Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЯ ЭЛЕКТРО́ННАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
электронная вылічальная машына, якая апрацоўвае інфармацыю, выяўленую ў лічбавай (дыскрэтнай) форме. Бываюць універсальныя і спецыялізаваныя; кіравальныя, персанальныя, кантрольныя; высокапрадукцыйныя (вялікія, супер-ЭВМ), сярэднія, малыя, міні- і мікра-ЭВМ (персанальныя ці ў складзе выліч. комплексаў). Структура машыны ў значнай ступені залежыць ад яе прызначэння.
Інфармацыя (лічбы, літары, спец. сімвалы) у Л.э.в.м. выяўляецца ў двайковай сістэме лічэння (прылады ўводу-вываду выкарыстоўваюць двайкова-дзесятковую, двайкова-васьмярковую ці інш. сістэму лічэння; гл.Код). Асн. яе аперацыя — складанне, да якога зводзяцца ўсе інш.арыфм. аперацыі. Рашэнне задач выконваецца па праграмеЭВМ, зададзенай у адпаведнасці з сістэмай каманд працэсара, які непасрэдна апрацоўвае інфармацыю; работа машыны зводзіцца да паслядоўнага выканання каманд такой праграмы, якую атрымліваюць у выніку трансляцыі пэўнай зыходнай праграмы, складзенай на выбранай мове праграмавання. У працэсе развіцця Л.э.в.м. прайшлі некалькі этапаў (пакаленняў), характэрнымі прыкметамі якіх з’яўляюцца архітэктура, структура, элементная і канструктыўная база, матэматычнае забеспячэнне, метады ўзаемадзеяння карыстальніка з машынай і інш. Сфарміраваліся 2 асн. кірункі ў развіцці Л.э.в.м.: стварэнне вял. высокапрадукцыйных машын для рашэння задач, дзе патрабуюцца магутныя выліч. рэсурсы, напр. для апрацоўкі даных геафіз. разведкі карысных выкапняў, мадэліравання аэракасм. сістэм, і максімальна набліжаных да карыстальніка персанальных ЭВМ. Гл. таксама Вылічальная тэхніка, Кіравальная вылічальная машына, Праграмаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯВА́Я МАШЫ́НА РЭАКТЫ́ЎНАЙ АРТЫЛЕ́РЫІ,
самаходная шматзарадная пускавая ўстаноўка, звычайна залпавага агню. Складаецца з артыл. часткі (пакет накіравальных — рэек ці танкасценных трубаў, паваротная рама, механізмы наводкі і ўраўнаважвання, прыцэльныя прыстасаванні, пускавое абсталяванне) і самаходнага шасі высокай праходнасці.
Упершыню сав.эксперым. ўстаноўка БМ-13 (нар. назва «кацюша») выкарыстана ў Вял. Айч. вайну ў 1941 пад Оршай. Мела 16 накіравальных, калібр рэактыўных снарадаў 132 мм, маса 42,5 кг, далёкасць стральбы да 8,5 км. У час вайны выкарыстоўваліся таксама БМ-8, БМ-31. Пасля вайны распрацаваны БМ-14, БМ-24, БМД-20, БМ-21 і інш. Напрыклад, БМ-24 на шасі ЗІЛ-151 мае 12 накіравальных, турбарэактыўныя снарады калібру 240 мм, масай 110 кг, далёкасць стральбы да 11 км. У арміях замежных краін баявыя машыны рэактыўнай артылерыі на гусенічным ці аўтамаб. хаду, колькасць накіравальных ад 12 да 48, калібр снарадаў ад 110 да 240 мм, маса ад 36 да 310 кг, далёкасць стральбы да 30 км і болей. Сярод іх 110-мм 36-ствольная «Ларс» (ФРГ), 240-мм 12-ствольная MLRS (ЗША). Гл. таксама Артылерыя.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛАГАВАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА (АВМ),
вылічальная машына, у якой апрацоўка інфармацыі выконваецца з дапамогай спецыяльна падабранага фіз. працэсу, што мадэлюе выліч. заканамернасць. Звычайна складаецца з суматараў, інтэгравальных і дыферэнцыравальных элементаў і інш. У адрозненне ад электроннай вылічальнай машыны рашэнне атрымліваецца практычна імгненна пасля задання параметраў задачы; мае простую канструкцыю і праграмаванне, але невысокую дакладнасць вылічэнняў і меншую універсальнасць.
Папярэднікамі сучаснай АВМ можна лічыць лагарыфмічную лінейку, графікі і намаграмы (гл.Намаграфія) для вызначэння функцый некалькіх пераменных, упершыню прыведзеныя ў дапаможніках па навігацыі (1971), аналагавую прыладу (планіметр) англ. вучонага Дж.Германа для вызначэння плошчы, якая ўтворана замкнутай крывой на плоскасці (1814). Першая мех. АВМ для рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў пры праектаванні караблёў прапанавана рус. вучоным А.М.Крыловым у 1904. Сав. Матэматык С.А.Гершгорын (1927) заклаў асновы пабудовы сеткавых мадэляў АВМ.
Выкарыстоўваюцца АВМ для рашэння задач па апераджальным аналізе, аналізе дынамікі і сінтэзе сістэм кіравання і рэгулявання, у эксперыментальных даследаваннях паводзін сістэмы з апаратурай кіравання ці рэгулявання ў лабараторных умовах, пры вызначэнні ўзбурэння ці карысных сігналаў, што ўздзейнічаюць на сістэму і інш. АВМ, у якой лікавыя характарыстыкі мадэлявальнага фіз. працэсу выяўлены ў лічбавай форме, наз. гібрыднай вылічальнай машынай.