МАНГЕ́ЙМСКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА сістэма дыферэнцыраванага навучання ў Германіі ў пач. 20 ст. Распрацавана ням. педагогам І.А.Зікінгерам і прапанавана пры рэфармаванні нар. школ у г. Мангейм (адсюль назва). У аснову пакладзены прынцып адпаведнасці вучэбнай нагрузкі і метадаў навучання індывід. здольнасцям і магчымасцям вучняў. На аснове псіхаметрычных абследаванняў і характарыстык вучняў размяркоўвалі па 4 т.зв. радах класаў: асн. класы (8 гадоў навучання) — для дзяцей з сярэднімі здольнасцямі; пераходныя або класы замежных моў (6 гадоў навучання) — для найб. здольных вучняў, якія могуць працягваць навучанне ў рэальных школах і гімназіях; класы развіцця (для малаздольных) і дапаможныя класы (для разумова адсталых) — па 4 гады навучання. М.ш.с. мела шмат прыхільнікаў у Германіі, некаторыя яе палажэнні выкарыстоўваліся ў Бельгіі, Даніі, Францыі, Швейцарыі, Польшчы, ЗША, Расіі. Асобныя элементы сістэмы выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. тэорыі і практыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРМ’Е́НТА ((Sarmiento) Дамінга Фаўсціна) (14.2.1811, г. Сан-Хуан, Аргенціна — 11.9.1888),
аргенцінскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік і гісторык. Прытрымліваўся поглядаў унітарыяў (прыхільнікаў унітарнай дзяржавы), змагаўся ў 1820—30-я г. на іх баку супраць федэралістаў. Праціўнік дыктатуры Х.М.Росаса, у 1840 эмігрыраваў у Чылі, дзе набыў шырокую вядомасць сваёй грамадска-публіцыст. дзейнасцю. У 1852 удзельнік паўстання, якое скінула Росаса. Прэзідэнт Аргенціны ў 1868—74, ажыццявіў шэраг рэформ, якія спрыялі развіццю эканомікі, сельскай гаспадаркі, культуры; пры ім будаваліся чыгункі, школы, бальніцы, бібліятэкі, створана АН. Аўтар гісторыка-філас.прац. Выступаў супраць дыктатуры, лічыў, што роўнасці класаў і грамадскай гармоніі можна дасягнуць шляхам усеагульнай асветы; у апошнія гады жыцця зведаў уплыў сацыял-дарвінізму.
Тв.:
Рус.пер. — Цивилизация и варварство. Жизнеописание Хуана Факундо Кироги, а также физический облик, обычаи и нравы Аргентинской Республики. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
біфурка́цыя
(лац. bifurcatio = раздваенне)
1) раздзяленне ракі на дзве пратокі, якія ўпадаюць у розныя басейны;
2) падзел трубчастага органа на дзве галіны, напр. трахеі на дзве бронхі;
3) падзел старшых класаў сярэдняй школы на два патокі, напрамкі ў навучанні, напр. на гуманітарны і матэматычны (параўн.поліфуркацыя).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МНАГАМЕ́РНЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае метады вывучэння стат. даных пра аб’екты з некалькімі якаснымі і колькаснымі адзнакамі. Яго задачы — даследаванне структуры сувязей паміж пераменнымі, зніжэнне размернасці характэрных адзнак, пабудова класіфікацый, даследаванне прычынных сувязей. Для выяўлення структуры сувязей паміж рознымі пераменнымі звычайна выкарыстоўваецца матрыца карэляцый. Яе аналіз, які заключаецца ў вылучэнні падмностваў пераменных, што цесна карэліруюць адно за адным, ажыццяўляецца «ўручную» (напр., пры дапамозе графа, які адлюстроўвае найб. істотныя сувязі паміж пераменнымі, або метадамі камп’ютэрнага аналізу (напр., метад гал. кампанент, фактарны аналіз, кластэрны аналіз пераменных). Задачы і метады класіфікацыі, у залежнасці ад умоў, уключаюць: класіфікацыю па зададзеных фармальных крытэрыях, класіфікацыі аўтаматычную і з абучэннем. Класіфікацыя па зададзеных крытэрыях заключаецца ў групоўцы аб’ектаў па адным або некалькіх паказчыках. Класіфікацыя па некалькіх паказчыках наз. перакрыжаванай (лінгвістычнай; напр., полаўзроставая структура насельніцтва). Аўтаматычную класіфікацыю выкарыстоўваюць у выпадках, калі крытэрыі групоўкі невядомыя і адсутнічаюць апрыёрныя ўяўленні аб колькасці і характары класаў. Для яе пабудовы ўжываюць метады кластэрнага аналізу, якія дазваляюць вылучыць групы аб’ектаў, блізкіх адзін аднаму па значэннях пераменных, што вымяраюцца. Класіфікацыя з абучэннем выкарыстоўваецца, калі крытэрыі класіфікацыі невядомыя, але вядомы колькасць класаў і іх тыпалагічныя асаблівасці; такая класіфікацыя ажыццяўляецца некаторымі метадамі кластэрнага аналізу і метадам дыскрымінантнага аналізу. Аналіз стат. прычынных сувязей ажыццяўляецца пры дапамозе дысперсійнага аналізу, а таксама метадамі множнай лінейнай рэгрэсіі, лагістычнай рэгрэсіі, дыскрымінантнага аналізу і інш., якія прадугледжваюць наяўнасць адзінай залежнай пераменнай і не даюць магчымасці даследаваць структуру сувязей паміж незалежнымі пераменнымі (прэдыкатарамі). Структура сувязей паміж прэдыкатарамі можа быць улічана ў мадэлях пуцявога аналізу. Найб. агульным з’яўляецца метад лінейных структурных ураўненняў, што дае магчымасць будаваць складаныя мадэлі з вял. колькасцю залежных і незалежных пераменных, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой; яго прыватнымі формамі з’яўляецца рэгрэсійны, дысперсійны, пуцявы і фактарны аналіз.
Літ.:
Афифи А., Эйзен С. Статистический анализ: Подход с использованием ЭВМ: Пер. с англ.М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФАГРАФІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
алфавітны даведнік, які падае правільнае напісанне рэестравых слоў і іх формаў у адпаведнасці з існуючымі правапіснымі нормамі. Яго лічаць «слоўнікам слоўнікаў», паколькі ўсе інш. даведнікі арыентуюцца на яго і толькі ў ім поруч з рэестравай лексікай падаецца ў сістэматызаваным выглядзе афіцыйна ўзаконены звод арфаграфічных правілаў. Арфаграфічныя слоўнікі любой мовы падзяляюць на агульныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987) і аспектныя слоўнікі. Сярод аспектных вылучаюць: спецыяльныя (напр., рус. «Арфаграфічны марскі слоўнік» Р.Э.Парэцкай, 1974); школьныя (бел. «Арфаграфічны слоўнік: Для пачатковых класаў», 5-е выд., 1987; «Арфаграфічны слоўнік: Для сярэдняй школы» М.П.Лобана і М.Р.Судніка, 6-е выд., 1990); вузкааспектныя, якія засяроджваюць увагу на правільным напісанні слоў пэўных разрадаў (бел. «Асобна, разам, праз дэфіс» М.Р.Прыгодзіча, 1994; рус. «Вялікая ці малая?» Д.Э.Разенталя, 3-е выд., 1987, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 21.11(4.12).1904 да 16(29) 11.1905 у Мінску на рус. мове. У залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі часта мяняла кірунак. Спачатку скіроўвалася на шлях ліберальна-бурж. «надпартыйнага» асветніцтва, абвяшчала праграму яднання ўсіх класаў, саслоўяў і нацыянальнасцяў краю на аснове гуманізму і справядлівасці. Пасля адмовілася ад лібералізму, выступала за «непарушнасць самадзяржаўя», за вайну з Японіяй да пераможнага канца, супраць «несвоечасовых і нават пагібельных для будучыні Расіі» рэформаў, адмаўляла нац. і культ. самабытнасць беларусаў і ўкраінцаў. Пад націскам рэв. руху летам 1905 набыла ліберальна-бурж. афарбоўку, нярэдка друкавала матэрыялы апазіцыйнага і выкрывальнага зместу, выказвалася за паліт. рэформы. Пасля таго як улады прыпынілі выданне газ.«Северо-Западный край», мінская дэмакр. грамадскасць фактычна ператварыла «Белорусский вестник» у сваю трыбуну, дзе выкрываўся ўрадавы тэрор, прапагандаваліся дэмакр. ідэі. У такіх умовах выдаўцы спынілі выданне газеты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́НІН (Мікалай Мікалаевіч) (25.8.1812, г. Шуша, Нагорны Карабах — 18.2.1880),
расійскі хімік, заснавальнік рускай навук. школы па арган. хіміі. Акад. Пецярбургскай АН (1865). Скончыў Казанскі ун-т (1833). З 1837 у Германіі, Францыі, Англіі. З 1841 праф. Казанскага ун-та, у 1848—74 у Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. Навук. працы па атрыманні новых класаўхім. злучэнняў аднаўленнем і акісленнем арган. рэчываў. Адкрыў універсальны метад атрымання араматычных амінаў аднаўленнем нітразлучэнняў з дапамогай серавадароду ці сульфідаў амонію або шчолачных металаў (рэакцыя З., 1842) і сінтэзаваў анілін, α-нафтыламін, бензідзін (n, n′-дыанілін), а таксама рэакцыю ізамерызацыі гідразазлучэння у бензідзіны пад уздзеяннем моцных кіслот (бензідзінавая перагрупоўка, 1845). Адзін з заснавальнікаў і прэзідэнт (1868—77) Рускага фізіка-хім. т-ва.
Тв.:
Труды по органической химии. М., 1982.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДЫГМА́ТЫКА,
1) адзін з двух аспектаў сістэмнага даследавання мовы, які проціпастаўляецца сінтагматыцы, — вывучэнне элементаў мовы і класаў гэтых элементаў, што знаходзяцца ў адносінах проціпастаўлення, выбару аднаго з узаемавыключальных элементаў.
2) Вучэнне пра будову і структуру парадыгмаў розных тыпаў, іх класіфікацыю, а таксама аб’яднанне ў больш складаныя адзінствы.
Парадыгматычныя адносіны праяўляюцца ў парадыгматычным проціпастаўленні (тоеснасці і адрозненні, проціпастаўленасці і ўзаемазамяняльнасці) моўных адзінак. Яны будуюцца на розных відах падабенства (сувязі) паміж моўнымі адзінкамі: фармальнага («снег», «снега», «снегу», «снег», «снегам», «снезе» — марфал. парадыгма), фармальна-семантычнага («выкладчык», «дарадчык», «аб’ездчык», «разведчык» — словаўтваральная парадыгма на падставе агульнасці суфікса і яго значэння «вытворца дзеяння»), семантычнага («ісці», «крочыць», «шыбаваць», «дыбаць», «цягнуцца» — лексічная парадыгма на падставе агульнага значэння «ісці»), У некат. кірунках сучаснай лінгвістыкі П. разглядаецца як сістэма мовы, а сінтагматыка — як рэалізацыя гэтай сістэмы ў працэсе пабудовы выказвання (тэксту).
Літ.:
Степанов Ю.С. Методы и принципы современной лингвистики. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ПЕР (ад франц. repére метка, знак, зыходны пункт),
1)у геадэзіі — знак, які замацоўвае пункт зямной паверхні з вядомай абсалютнай вышынёй, вызначанай нівеліраваннем адносна зыходнай узроўневай паверхні. Адрозніваюць фундаментальныя Р. (жалезабетонныя пілоны), якія закладваюць у грунт праз 50—80 км на нівелірных лініях 1-га класа, на найб. адказных лініях 2-га класа і каля найважнейшых марскіх вадамерных установак), і радавыя Р. (грунтавыя — устанаўліваюцца ў зямлі і сценавыя — замацоўваюцца ў сценах або цокалях доўгатэрміновых збудаванняў), што закладваюць праз 5—7 км на нівелірных лініях усіх класаў. На Р. замацоўваецца метал. дыск — марка (дыям. да 5 см) з нумарам і абрэвіятурай ведамства. Гл. таксама Геадэзічныя знакі.
2) Р. у артылерыі — дапаможны пункт прыстрэлкі артыл. гармат з мэтай перанясення агню для паражэння цэлі. Адрозніваюць Р. сапраўдны (прыстрэленая цэль або мясц. прадмет з дакладна выверанымі каардынатамі) і фіктыўны (цэнтр з 4—6 разрываў снарадаў, каардынаты якога вымераны дакладна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМІЗА́ЦЫІ ЗАДА́ЧЫ І МЕ́ТАДЫ,
раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца ўласцівасці розных класаў задач, што грунтуюцца на выбары сярод некаторага мноства найлепшага з дазволеных рашэнняў (аптымізацыйныя задачы). Кожная задача ўключае фармальнае апісанне мноства рашэнняў і крытэрыяў аптымальнасці. У залежнасці ад інфармаванасці асобы, што прымае рашэнне, задачы бываюць дэтэрмінаваныя (адзіны інфарм. стан), нявызначаныя (мноства інфарм. станаў; звычайна разглядаюцца ў гульняў тэорыі) і стахастычныя (кожны з мноства інфарм. станаў мае пэўную імавернасць); у залежнасці ад уласцівасцяў мноства рашэнняў і крытэрыяў аптымальнасці выбару — аднакрытэрыяльныя (патрабаванні мінімізацыі або максімізацыі адной мэтавай функцыі) і многакрытэрыяльныя (некалькіх мэтавых функцый). Могуць быць зададзены і спецыфічныя суадносіны перавагі адных рашэнняў перад інш. магчымымі. Матэм. асновай распрацоўкі лікавых метадаў аптымізацыі з’яўляюцца матэм. аналіз, лінейная алгебра, тэорыя імавернасцяў і інш. Для рашэнняў аптымізацыйных задач распрацаваны шэраг пакетаў праграм.
Літ.:
Габасов Р., Кириллова Ф.М. Методы оптимизации. 2 изд. Мн., 1981;
Васильев Ф.П. Численные методы решения экстремальных задач. 2 изд. М., 1988;
Карманов В.Г. Математическое программирование. 3 изд. М., 1986.