ВЯЛІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, на паўн.-зах. ускраіне г. Глыбокае. Пл. 0,89 км², даўж. 2,15 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 5,7 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 40,1 км². Схілы катлавіны выш. 3—10 м, на ПнУ і У 10—16 м, пераважна разараныя, на ПнЗ пад лесам. Берагі месцамі забалочаныя. Дно складаецца з паўн. (вялікага) і паўд. (малога) плёсаў, злучаных пралівам глыб. да 1,7 м. У паўн. плёсе востраў пл. 0,7 га. Расліннасцю занята 16% пл. возера, шыр. паласы 10—100 м. На ПдЗ і З упадаюць 2 ручаі і пратока з воз. Кагальнае, сцёк па пратоцы ў Падлужнае возера.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ КАМА́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Камайка (выцякае з возера), за 17 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 0,25 км², даўж. 1,05 км, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 22 м, даўж. берагавой лініі каля 2,6 км. Пл. вадазбору 9,8 км². Схілы катлавіны выш. 9—14 м, на З і У 5—6 м, пад лугам і пашай. Берагі нізкія, парослыя хмызняком. У падводнай частцы катлавіны вылучаюцца 4 замкнёныя катлавіны з глыб. 8, 14,9, 18,5 і 22 м. Дно пясчанае, глыбей за 2 м выслана глеямі. 26% паверхні возера занята расліннасцю, шыр. паласы 5—30 м. Злучана пратокай з Малым Камайскім возерам.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ Е́ЛЬНЯ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 16 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,46 км², даўж. 1,35 км, найб. шыр. 570 км, найб. глыб. 13,2 м, даўж. берагавой лініі 3,2 км. Пл. вадазбору 2,22 км². Схілы катлавіны выш. 3—8 м (на Пн і Пд да 3 м), на З стромкія, парослыя хмызняком, на У спадзістыя, пад лугам. На Пн і Пд вузкія залівы. Берагі высокія, на З зліваюцца са схіламі. Уздоўж берага дно да глыб. 6 м пясчанае, глыбей глеістае. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. 7—50 м. На Пн упадае ручай з воз. Малая Ельня, на У выцякае ручай у воз. Абаб’е.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ ШВА́КШТЫ, Вялікая Швакшта,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Страча, за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 9,56 км², даўж. 4,2 км, найб. шыр. 3,4 км, найб. глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 13 км. Пл. вадазбору 94,2 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м, парослыя хмызняком, на ПнУ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на З тарфяністыя і сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага да глыб. 2 м пясчанае. Шырыня паласы надводнай расліннасці да 150 м, харавыя водарасці ўкрываюць дно да глыб. 3,5 м. Упадаюць 5 ручаёў. Злучана пратокай з воз. М. Швакшты. На паўд.-зах. беразе паляўніча-рыбалоўная база.

Возера Вялікія Швакшты.

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛБІ́ЦА, Галбеіца, Галубейка,

рака пераважна ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 63 км. Пл. вадазбору 1050 км². Пачынаецца за 0,5 км на ПдЗ ад в. Глінскія, цячэ ў межах Свянцянскіх град пад назвай Заражанка (на працягу 5 км у Мядзельскім р-не Мінскай вобл.), ніжняе цячэнне на Полацкай нізіне. Асн. прытокі Лаўрыха, Шурыца, Паловіца (злева), Чэртка, Карнееўка, Ласіца і Плісаўка (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 200—400 м. Пойма шыр. 50—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 11 км каналізаванае, у сярэднім і ніжнім цячэнні яго шыр. 20—30 м. Рака працякае праз азёры Задняе возера і Галбея, створаны сажалкі.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУБЕ́ЛЬКА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 35 км на ПнЗ ад г. Мядзел, у межах ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,09 км², даўж. 520 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 17 м., даўж. берагавой лініі каля 1,7 км. Пл. вадазбору 0,41 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, на У да 35 м, пясчаныя і супясчаныя, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, на У і ПнЗ зліваюцца са схіламі. У цэнтры возера востраў пл. 0,1 га. Дно сапрапелістае. Вызначаецца высокай празрыстасцю вады, маляўнічым наваколлем. У возеры расце меч-трава (занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь). Упадае ручай з воз. Ячмянец, выцякае ручай у воз. Глубля.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЎДА,

рака ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. і Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., левы праток Шчары (бас. Нёмана). Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Варонічы Слонімскага р-на, цячэ па Слонімскім узв. Асн. прытокі: Була, Булянка, Руднянка, Бусяж (злева), Любішчанскі канал (справа).

Даліна выразная, шыр. ад 1 да 1,5 км, у вярхоўі не выражана. Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, у асобных мясцінах перасечаная старыцамі і асушальнымі каналамі. Рэчышча ў вярхоўі і на асобных участках каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,3 м³/с. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На ўскраіне г. Івацэвічы зона адпачынку, ніжэй горада ўздоўж ракі насыпныя дамбы.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ГАРЫ (Gregory),

браты, англ. тапографы, даследчыкі Аўстраліі. Нарадзіліся ў г. Фарнсфілд, Вялікабрытанія. З 1841 супрацоўнікі тапагр. службы ў Зах. Аўстраліі. Агастус (1.8.1819 — 25.6.1905), у 1848 накіраваўся ад г. Перт на Пн, адкрыў і даследаваў бас. р. Мерчысан. У 1855—56 перасек Аўстралію ў паўд.-ўсх. напрамку ад зал. Жазеф-Банапарт Тыморскага м. да Ціхага ак.; даследаваў воз. Вікторыя. У 1858 паўторна перасек Аўстралію ў паўд.-зах. напрамку (ад г. Брысбен да г. Адэлаіда). Фрэнсіс (19.10.1821 — 24.10.1888), вывучаў Зах. Аўстралію, адкрыў у 1858 на Пн ад р. Гаскайн гару Агастус (названа ў гонар брата), у 1861 — рэкі Дэ-Грэй, Фортэск’ю, Ашбертан і хр. Хамерслі. Склаў схематычную геал. карту Зах. Аўстраліі.

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ВІНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Аршанскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса, за 30 км на Пн ад г. Орша. Пл. 2 км², даўж. 5,1 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 9,6 м, даўж. берагавой лініі каля 14 км. Пл. вадазбору 26,9 км². Схілы катлавіны выш. 5—10 м, пад лугам ці разараныя, асобныя ўчасткі параслі лесам. Берагі выш. 0,3—0,4 м, пад хмызняком. Падводная ч. катлавіны ўскладняецца мелямі і ўпадзінамі. Востраў пл. 0,2 га. Прыбярэжную зону да глыб. 3 м высцілаюць пяскі, глыбакаводную — сапрапелі і глеі. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 25 м. У возера ўпадаюць 9 ручаёў і каналаў, на Пн выцякае р. Серакаратнянка. Уваходзіць у зону адпачынку Дзевінскае.

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зеха, за 13 км на ПнЗ ад г. Лепель. Пл. 0,65 км², даўж. 2,6 км, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 28,4 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 9,2 км². Схілы катлавіны выш. 10—12 м, параслі лесам, на Пн і ПнЗ часткова разараныя. Берагі амаль усюды зліваюцца са схіламі, на Пд і ПдУ нізкія. Падводная ч. катлавіны стромка-ўвагнутай формы з рэзкім павелічэннем глыбінь у цэнтры. Паўн,зах. ч. возера мелкаводная. Дно да глыб. 8 м выслана пясчанымі адкладамі, глыбей — сапрапелямі. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 50 м. На ПнУ з возера выцякае ручай у воз. Пышна.

т. 6, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)