СТРАЛА́,

кідальны снарад для стральбы з лука, арбалета, самастрэла, духавога ружжа і некат. відаў кідальных машын. Найб. распаўсюджаная С. для лука складалася з дрэўка даўж. да 120 см (з прамаслойнага дрэва ці трыснягу), наканечніка (з крэменю, косці, бронзы, жалеза), апярэння (з пер’я птушак, лісця дрэў і інш.), вушка (прылада для ўпору на цеціву, з косці ці рогу)’.

На тэр. Беларусі лук і С. вядомы з неаліту, пашыраны ўсх.-еўрап. тронкавыя С. з утулкавымі наканечнікамі. У 4—3 ст. да н.э. на Пд Беларусі ў выніку кантактаў са скіфамі з’явіліся бронзавыя наканечнікі С. з трыма і дзвюма лопасцямі. Да сярэдзіны 1-га тыс. н.э. трохлопасцевыя жалезныя наканечнікі вядомы на З Беларусі і ў Літве. У 10—11 ст. з пашырэннем кальчуг і інш. метал. даспехаў яны выйшлі з ужытку. З жал. веку да канца 18 ст. (да выцяснення агнястрэльнай зброяй) у ваен. практыцы і для палявання выкарыстоўвалі С. з пляскатым наканечнікам. Гранёныя наканечнікі С. вядомы з канца 1-га тыс. н.э.

У наш час С. выкарыстоўваюцца для спарт. стральбы з лука.

Г.​М.​Сагановіч, У.​П.​Ксяндзоў.

Да арт. Страла: 1 — крамянёвы наканечнік стралы з гарадзішча Мыслі Капыльскага раёна (1—4 ст.); 2 — жалезныя наканечнікі стрэл з селішча Струга Столінскага раёна (7—9 ст.); 3 — страла з Паўночнай Індыі з чатырохлопасцевым апярэннем і доўгім шасцігранным наканечнікам для прабівання кальчугі; 4 — японская страла з вілападобным стальным наканечнікам; 5 — рытуальная страла індзейцаў племя сіу.

т. 15, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛАВЭР (Delaware),

штат на У ЗША, на ўзбярэжжы аднайменнага заліва Атлантычнага ак. Пл. 5,3 тыс. км². Нас. 700,3 тыс. чал. (1993), гарадскога 76,9%. Адм. ц. — г. Довер. Буйнейшы горад, прамысл. цэнтр і порт — Уілмінгтан. Паўн. ч. штата ўваходзіць у прыгарадную зону г. Філадэльфія. Штат займае ч. прыбярэжнай раўніны, найвышэйшы пункт 135 м. Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. каля 20 °C. Ападкаў за год каля 1100 мм. Лясоў мала. Вядучая галіна гаспадаркі — апрацоўчая прам-сць. Асн. галіны: хім. і нафтахім., нафтаперапр., гумавая, аўтамабіле-, судна- і прыладабудаванне, харч., тэкстыльная. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля прыгараднага тыпу. 3 тыс. с.-г. ферм. Гал. галіна — птушкагадоўля (вытв-сць бройлераў). Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу, свіней. Марское рыбалоўства. Пашыраны пасевы соі, кукурузы, бульбы, пшаніцы. Агародніцтва і садоўніцтва. Транспарт марскі, аўтамаб., чыгуначны. Важную ролю адыгрывае суднаходны канал, які злучае залівы Дэлавэр і Чэсапікскі.

Да адкрыцця ў 1609 еўрап. экспедыцыяй Г.​Гудзона тэр. Д. была заселена індзейскім племем дэлавараў. З 1631 тут пасяляліся галандцы, з 1638 — шведы, з 1664 — англічане. Д. быў ч. англ. калоніі Нью-Йорк, з 1682 — Пенсільваніі, у 1704 атрымаў абмежаваную аўтаномію. У 1776 у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 створаны штат Д. Адзін з 13 штатаў-заснавальнікаў ЗША, які ў 1787 першы ратыфікаваў федэральную канстытуцыю. У 1802 Э.​І.​Дзюпон дэ Немур заснаваў ва Уілмінгтане парахавы з-д, які ў 20 ст. ператварыўся ў сусветна вядомы хім. канцэрн «Дзюпон дэ Немур энд компані». Прымаў удзел у грамадз. вайне 1861—65 на баку Поўначы.

М.​С.​Вайтовіч (гаспадарка).

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІСЛА́Ў ЛЯШЧЫ́НСКІ (20 10 1677, г. Львоў, Украіна — 23.2.1766),

кароль польскі і вялікі князь ВКЛ [1704—09, 1733]. Паходзіў са стараж. польскага шляхецкага роду. З 1696 выбіраўся паслом на соймы, з 1699 ваявода пазнанскі. У 1703 узначаліў апазіцыю каралю Аўгусту II Моцнаму. У час Паўночнай вайны 1700—21 стаў прыхільнікам саюзу са Швецыяй і выступаў за абранне каралём Якуба Сабескага, сына Яна III Сабескага. Адзін з ініцыятараў стварэння Варшаўскай канфедэрацыі, якая 14.2.1704 абвясціла дэтранізацыю Аўгуста II і бескаралеўе. Паводле загаду шведскага караля Карла XII 12.7.1704 элекцыйны сойм абраў С.Л. на трон Рэчы Паспалітай. У С.Л. не было шматлікіх войск і прыхільнікаў. Толькі пасля паражэння Аўгуста II у Саксоніі ад войск Карла XII і яго адрачэння ад польскага трона ў 1706 С.Л. быў прызнаны каралём большасцю магнатаў у Польшчы, Літве і Беларусі. Аднак пасля Палтаўскай бітвы 1709 прыхільнікі пачалі пакідаць С.Л., пасля чаго ён эмігрыраваў у Эльзас. Пасля смерці Аўгуста II (1733) франц. дыпламатыя вылучыла С.Л. кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай. 12.9.1733 12 тысяч выбаршчыкаў абралі С.Л. каралём польскім і вял. князем літоўскім. Аднак Расія і Аўстрыя не пагадзіліся з гэтым. Праз Беларусь і Літву ў Варшаву прыйшла рас. армія ген.-фельдмаршала Б.​К.​Мініха. Пад аховаю рас. войск 5.10.1733 меншасць выбаршчыкаў абрала каралём Аўгуста III. Пачалася вайна за польскую спадчыну. У 1736 С.Л. быў вымушаны адмовіцца ад трона і зноў эмігрыраваў у Францыю. У выніку Венскага міру 1738 паміж Францыяй і Аўстрыяй, якім скончылася вайна, С.Л. атрымаў у пажыццёвае кіраванне герцагства Латарынгію і Бар пад кантролем Францыі.

А.​П.​Грыцкевіч.

Станіслаў Ляшчынскі.

т. 15, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РВЕНЬ,

горад, цэнтр Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл., на р. Чэрвенка (Ігуменка), каля аўтадарогі Мінск—Магілёў. За 62 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы. 10,8 тыс. ж. (2002). Прадпрыемствы харч., дрэваапр., лесанарыхтоўчай прамысловасці. Чэрвеньскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы: сав. воінаў, сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму. Свята-Мікольская царква, касцёл Узвіжання Святога Крыжа.

Вядомы з 1387 пад назвай Ігумен у складзе Мінскага пав. ВКЛ. У 1-й пал. 15 ст. мястэчка, уласнасць Кежгайлаў, з 1447 — віленскага біскупа, царк. мястэчка. У час войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай 1701—21 Ігумен разрабаваны і моцна разбураны. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 горад, цэнтр Ігуменскага павета (з 18.9.1923 Чэрвеньскага павета). 22.1.1796 горад атрымаў герб: на блакітным полі сярэбраны куст кветак і 5 залачоных пчол над ім. У вайну 1812 горад значна разбураны, у 1825 каля 900 ж., 263 дамы, 3 прадпрыемствы, 2 царквы, касцёл, 2 карчмы, 10 крам, рынак. Ў час паўстання 1863—64 тут дзейнічаў паўстанцкі атрад на чале з Б.Свентаржэцкім. У 1897 у Ігумене 4573 ж., у 1905—5121 ж., 664 жылыя дамы, вадзяны і паравы млыны, некалькі майстэрняў, 6 пач. школ, бальніца, аптэка і аптэчны магазін, штогод 6 кірмашоў. 18.9.1923 перайменаваны ў Ч. (ад назвы месяца). З 17.7.1924 цэнтр Чэрвеньскага р-на. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 7561 чал.; дзейнічалі падп. групы. Вызвалены 2.7.1944 воінамі 1-га і 2-га Бел. франтоў сумесна з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944.

Чэрвень. Плошча Свабоды.

т. 17, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ахіне́я ’бязглуздзіца, выдумка’, укр. ахінея, рус. ахинея. Звычайна лічыцца т. зв. семінарысцкім словам, узнікшым на базе спалучэнняў тыпу «афинейские плетения», «ахинейская премудрость» сумбурная, цяжкая для зразумення прамова’ ад грэч. ἀθηνατος ’афінскі’ (з Афін), гл. Фасмер, 1, 97; Рудніцкі, 1, 43; паводле Шанскага, 1, А, 180, беларускае і ўкраінскае словы з рус. ахинея. Згодна з Вінаградавым (РР, н. с., 3 (1928), 28–46), ад хинить ’лаяць, ганьбіць’, хинь ’бязглуздзіца, глупства’ з адлюстраваннем на пісьме акання, што сведчыць пра паўднёварускае паходжанне слова (аднак пры гэтым не ўлічваецца, што зыходныя словы вядомы пераважна на паўночнай тэрыторыі). Па семантыцы бліжэй да царкоўнаславянскага (серб.) хынити ’хлусіць’, серб.-харв. хи́нити ’прытварыцца, быць няшчырым, хлусіць’, якія фанетычна адпавядаюць польск. chynąć, бел. хі́нуць ’сагнуць’, параўн. прастамоўе загнуць, загібаць, ’выдумляць, гаварыць бязглуздзіцу’, а таксама мсцісл. пускаць хі́нню ’марнатравіць’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Індзейцы 1/103; 2/102, 103; 3/293; 4/571; 6/165; 7/429; 8/76, 100, 325, 343; 9/131, 465

- » - Паўночнай Амерыкі 9/544

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ЦЫНЫ,

расійскія ваен. і дзярж. дзеячы, князі з розных галін аднаго стараж. роду.

Паходзяць ад Гедзімінавічаў. Родапачынальнік — Міхаіл па мянушцы Галіца (п. у 1554), баярын, удзельнік паходаў на Ноўгарад, Смаленск, бітвы пад Оршай (1514), дзе трапіў у палон. Яго сын Юрый Міхайлавіч першы стаў пісацца князем Галіцыным. У 11—17 ст. Галіцыны служылі акольнічымі, стольнікамі, ваяводамі, намеснікамі, баярамі, начальнікамі прыказаў. У 17 ст. род Галіцыных разгалінаваўся, а ў 18—19 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў.

Найб. вядомыя: Васіль Васілевіч (1643—2.5.1714), вылучыўся пры цару Фёдару Аляксеевічу, баярын (з 1676), прыхільнік Міласлаўскіх, фаварыт правіцельніцы Соф’і Аляксееўны, пасля прыходу да ўлады ўрада Пятра I пазбаўлены баярства, усёй маёмасці, сасланы ў Архангельскі край; Барыс Аляксеевіч (1654—1714), дзярж. дзеяч, баярын (з 1690), дзядзька-выхавальнік Пятра I, у 1697—98 узначальваў урад; Дзмітрый Міхайлавіч (1665—25.4.1737), дзярж. дзеяч, дыпламат, сенатар (з 1718), чл. Вярх. тайнага савета (1726—30); Міхаіл Міхайлавіч (11.11.1675—21.12.1730), ген.-фельдмаршал (1725), дзярж. дзеяч, паплечнік Пятра I, удзельнік Паўночнай вайны 1700—21, з 1728 прэзідэнт Ваен. калегіі; Міхаіл Міхайлавіч (1681—5.6.1764), ген.-адмірал (1756), дзярж. дзеяч, дыпламат, астраханскі ген.-губернатар (з 1740), пасол у Іране (1745—48); Аляксандр Міхайлавіч, гл. Галіцын А.М.; Дзмітрый Аляксеевіч (26.5.1734—7.3.1803), аўтар кніг па прыродазнаўстве, філасофіі і паліт. эканоміі, ганаровы чл. Пецярбургскай і шэрагу замежных АН, пасол у Францыі і Нідэрландах (1762—98); Аляксандр Мікалаевіч (19.12.1773—4.12.1884), дзярж. дзеяч, міністр нар. асветы (1816—24); Мікалай Сяргеевіч (28.6.1809—15.7.1892), ваен. гісторык, ген. ад інфантэрыі (1880), удзельнік рус.-тур. вайны 1828—29 і задушэння паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і на Беларусі; Мікалай Дзмітрыевіч, гл. Галіцын М.​Дз.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЯ́НСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС.

Створаны ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. ў гонар 200-годдзя перамогі рас. войск над шведскім корпусам ген. А.​Левенгаўпта ў бітве пад Лясной 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21. Уключае манумент у гонар перамогі рус. войск (1906, скульпт. А.​Обер), мемар. капліцу (1912, арх. А.​Гаген) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках рас. воінаў. Кампазіцыйны цэнтр — цагляная капліца цэнтрычнай шмат’яруснай кампазіцыі з рысамі рамант. кірунку рус. мадэрна. Завершана 8-гранным шатром з невял. барабанам і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 40,9 м). Квадратнае ў плане (15 × 15 м) збудаванне. 1-ы ярус пастаўлены на п’едэстал (выш. 2,1 м) з вял. гранітных блокаў, мае 3-арачныя парталы з белага каменю і завершаны поясам несапраўдных машыкуляў, 2-і ярус — кубічны аб’ём, прарэзаны з 4 бакоў высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хваста. Сцены абліцаваны залацістай керамічнай пліткай, уваходы, перамычкі, паяскі і карнізы аздоблены пераважна белым пясчанікам. Капліцу ўпрыгожваюць мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе (на выш. больш за 10 м) і ў нішы паміж вокнамі 1-га яруса ўсх. фасада (на выш. 3 м). Будынак з’яўляецца прыкладам арган. сінтэзу архітэктуры і мастацтва. У капліцы размешчаны музей гісторыі бітвы пад Лясной. Манумент — дынамічная скульпт. кампазіцыя на пастаменце ў выглядзе скалы (граніт), на яе вяршыні павернутая на У выява арла (бронза), які рве кіпцюрамі шведскі сцяг з разламаным дрэўкам. На пастаменце дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў гіст. бітвы. У ансамбль уваходзіла таксама Пятроўская царква, пабудаваная ў 1708 (не захавалася).

В.​М.​Чарнатаў.

Ляснянскі мемарыяльны комплекс.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НШЫКАЎ Аляксандр Данілавіч (16.11.1673, Масква — 23.11.1729),

расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, фаварыт і паплечнік Пятра I. Граф (1704), святлейшы князь (1707), генералісімус (1727). З 1686 дзяншчык Пятра I. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96, Вялікага пасольства. У час Паўночнай вайны 1700—21 вызначыўся як военачальнік. З 1705 каманд. кавалерыяй рас. арміі ў Рэчы Паспалітай; кіраваў адыходам войск з Гродна ў Брэст (1706), атрымаў перамогу ў бітве каля г. Каліш (1706, Польшча), удзельнічаў у бітве пад Лясной 1708, Палтаўскай бітве 1709 і інш.; камендант крэпасці Нотэбург (1702, цяпер г. Петракрэпасць), губернатар Пецярбурга (1703), кіраваў буд-вам Пецярбурга і Кранштата, занятымі рас. войскамі прыбалтыйскімі землямі і Іжорскай зямлёй (1714). Кіраваў краінай у час ад’ездаў Пятра I. У 1718—24 і 1726—27 прэзідэнт Ваеннай калегіі. Пасля смерці Пятра I з дапамогай гвардыі ўзвёў на прастол Кацярыну I, фактычна кіраваў дзяржавай. Быў адным з найбагацейшых рас. памешчыкаў (валодаў 90 тыс. прыгонных, 6 гарадамі, маёнткамі ў Расіі, Украіне, Прусіі, Аўстрыі і інш. багаццямі. У Рэчы Паспалітай, напр., у 1709 дамогся ад польск. караля і вял. князя ВКЛ Аўгуста II перадачы яму ў трыманне Дзісенскага і Аршанскага старостваў, узяў у заклад у гетмана Р.​А.​Агінскага Язёрскае староства на Магілёўшчыне, якое паводле загаду Пятра I у 1710 вярнуў, у 1710 купіў мяст. Ула ў Полацкім ваяв., у 1711 узяў у заклад у Ю.​Сапегі Горы-Горацкае графства, у 1715 купіў мяст. Дуброўна, набыў інш. маёнткі ў Беларусі). Трапіў у няміласць пры Пятру II, пазбаўлены маёмасці і высланы з сям’ёй у крэпасць Бярозаў (цяпер Бярозава Цюменскай вобл.), дзе і памёр.

Літ.:

Павленко Н.И. А.​Д.​Меншиков. 3 изд. М., 1989.

А.Д.Меншыкаў.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛТА́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1709,

генеральная бітва паміж расійскімі і шведскімі войскамі 8.7.1709 каля г. Палтава (Украіна) у час Паўночнай вайны 1700—21. У канцы крас. 1709 войскі Карла XII (больш за 30 тыс. чал., 32 гарматы) асадзілі Палтаву, гарнізон якой (4,2 тыс. салдат, 2,5 тыс. узбр. гараджан, 29 гармат) 2 месяцы адбіваў іх штурмы. У канцы мая да Палтавы падышлі гал. сілы рас. арміі на чале з Пятром I (42 тыс. салдат, 72 гарматы), каля в. Якаўцы пабудавалі ўмацаваны лагер з рэдутамі. Уначы 8 ліп. шведы (20 тыс. чал.) пад камандаваннем фельдмаршала К.​Г.​Рэншыльда (Карл XII 28 чэрв. ў час рэкагнасцыроўкі быў паранены) пачалі наступаць; 10 тыс., у т. л. частка запарожскіх і ўкр. казакоў, засталіся пад Палтавай і ў рэзерве. Пасля сутычкі са шведамі рас. конніца адышла пад прыкрыццё сваёй пяхоты і артылерыі. Шведы, трапіўшы пад моцны агонь, вымушаны былі пачаць адступленне, якое пад націскам рас. войск перарасло ва ўцёкі. 11 ліп. рас. конніца ўзяла ў палон рэшткі швед. войска. Карл XII і гетман Мазепа з невял. атрадам уцяклі на тэр. Асманскай імперыі. Шведы страцілі 9234 чал. забітымі і больш за 18 тыс. палоннымі, 32 гарматы, увесь абоз; рускія — 1345 чал. забітымі, 3290 параненымі. У выніку П.б. ў вайне наступіў пералом на карысць Расіі. Перамозе ў П.б. садзейнічаў поспех рас. войск у бітве каля в. Лясная ў 1708, якую Пётр I назваў «маці Палтаўскай баталіі».

Літ.:

Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;

Дядиченко В.А. Полтавська битва. Київ, 1962.

Да арт. Палтаўская бітва 1709. Палтаўская баталія 27.6.1709. Другі этап. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.​Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст. (фрагмент).

т. 12, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)