ПУХА́ЛЬСКІ Уладзімір Вячаслававіч (2.4.1848, Мінск — 23.2.1933),
рас. і ўкр. піяніст, педагог, кампазітар і муз. дзеяч. Засл. праф. Украіны (1928). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1874) і выкладаў у ёй. З 1876 у Кіеўскім муз. вучылішчы (з 1877 дырэктар). З 1913 праф. Кіеўскай кансерваторыі (у 1913—14 першы дырэктар). Зрабіў значны ўклад у развіццё ўкр. муз. культуры і адукацыі. Стварыў школу піяністаў, вядомую за межамі Украіны. Аўтар оперы «Валерыя» (паст. 1923), «Маларасійскай (Украінскай) фантазіі» для аркестра, канцэрта для фп. з арк., «Эцюдаў у арпеджыях», фп. п’ес, рамансаў і інш. Сярод вучняў А.Браілоўскі, У.Горавіц, Р.Коган, Л.Нікалаеў і інш.
т. 13, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЎКІН Міхаіл Іонавіч (7.1.1907, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 13.10.1993),
бел. і расійскі скрыпач, дырыжор, педагог. Засл. дз. культ. Расіі (1992). Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1928, кл. А.Л.Бяссмертнага). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1937—41, кл. І.Мусіна). З 1929 працаваў у сімф. аркестрах радыёкамітэта, Белдзяржфілармоніі, адначасова выкладаў у муз. школах у Мінску. З 1946 дырыжор Дзярж. нар. аркестра Беларусі, з 1953 — сімф. аркестра Томскай абл. філармоніі, выкладчык муз. вучылішчаў у Томску, з 1963 у Пскове. Адзін з першых прафес. дырыжораў Беларусі. Дзейнасць Р. садзейнічала станаўленню аркестра бел. нар. інструментаў у пасляваенны перыяд.
В.У.Мазанік.
т. 13, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВУЭ́ЛЬТАС (Revueltas) Сільвестрэ (31.12.1899, г. Сант’яга-Папаск’яра, Мексіка —5.10.1940),
мексіканскі кампазітар, скрыпач, дырыжор. Вучыўся ў Нац. кансерваторыі Мехіка (1913—16), у Муз. каледжы Чыкага (1918—20, 1922—24). З 1928 дырыжор Сімф. аркестра ў Мехіка (пазней Нац. сімф. аркестр). Яго творчасці ўласцівы глыбокае разуменне нац. характару, зварот да традыц. мекс. тэм і сюжэтаў, дэмакр. накіраванасць. Сярод твораў: балет «Гуляка-апалонік» (1935); сімф. паэмы для арк., у т. л. «Вулічныя скрыжаванні» (1930), «Дарогі» (1934), «Сенсенмайя» (1938); творы для камернага арк., у т. л. «У гонар Гарсія Лоркі» (1936); 4 стр. квартэты (1930—32), песні, музыка да кінафільмаў.
т. 13, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЗАНДАРА́Н Татэвік Тыгранаўна (н. 2.9.1916, с. Хндзорэск Гарыскага р-на, Арменія),
армянская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1956). Скончыла вак.-драм. студыю пры Доме культуры Арм. ССР у Маскве (1937). Да 1971 салістка Арм. т-ра оперы і балета. З 1961 выкладала ў кансерваторыі (з 1970 праф.) і адначасова з 1972 у Маст.-тэатр. ін-це ў Ерэване. У яе выкананні арганічна спалучаліся класічная і нац. манера выканання. Першая выканаўца партый у класічных і сучасных операх, у т. л. Алмаст («Алмаст» А.Спендыярава), Назелі («Гераіня» А.Сцепаняна). Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 14, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬЕ́РЫ (Salieri) Антоніо (18.8.1750, г. Леньяга, Італія — 7.5.1825),
італьянскі кампазітар, дырыжор, педагог. З 1766 у Вене, прыдворны клавесініст, кампазітар, дырыжор; з 1778 кіраўнік опернага т-ра і прыдворнай капэлы. З 1817 дырэктар заснаванай у Вене кансерваторыі. Стварыў больш за 40 опер, у т. л. опер-буфа «Венецыянскі кірмаш» (паст. 1772), «Школа раўнівых» (паст. 1778), міфалагічных, героіка-трагічных, у т. л. «Данаіды» (паст. 1784); зрабіў значны ўклад у развіццё ням. зінгшпіля («Камінар», паст. 1781). Сярод твораў 4 араторыі, кантаты, 5 мес, рэквіем, творы для арк. і інш. Сярод вучняў Л.Бетховен, Ф.Ліст, Ф.Шуберт і інш.
т. 14, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРВЭ́ (Servais) Адрыен Франсуа (6.6.1807, каля г. Брусель — 26.11.1866),
бельгійскі віяланчэліст. кампазітар, педагог. Вучыўся ў Брусельскай каралеўскай кансерваторыі (1831—34), з 1848 праф. у ёй. Іграў у арк. «Тэатр дэ ла Манэ». Канцэртную дзейнасць пачаў у 1834 у Парыжы. З 1836 гастраліраваў у краінах Еўропы, неаднаразова ў Расіі (з 1839). Выступаў таксама ў ансамблі з А.В’ётанам і Ю.Леанарам, сумесна з якімі напісаў шэраг інстр. ансамбляў. Аўтар 2 канцэртаў, 16 фантазій для віяланчэлі. Яго мастацтва вызначалася віртуознасцю выканання, тэмпераментам. Сярод вучняў: яго сын Жазеф С., А.Германоўскі, Я.Карловіч і інш.
т. 14, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУ́РДЗА-БУЛА́НДРА (Sturdza-Bulandra) Лючыя (25.8.1873, Бухарэст — 19.9.1961),
румынская актрыса, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Румыніі (1951). Дэбютавала ў 1898 на сцэне Нац. т-ра ў Бухарэсце. У 1914—41 арганізатар (сумесна з Т.Буландрам), актрыса, рэжысёр і дырэктар трупы, якая ў далейшым стала значным т-рам. З 1941 у Муніцыпальным т-ры Бухарэста (з 1961 т-р яе імя). У 1930—61 праф. Бухарэсцкай кансерваторыі. Сярод роляў: Дынеску («Зруйнаваная цытадэль» Х.Лавінеску), лэдзі Чылтэрн («Ідэальны муж» О.Уайльда), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Васа Жалязнова («Васа Жалязнова» М.Горкага) і інш. Дзярж. прэмія Румыніі 1952.
т. 15, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛА́Т-КЯЛПША́ (Talat-Kełpša) Юозас Антана (1.1.1889, в. Калнуяй Каўнаскага пав., Літва — 5.2.1949),
літоўскі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Засл. дз. маст. Літвы (1945). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1916). З 1920 выкладаў у муз. вучылішчы, з 1933 — у Каўнаскай кансерваторыі (з 1948 праф.). Адначасова з 1920 адзін з арганізатараў (разам з К.Пятраўскасам) і дырыжор Каўнаскага опернага т-ра. Адзін з пачынальнікаў літ. раманса. Сярод твораў: опера «Дачка старшыні» (1938, не завершана), кантаты, тв. для арк., камерныя і вакальныя творы, хары, песні, а таксама запісы (больш за 700) і апрацоўкі літ. і бел. нар. песень. Дзярж. прэмія СССР 1948.
т. 15, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛЬМА́ (Talma) Франсуа Жазеф (15.1.1763, Парыж — 19.10.1826),
французскі акцёр, педагог. Скончыў Каралеўскую школу дэкламацыі і спеваў у Парыжы. У 1787—91, з 1799 у т-ры «Камеды Франсэз» у Парыжы, у 1791—99 удзельнічаў у стварэнні і рабоце «Тэатра Рэспублікі». З 1806 праф. драм. класа Парыжскай кансерваторыі. Акцёр класіцысцкай трагедыі. Мастацтву характэрны ідэалізацыя і манументальнасць вобразаў у спалучэнні з вял. эмацыянальнасцю. Выступаў пераважна ў тагачасным рэпертуары, з пач. 19 ст. — у трагедыях У.Шэкспіра: Макбет, Атэла, Гамлет (аднайм. п’есы). Рэфарматар сцэн. касцюма і грыму. Аўтар тэатр. мемуараў (1931).
Літ.:
Дейч А.И. Франсуа-Жозеф Тальма. М., 1973.
т. 15, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЦЦЯКО́Ў Віктар Віктаравіч (н. 17.10.1946, г. Краснаярск, Расія),
расійскі скрыпач. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1970). З 1969 саліст Маскоўскай філармоніі, адначасова з 1983 маст. кіраўнік Камернага аркестра Расіі і выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1989 праф.). Для яго ігры характэрны эмацыянальнасць, маштабнасць, віртуознасць. У рэпертуары скрыпічныя творы І.Брамса, П.Чайкоўскага, Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, а таксама канцэрты, санаты, п’есы рас. і замежных кампазітараў. 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (1965, Масква), Міжнар. конкурсе імя Чайкоўскага (1966, Масква). Дзярж. прэмія Расіі імя М.Глінкі 1981.
т. 15, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)