КУІ́НДЖЫ Архіп Іванавіч (студзень 1841, г. Марыупаль, Украіна — 24.7.1910),
расійскі жывапісец-пейзажыст. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (з 1893). Жывапісу вучыўся самастойна і ў Пецярбургскай АМ (1868). Чл.Т-ва перасоўных маст. выставак 1875—79 (гл.Перасоўнікі). Ініцыятар стварэння Т-ва мастакоў (1909, пазней Т-ва імя Куінджы). Выкладаў у Пецярбургскай АМ (праф. з 1892, з 1894 праф.-кіраўнік пейзажнай майстэрні, сярод вучняў А.Рылоў, М.Рэрых і інш.), адкуль у 1897 звольнены за падтрымку студэнцкіх патрабаванняў. У ранні перыяд зазнаў уплыў І.Айвазоўскага. У сярэдзіне 1870-х г. стварыў шэраг карцін, у якіх пейзажны матыў разлічаны на канкрэтныя сац. асацыяцыі, што адпавядала канцэпцыі перасоўнікаў («Забытая вёска», «Чумацкі тракт»). У творах сталага перыяду імкнуўся да перадачы найб. выразных па асвятленні станаў прыроды. З дапамогай кампазіцыйных прыёмаў, якія дазвалялі стварыць панарамныя віды (высокі гарызонт і інш.), светлавых эфектаў і інтэнсіўных колераў, зведзеных да некалькіх гал. тонаў, дамагаўся амаль поўнай ілюзіі натуральнага асвятлення: «Украінская ноч» (1876), «Бярозавы гай», «Пасля навальніцы» (абедзве 1879), «Ноч на Дняпры» (1880), «Дняпро раніцай» (1881) і інш. Работам позняга перыяду ўласцівы дэкаратыўнасць і знешняя эфектнасць колеравага ладу («Бярозавы гай», 1901, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ Мікалай Аляксандравіч (15.3. 1751, с. Нікольскае Цвярской вобл., Расія — 2 ці 3.1.1804),
рускі архітэктар і тэарэтык архітэктуры, графік, паэт, музыкант, вынаходнік; прадстаўнік архітэктуры класіцызму; адзін з заснавальнікаў пейзажнага стылю ў рус. садова-паркавым мастацтве. Чл.Рас. акадэміі (з 1783) і ганаровы чл. Пецярбургскай АМ (з 1786). Архітэктуру вывучаў самастойна. У арх. творчасці пераважалі кампактныя цэнтрычныя купальныя будынкі з лаканічным дэкар. афармленнем: Неўскія вароты Петрапаўлаўскай крэпасці (1784—87) і паштамт (1782—89) у Пецярбургу, Барысаглебскі сабор (1785—96) у г. Таржок, сядзібныя комплексы ў Маскоўскай, Цвярской і Наўгародскай абласцях, землябітны Прыярацкі палац (1798—99) у г. Гатчына Ленінградскай вобл. і інш. На Беларусі стварыў Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, серыю акварэляў з відамі Магілёва (канец 18 ст.) і інш. Распрацоўваў вогнетрывалыя буд. матэрыялы, у т. л. «каменны кардон». Аўтар іл. да «Метамарфозаў» Авідзія, твораў Г.Дзяржавіна (да 1755), лібрэта камічнай оперы «Ямшчыкі на падставе» (паст. 1787). Склаў нотны «Збор рускіх народных песень з іх галасамі. На музыку паклаў Іван Прач» (т. 1—2, 1790, у сааўт.). Выдаў адзін з першых перакладаў ісландскай сагі «Песня нарвежскага віцязя Гаральда Храбрага» (1793). Перакладаў творы Анакрэонта, Ф.Петраркі, Сафо, кн. па архітэктуры А.Паладыо і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДАГАСКА́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ Займае востраў Мадагаскар і шэраг архіпелагаў і астравоў Індыйскага акіяна: Каморскія, Маскарэнскія, Сейшэльскія і інш. Уваходзіць у царства Палеагею (гл.Царствы біягеаграфічныя).
У флоры больш за 8,5 тыс. відаў раслін. Найб. пашыраны архідныя (больш за 900 відаў), бамбукі, пальмы. Шмат эндэмікаў з кветкавых раслін (эндэмічных 6—9 сямействаў). Тыповыя віды-эндэмікі — «дрэва падарожнікаў», сейшэльская пальма. Фауна з ранняга неагену развівалася самастойна ад інш. біягеаграфічных абласцей, найб. звязана з фаунай Афрыкі, але некат. віды сведчаць пра стараж. сувязі з Паўд. Азіяй і Амерыкай. 4 атрады нелятаючых млекакормячых, усе віды якіх эндэмічныя: віверавыя, прыматы (лемуравыя, індры, ай-ай), тэнрэкі, хамякі мадагаскарскія. Астатнія млекакормячыя — перасяленцы з Афрыкі (кажаны, кісцявухія свінні, пацукі, мышы). З птушак 50% відаў — эндэмікі (вангавыя, курапаткі пастушковыя, філяпітавыя). З паўзуноў геконы, кракадзілы (нільскі), хамелеоны, чарапахі (сухапутныя і бакашыйныя). Усе земнаводныя адносяцца да жаб (каля 150 відаў, большасць эндэмічныя). З рыб трапляецца некалькі солетрывалых відаў (хромісы, карпазубыя і інш.). З беспазваночных большасць відаў паходзіць з Афрыкі, эндэмікаў мала (некат. скарпіёны і інш.).
Да арт.Мадагаскарская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — лемур мышыны; 2 — лемур вары; 3 — ай-ай; 4 — голуб маўрыкійскі; 5 — пустальга маўрыкійская; 6 — пастушок мадагаскарскі; 7 — ілжэнектарніца драбнадзюбая; 8 — удаў драўляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙМАН (Maimon) Саламон [сапр.Хейман (Heiman); 1753 або 1754, мяст. Мір, цяпер г.п. Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 22.11.1800], філосаф-асветнік. Вучыўся ў Івянецкай талмудычнай школе. З 1777 у Германіі, дзе самастойна вывучаў філасофію, медыцыну, фізіку, матэматыку. У 1784 скончыў гімназію ў Алтане. Пасля знаёмства ў Берліне з ням. філосафам М.Мендэльсанам пераклаў яго філас. працу «Ранішнія часы», напісаў «Дапаможнік да прыродазнаўства і пачаткаў Ньютана». У «Аўтабіяграфіі» (1791) адлюстраваў гаротнае і бяспраўнае становішча сялян-беларусаў, сваіх землякоў-яўрэяў, жорсткасць і пагардлівыя адносіны да людзей з боку магнатаў і князёў. Быў прыхільнікам філасофіі яўр. тэолага Майманіда (таму і змяніў сваё прозвішча). У працы «Спроба трансцэндэнтальнай філасофіі» (1790) паказаў немагчымасць існавання незалежнай ад свядомасці кантаўскай «рэчы ў сабе». Лічыў, што існуе толькі адзіны свет — свет свядомасці і, як дадзенае, ён не можа быць растлумачаны («Аб прагрэсе філасофіі», 1793). У сваёй гнасеалогіі вылучаў 3 віды пазнання: апастэрыёрнае, апрыёрнае і чыста апрыёрнае (філасофія). Даследаваў тэарэт. праблемы логікі, этыкі, эстэтыкі, выступаў за рэфармаванне існуючай сістэмы ўлады на прынцыпах гуманізму, свабоды і справядлівасці («Гісторыя жыцця», 1792; «Катэгорыі Арыстоцеля», 1794, і інш.).
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
Беленький М.С. Иудаизм. 2 изд. М., 1974;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАНІ́НІ (Paganini) Нікало (27.10.1782, г. Генуя, Італія —27.5.1840),
італьянскі скрыпач, гітарыст, кампазітар. Вучыўся пераважна самастойна, напачатку — у бацькі. З 11-гадовага ўзросту выступаў у Італіі, з 1828 у інш. краінах Еўропы, хутка заваяваў сусв. вядомасць. Мастак-наватар, прадстаўнік муз. рамантызму, фенаменальны віртуоз, П. зрабіў карэнны пераварот у культуры і тэхніцы скрыпічнага выканальніцтва, узбагаціў і расшырыў магчымасці скрыпкі, увёў у свае скрыпічныя п’есы новыя каларыстычныя і тэхн. эфекты (выкарыстоўваў тэхніку двайных нот, ігру на адной струне, pizzicato, флажалеты). Некаторыя яго творы з-за іх складанасці доўгі час лічыліся не прыдатнымі для выканання. Творчасць П. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё інстр. музыкі. Сярод твораў: 6 канцэртаў (1815—30), «Вечны рух» для скрыпкі з арк.; 24 капрысы для скрыпкі сола (1807, выд. 1820), цыклы варыяцый, санаты для скрыпкі і гітары, камерна-інстр. ансамблі, каля 200 п’ес для гітары, вак. творы і інш. Своеасаблівае дэманічнае аблічча П., вулканічны тэмперамент, некат. эпізоды біяграфіі спарадзілі вакол яго імя фантаст. легенды. З 1954 у Генуі штогод праводзіцца Міжнар. конкурс скрыпачоў імя П.
Літ.:
Ямпольский И.М. Н.Паганини: Жизнь и творчество 2 изд. М., 1968;
Тибальди-Кьеза М. Паганини: Пер. с итал. М., 1986;
Григорьев В.Ю. Н.Паганини: Жизнь и творчество. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУ́ДЫЯ (італьян. studio ад лац. studeo старанна працую, займаюся),
1) майстэрня жывапісца, скульптара, фатографа і інш. 2) У тэатры — творчы калектыў, які спалучае навуч., эксперым. і вытв. (паказ спектакляў) задачы. Ствараліся пры буйных тэатр. калектывах і развівалі іх творчыя прынцыпы, або арганізоўваліся самастойна і займаліся пошукамі новых сродкаў сцэн. выразнасці. Асабліва пашыраны ў 1920—30-я г., С. пад кіраўніцтвам Я.Вахтангава, Ю.Завадскага, Р.Сіманава, А.Дзікага, М.Хмялёва ў Маскве, С.Радлава ў Ленінградзе і інш. С. часта служылі асновай і базай для стварэння новых т-раў, падрыхтоўкі акцёрскіх кадраў: С. пры Маскоўскім Маст.акад. т-ры, Беларуская драматычная студыя ў Маскве (1921—26), Беларуская студыя оперы і балета (1930—33), Беларуская студыя пры Цэнтральным тэатральным вучылішчы ў Ленінградзе (1933—37), Студыі Беларускага тэатра імя Якуба Коласа (1928—64), Студыі Беларускага тэатра імя Янкі Купалы (1932—69). У Мінску працуюць Оперная студыя Беларускай акадэміі музыкі, Тэатр-студыя кінаакцёра.
3) Школа прасцейшага тыпу (муз., тэатр., оперная, балетная). Існуюць пры палацах і дамах культуры, клубах і інш. 4) Радыёстудыя, тэлевізійная С. — творчы калектыў для стварэння радыё- і тэлеперадач; абсталяванае спец. апаратурай памяшканне для радыёвяшчання і тэлеперадач (гл. таксама Студыі тэлебачання абласныя).
С. ёсць у кіно (гл.Кінастудыя), цыркавым мастацтве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧО́Ў Пётр Мікітавіч (11.7.1844, с. Сіўцова Пскоўскай вобл., Расія — 4.1.1886),
дзеяч рас.рэв. руху, ідэолаг «змоўніцкай», або «якабінскай», плыні ў народніцтве, публіцыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1868). З 1865 супрацоўнічаў з час. «Русское слово» і «Дело». За арганізацыю студэнцкіх хваляванняў у Пецярбургу у 1869 асуджаны на непрацяглае турэмнае зняволенне, пасля адбыцця якога высланы на радзіму. У 1873 уцёк за мяжу, жыў у Швейцарыі і Францыі, супрацоўнічаў у час. «Вперед!», далучыўся да польска-рус. эмігранцкай групы «рускіх якабінцаў», выдаваў час. «Набат» (1875—81), у якім прапагандаваў свае ідэі. Быў адным з заснавальнікаў (1877) малаўплывовага ў Расіі «Таварыства народнага вызвалення». У 1882 цяжка захварэў, апошнія гады жыцця правёў у псіхіятрычнай лячэбніцы. Т. не верыў у здольнасць сялянства самастойна здзейсніць сац. рэвалюцыю, даказваў неабходнасць стварэння тайнай арг-цыі «рэв. меншасці» з мэтай захопу ўлады, усталявання рэв. дыктатуры і правядзення сац. пераўтварэнняў. У сваіх філас. поглядах абараняў матэрыялізм і адмаўляў ідэалізм, лічыў эканам. фактар важнейшым рычагом сац. развіцця. У літ. крытыцы выступаў паслядоўнікам М.Г.Чарнышэўскага, М.А.Дабралюбава, Дз.І.Пісарава.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1975—76.
Літ.:
Шахматов Б.М. П.Н.Ткачев: Этюды к творч. портрету. М., 1981;
Рудницкая Е.Л. Русский бланкизм: Петр Ткачев. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
прапрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.
1. Працаваць некаторы час. Пяцьдзесят год прапрацаваў бядак на фабрыцы, павялічваючы багацці яе ўладара.Пшыркоў.Больш дзесятка год прапрацавала.. [жанчына] на Калінаўшчыне і была добра знаёма і Камлюку і Струшню.М. Ткачоў.
2.што. Падрабязна вывучыць што‑н., усебакова азнаёміцца з чым‑н. Прапрацаваць творы класікаў марксізма-ленінізма. □ Часта, здаўшыся на просьбы студэнтаў, .. [Колас] адмяняў лекцыю і, узяўшы з аўдыторыі слова самастойна прапрацаваць чарговы раздзел з падручніка, чытаў новае апавяданне ці толькі што напісаны абразок з «Сымона-музыкі».Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
харчава́цца, ‑чуюся, ‑чуешся, ‑чуецца; незак.
1. Задавальняць патрэбу арганізма ў ежы; есці. Харчавацца малочнай ежай. □ Пакуль падрасла бульба, [Нямко] харчаваўся ягадамі і тым, што прыносілі яму з вёскі, а потым пачаў капаць скараспелку.Кулакоўскі.// Карміцца, жывіцца (пра жывёл). Харчуецца андатра галоўным чынам расліннай ежай, у меншай ступені — жывёльнай.«Весці».
2. Сталавацца дзе‑н. Харчавацца ў сталовай. □ І Адам астаўся адзін. Цяпер ён харчаваўся разам з адзінокімі парабкамі ў агульнай харчэўні, і гэта атручвала яго жыццё.Чарнышэвіч.[Дзяўчына] жыла ў інтэрнаце, харчавалася самастойна.Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)