рэвалюцыя ў Францыі, у выніку якой скінута манархія Бурбонаў, пакончана з дваранска-клерыкальным рэжымам Рэстаўрацыі (1814—30) і ўстаноўлена Ліпеньская манархія — улада буйных капіталіст. уласнікаў (пераважна фінансістаў) у асобе караля Луі Філіпа. Падставай для рэвалюцыі стала спроба караля Карла X арданансамі ад 25 ліп. распусціць палату прадстаўнікоў, абмежаваць і без таго малую (90 тыс.) колькасць выбаршчыкаў і ўвесці жорсткую цэнзуру друку. Рухаючая сіла Л.р. — рабочыя, рамеснікі, прадпрымальнікі, студэнты, афіцэры. 27—29 ліп. пасля вулічных баёў рэвалюцыя перамагла ў Парыжы, а потым у правінцыі. 2.8.1830 Карл X адрокся ад прастола. Паводле новай канстытуцыі («Хартыі 1830») колькасць выбаршчыкаў павялічылася да 166 тыс., абмежавана ўлада караля, праведзены інш.рэформы. Л.р. не вырашыла задачы дэмакратызацыі франц. грамадства, што абумовіла непазбежнасць новай рэвалюцыі. Але яна пакончыла са спробамі аднаўлення ў Францыі феад.-абсалютысцкіх парадкаў, спрыяла развіццю рыначных адносін у краіне, нанесла ўдар сістэме Свяшчэннага саюза, дала штуршок Бельгійскай рэвалюцыі 1830.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ГО́ЛАС»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася Беларускай сялянска-работніцкай грамадой з 27.1 да 28.2.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Адлюстроўвала рэпрэсіі польскага ўрада супраць бел.нац.вызв. руху, выкрывала паклёп праўрадавай прэсы на яго арыштаваных прадстаўнікоў, дэпутатаў сейма, інфармавала пра дэманстрацыі ў іх абарону (у Косаве, расстраляную паліцыяй, а таксама ў Мінску) — арт. «Буржуазная маральнасць», «У чым вінавацяць нашых паслоў». Прапагандавала новую тактычную лінію вызв. барацьбы ў перыяд наступлення рэакцыі, устаноўку на актывізацыю культ.-асв. фронту. Крытыкавала пазіцыю ўрада па пытаннях зямельнай рэформы і асветы. Востра ставіла праблему правоў чалавека ў Польшчы і праявы фашызму ў краіне (арт. «Да вызвалення чалавека», «Ці ёсць фашызм у Польшчы?»). Інфармавала пра важнейшыя культ. падзеі ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчала творы М.Васілька, Т.Кляшторнага, С.Галыша, Т.Волі і інш. Выйшла 11 нумароў, з іх 5 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1357—58 (часам датуецца 1356—58),
паўстанне гараджан Парыжа з-за павелічэння падаткаў у час Стогадовай вайны 1337—1453. Незадаволенасць гараджан палітыкай урада асабліва ўзрасла ў выніку паражэння франц. войск каля Пуацье (1356). У лют.—сак. 1357 у Парыжы пачаліся хваляванні. Скліканыя ў 1357 Ген. штаты (апазіцыю ўрада ўзначаліў купецкі прэво Парыжа Э.Марсель) выпрацавалі т.зв. Вялікі сакавіцкі ардананс, які патрабаваў удзелу Ген. штатаў у кіраванні дзяржавай, рэгулярнага іх склікання (2 разы на год) для вырашэння найважнейшых спраў, у т. л. кантролю над збіраннем падаткаў, расходаваннем дзярж. сродкаў, дзейнасцю каралеўскага савета, арміі. Каб прымусіць дафіна Карла правесці рэформы, паўстанцы на чале з Марселем захапілі каралеўскі палац, забілі 2 саветнікаў Карла. Дафін уцёк з Парыжа, выдаў загад аб забароне пастаўляць у горад харчаванне. Для прарыву галоўнай блакады Парыжа Марсель выкарыстаў удзельнікаў Жакерыі. Аднак парыжане не аказалі ім дапамогі. Разгром Жакерыі паскорыў паражэнне П.п. У ліп. 1358 паўстанне задушана. Марсель забіты сваім прыхільнікам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНАЧЭ́Т УГА́РТЭ ((Pinochet Ugarte) Аўгуста) (н. 25.11.1915, г. Вальпараіса, Чылі),
ваенны і дзярж. дзеяч Чылі. Скончыў Ваен. акадэмію Чылі (1936). Генерал. У 1956—58 ваен. аташэ пры пасольстве Чылі ў ЗША. У 1959—64 нам.нач.Ваен. акадэміі Чылі. З 1968 нач. штаба, з 1969 камандзір дывізіі, з 1972 нач. штаба сухап. войск, са жн. 1973 каманд.сухап. войскамі Чылі. 11.9.1973 здзейсніў ваен. пераварот, у выніку якога скінуты ўрад «Народнага адзінства» і загінуў прэзідэнт С.Альендэ Госенс.
Узначаліў ваен. хунту (савет), у снеж. 1974 абвешчаны прэзідэнтам Чылі. Разам з жорсткімі паліт. рэпрэсіямі і масавымі грубымі парушэннямі правоў чалавека (у 1973—74 больш за 130 тыс.чал. арыштаваны, многія загінулі) праводзіў курс на эканам.рэформы, якія ператварылі эканоміку Чылі ў адну з найб. дынамічных у Лац. Амерыцы. У 1988 прайграў рэферэндум па працягванні сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, у 1989 прэзідэнцкія выбары. У 1990 вымушаны перадаць уладу цывільнаму прэзідэнту, захаваўшы да 1998 пасаду галоўнакаманд. ўзбр. сіламі. З 1998 пажыццёвы сенатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЗА (Міхаіл) (каля 1540 — паміж 18.6 і 15.8.1599),
праваслаўны, потым уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Са шляхецкага роду герба «Рагоза» Мінскага ваяв. Пасля прыняцця манаства архімандрыт манастыроў — Мінскага Ушэсця (з 1579), Слуцкага Траецкага (з 1582), Морацкага. З 1589 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Праводзіў рэформыправасл. царквы з мэтай павысіць аўтарытэт і адукацыю духавенства і паменшыць умяшанне свецкіх улад у царк. справы. Пры ім забаронена свецкім асобам кіраваць манастырамі, усталявана новая працэдура прызначэння епіскапаў і мітрапаліта (з 1590 кароль зацвярджаў адну з 4 кандыдатур, вылучаных на штогадовым саборы духавенства з удзелам шляхты і брацтваў). Сабор 1594 падпарадкаваў брацтвы царк. іерархам, што ўзмацніла супярэчнасці паміж імі. З 1594 далучыўся да падрыхтоўкі злучэння правасл. царквы з рымска-каталіцкай. Пад яго старшынствам царк. сабор у Брэсце абвясціў Брэсцкую унію 1596 і зацвердзіў яе ўмовы, за што правасл. сабор 1596 пазбавіў яго сана. Ва уніяцкай царкве Р. захаваў тытул мітрапаліта. У пашырэнні уніі карыстаўся падтрымкай каралеўскай улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДА,
1) у Стараж. Русі і іншых слав. краінах — начальнік княжацкай дружыны або кіраўнік народнага апалчэння. Згадваецца ў рус. летапісах з 10 ст. У канцы 15—17 ст. кожны з 5 асн. палкоў рус. войска меў аднаго ці некалькі ваявод. Вайсковая пасада ваяводы ліквідавана Пятром I на пач. 18 ст. 2) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай — службовая асоба, кіраўнік мясц. адміністрацыі ў ваяводстве. Засядаў у радзе ВКЛ, а пасля Люблінскай уніі 1569 і ў сенаце Рэчы Паспалітай.
3) У Расійскай дзяржаве з сярэдзіны 16 ст. гарадавы ваявода — кіраўнік вайск. і цывільнай адміністрацыі ў горадзе і адпаведным павеце. Пасля рэформы Пятра I у 1719 ваявода — кіраўнік правінцыі. У 1775 правінцыі былі скасаваны, а разам з імі пасады ваявод захаваліся толькі ў Магілёўскай і Пскоўскай губ. 4) У Польшчы, у т. л. і ў Зах. Беларусі, у 1920—39 — кіраўнік адміністрацыі ваяводства, адначасова кіраўнік выканаўчага органа ваяводскага тэр. самакіравання. У 1944 пасада ваяводы адноўлена і існавала ў Польшчы да 1950, адноўлена ў 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКО́ЎСКІ (Віктар Іванавіч) (18.1.1900, Мінск — 26.12.1982),
рускі мовазнавец. Акад.АНСССР (1972, чл.-кар. з 1958), д-рфілал.н. (1950), праф. (1930).Замежны чл. Германскай АН у Берліне (1969), чл.-кар. Акадэміі навук і л-ры ў Майнцы (ФРГ, 1969). Скончыў Петраградскі ун-т (1923). У 1930—50 у Магілёўскім, Наўгародскім, Яраслаўскім і інш.пед. ін-тах, Львоўскім ун-це. З 1950 у Ін-це мовазнаўства АНСССР (у 1954—60 дырэктар), з 1960 у Ін-це рус. мовы АНСССР. Даследаваў стараж.-рус. пісьменства, гіст. граматыку, параўнальна-гіст. сінтаксіс і дыялекталогію ўсх.-слав. моў. Аўтар прац аб мове Суздальскага летапісу. За даследаванне і публікацыю наўгародскіх берасцяных грамат Дзярж. прэмія СССР 1970. У 1930-я г. выступаў па пытаннях рэформыбел. правапісу. Аўтар манаграфіі «Сінтаксіс казак: Руска-беларускія паралелі» (1981), навук.-біягр. артыкула пра акад. Я.Ф.Карскага, рэдактар яго твораў «Беларусы» (вып. 1—3, 2-е выд., 1955—56) і «Працы па беларускай і іншых славянскіх мовах» (1962).
Літ.:
Список печатных трудов В.Н.Борковского // Проблемы истории и диалектологии славянских языков. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ПАВЕТ,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі, Літ.-Бел. ССР, Польшчы ў 15—20 ст. Утвораны ў складзе ВКЛ пасля Крэўскай уніі 1385, уваходзіў у Віленскае ваяводства. Павятовы цэнтр — г. Вільня. Тэр. павета ўдакладнена ў ходзе адм.-тэр.рэформы 1565—66 і замацавана Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) павет адышоў да Рас. імперыі, з 14.12.1795 у Віленскай, з 12.7.1797 у Літоўскай, з 9.9.1801 зноў у Віленскай губ.Пл. павета 5434 кв. вярсты, нас. (без гарадоў) 355 855 чал. (1897). Жылі беларусы, літоўцы, яўрэі, палякі, рускія. У складзе павета было 19 валасцей, г. Нова-Вілейск, 32 мястэчкі, 3059 паселішчаў сельскага тыпу. У 1-ю сусв. вайну павет у жн. 1915 акупіраваны герм. войскамі. Са студз. 1919 у Літ. ССР, з лют. 1919 у Літ.-Бел. ССР, з крас. 1919 у Польшчы. У ліп. 1920 заняты Чырв. Арміяй. Паводле дагавора паміж РСФСР і Літвой ад 12.7.1920 разам з інш. землямі перададзены Літве. 9.10.1920 акупіраваны польскімі войскамі ген. Л.Жалігоўскага. Пастановай СМ Польшчы ад 6.4.1922 Віленскі павет уключаны ў склад Віленскага ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР III (10.3.1845 — 1.11.1894),
расійскі імператар [1881—94]. З дынастыі Раманавых. Сын Аляксандра II. Наследнікам прастола стаў пасля смерці (1865) старэйшага брата. Прыхільнік інтарэсаў найб. кансерватыўных колаў дваранства і буйных землеўладальнікаў, непахіснай самадзяржаўнай улады (29.4.1881 прыняты адпаведны маніфест). У 1883 у гонар сваёй каранацыі амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863—64. Прымаючы пад увагу тэндэнцыі капіталіст. развіцця краіны, правёў у 1880-я г.рэформы: панізіў выкупныя плацяжы б. прыгонных сялян (1881), часоваабавязаных сялян перавёў на абавязковы выкуп (1883), у еўрап.ч. Расіі адмяніў падушны падатак (1887). З канца 1880-х г. пачаўся перыяд адкрытай рэакцыі і т.зв. контррэформаў: уведзены ін-т земскіх начальнікаў (1889, на Беларусі з 1900), перагледжаны земскія і гарадавыя палажэнні, ліквідавана універсітэцкая аўтаномія, узмацніліся нац. прыгнёт нярускіх народаў, уціск нац. культур, русіфікацыя; па Украіне і Беларусі пракацілася хваля яўр. пагромаў. Знешняя палітыка вызначалася міралюбівасцю. У перыяд яго царавання ў асноўным завершана далучэнне да Рас. імперыі Сярэдняй Азіі (1885), заключаны франка-рус. саюз (1891—93), адносіны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пагоршыліся.
Літ.:
Твардовская В.А. Александр III // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́Й МІХА́ЙЛАВІЧ (19.3.1629—29.1.1676),
рускі цар [1645—76]. З дынастыі Раманавых. Сын Міхаіла Фёдаравіча. Выхоўваўся баярынам Б.І.Марозавым, які з 1645 фактычна правіў у Маскве. Аляксей Міхайлавіч пачаў правіць краінай з 1648, калі паабяцаў маскоўскім паўстанцам адхіліць Марозава ад спраў. Удзельнічаў у складанні і зацвярджэнні Саборнага ўлажэння 1649. Для ўзмацнення цэнтралізацыі кіравання дзяржавай у 1654 стварыў «Прыказ тайных спраў». Правёў пасадскую (1649—52), царкоўную (гл.Раскол), мытныя (гл.Гандлёвы статут 1653, Новагандлёвы статут 1667), грашовую (1654—63) і інш.рэформы, рэарганізаваў узбр. сілы, прыцягваў на службу іншаземцаў. Пры ім адбыліся паўстанні гараджан у Ноўгарадзе і Пскове (1650), Салавецкае паўстанне 1668—76, Сялянская вайна 1670—71. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на чале адной з армій заняў у 1654—56 каля 200 бел. гарадоў, мястэчак, замкаў, у т. л. Вільню, пасля чаго стаў тытулаваць сябе «ўсяе Вялікія, Малыя і Белыя Русі самадзержцам»; раздаваў бел. землі рас. дваранам і баярам, прымусова перасяляў жыхароў Беларусі (асабліва рамеснікаў) у Расію. Вёў таксама вайну Расіі са Швецыяй 1656—58 і інш. Аўтар няскончаных мемуараў пра вайну 1654—67.