КВАЗА́РЫ (англ. quasar, скарочанае ад quasistellar radiosource квазізоркавая крыніца радыёвыпрамянення),
касмічныя аб’екты вял. яркасці з магутным радыёвыпрамяненнем.
Назіраюцца на надзвычайна вял. адлегласцях (больш за 10 млрд.св. гадоў). Характэрныя прыкметы: малыя вуглавыя памеры; значнае перавышэнне ультрафіялетавага і інфрачырвонага выпрамянення ў параўнанні са звычайнымі зоркамі; пераменнасць патоку выпрамянення як у бачным, так і ў радыёдыяпазоне; шырокія эмісійныя спектральныя лініі; вял.чырвонае зрушэнне спектральных ліній. Пераменны бляск, які мяняецца з перыядам ад некалькіх сутак да некалькіх гадоў, сведчыць пра малыя памеры, а вял. магутнасць выпрамянення (у сярэднім 1040Вт) — пра вял. масу К. Зыходзячы з гэтага лічаць, што ў цэнтры К. знаходзіцца чорная дзіра, вакол якой з вял. скорасцю закручваецца газ. Самы яркі К. (ЗС 273) знаходзіцца на адлегласці 2 млрд.св. гадоў ад Зямлі.
Літ.:
Левитт И. За пределами известного мира: от белых карликов до квазаров: Пер. с англ.М., 1978;
Нарликар Дж. Неистовая Вселенная: Пер. с англ.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТАРЫЯ́Т сістэма органаў і службовых асоб, на якіх ускладзена засведчанне здзелак, афармленне спадчынных правоў і ажыццяўленне інш. дзеянняў, накіраваных на юрыд. замацаванне грамадз. правоў і папярэджанне іх магчымага парушэння. На Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам «Аб дзяржаўным натарыяце» ад 30.4.1974 Н. прызначаны ахоўваць законнасць і прадухіляць правапарушэнні ў галіне цывільна-прававых адносін. Натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць натарыусы, якія працуюць у дзярж. натарыяльных канторах або займаюцца прыватнай практыкай. У выпадку адсутнасці ў населеным пункце Н. натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць службовыя асобы органаў выканаўчай улады, упаўнаважаныя на выкананне такіх функцый. Натарыяльныя дзеянні ад імя Беларусі на тэр. іншых дзяржаў ажыццяўляюць консульскія ўстановы краіны за мяжой. Заканадаўства прадугледжвае права Н. і ўстаноў, якія яго замяняюць, і службовых асоб сведчыць натарыяльныя здзелкі, сапраўднасць подпісаў на дакументах і дакладнасць копій з іх, выдаваць пасведчанні аб праве на спадчыну, выконваць інш. дзеянні. За выкананне натарыяльных дзеянняў, як правіла, спаганяецца дзярж. пошліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІНСКІ РОЎ,
геалагічнае агаленне ў яры на левым беразе р. Дняпро, за 1 км на Пн ад г. Шклоў Магілёўскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991). Лінза арганагенных і гумусаваных адкладаў шклоўскага міжледавікоўя падсцілаецца марэнай і лімнагляцыяльнымі адкладамі дняпроўскага зледзянення і перакрываецца лімнагляцыяльнымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі ўтварэннямі сожскага зледзянення. Даўж. яра каля 700 м, глыб. ў вусці 30 м. Магутнасць міжледавіковых адкладаў (торф, гіція, суглінак і супесак) да 13 м, даўж. каля 100 м. Міжледавіковыя адклады багатыя выкапнёвымі рэшткамі — пылок і споры 220 відаў раслін, плады і насенне 195 відаў і форм раслін, астракоды 16 відаў, насякомыя 109 відаў. У азёрна-балотнай тоўшчы міжледавіковых адкладаў адлюстраваны працяглы геал. летапіс канца дняпроўскага зледзянення, усяго шклоўскага міжледавікоўя і пачатку сожскага зледзянення. Знаходка каля вусця яра за 60 м ад міжледавіковай лінзы гляцыякупала сведчыць аб парушэннях парод карэннага берага р. Дняпро ў час актыўнай дзейнасці дняпроўскага ледавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРА БАГА́ЦТВА ДЫ БЕ́ДНАСЦЬ»,
перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з укр. брашуры С.А.Падалінскага (1875, 2-е выд. 1876), выдадзены ў Жэневе ў 1881 з дапамогай М.П.Драгаманава, які напісаў да бел. выдання прадмову. У творы элементы маст. прозы спалучаны з агітацыйна-прапагандысцкім зместам, выкладаецца марксісцкае вучэнне пра крыніцы росту капіталу і дадатковую вартасць. Дасведчаны рабочы-чыгуначнік Кастусь тлумачыць сваім сябрам, што для паляпшэння жыцця трэба зямлю, фабрыкі і заводы зрабіць грамадскай уласнасцю, ліквідаваць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Пераклад дапасаваны да бел. умоў і нар. побыту, значна ўзмоцнены маст. элемент (пейзажныя замалёўкі, партрэты дзейных асоб больш яркія і вобразныя). У творы жывая лексіка, шмат нар. зваротаў і трапных вобразаў, удала перададзены фанетычныя асаблівасці бел. мовы, што сведчыць пра дасканалае валоданне роднай мовай перакладчыкам.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДВЫЗНАЧЭ́ННЕ,
рэлігійнае вучэнне, паводле якога ўсё у свеце прадвызначана воляй Бога. Ідэя П. ўзнікла ў часы язычніцтва ў форме фаталізму, падпарадкавання чалавека лёсу, касм. неабходнасці. Хрысціянства выступіла з вучэннем пра ласку Божую, якая зыходзіць на абраных. Зыходзячы са спасылкі на недасканаласць і грахоўнасць прыроды чалавека, прыхільнікі Пелагія сцвярджалі магчымасць самаст. выратавання душы праз добрыя справы і заступніцтва царквы. Гэтыя падыходы ў трактоўцы П. ляглі ў аснову правасл. і каталіцкай дактрын выратавання. Ідэі Аўгусціна развіў пратэстантызм у вучэннях М.Лютэра і англіканства. Кальвіністы лічаць, што чалавечы лёс знаходзіцца ў абсалютнай залежнасці ад Бога, які выбірае ці адвяргае чалавека яшчэ да яго нараджэння. Некаторыя пратэстанты дапускаюць, што сац.-эканам. актыўнасць асобы і высокі ўзровень дабрабыту можа сведчыць аб магчымай абранасці. Вучэнне П. лягло ў аснову некаторых канцэпцый тэалогіі, гісторыі ў якасці абгрунтавання ідэі богаабранасці (яўр. народу, Расіі, ЗША і інш.). Дактрына П. выразна выяўляецца ў іудаізме, ісламе і інш. рэлігіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАД ЗЛАЧЫ́НСТВА,
сукупнасць прадугледжаных крымінальным правам прыкмет, якія характарызуюць учыненае дзеянне як канкрэтны від злачынства; неабходная ўмова крымін. адказнасці. С.з. ствараюць 4 групы прыкмет, што адносяцца да аб’екта злачынства, аб’ектыўнага боку, суб’екта злачынства і суб’ектыўнага боку. С.з. вызначаны ў дыспазіцыях артыкулаў Асаблівай часткі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Агульныя для ўсіх С.з. прыкметы і палажэнні вызначаны таксама ў Агульнай частцы гэтага кодэкса. Аб’ект злачынства — на што накіравана пасяганне — вызначаецца месцам пэўнага артыкула ў сістэме Асаблівай часткі КК. Прыкметы суб’екта злачынства — узрост, з якога настае крымін. адказнасць, наяўнасць свядомасці — прадугледжаны ў артыкулах Агульнай часткі КК, спец. прыкметы суб’екта (службовая асоба, ваеннаслужачы і інш.) — у дыспазіцыі артыкула Асаблівай часткі КК. Прыкметы аб’ектыўнага боку злачынства — само дзеянне (бяздзеянне) і яго вынікі; суб’ектыўнага боку злачынства — форма віны, мэта, матыў — пазначаны ў дыспазіцыі артыкула, які прадугледжвае злачынства. Адсутнасць хоць бы адной з названых прыкмет сведчыць пра адсутнасць у дзеяннях пэўнай асобы С.з. і выключае крымін. адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРА́СЫ,
ступенепадобныя формы рэльефу з гарызантальнымі або слаба нахіленымі выраўнаванымі пляцоўкамі на схілах рачных далін, берагах азёр і мораў, абмежаваныя ўступамі зверху і знізу. Утвараюцца пад уздзеяннем праточнай вады (рачныя Т.), хваль вадаёмаў (азёрныя і марскія Т), ва ўмовах тэктанічнага падняцця пэўнай тэр., змены клімату, базісу эрозіі, эўстатычных ваганняў узроўню басейна. Паводле геал. будовы рачныя Т. падзяляюцца на акумулятыўныя (складзены з алювію), эразійныя, або структурныя (з карэнных парод, алювій захаваўся лакальна), эразійна-акумулятыўныя, або цокальныя (ніжняя ч. складзена з карэнных парод, верхняя — з алювію). Часта рачныя Т. размешчаны ў некалькі ярусаў, адна над адной, што сведчыць аб некалькіх цыклах размыву і акумуляцыі. Самай нізкай і маладой Т. з’яўляецца пойма (поймавая Т.), над ёй узвышаюцца надпоймавыя Т. Марскія і азёрныя Т. ўтвараюцца ў выніку абразіі (абразійныя Т.) і намнажэння марскіх і азёрных адкладаў (акумулятыўныя Т.). Часам Т. наз. формы рэльефу інш. паходжання, напр., дэнудацыйныя, апоўзневыя, саліфлюкцыйныя, штучныя (гл.Тэрасаванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пратако́л
(с.-лац. protocollum, ад гр. protokollon)
1) дакумент, дзе запісваецца ўсё, што гаварылася і вырашалася на сходзе, пасяджэнні;
2) дакумент, які сведчыць аб якім-н. факце, выпадку, здарэнні;
3) акт міжнароднага пагаднення.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Бу́рнас. Гл. бурно́с. Можна меркаваць, што націск у слове бу́рнассведчыць аб паходжанні ўласна гэтай формы слова з польскай мовы (параўн. польск.burnos, burnus). Аб гэтым сведчыць і геаграфія слова бу́рнас (зах., Сцяшк. МГ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
zéugenIvi
1) дава́ць паказа́нні, све́дчыць (von D – пра што-н.);
für [gégen] j-n ~ выступа́ць све́дкай на кары́сць [супро́ць] каго́-н.
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)