КО́АНЕН Аліса Георгіеўна (17.10.1889, Масква — 20.8.1974),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1935). Жонка А.Я.Таірава. Скончыла школу Маскоўскага Маст. т-ра (вучаніца К.Станіслаўскага). З 1905 у трупе Таірава, з 1913 у маскоўскіх Свабодным, у 1914—49 Камерным т-рах. Атрымала вядомасць як трагедыйная актрыса. Сцэн. майстэрству ўласцівы інтэлектуальнасць, меладычная распрацоўка сцэн. мовы, пластычная выразнасць. Сярод роляў: Саламея («Саламея» О.​Уайльда), Федра («Федра» Ж.​Расіна), Адрыена Лекуўрор («Адрыена Лекуўрор» Э.​Скрыба), Камісар («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Эма Бавары («Мадам Бавары» паводле Г.​Флабера).

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЙНЕЎ Уладзімір Усеваладавіч (н. 1.4.1944, г. Краснаярск, Расія),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. Расіі (1984). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1967, класы Г. і С.​Нейгаўзаў), з 1987 выкладае ў ёй. З 1966 саліст Маскоўскай філармоніі. У рэпертуары значнае месца належыць творам сучасных рас. кампазітараў, фп. музыцы Ф.​Шапэна, С.​Пракоф’ева. 1-я прэмія на Міжнар. конкурсах піяністаў імя Віяны да Моты (Лісабон, 1964) і імя П.​Чайкоўскага (Масква, 1970), 2-я прэмія Міжнар. конкурсу піяністаў (г. Лідс, Вялікабрытанія, 1963). Дзярж. прэмія СССР 1986.

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАДУ́БСКІ Іван Аляксандравіч (н. 17.9.1947, в. Краўцы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1973, клас Л.Івашкова). З 1974 саліст Ансамбля песні і танца БВА, з 1982 — Бел. філармоніі. Валодае прыгожым яркім голасам шырокага дыяпазону, сцэн. абаяльнасцю. У канцэртным рэпертуары арыі з опер рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў, камерная лірыка сучасных кампазітараў, у т. л. беларускіх У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Дз.​Лукаса, І.​Лучанка, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 8, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗАЎКО́ВЫЯ (Ostraciontidae),

сямейства марскіх рыб атр. іглабрухападобных. 7 родаў, каля 20 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных мораў, найб. колькасць відаў у Аўстраліі і Інда-Малайскім архіпелагу.

Даўж. да 50 см. Галава і цела ўкрыты панцырам з нерухома з’яднаных касцявых пласцінак, кіляў (грабянёў) і шыпоў. Рухомыя плаўнікі на кароткай мясістай аснове. Хвост доўгі. Большасць відаў ярка афарбаваныя. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, водарасцямі, губкамі. Маюць у сабе таксіны, пасля спец. апрацоўкі ядомыя. Аб’екты промыслу.

Да арт. Кузаўковыя. Кузаўкі: 1 — чатырохрогі; 2 — бязрогі.

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬМАМЕ́ДАЎ Аман (31.12.1908, аул 1-ы Геок-Тэпе Геок-Тэпінскага р-на, Туркменістан — 1977),

туркменскі акцёр. Нар. арт. СССР (1949). Скончыў Туркм. драм. студыю (1929). Працаваў у Туркм. т-ры драмы імя Маланепеса ў Ашхабадзе (з 1963 гал. рэжысёр і дырэктар). Найб. значныя ролі: Кеймір-Кёр («Кеймір-Кёр» Б.​Аманава і К.​Бурунава), Махтумкулі («Махтумкулі» Б.​Кербабаева), Алан («Сям’я Алана» Г.​Мухтарава; Дзярж. прэмія СССР 1951), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Юсаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага) і інш.

т. 9, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРМА́КІН Анатоль Дзмітрыевіч (н. 21.1.1940, г. Ступіна Маскоўскай вобл.),

бел. музыкант, выканаўца на нар. інструментах. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Маскоўскае муз. вучылішча імя Кастр. рэвалюцыі (1958, клас домры). З 1958 артыст (кантрабас, гітара) і аранжыроўшчык Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.​І.​Жыновіча. Сярод яго аранжыровак: сюіта з балета «Мара» і «Мушкецёры» Я.​Глебава, «Карцінкі з выстаўкі» М.​Мусаргскага, «Румынская рапсодыя» Дж.​Энеску, сюіта з балета «Любоў—чараўніца» М. дэ Фалья, «Славянскія танцы» А.​Дворжака і інш.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗУРЫ́Т (ад лац. lazur нябесна-блакітны колер),

мінерал групы фельдшпатоідаў, складаны алюмасілікат кальцыю і натрыю, Na6[AlSiO4]Ca2[SO4]S. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Масіўныя, суцэльныя агрэгаты, рэдка крышталі (дадэкаэдры). Колер ад блакітнага да цёмна-сіняга і зеленавата-сіняга. Бляск шкляны да тлустага. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,4 г/см³. Утвараецца ў магнезіяльных і вапняковых скарнах. Сумесь Л. з кальцытам наз. ляпіс-лазурак. Каштоўны вырабны камень; прыродная сіняя фарба (ультрамарын). Радовішчы ў Расіі, Афганістане, Чылі і інш.

Лазурыт.
Да арт. Лазурыт. Ляпіс-лазурак.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЛІНА (сапр. Перавошчыкава) Марыя Пятроўна

(3.7.1866, Масква — 24.8.1943),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1933). Жонка К.С.Станіслаўскага. З 1898 працавала ў Маскоўскім Маст. т-ры. Мастацтву актрысы ўласцівы віртуознае сцэн. майстэрства і артыстычнасць. Сярод роляў: Маша, Соня, Наташа, Аня («Чайка», «Дзядзька Ваня», «Тры сястры», «Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Ліза Бенш («Мікаэль Крамер» Г.​Гаўптмана), Эліна («Каля царскай брамы» К.​Гамсуна), Лябядкіна («Мікалай Стаўрогін» паводле рамана «Д’яблы» Ф.​Дастаеўскага), Дар’я Іванаўна («Правінцыялка» І.​Тургенева), Карэніна («Жывы труп» Л.​Талстога).

Літ.:

М.​П.​Лилина: [Сб. материалов]. М., 1960.

т. 9, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАЦЕ́ЛЫ, ліставідкі (Phylliidae),

сямейства насякомых атр. палачнікаў, або зданневых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Азіі.

Даўж. да 12,5 см. У самак цела шырокае, сплошчанае. Афарбоўка і жылкаванне надкрылаў імітуюць лісце раслін, ногі лістападобна расшыраныя. Крылы рэдукаваныя, 1 пара. Перамяшчаюцца марудна або нерухома вісяць на галінах або чаранках лісця. Самцы не падобныя да лісця, з укарочанымі надкрыламі, рухавыя, добра лятаюць. Здольныя да аўтатаміі. Расліннаедныя. Адкладваюць яйцы.

А.​В.​Дзерункоў.

Да арт. Лістацелы. Ліставідка цэйлонская: 1 — самка; 2 — самец; 3 — лічынка.

т. 9, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНКЕ́ВІЧ Сяргей Аляксандравіч (н. 29 4.1934, Кішынёў),

малдаўскі скрыпач, дырыжор, кампазітар. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1957) і дырыжыравання (1958). З 1955 у сімф. аркестры Малд. філармоніі, з 1958 1-ы скрыпач, маст. кіраўнік і гал. дырыжор аркестра малд. нар. інструментаў «Флуераш». Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў, у т. л. «Туга цыгана», «Інверціта Ігната», «Ліпканская сырба», «Памяці В.​Хары», песень, музыкі да кінафільмаў, апрацовак малд. нар. песень. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Малдовы 1967.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)