дзяржава на в-ве Грэнада і ў паўд.ч. а-воў Грэнадзіны, у архіпелагу М. Антыльскія а-вы ў Вест-Індыі. Падзяляецца на 7 раёнаў. Пл. 344 км². Нас. 92 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Сент-Джорджэс. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 лют.).
Дзяржаўны лад. Грэнада — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1974. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам. Заканад. ўлада належыць парламенту (15 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Востраў Грэнада (пл. 311 км²) гарысты (выш. да 840 м, гара Сент-Катэрын). На У невял. нізіна. Астравы Грэнадзіны пераважна нізінныя. Клімат субэкватарыяльны, пасатны, марскі. Сярэднямесячная т-ра паветра 25—28 °C. Ападкаў больш за 1500 мм (у гарах да 5000 мм) за год, дажджлівы перыяд май—кастрычнік. Шмат невял. рэчак і ручаёў. У гарах захаваліся вільготныя трапічныя лясы. Заказнік Гранд-Этан.
Насельніцтва. Пераважаюць негры (53%) і мулаты (42%). Невял. колькасць англічан, французаў, карэнных жыхароў — індзейцаў карыбаў. Паводле веравызнання пераважаюць католікі і англікане. Сярэдняя шчыльн. 267 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах да 500—800 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 50% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Сент-Джорджэс (каля 7,5 тыс.ж.), Гуяў, Грэнвіл, Вікторыя. Характэрна эміграцыя ў суседнія краіны.
Гісторыя. Найб.стараж. насельніцтва Грэнады — індзейцы аравакі — называлі в-аў Камахонь. У 15 ст. іх выцеснілі адсюль індзейцы карыбы. У 1498 востраў адкрыў Х.Калумб і назваў яго Кансепсьён. З 1650 каланізаваны французамі, якія стварылі тут плантацыйную гаспадарку, заснаваную на рабскай працы (рабоў прывозілі з Афрыкі). У Сямігадовую вайну 1756—63 на востраве высадзіліся англічане (1762), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 ён стаў брыт. калоніяй і атрымаў назву Грэнада. У час вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 востраў зноў захапіла Францыя (1778), аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 уступіла яго Вялікабрытаніі. У вайну паміж Англіяй і Францыяй (пачалася ў 1794) на Грэнадзе ў 1795 адбылося антыангл. паўстанне пад кіраўніцтвам Ж.Федона (нац. герой Грэнады), задушанае брыт. войскамі. У 1834—38 тут скасавана рабства. У 1885—1958 Грэнада ў складзе брыт. калоніі Падветраныя астравы.
Ва ўмовах узмацнення мясц. руху за аўтаномію на чале з Э.Гейры (з 1950) калан. ўлады ўвялі ў Грэнадзе ўсеагульнае выбарчае права (1951) і абмежаваную аўтаномію (1958). У 1958—62 Грэнада ў складзе Вест-Індскай федэрацыі. З сак. 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» з поўным унутр. самакіраваннем (прэм’ер-міністр Гейры). З 7.2.1974 незалежная дзяржава ў складзе брыт.Садружнасці. Напачатку яе прэм’ер-міністр Гейры (1974—79) прытрымліваўся нацыянал-рэфармісцкага курсу, потым устанавіў дыктатуру, што выклікала рэвалюцыю (сак. 1979). Новы ўрад на чале з М.Бішапам (1979—83) праводзіў палітыку дэмакратызацыі і дыверсіфікацыю эканомікі, наладзіў сувязі з сацыяліст. краінамі, у т. л. з Кубай. У кастр. 1983 узнік канфлікт сярод лідэраў кіруючай партыі Новы рух ДЖУЭЛ, што прывяло да ўзбр. сутыкнення, у час якога загінулі Бішап і шэраг яго міністраў. 25.10.1983 пад выглядам аднаўлення законнасці і бяспекі амер. грамадзян на Грэнадзе супраць краіны распачалі ваен. аперацыю ЗША. У ходзе яе востраў з ліст. 1983 да чэрв. 1985 акупіравалі амер. войскі. Пасля выбараў у снеж. 1984 створаны пераходны ўрад на чале з Х.Блейзам. У 1990 яго змяніў урад Н.Брэтвейта. З 1995 прэм’ер-міністр Грэнады — К.Мітчэл. Грэнада — чл.ААН (з 1974), брыт. Садружнасці, Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва, Лаціна-амер. эканам. сістэмы, удзельнічае ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. Нац. партыя Грэнады, Патрыят. рух імя М.Бішапа, Нац.-дэмакр. кангрэс, Савет прафсаюзаў Грэнады.
Гаспадарка. Пераважае сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. Краіна спецыялізуецца на вытв-сці спецый: мускатнага арэха (каля 2 тыс.т штогод, 1/3сусв. вытв-сці), гваздзікі, карыцы, ванілі. Вырошчваюць таксама какаву, бананы, цукр. трыснёг, какосавую пальму, цытрусавыя, бавоўну, харч. культуры. На схілах гор гаі мускатнага арэха, ніжэй какавы, потым бананаў і інш. культур. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы мускатных арэхаў (г. Гуйяў), копры, цукр. трыснягу, піваварны з-д, бавоўнаачышчальная, швейная, мэблевая ф-кі і інш. На востраве штогод бывае каля 100 тыс. турыстаў і адпачываючых пераважна з ЗША і Канады. Транспарт аўтамаб. (746 км дарог з цвёрдым пакрыццём) і марскі. Гал. порт Сент-Джорджэс. Паблізу міжнар. аэрапорт. Грэнада экспартуе мускатны арэх, какава-зярняты, бананы, гваздзіку, карыцу, ваніль, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Асн.гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Канада. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДЫ АМЕ́РЫКІ У Амерыцы жыве каля 820 млн.чал.
(ацэнка на пач. 1998),
у т. л. ў Паўн. Амерыцы каля 470 млн., у Паўд. каля 350 млн. У расавых адносінах насельніцтва разнастайнае, змяшаліся тыпы і падтыпы ўсіх 3 вялікіх рас.
Да еўрапеоіднай расы (каля 440 млн.чал.) належыць каля 90% насельніцтва Паўн. і каля 30% Паўд. Амерыкі. Метысы — нашчадкі ад індзейска-еўрап. шлюбаў (больш за 180 млн.) — асн. насельніцтва Мексікі, цэнтр.-амер. краін, Венесуэлы, Калумбіі, Парагвая; мяшаная еўрап.-афр. група (мулаты), да якой належыць 6. ч. неграў ЗША, складае прыкметную долю насельніцтва Бразіліі, краін Вест-Індыі (каля 100 млн.чал.). Да метысаў і мулатаў адносяцца таксама групы мяшанага індзейска-негрыцянскага і індзейска-негрыцянска-еўрап. паходжання. Да негроіднай расы (каля 50 млн. — нашчадкі неграў-рабоў) належаць асн. насельніцтва Гаіці, Ямайкі і некаторых інш. краін Вест-Індыі, а таксама ч. насельніцтва Бразіліі і ЗША. Абарыгены-індзейцы (каля 45 млн., разам з асобнымі групамі, якія перайшлі на англ. або ісп. мову) адносяцца да асобнага адгалінавання мангалоіднай расы. Да гэтай расы належаць таксама эскімосы і алеуты (разам 116 тыс.), групы эмігрантаў з краін Азіі (кітайцы, карэйцы, в’етнамцы, філіпінцы і інш.). Кансалідацыя многіх нацый і народнасцей Амерыкі яшчэ не закончана. Большасць краін, у т. л. самыя вялікія — ЗША, Бразілія, Мексіка, Калумбія, Канада, Аргенціна — шматнацыянальныя. У некаторых краінах з нядаўніх імігрантаў (англічан, ірландцаў, немцаў, італьянцаў, рускіх, украінцаў, беларусаў, палякаў і інш.) склаліся т. зв. пераходныя групы, якія не асіміляваны асн. народамі, але ўжо парвалі сувязі з радзімай. Амаль у кожнай краіне ў розных прапорцыях ёсць асобныя этн. групы: асн. народ (у Канадзе, Перу, Балівіі, Эквадоры і Гватэмале гэта 2 народы, у Канадзе — англа- і франка-канадцы, у Перу, Балівіі, Эквадоры і Гватэмале — іспанамоўныя перуанцы, балівійцы, эквадорцы, гватэмальцы і блізкія да іх па колькасці індзейскія народы кечуа, аймара, майя і інш.; на мове індзейцаў гуарані і ісп. мове гавораць парагвайцы); карэнныя народы (індзейцы, эскімосы); пераходныя групы; нац. меншасці (выхадцы ў апошнія дзесяцігоддзі з Еўропы і Азіі). 61 народ налічвае больш за 500 тыс.чал. кожны і складае больш за 706 млн.чал. (86% усяго насельніцтва), з іх 2 народы маюць больш чым па 100 млн.чал. (амерыканцы ЗША 194,2, бразільцы 149,4) і 21 народ больш чым па 5 млн.чал. (мексіканцы 91,1, калумбійцы 34,5, аргенцінцы 30, венесуэльцы 17,4, кечуа 14,9, чылійцы 11,8, кубінцы 11,7, англа-канадцы 10,8, перуанцы 10,4, італьянцы 8,1, дамініканцы 7,4, немцы 7,3, франка-канадцы 7,2, эквадорцы 6,7, яўрэі 6,6, палякі 6,2, гаіційцы 6, гватэмальцы 5,7, пуэртарыканцы 5,6, гандурасцы 5,2, сальвадорцы 5,1). У ЗША, Канадзе, Аргенціне, Уругваі жывуць каля 30 тыс. беларусаў. Колькасць нашчадкаў беларусаў у Амерыцы, відаць, перавышае 1 млн. Большасць насельніцтва Амерыкі гаворыць на індаеўрапейскіх мовах (пераважна германскай і раманскай груп). На раманскіх мовах гаворыць каля 500 млн.чал., з іх 323 млн. — на ісп. (мексіканцы, калумбійцы, аргенцінцы, венесуэльцы, чылійцы, кубінцы, перуанцы, дамініканцы, эквадорцы і інш.), 152 млн. — на партуг. (бразільцы і партугальцы), 15 млн. — на франц. (франка-канадцы, гаіційцы, французы, гвадэлупцы і інш.), 10 млн. — на італьян. і інш. раманскіх мовах. На германскіх мовах гавораць каля 240 млн., з іх каля 225 млн. — на англійскай (амерыканцы, англа-канадцы, яўрэі, ямайцы і многія народы Вест-Індыі, англічане), 15 млн. — на ням., галандскай, нарв., швед., дац., шатландскай. Каля 10 млн. гавораць на мовах інш. груп індаеўрап. сям’і: слав. (палякі, рускія, украінцы, чэхі, славакі, сербы, харваты, славенцы, македонцы, беларусы і інш.), балт. (літоўцы і латышы), кельцкай (частка ірландцаў), інд. (выхадцы з Індыі і Пакістана), іранскай (пераважна іранцы і курды), а таксама грэч. і армянскай. Жывуць прадстаўнікі інш. моўных сем’яў Еўропы і Азіі — венгры, фіны, арабы, японцы, кітайцы, карэйцы, в’етнамцы, філіпінцы і інш. На мовах індзейцаў Амерыкі гавораць каля 32—45 млн.чал. Многія дробныя плямёны страцілі свае мовы, перайшлі на ісп., партуг. або англ. мовы. На 11 найб. індзейскіх мовах размаўляе каля 25 млн.чал., у т. л. на мове кечуа — 14,9 млн. (Перу, Балівія, Эквадор і горныя раёны суседніх краін), гуарані — 3,9 млн. (Парагвай), аймара — 2,2 млн. (Балівія і Перу), ацтэкскай — 1,1 млн. (Мексіка), араўканскай або мапучэ — 0,9 млн. (Чылі). Да моў карэннага насельніцтва адносяцца таксама эскімоская (узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. і Грэнландыі) і алеуцкая (Алеуцкія а-вы). Ва ўсіх лацінаамерыканскіх краінах пашырана каталіцтва; некаторыя індзейскія плямёны ўнутр. раёнаў прытрымліваюцца сваіх племянных вераванняў. У Паўн. Амерыцы каля 60% вернікаў належаць да шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і сектаў (баптысцкай, метадысцкай, лютэранскай, прэс-вітэрыянскай і інш.); больш за 30% — католікі. Ёсць мусульмане, іудаісты, будысты, праваслаўныя, канфуцыянцы, сінтаісты, прадстаўнікі новых рэлігій і сектаў. У Вест-Індыі пераважае каталіцтва, на Ямайцы і Барбадасе асн. масы жыхароў — пратэстанты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ АМЕ́РЫКА,
мацярык у Зах. паўшар’і; разам з Паўднёвай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 24,25 млн.км², без астравоў 20,36 млн.км². Паўн. пункт — мыс Мерчысан 71°50′паўн. ш., паўд. — мыс Мар’ята 7°12′паўн. ш., усх. — мыс Сент-Чарльз 55°40′зах. д., зах. — мыс Прынца Уэльскага 168°зах. д. Працягласць з Пн на Пд 6600 км, з У на З 4800 км. На ПдЦэнтральнай Амерыкі Панамскім перашыйкам злучана з Паўд. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м. і Мексіканскім зал., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пн — морамі Паўн. Ледавітага акіяна; ад Азіі аддзяляецца Берынгавым пралівам. Буйнейшыя а-вы: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер. Да П.А. звычайна адносяць і Вест-Індыю з Вялікімі Антыльскімі а-вамі. Найб. паўастравы: Лабрадор, Фларыда, Юкатан, Каліфарнійскі, Аляска. Найб. парэзаны фіёрдавыя берагі Грэнландыі, усх.ч. Канадскага Арктычнага архіпелага, Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Канады і паўд. Аляскі. Берагі Атлантычнага ак. абразійныя, бухтавыя, акумуляцыйныя. Мала парэзаныя берагі Ціхага ак. на Пд ад Канады. На З і Пн Аляскі характэрны акумуляцыйныя і дэльтавыя берагі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу. Найбольшыя: Гудзонаў, Мексіканскі, Аляска, Каліфарнійскі, Св. Лаўрэнція.
Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 720 м. На мацерыку спалучаюцца ступеньчатыя і пластавыя раўніны, нізіны з эразійнымі пласкагор’ямі і сярэднягор’ямі, складкава-глыбавымі гарамі, пласкагор’ямі дэнудацыйнага тыпу і інш. На ЗКардыльеры Паўночнай Амерыкі з г. Мак-Кінлі (6193 м — найвыш. пункт П.А.); на УАпалачы (выш. да 2037 м). У сярэдняй частцы мацерыка на ПнЛаўрэнційскае ўзвышша, нізіны Макензі і Гудзонава зал.; у цэнтры Цэнтральныя і Вялікія раўніны; на Пд Прымексіканская нізіна (да 200 м); на ўсх. узбярэжжы Прыатлантычная нізіна. Самы нізкі пункт -85 м (Даліна Смерці). На фарміраванне рэльефу на Пн уплывалі чацвярцічныя зледзяненні (ледавікі займалі каля 15,6 млн.км²), на Вялікіх раўнінах яры і лагчыны, рэльеф спадзіста-хвалісты. Горны рэльеф пераважае на Пд мацерыка — Мексіканскае нагор’е акаймавана хрыбтамі, горы цягнуцца ў Цэнтр. Амерыку. На З і Пд мацерыка вулканізм і значная сейсмічнасць.
Геалагічная будова. Аснова б.ч. мацерыка — Паўн.-Амерыканская платформа (утварылася ў дакембрыі 2,5—3 млрд.г. назад). Яна акаймавана складкавымі горнымі збудаваннямі каледонскага (ПнУ, Грэнландыя, Ньюфаўндленд, паўн.ч. Апалачаў), герцынскага (паўд.ч. Апалачаў і інш.) узростаў. Складкавыя структуры Кардыльераў меза-кайназойскага ўзросту, аформіліся ў невадыйскую (цэнтр. зона), ларамійскую (усх. зона) і альпійскую (ціхаакіянская зона) складкавасці. Дакембрыйскія метамарфізаваныя тоўшчы і гранітагнейсы, якія складаюць крышт. фундамент платформы, залягаюць на глыб. 3—4 км у вял. сінеклізах і прагінах. Яны запоўнены асадкавым чахлом пераважна ардовікска-каменнавугальнага і пермскага ўзростаў. На ПнУ, у Канадзе і Грэнландыі архейскія і раннепратэразойскія пароды сфарміравалі Канадскі шчыт.
Карысныя выкапні. Гал. металагенічныя правінцыі — Канадскі шчыт, Апалачы, Кардыльеры. Канадскі шчыт і Апалачы багатыя жалезам, меддзю, нікелем, золатам, плацінай, серабром. У Кардыльерах багатыя радовішчы золата, медзі, серабра, свінцу, вальфраму і інш. У ЗША і Мексіцы, на шэльфе Аляскі і Мексіканскага зал. выяўлена больш за 2 тыс. радовішчаў нафты. Вял. запасы кам. вугалю ў Апалачах (Ілінойскі і Пітсбургскі басейны) і Кардыльерах. Ёсць уранавая сыравіна, фасфарыты, сера, калійныя солі і інш.
Клімат. П.А. размешчана ва ўсіх кліматычных паясах Паўн. паўшар’я, за выключэннем экватарыяльнага. Ціхі ак. уплывае толькі на вузкую паласу ўзбярэжжа. З-за адсутнасці горных хрыбтоў шыротнага напрамку паўн.паветр. масы часам пранікаюць далёка на Пд, паўд. трапічныя — на Пн, Таму для П.А. характэрны рэзкія ваганні т-р паветра. Летам, калі цэнтр.ч. мацерыка моцна награецца і ўсталёўваецца вобласць паніжанага ціску, з Атлантычнага ак. і Мексіканскага зал. прыходзіць вільготнае цёплае паветра. Зімой над Канадай фарміруецца слабавыразная няўстойлівая вобласць высокага ціску з нізкімі т-рамі; халоднае паветра ахоплівае Канаду і значную ч. ЗША. Самыя халодныя месцы П.А. — в-аў Грэнландыя (у цэнтр.ч. ў студз. -46 °C, абс. мінімум -70 °C) і Пн Канады; самае гарачае — ПдЗ ЗША (Даліна Смерці, абс. максімум 56,7 °C).
Вылучаюць 6 кліматычных паясоў: арктычны займае паўн. ўзбярэжжа мацерыка, амаль увесь Канадскі Арктычны архіпелаг, б.ч. Грэнландыі (сярэдняя т-раліп. ніжэй за 5 °C, ападкаў 200—300 мм на З, да 1000 мм на У за год); субарктычны — паўд.-зах. ўзбярэжжа Грэнландыі, сярэднюю частку штата Аляска і паўн.тэр. Канады (сярэдняя т-раліп. 5—10 °C, ападкаў 300—1000 мм); умераны — Пд Канады і значную тэр. ЗША (т-раліп. 10—20 °C, студз. ад -24 да 5 °C, ападкаў ад 400—800 да 6000 мм); субтрапічны — Пд ЗША (т-раліп. 20—26 °C, студз. 10—15 °C, ападкаў менш за 250 мм на З і 1200—1400 мм на ПдУ); трапічны — Мексіку, ПнЦэнтр. Амерыкі, Вест-Індыю і Пд Фларыды (т-ра пастаянная, 18—26 °C, ападкаў ад 1500 мм на У да 100 мм на З); субэкватарыяльны — ПдЦэнтр. Амерыкі (т-ра больш за 20 °C, ападкаў 1000—3000 мм за год).
Гідраграфія. Каля 55% пл. мацерыка ў бас. Атлантычнага ак.; найб. рэкі Місісіпі з Місуры, Рыо-Грандэ, Св. Лаўрэнція, пераважна раўнінныя. 25% пл. належыць да бас. Ціхага ак.: Каларада, Калумбія, Фрэйзер, Юкан — горныя рэкі. Жыўленне снегавое і ледавіковае, падзенне стромкае, даліны глыбокія, шмат каньёнаў. У рэках Паўн. Ледавітага ак. (найб. Макензі, Нельсан, Чэрчыл) профіль нявыпрацаваны, цякуць праз шматлікія азёры, больш як палавіну года ўкрыты лёдам. У паўн.ч. мацерыка, якая трапіла пад абледзяненне, шмат азёр ледавікова-тэктанічнага паходжання. Найбольшыя: Вялікія азёры, Вялікае Мядзведжае возера, Вялікае Нявольніцкае возера, Вініпег, Атабаска, Манітоба. У Кардыльерах басейн Вялікага Салёнага возера не мае сцёку ў акіян. Ледавікі займаюць каля 2 млн.км², у т. л. 1,8 млн.км² на Грэнландыі, 150 тыс.км² на Канадскім Арктычным архіпелагу. Значныя горныя ледавікі ў Кардыльерах Аляскі і Канады.
Глебы і расліннасць. Асн. тыпы глеб і расліннага покрыва размешчаны занальна. На Пн Грэнландыі і Канадскага Арктычнага архіпелага арктычныя пустыні на грубых шкілетных глебах. На Пд архіпелага і паўн. узбярэжжы мацерыка тундравая расліннасць на балотных і тундрава-балотных глебах. Каля 30% пл. мацерыка займае лясная зона на дзярнова-падзолістых і бурых глебах, якая падзяляецца на падзону тайгі (елкі чорная і белая, лістоўніца амерыканская, піхта бальзамічная, хвоя Банкса, у зах. частцы — елка сітхінская, хвоя веймутава, піхта дугласава, туя гіганцкая, тсуга канадская), падзону мяшаных і лісцевых лясоў (клён, дуб, ясень, ліпа амерыканская, каштаны, букі і інш.). У субтрапічных лясах на бурых і жоўтых, мясцінамі на чырвоных глебах побач з лістападнымі пародамі трапляюцца вечназялёныя (цюльпанавае дрэва, магнолія, віргінскі ядловец). Унутр. частку мацерыка займаюць прэрыі на чарназёмных, каштанавых і буразёмных глебах. У сухіх раёнах паміж горнымі хрыбтамі Кардыльераў — пустыні і паўпустыні; расліннасць (кусцікі лебяды, палыну, кактусы, агавы) на шэразёмах. У найб. сухіх паўд. раёнах — фармацыі цвердалістых вечназялёных хмызняковых дубоў (чапараль). На ўсх. беразе Мексікі, у Цэнтр. Амерыцы і ў Вест-Індыі пераважаюць трапічныя лясы, на Мексіканскім нагор’і — сухія стэпы, паўпустыні з кактусамі, юкамі і агавамі.
Жывёльны свет. Тэр. П.А. ўваходзіць у 2 зоагеагр. вобласці: Галарктычную (амаль увесь мацярык да паўд. ч Мексікі) і Неатрапічную (цэнтральнаамерыканскую падвобласць). У зоне тундры — паўн. алень (карыбу), белы мядзведзь, аўцабык, палярныя зайцы, лемінгі, пясцы; на берагавых скалах «птушыныя кірмашы». У лясной зоне — амер. лось, алень-вапіці, бабёр, расамаха, янот-паласкун, ліс, воўк, куніца, вавёрка, скунс. У прэрыях бізон і антылопа-віларог (у запаведніках), каёт, тхор, суслікі, пацукі. У горных раёнах — мядзведзь грызлі, снежны баран, пума. На пустынна-стэпавых пласкагор’ях шматлікія паўзуны. На Пд Мексікі і ў Цэнтр. Амерыцы — малпы, чарапахі, у рэках алігатары.
Насельніцтва. У П.А. жыве каля 470 млн.чал. (1998). Сярэдняя шчыльнасць 19,3 чал. на 1 км², найбольшая на Бермудскіх а-вах — 1179, Барбадасе — 603, найменшая ў Грэнландыі — 0,03 і Канадзе — 3,1 чал. на 1 км². Пераважае гар. насельніцтва (Канада — 77%), ЗША — 76%, Мексіка — 74%). Карэнныя жыхары П.А. (належаць да асобнага адгалінавання мангалоіднай расы) — індзейцы, а таксама эскімосы і алеуты. З 16 ст. ў П.А. сталі перасяляцца іспанцы (Вест-Індыя, Мексіка, Цэнтр. Амерыка), з 17 ст. — французы, галандцы, англічане, ірландцы, немцы і інш., склаліся нацыі амерыканцаў, англа- і франка-канадцаў. Шмат выхадцаў з Еўропы (італьянцы, яўрэі, палякі, украінцы, выхадцы з Скандынаўскіх і Балканскіх краін, венгры і інш.) пераехала ў П.А. ў 19—20 ст.; у ЗША і Канадзе каля 20 тыс. беларусаў. На Пд ад ЗША жывуць народы метыснага паходжання (мексіканцы, гватэмальцы, гандурасцы, нікарагуанцы і інш., склаліся ад змяшання іспанцаў з індзейцамі). Індзейцаў засталося найбольш на Пд Мексікі і ў горных раёнах Гватэмалы. Нашчадкі афр. неграў-рабоў (адносяцца да негроіднай расы) і мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання) — асн. насельніцтва Гаіці, Ямайкі, інш. краін Вест-Індыі, значная доля насельніцтва ЗША. Большасць насельніцтва П.А. належыць да еўрапеоіднай расы, гаворыць на індаеўрапейскіх мовах, найбольш германскай (англійская мова) і раманскай (іспанская мова) груп. Некат. групы нядаўніх імігрантаў гавораць на інш. мовах. Каля 60% вернікаў належаць да шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і сектаў (пераважна ў ЗША і Канадзе); больш за 30% — католікі (пераважна Мексіка і інш. іспанамоўныя краіны). Ёсць мусульмане, іудаісты, будысты, праваслаўныя, канфуцыянцы, сінтаісты, прадстаўнікі новых рэлігій і сектаў. Гл. таксама Народы Амерыкі, Мовы свету.
Палітычны падзел. На тэр. мацерыка і а-вах Вест-Індыі размешчаны 23 дзяржавы. На мацерыку з Пн на Пд знаходзяцца Канада, ЗША, Мексіка, Беліз, Гватэмала, Гандурас, Сальвадор, Нікарагуа, Коста-Рыка, Панама. Астраўныя дзяржавы: Багамскія Астравы, Куба, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Ямайка, Сент-Кітс і Невіс, Антыгуа і Барбуда, Дамініка, Сент-Люсія, Барбадас, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Грэнада, Трынідад і Табага. 14 тэрыторый з’яўляюцца ўладаннямі: Грэнландыя, Сен-П’ер і Мікелон, Бермудскія а-вы, Церкс і Кайкас, Кайман а-вы, Пуэрта-Рыка, Віргінскія а-вы (брыт.), Віргінскія а-вы (ЗША), Ангілья, Мантсерат, Гвадэлупа, Марцініка, Аруба, Нідэрландскія Антыльскія а-вы. Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.
А.Я.Яротаў.
Да арт.Паўночная Амерыка. Пустыня на ўсходзе штата Арызона.Да арт.Паўночная Амерыка. На водападзеле паміж Ціхім акіянам і Мексіканскім залівам.Да арт.Паўночная Амерыка. Бурыя мядзведзі на Алясцы.Да арт.Паўночная Амерыка. Схілы гор Сьера-Невада.Да арт.Паўночная Амерыка. Частка Ніягарскага вадаспаду і горад Ніягара-Фолс (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАВУКО́ВЫЯ І КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й.
Прадстаўнікі бел. дыяспары першай эміграцыйнай хвалі (склалася на рубяжы 19—20 ст. і ў 1-ю сусв. вайну) сваіх нац. арг-цый не мелі і часта далучаліся да рус. ці польскіх згуртаванняў. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найбольш актыўна культ. дзейнасць вялася ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Аргенціне, Францыі. Дзейнічалі Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне (Літва), Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны ў Празе (Чэхаславакія), Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, «Бацькаўшчына», «Рунь» (1924), «Беларуская хата» ў Латвіі. Выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г.рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічалі Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі, Бел.культ.-адукац.т-ва ў ЗША, Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне. У Аргенціне згуртаванню беларусаў спрыялі культ.-асв. т-вы ў Буэнас-Айрэсе — «Грамада» (1934), «Культура» (1936), Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», «Т-ва б-кі імя Івана Луцкевіча» (1937, Вільня-Крэспа), б-кі імя Я.Купалы (1934, Камадора-Рывадавія) і інш. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый. У Францыі ў 1930 засн.Беларускі хаўрус, у 1938 Бел.жан. грамада імя А.Пашкевіч. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя вылучалася значнай колькасцю інтэлігенцыі, заявіла аб сабе як аб самастойнай бел.этн. супольнасці за межамі Бацькаўшчыны, стварыўшы ўстойлівыя нац. асяродкі. Арганізаванае нац.-культ. жыццё пачалося з канца 1940-х г. Свае арг-цыі беларусы стварылі ў Германіі ў лагерах для перамешчаных асоб: Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.Скарыны (1946), Бел.бібліягр. служба (1946), Бел.культ.-асв.т-ва (1948), Бел.-груз.-ўкр. клуб (1950). Навук.-культ. асяродкамі ў г. Ляймен сталі Інстытут беларусаведы і Беларускі музей. У 1955—66 у Мюнхене дзейнічаў філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (БІНіМ) — адносна самаст. ўстанова, праца якой была звязана з удзелам бел. навукоўцаў у рабоце Ін-та вывучэння СССР. З філіялам супрацоўнічалі С.Станкевіч, С.Кабыш, А.Марговіч, У.Дудзіцкі і інш.У Бельгіі ў 1947 засн.Бел.цэнтр.к-т на Валоніі, у 1949 створана бел.акад. каталіцкае т-ва «Рунь», дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі (1947—60-я г.). У ЗШАнайб. колькасць навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі сканцэнтравалася ў 1950-я г., сюды з Германіі пераехалі Крывіцкае навук.т-ва імя Ф.Скарыны, Бел.бібліягр. служба і Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. У 1951 у Нью-Йорку засн.Бел.ін-т навукі і мастацтва. Зборам інфарм. матэрыялаў пра Беларусь займаецца Бел.-амер. інфарм. служба (штат Пенсільванія). Працуюць бел. грамадска-культ. цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. У Саўт-Рыверы культ. праграмы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, якое супрацоўнічае з каледжамі і ун-тамі штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільванія. Працуюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і інш. З 1958 адным з цэнтраў бел.культ. і навук. жыцця ў Нью-Йорку стала Фундацыя імя П.Крачэўскага. З 1974 тут працуе бел.б-ка і музей, дзе збіраецца л-ра, дакументы, матэрыялы, пісьменніцкія архівы, рэд. архівы Часопісаў і газет. У Канадзе ў 1950—60-я г. дзейнічаў Бел. даследчы ін-т імя К.Каліноўскага, які выдаваў дакументы і матэрыялы па навейшай бел. гісторыі. З 1967 у Таронта працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Згуртаванне беларусаў Канады, грамадска-культ. цэнтр, Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», сябры якога — беларусы з Аўстраліі, ЗША, Бельгіі, Англіі, Францыі, Германіі і інш.У Вялікабрытаніі працуе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, цэнтрамі навук.-культ. жыцця сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства, дамы ў Брадфардзе (1948, пры ім у 1964 адкрыты Бел. юнацкі клуб, у 1970 грамадскі клуб «Сакавік») і Манчэстэры (1954). У Польшчы ў мэтах каардынацыі нац. і культ. жыцця беларусаў у 1956 было засн.Беларускае грамадска-культурнае таварыства, культ.-асв. работу вядуць бел.літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Брацтва правасл. моладзі, Рада культуры студэнтаў бел. нацыянальнасці пры Згуртаванні польскіх студэнтаў і інш. Рэгіянальны асяродак бел. культуры ствараецца ў Гайнаўцы, цэнтрам якога стаў Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры. У Аўстраліі цэнтры грамадска-культ. жыцця сфарміраваліся ў Адэлаідзе, Брысбене, Мельбурне, Перце, Сіднеі. Значную работу праводзяць Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш., дзейнасць якіх каардынуе Федэральная рада беларускіх арганізацый. У Аргенціне ў 1948—57 дзейнічала Згуртаванне беларусаў Аргенціны. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страцілі сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны», куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У Іспаніі пры Цэнтры па вывучэнні краін Усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Я.Сурвілы, які таксама ўзначальваў Бел. акадэміцкае згуртаванне (засн. ў 1952). Для супрацоўніцтва былі запрошаны бел. навукоўцы, якія друкаваліся ў ісп.час. «Oriente» («Усход»). У 1952 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры засн.Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе, які прапагандуе веды пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. У рэспубліках СССР (пасля 1991 — незалежных дзяржавах) культ.-асв. суполкі, згуртаванні з’явіліся ў асн. ў канцы 1980-х г., сярод іх Т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны (Масква, 1988), «Світанак» (Рыга, 1988), Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу, Згуртаванне беларусаў у Кохтла-Ярве (Эстонія, з 1991 наз.Беларуска-эстонскае згуртаванне ў г. Йыхві), Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» (1991), Бел.культ. цэнтр «Світанак» (Ташкент) і інш.Гл. таксама Беларускія культурныя згуртаванні і раздзел пра бел. дыяспару ў арт.Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія, Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Іспанія, Канада, Польшча, Францыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я (Guinée),
Гвінейская Рэспубліка (République de Guinée), дзяржава ў Зах. Афрыцы. На ПнЗ мяжуе з Гвінеяй-Бісау, на Пн — з Сенегалам, на ПнУ — з Малі, на У — з Кот-д’Івуар, на Пд — з Ліберыяй і Сьера-Леоне, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 33 адм. раёны. Пл. 245,9 тыс.км². Нас. 6306 тыс.чал. (1993). Сталіца — Конакры. Афіц. мова — французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея — рэспубліка. У яе складзе 8 правінцый. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вярх. ўлада належыць Пераходнаму савету нац. адраджэння (у 1991).
Прырода. Вузкую паласу ўздоўж узбярэжжа займае нізіна. Далей на У плато Фута-Джалон выш. да 1537 м (г. Тамге). Басейн верхняга Нігера (на ПнУ) раўнінны. Паўд.-ўсх.ч. занята Паўн.-Гвінейскім узв. (сярэдняя выш. каля 800 м). Ёсць асобныя горныя масівы выш. больш за 1500 м (г. Німба, 1752 м). Карысныя выкапні: нафта, баксіты, фасфаты, жал. руды, золата, алмазы. Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы, з вільготным летам. Сярэдняя т-ра паветра круглы год 24—28 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы каля 2000—3000 мм за год, на У каля 1000 мм. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. У Гвінеі вытокі Нігера, Сенегала (р. Бафінг), Гамбіі. Большая ч.тэр. занята саваннамі, рэдкімі лістападнымі і вечназялёнымі лясамі. Невял. ўчасткі трапічных лясоў, на ўзбярэжжы мангравая расліннасць. Запаведнік Німба.
Насельніцтва. Жывуць народы фульбе (35%), малінке (30%), сусу (20%) і інш. Выхадцаў з Еўропы і Азіі каля 20 тыс. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (85%), у гарадах ёсць католікі (8%), на Пд і У месцамі вызнаюць традыц. культы. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,6 чал. На 1 км². Больш густа населены прыбярэжныя раёны, плато Фута-Джалон. У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1993): Конакры — 950, Лабе — 110, Канкан — 100. У сельскай гаспадарцы занята 82% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 11, у абслуговых галінах — 5%.
Гісторыя. Паводле звестак археолагаў, тэр. Гвінеі заселена ў эпоху неаліту. Пазней яна была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана і Малі. У сярэдзіне 15 ст. на ўзбярэжжы Гвінеі з’явіліся партугальцы. У 1770-я г. ўтварылася ранняя дзяржава качэўнікаў-жывёлаводаў фульбе — Фута-Джалон. У 1880—90-я г.тэр. Гвінеі заваявана французамі, якія ў 1895 вылучылі яе ў асобную калонію, у 1904 уключылі ў склад Франц.Зах. Афрыкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі ўзмацніўся нац.-вызв. рух. У 1947 на базе гвінейскай секцыі Афр.дэмакр. аб’яднання ўтворана Дэмакр. партыя Гвінеі (ДПГ), якая ў 1957 перамагла на выбарах у Тэр. асамблею (56 месцаў з 60), 2.10.1958 абвешчана незалежнасць краіны. Яе прэзідэнтам стаў А.Секу Турэ (кіраўнік ДПГ). Урад Гвінеі нацыяналізаваў замежныя банкі і кампаніі, увёў манаполію знешняга гандлю, стварыў нац. грашовую сістэму. У выніку зліцця дзярж. органаў і структур кіруючай ДПГ рэжым Секу Турэ ператварыўся ў дыктатарскі (рэпрэсіі супраць праціўнікаў рэжыму, да 1983 краіну пакінулі каля 2 млн. гвінейцаў). Пасля смерці Секу Турэ (сак. 1984) у выніку ваен. перавароту 3.4.1984 улада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння на чале з Л.Кантэ, які забараніў ДПГ, амнісціраваў палітвязняў і распачаў рэфармаванне эканомікі (з ухілам на жорсткую эканомію), што дазволіла паступова яе стабілізаваць.
У снеж. 1990 на агульнанац. рэферэндуме прынята канстытуцыя краіны. У 1991 створаны Пераходны савет нац. адраджэння. З крас. 1992 дазволена дзейнасць паліт. партый. На прэзідэнцкіх выбарах 19.12.1993 перамог Кантэ. У краіне дзейнічаюць партыі: Аб’яднанне гвінейскага народа, Партыя абнаўлення і прагрэсу, Саюз гвінейскага народа і інш., праф. аб’яднанне Нац. канфедэрацыя працоўных Гвінеі — чл.ААН з 1958, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Гвінея — аграрная краіна з адносна развітой горназдабыўной прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі 22%, прам-сці 29, абслуговых галін 49%. Апрацоўваецца 6% тэр., пад лугамі і пашай 12%. Большая ч. апрацаваных зямель пад харч. культурамі — рысам (на арашальных землях у бас. верхняга Нігера), кукурузай, просам, сорга, маніёкам, бататам, ямсам, а таксама алейнай пальмай (на Пд і З), алейным дрэвам карытэ, арахісам, кавай, бананамі. Збожжавыя вырошчваюць на Пн і У, караняплоды — у больш вільготных раёнах на Пд і З. Пашыраны дзікарослыя пладовыя: манга, папайя, авакада, гуаява, какосавая пальма. Павялічваюцца пасевы бавоўніку, тытуню і чаю. Агародніцтва (памідоры, перац, баклажаны, капуста). Экспартныя культуры: кава, бананы, ананасы, цытрусавыя, хіннае дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўная (асн. Фута-Джалон). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак і коз. Птушкагадоўля. Рачное і акіянскае рыбалоўства. Лясная прам-сць, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Асн. галіна горназдабыўной прам-сці — здабыча баксітаў (раёны Сангарэдзі, Фрыя, Дэбеле); штогод здабываюць 15—20 млн.т. Гліназёмны з-д у Фрыя выпускае каля 1 млн.т гліназёму за год. Алмазы здабываюць на ПдУ, золата — у бас. верхняга Нігера, жал. руду — на крайнім Пд. Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: кансервавыя (Маму, Конакры, Лабе, Кісідугу), алейны (Дабола), фруктовых сокаў (Канкан), лесапільны (каля Конакры), аўта- і велазборачныя (Конакры, Канкан), рысаачышчальныя з-ды (Канкан, Сігіры, Куруса), тытунёвая ф-ка ў Бейла. У Конакры аўтазборачны, нафтаперапр., цэм., цукр. з-ды, вытв-сць пластмас, выбуховых рэчываў, металаканструкцый, мех. майстэрні. Вытв-сць электраэнергіі каля 300 млн.кВт∙гадз штогод, пераважна на невял. ЦЭС і ГЭС. Саматужная вытв-сць ганчарных, ткацкіх, метал., з скуры і дрэва вырабаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 30,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 1145, гравійных — 13 тыс.км. Чыгункі адыгрываюць дапаможную ролю. Іх агульная даўж. 1045 км, у т. л. вузкакалейных — 806 км. Асн. лінія Конакры—Канкан. Участкі рэк агульнай даўж. 1,3 тыс.км на З і ў бас. Нігера выкарыстоўваюцца для мясц. суднаходства. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам праз парты Конакры (разнастайныя грузы) і Камсар (экспарт баксітаў). 15 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Конакры. Гвінея экспартуе баксіты і гліназём (каля 90% па кошце), алмазы, каву, арахіс, бананы, ядры алейнай пальмы; імпартуе нафтапрадукты, металы, машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тэкстыль. Асн.гандл. партнёры: ЗША (33% экспарту, 16% імпарту), краіны Зах. Еўропы, Канада. Грашовая адзінка — гвінейскі франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ,
збудаванне, якое пракладвае шлях над перашкодай. Узводзяць цераз рэкі і інш. вадацёкі (уласна М.), цераз дарогі (пуцеправоды), яры і цясніны (віядукі), а таксама замест насыпаў і плацін (эстакады). Паводле прызначэння адрозніваюць пешаходныя, аўтадарожныя, чыгуначныя масты, сумешчаныя, для водазабеспячэння (акведукі), пропуску водных шляхоў (М.-каналы), газа- і нафтаправодаў; паводле працягласці бываюць малыя (да 25 м), сярэднія (25—100 м), вялікія (больш за 100 м), пазакласныя (больш за 500 м, у якіх ёсць пралёты болей за 100 м); паводле канструкцыі — арачныя, бэлечныя масты, вантавыя масты, вісячыя масты, рамныя масты, камбінаваныя. Асобную групу ўтвараюць наплаўныя масты, развадныя масты, зборна-разборныя, а таксама масты ваенныя.
М. падзяляюць таксама на: адно-, двух- і шматпралётныя; з яздой па версе, па нізе, па сярэдзіне; нізка- і высакаводныя; жалезабетонныя, стальныя, сталежалезабетонныя, бетонныя, драўляныя (пераважна часовыя). М. звычайна складаецца з пралётных канструкцый і апор (прамежкавых быкоў і канцавых устояў). Апоры М. бываюць масіўныя, ражавыя, па́левыя, на па́левых абалонках, апускных калодзежах і кесонах; устоі спалучаюць М. з земляным палатном дарогі. На пралётнай канструкцыі размяшчаюць праезную ч., пешаходныя праходы, трубаправоды. Асн. параметры М.: агульная даўжыня, даўжыня пралётных канструкцый, шырыня праезнай ч. і тратуараў, падмаставы габарыт. Будуюць па тыпавых або індывід. праектах, выпрабоўваюць на статычныя і дынамічныя нагрузкі. Будаваць М. (драўляныя і каменныя) пачалі са стараж. часоў, на Русі — з 10 ст. драўляныя (пераважна наплаўныя), з пач. 16 ст. — каменныя. Першы метал. (чыгунны) М. пабудаваны ў Англіі ў 1779, у Расіі — у 1784 у Пецярбургу; вял. ланцуговы М. — у 1847—53 у Кіеве. З пач. 20 ст. значнае пашырэнне набылі жалезабетонныя М. З пач. 19 ст. пачалі будаваць вісячыя масты, пралёты іх хутка павялічваліся. У 1937 цераз праліў у Сан-Францыска (ЗША) пабудаваны унікальны вісячы М. з пралётам 1281 м. У тэорыю і практыку мостабудавання значны ўклад зрабілі працы рас. і сав. вучоных М.А.Белялюбскага, Дз.І.Жураўскага, С.В.Кербедза, Л.Ф.Нікалаі, Я.А.Патона, Р.П.Перадзерыя, Л.Дз.Праскуракова, Ф.С.Ясінскага; Э.Фрэйсінэ (Францыя), Р.Маяра (Швейцарыя) і інш.
Многія М. з’яўляюцца помнікамі дойлідства і інж. мастацтва. М. стараж.-рым. дасягнулі адзінства архітэктуры і інжынерыі: выразная архітэктоніка масіўнай шматарачнай канструкцыі, амаль пазбаўленай дэкору, надавала ім выгляд суровай магутнасці (М. Алькантара цераз цясніну р. Таха ў Іспаніі, 98—106 н.э., будаўнік Гай Юлій Лацэр). Найб. пашыраныя да сярэдзіны 19 ст. каменныя М. мелі масіўныя ўстоі і пралёты, што стварала ўражанне ўстойлівасці і надзейнасці. Метал. М. сталі менш грувасткімі і набылі ажурнасць сілуэта (М. цераз р. Дору ў г. Порту ў Партугаліі, 1881—85, інж. А.Г.Эйфель). Яны паўплывалі на стылістыку М. 20 ст.Вял. пластычнай выразнасцю адметныя жалезабетонныя М. Іх дынамічнасць і зрокавая лёгкасць форм надаюць буйным збудаванням своеасаблівую элегантнасць (М. цераз р. Арв у Швейцарыі, 1936, інж. Р.Маяр). Арыгінальныя сілуэты М. істотна ўплываюць на арх. аблічча горада (напр., М. ў Празе, Будапешце, Пецярбургу, Кіеве і інш.).
Сярод найб. значных і прыгожых М.: цераз р. Дзебед каля манастыра Санаін у Арменіі (1192), цераз р. Эльба ў г. Дрэздэн (Германія; 1260), Карлаў М. у Празе (1357), Санта-Трыніты ў Фларэнцыі (Італія; 1567), вісячы Бруклінскі М. у Нью-Йорку (1869—83), Таўэрскі ў Лондане (1886—94), чыг. арачны Мюнгстэнскі цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген (Германія; 1897, выш. каля 107 м), цераз р. Св Лаўрэнція ў г. Квебек (Канада; 1899—1917, пралёт 549 м), Вял. Маскварэцкі ў Маскве (1938), Патона ў Кіеве (1951), цераз праліў Басфор (Турцыя; 1973), цераз эстуарый Хамбер на У Вялікабрытаніі (даўж, 1410 м, 1981). Шэдэўрам цяслярнага мастацтва з’яўляюцца драўляныя рыштаванні і кружала Чортавага М. на аўтамагістралі Гера—Іена ў Германіі (1937). Самыя высокія М.: у свеце — на выш. 321 м перасякае Каралеўскі каньён у штаце Каларада, ЗША (пралёт 218 м, 1929), у Еўропе — М. «Еўропа» (выш. 190 м, даўж. 820 м) цераз р. Зіль у г. Інсбрук, Аўстрыя (1959—63). Найб. колькасць М. у г. Гамбург (Германія) — 2,5 тыс., у С.-Пецярбургу — каля 800, у т. л. М. Анічкаў, Банкаўскі, Ільвіны мосцік і інш. У Еўропе захавалася некалькі забудаваных М.: Лонданскі цераз р. Тэмза (1209; да 14 ст. ўяўляў сабой своеасаблівы гар. квартал з 5-павярховымі дамамі), у Парыжы на М. Мянялаў асталяваліся банкіры; М. Понтэ-Векіо ў Фларэнцыі (Італія) з ювелірнымі крамамі; М. крамнікаў у г. Эрфурт (Германія) пабудаваны ў 1325 цераз р. Гера, дзе абапал яго стаяць 34 адрэстаўрыраваныя 2- і 3-павярховыя фахверкавыя дамы. Сярод вядомых стваральнікаў М.: у Англіі Т.Тэлфард, А.Дэрбі, Дж.Уілкінсан, Р.Стэфенсан, у Францыі Эйфель, у Італіі Л.Б.Альберці, Б.Аманаці, у Швейцарыі І.У.Грубенман, у ЗША В.Роблінг і яго сын Дж.А.Роблінг, Дж.Фінлей, на Украіне Я.А.Патон.
На Беларусі драўляныя М. вядомы з 10—11 ст. Іх будавалі цераз рэкі, каналы, балоты, замкавыя равы і інш. Яны мелі 2 асн. апорныя канструкцыі — на палях і ізбіцах. Замкавыя М. падымаліся на спец. ланцугах (узводах). У 1567 у Гродне цераз Нёман пабудаваны драўляны М. з каменнымі падпорамі. У 18—19 ст. узведзены каменныя арачныя М. ў Брэсце, Віцебску і інш. Шэраг чыг. М. пабудаваны з пракладкай Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі (участак Парэчча—Гродна ўведзены ў эксплуатацыю ў 1862) і ўчастка Смаленск—Брэст (у 1871). У 1950—80-я г. пабудаваны: М. цераз р.Зах. Дзвіна ў Віцебску, цераз р. Дняпро ў Магілёве і Рэчыцы (усе арх. В.Ладыгіна), цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны і вул. М.Багдановіча ў Мінску, пуцеправоды цераз яр Дзебра ў Магілёве і чыгунку станцыі Мінск-Пасажырскі ў Мінску і інш. На Беларусі больш за 4600 аўтадарожных і каля 2000 чыг. М. (1999). Найб. М. цераз р. Прыпяць каля г. Мазыр Гомельскай вобл.даўж. 947 м пабудаваны ў 1995.
Літ.:
Кётэ Р. Мосты: Пер. с нем. [М., 1991].
І.І.Леановіч, Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Карлаў мост у Празе. 1357.Таўэрскі мост у Лондане. 1886—94.Мюнгстэнскі чыгуначны арачны мост цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген. Германія. 1897.Драўляныя рыштаванні і кружала «чортавага» моста на аўтамагістралі Гера—Іена. Германія. 1937.Мост цераз р. Заходняя Дзвіна ў Віцебску. 1953—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЯ́НА (Guyana),
Кааператыўйая Рэспубліка Гаяна (Cooperative Republic of Guyana), дзяржава на ПнУПаўд. Амерыкі. На З мяжуе з Венесуэлай, на Пд — з Бразіліяй, на У — з Сурынамам, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 215 тыс.км². Нас. 834 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Джорджтаўн. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Гаяна — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1980. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, выканаўчая — Савету Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр (першы віцэ-прэзідэнт).
Прырода. Паўн.ч. краіны займае шырокая забалочаная Гвіянская нізіна. На Пд адгор’і Гвіянскага пласкагор’я, найб.выш. на З — г. Рарайма (2772 м). Карысныя выкапні: баксіты, золата, алмазы. Знойдзены невял. радовішчы нафты, урану, храмітаў, марганцавых і жал. руд. Клімат субэкватарыяльны гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Джорджтаўне 26—28 °C, ападкаў 2230 мм за год. Рэкі мнагаводныя, з вял. колькасцю парогаў і вадаспадаў; найб. Эсекіба, Дэмерара, Бербіс, Карантэйн, 83% тэр. займаюць пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. На ПдЗ — саванны, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Нац. парк Каетур.
Насельніцтва. Каля 51% інд. паходжання, 43 — негры і мулаты, 4% — індзейцы (ва ўнутр. раёнах). Ёсць групы англічан, партугальцаў, кітайцаў. Паводле веравызнання 57% — хрысціяне (значная ч. англікане), 33 — індуісты, 9% — мусульмане. Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана на прыбярэжнай нізіне. У гарадах жыве 35% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Джорджтаўн (200 тыс.ж., 1993), Нью-Амстэрдам, Макензі, Бартыка. 44,5% працаздольных занята ў прам-сці і гандлі, 33,8 — у сельскай гаспадарцы, 21,7% — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гаяны — індзейцы-аравакі. У 1499 гэту тэр. адкрыў ісп. мараплавец А. дэ Ахеда. Першыя паселішчы еўрапейцаў на р. Памярун засн. ў 1581 галандцамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзбярэжжа высадзіліся англічане (у 1667 іх паселішча захапілі галандцы). У 1621 галандская Вест-Індская кампанія атрымала правы на кантроль над б.ч.тэр. Гаяны. У 1732 паселішчы Бербіс, у 1773 — Эсекіба і Дэмерара атрымалі статус нідэрландскіх калоній. У 1650 — пач. 19 ст. ў Гаяну пастаянна прывозілі неграў-рабоў з Афрыкі для працы на цукр. плантацыях і ў рудніках. У 1782 тэр. Гаяны адышла да Францыі, у 1783 — да Нідэрландаў. У 1803—14 калоніі Бербіс, Эсекіба і Дэмерара перайшлі да Вялікабрытаніі; у 1831 аб’яднаны ў адну калонію Брыт. Гвіяна. У 1834 адменена рабства. З 1838 сюды ўвозілі танную рабочую сілу з Індыі, з 1853 — з Кітая. У 1928 уведзена канстытуцыя, паводле якой створаны Заканад. савет. У 2-ю сусв. вайну ў Гаяну пачаў пранікаць амер. і канадскі капітал (распрацоўка пакладаў баксітаў), створана ваен. база ЗША (1940). Пасля вайны нац.-вызв. рух узначаліла Нар.прагрэс. партыя (НПП; засн. ў 1950). У 1953 брыг. ўлады ўвялі новую канстытуцыю, паводле якой мясц. насельніцтва атрымала права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Пасля перамогі на выбарах 1953 НПП яе лідэр Ч.Джаган узначаліў урад. У кастр. 1953 англ. ўрад увёў у калонію войскі, разагнаў яе ўрад і парламент і прыпыніў дзейнасць канстытуцыі. У 1955 створана партыя Нар.нац. кангрэс (ННК). На выбарах 1957 і 1961 зноў перамагла НПП (урадамі кіраваў Джаган). У снеж. 1964 адбыліся датэрміновыя выбары ў Нац. сход, створаны кааліцыйны ўрад на чале з Ф.Бернхемам. 26.5.1966 Брыт. Гвіяна абвешчана незалежнай дзяржавай (атрымала назву Гаяна). З 1970 Гаяна — парламенцкая рэспубліка. У 1972 урад Бернхема абвясціў курс на стварэнне «кааператыўнага сацыялізму», адначасова адбылося ўмацаванне аўтарытарнага кіравання ННК.
У 1980 у Гаяне ўстаноўлена прэзідэнцкая рэспубліка. Пасля смерці ў жн. 1985 прэзідэнта Бернхема (правіў з 1980) новы кіраўнік дзяржавы Х.Хойт звярнуўся за эканам. дапамогай да Міжнар. валютнага фонду, жорсткія патрабаванні якога выклікалі незадавальненне насельніцтва Гаяны і прывялі да забастоўкі (сак. 1989). На выбарах у 1992 перамагла НПП, прэзідэнтам стаў Джаган. Дзейнічаюць Нар. прагрэс, партыя, Нар.нац. кангрэс і інш. Гаяна — член ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці, Лац.-амер.эканам. сістэмы.
Гаспадарка. Гаяна — эканамічна адсталая краіна. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае больш за 25% валавога ўнутр. прадукту. Развіта горназдабыўная прам-сць. Гаяна — адна з вядучых краін па здабычы баксітаў (штогод 1—1,5 млн.т), забяспечвае 90% сусв. вытв-сці кальцыніраваных баксітаў. Асн. радовішчы ў далінах рэк Дэмерара і Бербіс. Здабываюць золата (каля 500 кг штогод), тэхн. і ювелірныя алмазы (каля 10 тыс. каратаў штогод). Параўнальна развіты харч. (цукровыя і рысаачышчальныя з-ды), харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), лесапільная і дрэваапр., тэкст., швейная, абутковая прам-сць. Штогод атрымліваюць цукру-сырцу каля 160—200 тыс.т, рому 150—170 тыс. гекталітраў. У Джорджтаўне працуюць ліцейны з-д, мукамольная ф-ка і з-д па кансерваванні крэветак. У г. Макензі гліназёмны з-д. Вытв-сць электраэнергіі 276 млн.кВт∙гадз (1992), пераважна на невял. ЦЭС. Ворныя землі займаюць 3% тэр. краіны, лугі і пашы — 6% (на ПдЗ). Земляробчыя раёны — акіянскае ўзбярэжжа і ніжнія ч. далін рэк Дэмерара і Бербіс. Гал.с.-г. культуры (збор тыс.т, 1993): цукр. трыснёг — 2600, рыс — 300, апельсіны — 15, бананы — 21, какосавыя арэхі — 48, агародніна — 12, а таксама кукуруза, кава, какава, маніёк, ямс, батат. На ПдЗ на ўчастку саваннаў уздоўж р. Рупунуні пашавая жывёлагадоўля. Гадуюць (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 160, свіней — 30, авечак — 130, коз — 79. Рыбалоўства і здабыча морапрадуктаў, гал. від прадукцыі — крэветкі. Нарыхтоўка каштоўных парод трапічнай драўніны. Транспарт пераважна аўтамаб. і ўнутр. водны. Аўтадарог 7665 км, з іх 550 км з цвёрдым пакрыццём, 5000 км гравійных. Асноўныя праходзяць па ўзбярэжжы, ад Джорджтаўна на Пд у Бразілію ідзе Трансгаянская шаша. Для суднаходства выкарыстоўваюцца ўчасткі рэк агульнай даўж. 6000 км. Чыгункі (187 км) вузкакалейныя, маюць дапаможнае значэнне. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты Джорджтаўн і Нью-Амстэрдам (імпарт), Ліндэн і Эвертан (экспарт баксітаў і гліназёму). У краіне 53 аэрапорты і аэрадромы, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Джорджтаўна. Гаяна экспартуе цукар, баксіты, гліназём, рыс, золата, крэветкі, драўніну, патаку і ром; імпартуе тавары нар. ўжытку, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША (25% экспарту, 40% імпарту), Вялікабрытанія (адпаведна 28 і 11%), Японія, Германія, Канада, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — гаянскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ЛЕДАВІ́ТЫ АКІЯ́Н,
найменшы па плошчы акіян на Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і, паміж Еўразіяй і Паўн. Амерыкай. Пл. з морамі 14,75 млн.км², аб’ём вады 18,1 млн.км². Сярэдняя глыб. 1225 м, найб. 5527 м (паўн.-ўсх.ч. Грэнландскага м.). Падводнымі парогамі адасоблены ад Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Умоўная мяжа з Атлантычным ак. праходзіць па ўсх. уваходзе ў Гудзонаў прал., па паўд. мяжы Грэнландскага і Нарвежскага мораў; з Ціхім ак. — па паралелі м. Унікын (Чукоцкі п-аў) да перасячэння з берагам п-ва Сьюард (Аляска). У мінулым акіян называлі Паўн. Палярным і Паўн. Ледавітым морамі. Сучасную назву дало ў 1845 Лонданскае геагр.т-ва.
Берагавая лінія моцна парэзана, утварае шмат мораў і заліваў. Да бас. П.Л.а. належаць моры: Грэнландскае, Нарвежскае, Баранцава, Белае, берагі якіх высокія, скалістыя, фіёрдавыя, на У абразіўныя з невял. залівамі; Карскае. Лапцевых, Усх.-Сібірскае, Чукоцкае, Бофарта — іх берагі пераважна складаныя, дэльтавыя, роўныя, месцамі лагунныя; Бафіна, Лінкальна, Гудзонаў заліў (Канадскі бас.), берагі якіх пераважна роўныя, нізкія, месцамі скалістыя, з марскімі тэрасамі (пра моры і залівы гл. адпаведныя арт.).
Астравы пераважна мацерыковага паходжання: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Шпіцберген, Франца-Іосіфа Зямля, Новая Зямля, Паўночная Зямля, Урангеля востраў, Новасібірскія астравы, Калгуеў, Вайгач і інш. агульнай пл. 4 млн.км².
Для рэльефу дна характэрна шырокая зона падводных мацерыковых ускраін. Яна займае 74,6% плошчы дна, шэльф — 50,3%, кантынентальны схіл — 18,4% і падножжа — 5,9%. Шыр. найбуйнейшага Арктычнага шэльфа Еўразіі (глыб. да 500 м) ад 450—800 км (Лапцева-Чукоцкі шэльф) да 1200 км (Баранцава-Карскі шэльф). У Грэнландска-Амерыканскім сектары, Нарвежска-Грэнландскім і Бафінавым басейнах шэльфы адносна вузкія, ад 50—100 да 300 км. Баранцава-Карскі шэльф абрываецца да глыбакаводных басейнаў кантынентальнымі схіламі з найб. перападам глыбінь (да 2500 м). Кантынентальны схіл на Пн ад Новасібірскіх а-воў выражаны ў выглядзе шырокай пакатай ступені, каля Нарвегіі мае шырокае ўскраіннае плато (аваншэльф) Вёрынг. Ад Атлантычнага ак. ў П.Л.а. зігзагападобна цягнецца Сярэдзінна-Арктычны хр., які разломамі падзяляецца на хр. Кольбейнсей, Мона, Кніповіча і Гакеля. Агульная даўж. хрыбта каля 4500 км, шырыня некалькі соцень км, адносная выш. 1—3,5 км. Па абодвух яго баках знаходзяцца глыбакаводныя Грэнландская, Нарвежская і Лафатэнская (глыб. 2200—3500 м) катлавіны Нарвежска-Грэнландскага бас. і катлавіны Амундсена і Нансена (3500—4500 м) Еўразійскага суббасейна. Амеразійскі суббасейн уключае трансарктычную сістэму дадатных і адмоўных морфаструктур рознага паходжання: парог Ламаносава (400—1500 м), пласкагор’е Мендзялеева—Альфа і Чукоцкае падняцце (300—1000 м), катлавіны Макарава (2500—3000 м) і шырокую Канадскую (3200—3800 м) і інш. У межах акіяна вылучаюцца платформавыя блокі, складкаватыя зоны і акіянічныя структуры. Пліты стараж. платформ утвараюць паўн.-ўсх.ч. Баранцава-Карскага і Лапцева-Чукоцкага шэльфаў. У межах шэльфаў развіта зямная кара кантынентальнага тыпу магутнасцю да 40 км. У асобных частках «гранітны» слой адсутнічае і рэзка павялічваецца магутнасць асадкавага чахла. Парог Ламаносава, Чукоцкае падняцце і зоны кантынентальнага схілу маюць субкантынентальную зямную кару магутнасцю 20—25 км. Еўразійскаму суббасейну, Нарвежска-Грэнландскаму бас. і Канадскай катлавіне ўласціва субакіянічная і акіянічная зямная кара (5—15 км) з базітавым фундаментам. Найб.стараж. ўчастак акіяна — Канадская катлавіна, пачатак утварэння якой адносяць да позняй юры — пач. мелу.
Донныя адклады П.Л.а. пераважна тэрыгеннага паходжання. На шэльфах алеўрытавыя, радзей гліністыя ілы, у глыбакаводных басейнах на хрыбтах пясчаныя, у катлавінах гліністыя ілы. Каля кантынентальных падножжаў пашыраны турбідыты. Карысныя выкапні: нафта і газ — у буйных нафтагазаносных басейнах на мацерыковым абрамленні акіяна, якія працягваюцца і на яго шэльфы (Зах.-Сібірскі, Пячорскі, Нарвежска-Грэнландскі бас., Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн, Свердруп); газагідраты ў м. Бофарта; россыпы касітэрыту на ўзбярэжжах мораў Лапцевых, Усх.-Сібірскага і Чукоцкага; на металаносныя ілы і поліметалічныя гідратэрмальныя радовішчы масіўных сульфідаў перспектыўныя рыфтавыя цясніны Сярэдзінна-Арктычнага хрыбта.
Клімат арктычны. Асн. яго рысы фарміруюцца пад уплывам размяшчэння акіяна ў высокіх шыротах, пастаяннага ледавіковага покрыва, паступлення паветраных мас і вод з Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Сярэднегадавы радыяцыйны баланс адмоўны, страты цяпла 85—125 МДж/м². Т-ра паветра ў студз. ў цэнтр.ч. да -36 °C, каля берагоў Нарвегіі -4 °C, у ліп. 1—6 °C. Ападкаў за год адпаведна 75—200 мм і да 1000 мм у Нарвежскім м., звычайна ў выглядзе снегу. Антыцыклоны пануюць над Грэнландыяй і ўсх. сектарам П.Л.а., зімой пашыраюцца на ўсю тэрыторыю. Цыклоны круглы год пранікаюць з Атлантыкі, найб. частыя і глыбокія ў зах.ч. акіяна.
Гідралагічны рэжым. Гал. яго асаблівасць — ільды, якія зімой займаюць каля 90% плошчы акіяна (акрамя Пд Баранцава м.) і захоўваюцца некалькі гадоў (пак 3—5 м таўшчыні). Іх аб’ём каля 26 тыс.км³. Для Бафінава і Грэнландскага мораў характэрны айсбергі. На працягу некалькіх гадоў дрэйфуюць т.зв. ледзяныя астравы (таўшчынёй 30—35 м), якія выкарыстоўваюць для базіравання дрэйфуючых станцый. Сярэдняя скорасць дрэйфу лёду 7 км/сут, макс. — 100 км/сут. У П.Л.а. вылучаецца шырокая антыцыкланальная цыркуляцыя вод у Амеразійскім суббасейне і цыкланальная — у Нарвежска-Грэнландскім бас. Абодва кругавароты падзяляюцца Трансарктычным цячэннем (скорасць 3,7 км/сут), яго працяг — Усх.-Грэнландскае цячэнне (20—30 км/сут) выносіць 2/3 сцёку вады з Арктычнага басейна. Цёплыя воды з Атлантычнага ак. прыносяцца Нарвежскім цячэннем, Шпіцбергенскім і Нардкапскім цячэннямі. Праз Берынгаў прал. паступае вады ў 3—4 разы меней. П.Л.а. моцна апрасняецца рэкамі, якія прыносяць штогод больш за 5 тыс.км³ вады. Т-ра паверхневых вод летам -1,4 °C, зімой -1,7 °C, т-ра лёду -10 °C. Салёнасць паверхневых арктычных вод каля 30‰, макс. прыдонных 34,9‰. Шчыльнасць арктычных вод найб. 1026,17 кг/м³. Прылівы няправільныя паўсутачныя (1 м), макс. прыліў у Мязенскай губе Белага м. — 9 м.
Флора і фауна прадстаўлены арктычнымі і атл. формамі. Фітапланктону 200 відаў, пераважаюць дыятамеі. Фітабентас прадстаўлены ламінарыяй, анфельцыяй, фукусавымі, у Белым м. — заасцерай. Заабентасу каля 200 відаў (Нарвежска-Грэнландскі бас. і Баранцава-Карскі шэльф), кіты (паласацік і грэнландскі), млекакормячыя крыяфілы (белы мядзведзь, морж, цюлень) і інш. Рыб 150 відаў, прамысловыя: селядзец, траска, пікша, сайда, мойва і інш. Летам на астравах «птушыныя кірмашы»; гагары, тупікі і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Моры Нарвежска-Грэнландскага бас., Баранцава-Карскага шэльфа і м. Бафіна — раёны рыбалоўства (мойва, мерланг, путасу, траска, марскі акунь, сайда, селядзец), промыслу грэнландскага цюленя, цюленя-лысуна, бялухі і інш. У Белым м. — водараслевы промысел. На ўзбярэжжах некаторых сібірскіх мораў распрацоўваюцца прыбярэжна-марскія касітэрытавыя і залатаносныя россыпы; у Канадскім Арктычным архіпелагу — свінцова-цынкавыя і жалезныя руды; на скандынаўскім узбярэжжы — храміты, нікелевыя, жалезныя і інш. руды; каля берагоў Грэнландыі — малібдэнавыя руды; у м. Бофарта — газанафтавае радовішча Прадха-Бей. Эксплуатуюцца і інш. газанафтавыя радовішчы. На архіпелагу Шпіцберген здабываецца каменны вугаль. Транспартныя шляхі: у Расіі па Паўночным марскім шляху (2—3 летнія месяцы), у ЗША і Канадзе па Паўночна-Заходнім праходзе (пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага). Суднаходныя лініі на Грэнландыю, Ісландыю, Пн Скандынавіі і Шпіцберген у летні перыяд не залежаць ад лядовых умоў. Гал. парты: Мурманск (незамярзаючы), Кандалакша, Беламорск, Архангельск, Дыксан, Тыксі, Певек (Расія), Чэрчыл (Канада), Тромсё і Тронхейм (Нарвегія).
Літ.:
Богданов Ю.А., Каплин П.А., Николаев С.Д. Происхождение и развитие океана. М., 1978;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫЯГРА́ФІЯ (ад гісторыя + ...графія),
1) у шырокім сэнсе — гістарычная навука, гісторыя (такое азначэнне сёння ўжываецца рэдка).
2) Гісторыя гіст. навукі — яе паходжанне і развіццё, барацьба розных школ і кірункаў.
3) Сукупнасць гіст. даследаванняў, аб’яднаных агульнымі рысамі: нацыянальнымі, тэарэтычнымі, тэматычнымі, храналагічнымі (гістарыяграфія ВКЛ, канфесіянальных дачыненняў, запрыгоньвання сялянства і інш.). Гістарыяграфія як навук. дысцыпліна вывучае заканамернасці працэсу назапашвання гіст. ведаў, навук. даследавання жыцця грамадства. Яе асн. аспекты: вывучэнне арганізацыі гіст. навукі (даследуе пытанні падрыхтоўкі кадраў, сістэмы навук. устаноў, функцыянавання архіваў, выдавецкай дзейнасці і інш.); даследчыцкая праблематыка (паказвае развіццё навук. пазнання гіст. мінулага); тэарэт. база даследаванняў; выяўленне ўплыву паліт. сітуацыі на канцэптуальную пазіцыю навукоўца. Вывучэнне гісторыі гіст. навукі адлюстроўвае аб’ектыўныя патрэбы навукі ў пазнанні самой сябе. Такое вывучэнне дае інфармацыю пра шлях, які прайшла гіст. навука, дазваляе ўдакладніць кірункі яе далейшага развіцця.
Першыя звесткі пра падзеі на тэр. Беларусі ў 9—12 ст. змешчаны ў летапісным зводзе «Аповесць мінулых гадоў» (складзены ў пач. 12 ст.) і інш.усх.-слав. летапісах. У 15—17 ст. склалася бел. летапісанне (гл.Летапісы беларуска-літоўскія). Першым гісторыкам ВКЛ лічыцца польскі храніст 16 ст. М.Стрыйкоўскі, які ў сваёй «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (апубл. ў 1582) выкарыстаў разнастайныя дакумент. крыніцы. Першая спроба пабудовы сістэматызаванага курса па гісторыі ВКЛ — «Гісторыя Літвы» (1650—69) А.Віюк-Каяловіча. У 17—18 ст. пытанні гісторыі ВКЛ узнімалі ў сваіх працах Я.Пашкоўскі, С.Растоўскі, Ф.Папроцкі, С.І.Богуш-Сестранцэвіч і інш. Пачынальнік бел. археаграфіі І.І.Грыгаровіч выдаў «Беларускі архіў старажытных грамат» (ч. 1, 1824).
У 19 — пач. 20 ст.дзярж.-прававыя, паліт., эканам., сац. і інш. пытанні гісторыі ВКЛ даследавалі рас., польскія і ўкр. гісторыкі. Рас.афіц. навука (М.Г.Устралаў, І.Дз.Бяляеў, П.Дз.Бранцаў і інш.) зыходзіла з вялікадзярж. поглядаў на Беларусь як на спадчыннае ўладанне рас. манархаў, а на беларусаў — як на частку велікарус. народа. Польскія вучоныя (Т.Чацкі, С.Ліндэ, Л.Галамбёўскі, А.Дамброўскі, А.Нарушэвіч і інш.) абгрунтоўвалі погляды польскай і паланізаванай бел. шляхты на Беларусь як на частку Польшчы, а беларусаў разглядалі як этнагр. групу польск. народа. Супраць такіх поглядаў у 1810—20-я г. выступала група прафесараў Віленскага ун-та (М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, Т.Нарбут, І.Б.Ярашэвіч), якія асвятлялі гісторыю ВКЛ з патрыятычных, літ.-бел. пазіцый, выказваліся за аднаўленне самастойнасці ВКЛ і вяртанне дзярж. статуса старабел. пісьмовай мове. Станаўленне нац. гістарыяграфічнай канцэпцыі звязана з развіццём навук. ведаў пра Беларусь і бел. народ — беларусазнаўствам. Да высноў пра самастойнасць бел. этнасу наблізіўся М.В.Без-Карніловіч. У канцы 1870 — 1-й пал. 1880-х г. істотную ролю ў распрацоўцы нац. канцэпцыі айч. гісторыі адыгралі народнікі (час. «Гомон» і інш.). Завяршальны этап барацьбы за грамадскае прызнанне бел. нацыі і яе права на самавызначэнне звязаны з утварэннем і дзейнасцю ў пач. 20 ст.Беларускай сацыялістычнай грамады, газ.«Наша ніва». Важнай вяхой у станаўленні нац.гіст. навукі стала «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910) В.Ю.Ластоўскага. У сувязі з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) былі выдадзены першыя спец. працы па гісторыі бел. дзяржаўнасці М.В.Доўнар-Запольскага і А.І.Цвікевіча.
Пасля ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР, 1.1.1919) у гістарыяграфіі сав. часу вылучаюцца 4 перыяды. 1919—20-я г. былі пераходнымі ад абмежаванага канцэптуальнага плюралізму да ўсталявання парт.-бальшавіцкіх ацэнак. На першы план выйшла гіст.-рэв. тэматыка, барацьба за ўстанаўленне сав. улады (Д.М.Васілеўскі, І.А.Віткоўскі, З.Х.Жылуновіч, М.І.Каспяровіч, І.Ф.Лочмель, М.В.Мялешка, А.А.Шлюбскі). Значным укладам у развіццё нац. канцэпцыі гістарыяграфіі Беларусі сталі працы У.М.Ігнатоўскага, У.І.Пічэты, Доўнар-Запольскага («Гісторыя Беларусі» апошняга была забаронена да друку і выдадзена толькі ў 1994). У 1930-я — сярэдзіне 1950-х г. у сав. гістарыяграфіі ўстаноўлена поўная манаполія марксісцка-ленінска-сталінскай метадалогіі, спалучанай з мадэрнізаванымі пастулатамі рас. гісторыкаў вялікадзяржаўнікаў 19 — пач. 20 ст. Прыкметным дасягненнем гэтага перыяду былі працы па пытаннях сац.-эканам. развіцця Беларусі, гісторыі рэв. руху (С.Х.Агурскі, А.В.Бурдзейка, Дз.І.Даўгяла, Дз.А.Дудкоў, Т.І.Забела, К.І.Кернажыцкі, М.Майзель, М.А.Поташ) і інш. У 1930—50-я г. ў сістэме сярэдняй адукацыі БССР гісторыя Беларусі як асобны прадмет не вывучалася. У аснову выдадзенай у 1955—58 калектывам аўтараў пад кантролем ЦККПБ 2-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» былі пакладзены ацэнкі «Гісторыі ВКП(б). Кароткі курс». У 2-й пал. 1950-х — 80-я г. ва ўмовах адноснай паліт. «адлігі» ў метадалогіі гіст. навукі адбыліся, па сутнасці, толькі касметычныя змены: выкінуты цытаты са сталінскіх прац і яго імя, але захаваны ранейшыя падыходы і ацэнкі, асабліва ў асвятленні гісторыі паліт. барацьбы ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і гісторыі сав. перыяду; павялічылася выкарыстанне прац К.Маркса і У.І.Леніна, аднак замоўчваліся многія іх прынцыповыя палажэнні і высновы, якія не ўкладваліся ў афіц. канцэпцыю гістарыяграфіі. Істотна пашыралася крыніцазнаўчая і дакумент. асновы гіст. навукі, што дазволіла падрыхтаваць і выдаць значныя працы «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), «Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87) і інш. З’явіліся грунтоўныя даследаванні па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства (Х.Ю.Бейлькін, П.Р.Казлоўскі, Л.П.Ліпінскі, В.І.Мялешка, В.П.Панюціч, Дз.Л.Пахілевіч, М.М.Улашчык, М.Б.Фрыдман, В.У.Чапко), прамысловасці, гарадоў і рабочага класа (З.Е.Абезгаўз, М.Ф.Болбас, М.Р.Матусевіч, А.М.Люты), грамадскай думкі і нац. культуры (С.Х.Александровіч, Я.І.Карнейчык, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, А.С.Майхровіч, А.В.Мальдзіс), рэв. руху (М.В.Біч, Я.І.Бугаёў, А.І.Воранава, Е.П.Лук’янаў, Э.М.Савіцкі, Ц.Е.Саладкоў, К.І.Шабуня), Зах. Беларусі (М.С.Арэхва, П.І.Зялінскі, У.Ф.Ладысеў, А.Л.Мацко, І.В.Палуян, У.А.Палуян) і інш. Шмат увагі аддавалася вывучэнню сав. перыяду: Кастр. рэвалюцыі (У.Р.Івашын, І.М.Ігнаценка, С.З.Пачанін, П.Ц.Петрыкаў, П.А.Селіванаў, М.М.Смалянінаў, М.С.Сташкевіч), індустрыялізацыі і калектывізацыі (К.К.Герман, М.Я.Завалееў, М.І.Злотнік, І.Я.Марчанка, А.М.Сарокін, А.А.Філімонаў), Вял.Айч. вайны на Беларусі (Р.Р.Кручок, А.М.Літвін, Я.С.Паўлаў, А.Ф.Хацкевіч), пасляваен. развіцця эканомікі і культуры (А.П.Белязо, М.П.Касцюк, Л.М.Лыч, У.І.Навіцкі).
Якасна новы перыяд у развіцці бел. гістарыяграфіі пачаўся на пераломе 1980—90-х г. у сувязі са станаўленнем суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь. Ліквідаваны дыктат у гіст. навуцы ідэалаг. структур Кампартыі і марксісцка-ленінскай метадалогіі. У айч. гістарыяграфіі вярталіся забароненыя раней імёны, распрацоўваліся раней закрытыя тэмы, звязаныя са станаўленнем і развіццём бел.нац. руху, абвяшчэннем БНР, паліт. рэпрэсіямі, гісторыяй бел. эміграцыі, занядбаныя раней праблемы дзярж.-паліт. гісторыі бел. народа. Пачата выданне 6-томнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—4, 1993—97), выдадзены «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95). Адраджаецца нац. змест гіст. адукацыі, распрацавана яе канцэпцыя ў сярэдняй школе, выдадзены базавыя праграмы і вучэбныя дапаможнікі па айч. гісторыі, уведзена новая перыядызацыя, узгодненая з перыядызацыяй усеаг. гісторыі, перабудоўваецца навучанне на гіст. ф-тах ВНУ і інш. Пэўны ўклад у гіст. навуку зрабілі бел. даследчыкі ў эміграцыі, якія вывучалі вытокі дзяржаўнасці бел. народа, нац. характар ВКЛ, развіццё нац. руху і нац.-дзярж. адраджэння ў 20 ст. (БНР, БССР), рэпрэсіі ў 1930-я г. і іх вынікі, этнічныя працэсы пасля 2-й сусв. вайны А.Адамовіч, Я.Варонка, В.Жук-Грышкевіч, Я.Запруднік, А.Калубовіч, І.Касяк, В.Кіпель, М.Лапіцкі, І.Любачка, Я.Найдзюк, В.Пануцэвіч, Я.Садоўскі, Ч.Сіповіч, Я.Станкевіч, В.Тумаш) і інш. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь (27.7.1990) дало пачатак творчым кантактам гісторыкаў, якія працуюць у Беларусі, з гісторыкамі і інш. вучонымі ў эміграцыі, асэнсаванню і выкарыстанню іх спадчыны.
У дасав. перыяд зборам і публікацыяй гіст. крыніц і краязнаўчай працай займаліся Віленская археаграфічная камісія (1864—1915), губ. вучоныя архіўныя камісіі, царк. гісторыка-археал. к-ты, музеі. У 1920—80-я г. даследаванні па айч. гісторыі разгарнуліся ў БДУ, Інбелкульце, Ін-це гісторыі АНБССР (з 1929), Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. У наш час праблемы гісторыі Беларусі распрацоўваюць у Ін-це гісторыі, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, Ін-це філасофіі і права, Ін-це л-ры (усе ў Нац.АН Беларусі), Нац. навукова-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны, на гіст. кафедрах ВНУ, у буйных архівах і музеях Беларусі. Заахвочванню даследаванняў па бел. гістарыяграфіі і публікацыі іх вынікаў садзейнічаюць нац.культ.-навук. цэнтры — Бел.Ін-т Навукі і Мастацтва ў Нью-Йорку (ЗША) і яго філіял у Таронта (Канада), Бел.б-ка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане (Вялікабрытанія) і інш.Гл. таксама Антычнасць, Арабістыка, Асірыялогія, Візанціназнаўства, Гебраістыка, Германістыка, Егіпталогія, Індалогія, Медыявістыка, Новая гісторыя і навейшая гісторыя, Семіталогія, Славяназнаўства, Усходазнаўства і інш.
Літ.:
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—4. М., 1955—66;
Вайнштейн О.Л. Историография средних веков... М.; Л., 1940;
Яго ж. История советской медиевистики, 1917—1966. Л., 1968;
Историография новой и новейшей истории стран Европы и Америки. М., 1968;
Кузнецова Н.А., Кулагина Л.М. Из истории советского востоковедения 1917—1967. М., 1970;
Достижения исторической науки в БССР за 60 лет. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger),
Рэспубліка Нігер (République du Niger), дзяржава ва ўнутранай частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Алжырам і Лівіяй, на У з Чадам, на Пд з Буркіна-Фасо, Бенінам, Нігерыяй, на З з Малі. Пл. 1267 тыс.км². Нас. 9962,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — французская, пашыраны мовы хаўса і джэрма. Сталіца — г.Ніямей. Краіна падзяляецца на 7 дэпартаментаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (18 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Орган заканад. улады — аднапалатны Нар. сход. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт. Урад падсправаздачны перад парламентам.
Прырода. Большая частка Н. — у Сахары. Ў рэльефе пераважаюць выраўнаваныя плато і раўніны выш. 200—500 м. Найб. узвышаная ч. — пласкагор’е Аір (Азбін) выш. ад 700—800 м на З да 2000 м на У (г. Ідукальн-Тагес, 2022 м). На У — пясчаная пустыня Тэнерэ. Карысныя выкапні: уранавыя (па запасах адно з першых месцаў у свеце) і жал. руды, фасфарыты, золата, каменны вугаль, нафта, марганец, медзь і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, на Пд субэкватарыяльны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 25 °C на Пд, ліп. адпаведна 30 і 25 °C. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі каля 100 мм за год, на крайнім Пд і ПдЗ — да 800 мм. На ПдЗ адзіная значная р. Нігер, у пустынях і паўпустынях трапляюцца толькі уэды. На ПдУ частка воз. Чад. 87% тэр. займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты зоны пустынь і паўпустынь з рэдкімі аазісамі, на Пд і ПдЗ участкі тыповых саваннаў з асобнымі дрэвамі акацый і баабабаў. Жывёльны свет у пустыні — дробныя грызуны, ліс фенек, антылопы арыкс і адакс, у саваннах — газелі, гепарды, гіены, шакалы. Шмат птушак. Міждзяржаўны нац. парк Дубль-В (часткі ў Беніне, Буркіна-Фасо і Н.), некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд, уздоўж граніц з Нігерыяй, жывуць хаўса (56% насельніцтва краіны, па мове адносяцца да афразійскай сям’і), на ПдЗ — джэрма і сангаі (разам 22%, мова ўваходзіць у ніла-сахарскую сям’ю). Жывуць таксама туарэгі, кануры, фульбе, маўры і інш. Еўрапейцаў каля 2 тыс., у т. л. 1,2 тыс. французаў. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (80%), ёсць прыхільнікі мясц. вераванняў (на Пд) і хрысціяне (у гарадах). Сярэдні прырост 2,95% (1999). Сярэдняя шчыльн. 7,9 чал. на 1 км², каля палавіны насельніцтва сканцэнтравана ў даліне р. Нігер. У гарадах жыве 13% насельніцтва. У г. Ніямей 600 тыс.ж. (1998). Больш за 50 тыс.ж. у гарадах Зіндэр і Марады. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 6%, кіраванні — 4%.
Гісторыя. Негроідныя плямёны жылі на тэр. Н. з часоў неаліту. Караванны гандаль цераз Сахару спрыяў узнікненню тут шэрагу гарадоў. У сярэднявеччы розныя раёны Н. ўваходзілі ў склад дзяржаў Сангаі (7—16 ст.), Канем-Борну (9—19 ст.) і інш., з пач. 19 ст.Паўд. Н. увайшоў у халіфат Сакота. У канцы 19 ст.тэр. Н. заваявана Францыяй: у 1904—22 «Ваен.тэр. Н.», з 1922 асобная калонія ў складзе Франц.Зах. Афрыкі. Каланізацыя Н. выклікала некалькі ўзбр. выступленняў, найб. з іх — паўстанне туарэгаў у 1914—17. Пасля 2-й сусв. вайны нац.-вызв. рух у Н. ўзначаліла Нігерская прагрэсіўная партыя (НПП, засн. ў 1946), якая складалася з прадстаўнікоў традыц. племянных вярхоў, інтэлігенцыі і чыноўнікаў. У 1946 Н. атрымаў статус заморскага дэпартамента Францыі, у 1957 абвешчаны аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці.
З 18.12.1960 Н. — незалежная дзяржава на чале з лідэрам НПП А.Дыёры. У Н. ўсталяваўся аднапартыйны рэжым, які падтрымліваў сувязі з Францыяй і спрыяў прыватнаму прадпрымальніцтву. Незадаволенасць насельніцтва карупцыяй улад, іх няздольнасцю ліквідаваць вынікі моцнай засухі 1968—74 прывялі да ваен. перавароту 15.4.1974. Улада перайшла да Вышэйшага ваен. савета (BBC) на чале з палкоўнікам С.Кунчэ (1974—87). У канцы 1980-х г. новае кіраўніцтва BBC на чале з А.Сайбу (1987—93) пачало дэмакратызацыю паліт. жыцця Н. У 1990 дазволена стварэнне паліт. партый, у снеж. 1992 прынята дэмакр. канстытуцыя. У сак. 1993 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр партыі Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама» М.Усман. Барацьба ў кіраўніцтве Н. прывяла да ваен. перавароту 27.1.1996. Новая канстытуцыя 1996 значна пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта, а ў ліп. 1996 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр ваенных — І.Б.Майнасара. Пасля забойства Майнасары ў крас. 1999 у выніку няўдалага дзярж. перавароту новым прэзідэнтам Н. ў ліст. 1999 выбраны Т.Мамаду.
Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама», Альянс за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. Н. — эканамічна слабаразвітая краіна з адсталай эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 670 дол. (1997). Сельская гаспадарка дае 40% ВУП, прам-сць — 18%, абслуговыя галіны — 42%. Пасля заваявання незалежнасці разам з прыцягненнем замежнага і нац. прыватнага капіталу ўрад імкнецца расшырыць дзярж. сектар. У сельскай гаспадарцы гал. ролю адыгрывае папарнае матычнае земляробства. Пад ворывам каля 3,8 млн.га, пад пашай каля 8,9 млн.га. Арашаецца 66 тыс.га у даліне р. Нігер і асобных раёнах на Пд краіны. Гал. земляробчы раён — ПдЗ і Пд. У земляробстве захавалася абшчыннае землеўладанне. Дробныя натуральныя і паўнатуральныя сял. гаспадаркі даюць гал. частку с.-г. прадукцыі. У даліне р. Нігер складваюцца таварныя гаспадаркі экспартнага кірунку. Гал.харч. культуры — проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, батат, бабовыя, агародніна. На экспарт ідзе частка арахісу і бавоўны. Сярэднегадавы ўраджай (тыс.т): збожжавых — 1600, арахісу — 190—312, бавоўны — 4—10, агародніны — каля 80. Жывёлагадоўля качавая і паўкачавая. Пад пашу выкарыстоўваюцца паўпустыні і саванны на Пд краіны. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 6,15, коз і авечак больш за 6, вярблюдаў 0,3. Птушкагадоўля (20 млн. курэй). Рыбалоўства ў воз. Чад і р. Нігер (каля 20 тыс.т штогод). Збор гуміарабіку (на ПдУ). Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі горназдабыўной, апрацоўчай і буд. галін. У 1996 атрымана 170 млн.кВт∙гадз электраэнергіі, 195 млн.кВт∙гадз імпартавана з Нігерыі. Электрастанцыі працуюць пераважна на драўніне (85%). Гал. экспартная галіна — горназдабыўная прам-сць. Н. — адзін з вядучых вытворцаў уранавай сыравіны. Здабыча уранавых руд вядзецца ў Аіры (цэнтр здабычы г. Арлі) кампаніямі з пераважнай доляй капіталу з Францыі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Працуюць 2 з-ды па вытв-сці уранавага канцэнтрату магутнасцю 2 тыс.т за год кожны. Вядзецца невял. здабыча каменнага вугалю (каля 170 тыс.т у год), фасфарытаў, кухоннай солі. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі харч., тэкст., гарбарна-абутковай галін, вытв-сцю буд. матэрыялаў, хім. і фармацэўтычнай прадукцыі. Прадпрыемствы харч. прам-сці: 3 з-ды па атрыманні арахісавага алею, мукамольны, малаказавод, бойня-халадзільнік і піўзавод у г. Ніямей, млын і цэх безалкагольных напіткаў у г. Зіндэр. Тэкст.прам-сць: 5 бавоўнаачышчальных, тэкст., прадзільна-ткацкая ф-кі. Прадпрыемствы па апрацоўцы скур, абутковае прадпрыемства канцэрна «Баця» (1,25 млн. пар абутку за год). Вядзецца зборка кузаваў і прычэпаў для аўтамашын, вытв-сць мэблі, дробнага с.-г. інвентару і інш. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці цэглы і цэменту, керамічных і мармуровых плітак. У г. Ніямей фармпрадпрыемства і мылаварна-парфумерная ф-ка і інш. Развіты рамёствы: саматужны выраб біжутэрыі, упрыгожанняў з золата і серабра, тканін, скураных вырабаў, адзення, абутку, ганчарная вытв-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 41,6 тыс. аўтамашын (1998). Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. 798 км з цвёрдым пакрыццём. Рака Нігер суднаходная ніжэй г. Ніямей. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. каля гарадоў Ніямей і Агадэс. У 1997 экспарт склаў 267 млн.дол., імпарт 295 млн. долараў. Н. экспартуе уранавы канцэнтрат (50% па кошце), жывёлу і прадукцыю жывёлагадоўлі (20%), бабовыя, агародніну; імпартуе харч. і спажывецкія тавары, трансп. сродкі, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады больш за 50% экспарту і імпарту), Канада, Нігерыя, Японія, Бельгія і інш. Знешні доўг 1,6 млрд.дол. (1998). Краіна атрымлівае дапамогу міжнар. арг-цый і асобных краін (найб. Францыі). Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Архітэктура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд.-зах. раёнах пашыраны саламяныя хаціны, на У — глінабітныя або складзеныя з камянёў дамы з травяным дахам. Гліняныя зернясховішчы ў форме круглай пасудзіны з адтулінай зверху да 3 м вышыні. На Пн качавое насельніцтва (туарэгі, фульбе) жыве ў шатрах, накрытых скурамі. У горадзе будуюць жылыя дамы і мячэці з банка (сумесь гліны з саломай). Жылыя дамы ў Зіндэры, Тахуа і інш. прамавугольныя ў плане, з несапраўднымі купаламі з пальмавых ствалоў або двухсхільным чаротавым пакрыццём (вільчак апіраецца на гліняны слуп унутры будынка), маюць прамавугольныя парталы з рэльефным арнаментам і зубцамі па вуглах. Мячэці складаюцца з вял. шматслупавой залы з плоскім земляным пакрыццём на драўляных бэльках і мінарэта ў выглядзе ўсечанай піраміды, у якой знадворку тырчаць канцы драўляных гарыз. сувязей. Новыя кварталы г. Ніямей і інш. гарадоў забудоўваюцца паводле сучаснага еўрап. тыпу. У раёне Ніямея і ў абласцях, населеных хауса, вырабляюць ціснёныя скураныя вырабы з яркай афарбоўкай — сумкі, сёдлы, абутак, пасудзіны, каралі. Пашыраны кавальства, ювелірная справа, пляценне. Вырабляюцца нажы з бронзавай і сярэбранай інкрустацыяй, сярэбраныя бранзалеты і падвескі, конская вупраж. Сярод ганчарных вырабаў пашыраны пасудзіны з выцісненым і размаляваным арнаментам. Вырабляюць ярка афарбаваныя тканіны (пераважна чырвонага, белага, блакітнага колераў), пасудзіны з гарбузоў (калебасы) з разным і выпаленым арнаментам.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя).
Герб і сцяг Нігера.Да арт.Нігер. Мячэць у Агадэсе. 16 ст.Да арт.Нігер. Тыповы ландшафт пустыннай саванны на поўдні краіны.Да арт.Нігер. Уранавы руднік у Арлі.Да арт.Нігер. Зернясховішчы.Да арт.Нігер. Жаночая сумка.