроянов И.Я. Христианство: Античность. Византия. Древняя Русь. Л., 1988;
Культура Византии, IV — первая половина VII в. М., 1984;
Культура Византии, вторая половина VII—XII в. М., 1989;
Культура Византии, XIII — первая половина XV в. М., 1991;
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;
Липшиц Е.Э. Право и суд в Византии в IV—VIII вв. Л., 1976;
Яе ж. Законодательство и юриспруденция в Византии в IX—XI вв.: Ист.-юридич. этюды. Л., 1981;
Византийская литература. М., 1974;
Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977;
Лихачева В.Д. Искусство Византии IV—XV вв. 2 изд. Л., 1986;
Лазарев В.Н. История византийской живописи. [Кн. 1—2. 2 изд.]. М., 1986;
Банк А.В. Прикладное искусство Византии IX—XII вв.: Очерки. М., 1978;
Герцман Е.В. Византийское музыкознание. Л., 1988;
Bury J.B. A history of the later roman empire. London, 1989;
Runciman S. The Byzantine theocracy. London, 1980;
Dvornik F. Early Christian and Byzantine political philosophy. Vol. 1-2. Washington, 1967;
Да арт.Візантыя. Царква манастыра Хосіяс Лукас у Факідзе. 11 ст.Да арт.Візантыя. Царква Сан-Вітале ў Равене. Інтэр’ер. 526—547.Да арт.Візантыя. Інтэр’ер базілікі Сант-Апалінарэ Нуова ў Равене. 533— 549.
Да арт.Візантыя. Імператрыца Феадора з прыбліжанымі. Мазаіка царквы Сан-Вітале ў Равене. Фрагмент. Каля 547.Да арт.Візантыя. Давід, які іграе на ліры. Мініяцюра т.зв. «Парыжскай псалтыры». 1-я пал. 10 ст.Да арт.Візантыя. Царква Апосталаў у Салоніках. 1312—15.Да арт.Візантыя. Хрыстос. Мазаіка сабора св. Сафіі ў Канстанцінопалі. 13 ст.Да арт.Візантыя. Маці Божая Адзігітрыя. Мазаіка царквы манастыра Хора ў Канстанцінопалі. 14 ст.