МІЗІ́ДЫ (Mysidacea),

атрад ракападобных жывёл тыпу членістаногіх. 4 падатр., 765 відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. гадоў назад). Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 8,7 км; трапляюцца ў прэсных водах, вадаёмах пячор. Марскія віды могуць канцэнтравацца ў вял. колькасці. Жывуць у тоўшчы вады і на дне. На Беларусі (азёры Воласа, Дрысвяты, Браслаўскі р-н) — прэснаводная М. рэліктавая (M. relicta) занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. звычайна да 2,5 см (прэснаводнай да 2,2 см), глыбакаводных — да 37 см. Знешне нагадваюць маленькіх паўпразрыстых крэветак. Галавагрудны шчыток зрослы з 3 груднымі сегментамі. Вочы сцябліністыя, вялікія. Адна пара нагасківіц. Грудныя ногі (8 пар) двухгалінкавыя, брушныя часткова рэдукаваныя, хваставыя добра развітыя, у многіх нясуць орган раўнавагі — статацыст. Кормяцца сестонам, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Яйцы выношваюць у вывадкавай сумцы. Развіццё прамое (без лічынкі). Ядомыя. Корм для рыб.

Л.​Л.​Нагорская.

Мізіда прэснаводная.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пе́лька

1. Прасечаная палонка ў лёдзе на рацэ (БРС); глыбокае месца ў стаячай вадзе (Пар.). Тое ж пе́ля (Пар.).

2. Паглыбленне круглай формы, часта з вадой (Ст.-дар.); невялікая махавая або сенажатная нізіна з вадой сярод поля (Глуск., Палессе Талст., Пар., Ст.-дар.). Тое ж пель, пе́лка (Глуск. Янк. I), пель, пе́ля (Палессе Талст., Пар., Ст.-дар.).

3. Больш сухое месца сярод балота, часам парослае хмызняком (Палессе). Тое ж пе́ля, пе́я (Палессе Талст.).

ур. Пе́ля ці Пі́ля (поле з балотам) каля в. Пасека Ст.-дар.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

рэцыпро́кны

(лац. reciprocus)

які вяртаецца;

р-ая інервацыя — рэфлекторны механізм, які забяспечвае інервацыю ўзаемазвязаных груп шкілетных мышцаў, што ўдзельнічаюць у ажыццяўленні складаных каардынаваных рухаў (хадзьба, бег і інш.);

р-ыя скрыжоўванні — два тыпы скрыжоўванняў адных і тых жа зыходных груп жывёл або раслін, якія адрозніваюцца толькі палавой прыналежнасцю бацькоўскіх пар.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Апо́ўзіна ’прыстасаванне з вітых галінак ці жэрдак для ўтрымання сена ці саломы на стагу, возе, страсе’ (Чабярук, Працы, IM, 7, 136, 138; Янк. I; Мат. Гродз.), апоўзліна (Янк. Мат.), апоўзнік, апоўзняк (Шушк.), пэўна сюды ж опоўзнік ’маладыя дрэўцы’ (< ’галінкі, якія выкарыстоўваюцца як апоўзіны’) (Арх. ГУ). Малчанава (Мат. культ., 44) піша: «каб такую страху не раскідаў вецер, …накладвалі 12–15 пар «апоўзняў» — зрубленых пад корань тонкіх доўгіх бярозак, звязаных верхавінамі папарна». Укр. жытом. оповзина ’апоўзіна’. Хаця цяпер для папярэджання апаўзання ужываюцца «тычкі», а не апоўзіны, назва апоўзіна, напэўна, адлюстроўвае недыферэнцыраванне гэтай прылады для папярэджання апаўзання саломы ці сена ўніз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГІБРЫ́Д (ад лац. hibrida помесь),

арганізм (або клетка), атрыманы ў выніку скрыжавання разнародных у генетычных адносінах бацькоўскіх форм (відаў, парод, ліній і інш.). Паводле паходжання гібрыды бываюць спантанныя, якія ўзніклі пры выпадковым скрыжаванні, і штучныя, атрыманыя шляхам мэтанакіраванага скрыжавання з падборам бацькоўскіх пар у залежнасці ад задач селекцыі. Гібрыды могуць быць 1, 2, 3-га і г.д. пакаленняў і абазначаюцца лац. літарай F з індэксамі (F1, F2, F3...). Атрыманне гібрыда ляжыць у аснове гібрыдалагічнага аналізу. Прыкметы і ўласцівасці гібрыда перадаюцца ў спадчыну і расшчапляюцца (пераразмяркоўваюцца) у наступных пакаленнях паводле пэўных генет. законаў.

У раслінаводстве адрозніваюць гібрыды: міжродавыя, міжвідавыя, унутрывідавыя, міжлінейныя, міжсартавыя, сорталінейныя, трыплоідныя, несапраўдныя (псеўдагібрыды). Шырока выкарыстоўваюцца міжродавыя гібрыды пшанічна-пырнікавыя і трыцікале, міжлінейныя гібрыды кукурузы, шматлікія міжсартавыя гібрыды культурных раслін, што служаць таксама крыніцай зыходнага матэрыялу для селекцыі. У жывёлагадоўлі гібрыдам прынята называць толькі патомкаў, атрыманых ад скрыжавання розных родаў і відаў. Гл. Гібрыдызацыя.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛАНЦУ́Г»,

бел. народны танец. Муз. памер ​2/4, ​4/4. Тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выканаўцы (мужчыны і жанчыны) бяруцца за паднятыя ўгору рукі і становяцца кругам, паўкругам ці лініяй. Той, хто водзіць, не разрываючы ланцуг з рук, праходзіць (за ім астатнія танцоры) праз «вароты» пад рукамі апошняй пары. Апошні выканаўца, калі ўсе праходзяць пад яго рукой, паварочваецца на месцы, а сваю правую руку, сагнутую ў локці і злучаную з рукой партнёра, кладзе далонню на сваё правае плячо. Ланцужок тым часам па чарзе праходзіць пад рукамі наступных пар, і кожны выканаўца прымае падобную позу. Калі ўсе танцоры пераплятуцца рукамі і выстраяцца ў адну лінію, той, хто водзіць, пачынае рухацца ў адваротным парадку і «расплятае» ланцуг, пакуль не выведзе ўсіх на зыходную пазіцыю. Вядомы таксама як адна з фігур кадрылі. Бытуе ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.

Ю.​М.​Чурко.

т. 9, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛІО́-КЮРЫ ((Joliot-Curie) Ірэн) (12.9.1897, Парыж — 17.3.1956),

французскі фізік і радыяхімік, грамадскі дзеяч. Замежны чл.-кар. АН СССР (1947). Дачка П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры. Скончыла Парыжскі ун-т (1920). З 1918 у Ін-це радыю (з 1934 дырэктар), адначасова ў Камісарыяце па атамнай энергіі. Навук. працы па радыеактыўнасці, ядз. фізіцы і радыяхіміі. Разам з мужам Ф.Жаліо-Кюры адкрыла штучную радыеактыўнасць, у т. л. пазітронную радыеактыўнасць (1934), анігіляцыю і нараджэнне электронна-пазітронных пар (1933), правяла даследаванні, якія папярэднічалі адкрыццю нейтрона (1931). Чл. Сусв. Савета Міру, выступала супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. Нобелеўская прэмія па хіміі 1935 (разам з Ф.​Жаліо-Кюры).

Тв.:

Рус. пер. — Жолио-Кюри Ф. Избр. труды. Фредерик и Ирен Жолио-Кюри. Совместные труды. М., 1957.

Літ.:

Кедров Ф. Ирен и Фредерик Жолио-Кюри. 2 изд. М., 1975;

Кудрявцев П.С. Курс истории физики. 2 изд. М., 1982. С. 413-416.

І.Жаліо-Кюры.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАДЖЭ́ННЕ ПА́РЫ часціца-антычасціца,

адзін з відаў узаемапераўтварэння элементарных часціц, у якім у выніку эл.-магн. (ці інш.) узаемадзеяння адначасова ўзнікаюць часціца і антычасціца. Магчымасць Н.п. (і яе анігіляцыі) вынікае з рэлятывісцкага Дзірака ўраўнення. У 1933 І. і Ф.Жаліо-Кюры эксперыментальна выявілі Н.п. электрон-пазітрон гама-квантамі ад радыеактыўнай крыніцы.

Працэсы Н.п. адбываюцца ў кулонаўскім полі ядра атама пры энергіі фатона, якая перавышае падвоеную энергію спакою часціцы (паводле законаў захавання энергіі-імпульсу Н.п. адзінкавым фатонам немагчыма). Магчымы працэс Н.п. віртуальным фатонам (гл. Віртуальныя часціцы). Пры сутыкненнях часціц высокіх энергій назіраецца таксама працэс нараджэння мюонных пар. У адронных сутыкненнях Н.п. μ​+μ​ звязана з эл.-магн. анігіляцыяй кваркаў 1 антыкваркаў, якія ўваходзяць у склад адронаў, або з працэсамі канверсіі фатонаў тармазнога выпрамянення, утвораных пры сутыкненнях кваркаў з кваркамі ці глюонамі. Працэсы Н.п. μ​+μ​ вывучаюцца ў межах квантавай хромадынамікі і кваркпартоннай мадэлі (гл. Партоны).

В.​І.​Куўшынаў.

т. 11, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗУ́РКА (польск. mazurek, mazur ад назвы жыхароў Мазовіі),

польскі нар. танец. Мае своеасаблівую харэаграфічную (асн. элементы — хуткі бег пар з падскокам на 1-ю долю такта і вярчэнне) і метрарытмічную (тыповая рытмаформула ці , трохдольнасць, капрызная акцэнтуацыя, рубатнасць) арганізацыю. Муз. памер ​3/4 ці ​3/8. Тэмп ад умеранага да хуткага. Найб. раннія запісы з мазуркавымі рытмамі (т.зв. польскі танец) выяўлены ў табулатурах і канцыяналах пач. 17 ст. З 2-й чвэрці 19 ст. пашырана ў еўрап. краінах як бальны танец. Як муз. жанр дасягнула росквіту ў творчасці Ф.​Шапэна. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку пры дварах знаці, у гарадах, потым і ў вясковым побыце. Захоўваецца ў рэпертуары сучасных музыкантаў. У прафес. бел. музыцы жанр М. распрацоўвалі ў 19 ст. Н.​Орда, Міхал Клеафас Агінскі, М. і А.​Ельскія, Ф.​Міладоўскі, у 20 ст. А.​Багатыроў, Г.​Вагнер, Э.​Тырманд і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

раскрэ́ст Перакрыжаванне дарог (Стол.). Тое ж растані́ (Слаўг.), раскрэсы (Ветк.), растаня́ (Рэч.), растанцы́ (Глуск. Янк. II, Пар.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)