РАСЛІ́ННАСЦЬ,

сукупнасць расл. згуртаванняў (фітацэнозаў) Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Характарызуецца колькасцю і спалучэннем відаў, наяўнасцю розных жыццёвых форм раслін, іх прасторавай структурай і дынамікай. Пакрывае амаль усю паверхню мацерыкоў (акрамя ледзяных пустынь унутр. тэр. Антарктыды, Грэнландыі, самых высокіх раёнаў горных масіваў і сухіх пустынь), знаходзіцца ў акіянах і інш. вадаёмах. Утварае важны кампанент біясферы (фітасферу), звязана з асаблівасцямі клімату, воднага рэжыму, глебы, рэльефу, а таксама з жывёльным светам, разам з якім фарміруе розныя біягеацэнозы. Адыгрывае найважн. ролю ў першасным сінтэзе арган. рэчыва і кругавароце рэчываў. Размеркаванне Р. мае пераважна занальны характар і звязана з кліматычнымі паясамі (асабліва на раўнінах, а ў гарах выяўляецца верт. пояснасцю). У розных класіфікацыях адрозніваюць Р. водную, мезафітную, ксерафітную, галафітную, або драўнінную, травяністую, кустовую, хмызняковую. Асн. класіфікацыйныя адзінкі — асацыяцыя, фармацыя, тып. Некалькі дзесяткаў тыпаў Р. сушы характарызуюць самыя буйныя біёмы: тундру, лясны (тайга, трапічныя лясы і інш.), саванну, стэп, пустыню і інш. На Беларусі прыроднае расліннае покрыва займае 67,2% тэр., якая адносіцца да 2 буйных батаніка-геагр. абласцей — Еўрапейскай таежнай хвойна-лясной (барэальнай) і Еўрапейскай шыракаліста-лясной (немаральнай). Пашырана Р. лясная (35,6%), лугавая (17,1%), балотная (12,2%) і хмызняковая (2,3%). Асобны тып утварае водная Р. — макрафіты. Паводле прыродна-кліматычных умоў вылучаюць 3 геабат. падзоны: дубова-цемнахвойныя лясы (Паўночная), грабава-дубова-цемнахвойныя лясы (Цэнтральная) і шыракаліста-хваёвыя лясы (Паўднёвая). На Р. адмоўна ўплываюць гасп. дзейнасць чалавека, тэхнагеннае забруджванне прыродных экасістэм, змены экалагічных умоў, таму яна патрабуе рацыянальнага выкарыстання, пастаяннай аховы і аднаўлення. Вывучае Р. геабатаніка, фітацэналогія і экалогія. Гл. таксама Геабатанічнае раянаванне і іл. да яго, Расліны, Флора.

Дз.​С.​Голад.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ІНФАРМА́ТЫКА,

кірунак у гістарычнай навуцы, у аснове якога ляжаць фармалізацыя і камп’ютэрная апрацоўка гіст. крыніц, распрацоўка і выкананне новых інфарм. тэхналогій гіст. даследавання, стварэнне камп’ютэрных праграм навучання па гісторыі. З’яўленне гістарычнай інфарматыкі ў 2-й пал. 20 ст. звязана з інтэнсіфікацыяй і ўзаемапранікненнем навук. дысцыплін, у выніку чаго ў іх сумежных галінах узнікаюць новыя навук. кірункі. Найважнейшае ў гэтым працэсе — выкарыстанне колькасных ці матэм. метадаў (шматмернага статыстычнага аналізу, кантэнт-аналізу, мадэліравання і інш.) у розных галінах навук. ведаў, у т. л. ў гісторыі. У сав. квантытатыўнай гісторыі (кліяметрыі) быў выпрацаваны збалансаваны падыход да гэтых метадаў — іх выкарыстанне ў спалучэнні з традыц. метадамі. Патрэбы гіст. крыніцазнаўства і развіццё кліяметрыі абумовілі істотнае пранікненне камп’ютэрных тэхналогій у гіст. навуку. З аднаго боку, з’явілася неабходнасць у т.зв. «камп’ютэрным крыніцазнаўстве» і падрыхтоўцы спецыялістаў-гісторыкаў, здольных працаваць у гэтай галіне без пасрэднікаў, а з другога боку, у кліяметрыі акрэсліліся новыя тэндэнцыі, якія вызначылі яе выхад за ўласныя рамкі (камп’ютэрная апрацоўка ўсёй гіст. інфармацыі, закладзенай у пісьмовых і вобразных крыніцах). У выніку на стыку «камп’ютэрнага крыніцазнаўства», інфарматыкі і квантытатыўнай гісторыі ўзнікла новая міждысцыплінарная галіна, якая ў Асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютэр» краін СНД атрымала назву «гістарычная інфарматыка» (з 1990 выдаецца інфарм. бюлетэнь). Гістарычная інфарматыка мае свой тэарэт. кампанент, уласны апарат паняццяў, базу крыніц і мадэль структуры таго прафесійнага калектыву, які бачыць у гістарычнай інфарматыцы асн. сферу сваёй дзейнасці. Практычныя задачы гістарычнай інфарматыкі: распрацоўка агульных падыходаў да выкарыстання інфарм. тэхналогій, стварэнне спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў гіст. даследаваннях і гіст. адукацыі, у т. л. гіст. баз і банкаў даных (ведаў), камп’ютэрных тэхналогій падачы і аналізу інфармацыі гіст. крыніц рознага характару, інфарм. сетак, мультымедыя праграм і інш. інструментальных сродкаў вывучэння і навучання гісторыі.

Літ.:

Методология истории: Учебное пособие для студентов вузов. Мн., 1996;

Историческая информатика: Уч. пособие. М., 1996.

У.​Н.​Сідарцоў.

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРШ,

музычны жанр. Склаўся ў інстр. музыцы. Яго вызначальныя рысы: дакладны рытм з вострымі пункцірнымі фігурамі і сінкопамі, мелодыка з «фанфарнымі» інтанацыямі, скачкамі, паўторамі гукаў, квадратнасць пабудовы, устойлівы тэмп. Памер пераважна ​2/4, ​4/4.

М. сфарміраваўся ў далёкім мінулым на аснове інстр. сігналаў (гл. Сігнальная музыка), паходнай салдацкай песні, некат. форм танц. музыкі (напр., паланэза). Разнастайнасць характару і зместу М. абумоўлена яго канкрэтным прызначэннем (страявы, жалобны, канцэртны і інш.), сац.-грамадскімі ўмовамі эпохі і традыцыямі нац. муз. культур. М. — адзін з вядучых жанраў духавой музыкі, які садзейнічае арганізацыі руху і стварэнню адзінага эмац. настрою. Сярод ваен. М. вылучаюць страявы (парадны), цырыманіяльны (калонны і фанфарны), паходны, або «хуткі», сустрэчны, пахавальны (жалобны), кожны з якіх мае свае муз.-стылявыя асаблівасці. На ранняй ступені развіцця М. стаў таксама жанрам тэатр., канцэртнай і быт. музыкі. Развіваецца ў пастаяннай сувязі яго прыкладной і «мастацкай» форм.

На Беларусі М. выкарыстоўваецца ў нар. і прафес. муз. практыцы; абавязковы кампанент традыц. вясельнага рытуалу, дзе стварае атмасферу ўсеагульнай радасці і ўрачыстасці. У кожнай мясцовасці ёсць свае традыц. папулярныя маршы, у т. л. рус. ваен. М. «Развітанне славянкі», «Туга па Радзіме», «Егерскі марш», «Парыжскі марш 1814 г.», бел. нар. песня «Бывайце здаровы», польск. застольная песня «Сто год» і інш., розныя па месцы і па часе ўзнікнення. У 2-й пал. 19 ст. да жанру М. звярталіся І.​Глінскі, Я.​Ёдка і інш. М. зрабіў вял. ўплыў на развіццё масавай песні. У 20 ст. М. пісалі бел. кампазітары Р.​Бутвілоўскі, Ю.​Бяльзацкі, Я.​Глебаў, І.​Лучанок, П.​Падкавыраў, Р.​Сурус, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін. М.-парафразы створаны на тэмы песень У.​Алоўнікава, Лучанка, Ю.​Семянякі і інш. М. распрацоўваецца ў бел. сімф., опернай, балетнай, фп. музыцы і інш.

Літ.:

Городецкая 3., Магазинер Л. Типичные черты жанра, композиции и музыкального языка маршей // В помощь военному дирижеру. М., 1955. Вып. 2.

І.​Дз.​Назіна.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сло́ва ‘адзінка мовы, маўлення’, ‘фраза, выказванне’, ‘мова’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб.), сло́во ‘тс’ (ТС, Федар. 4), слові́на ж. р., экспр. ‘тс’ (ТС), сюды ж слове́чно ‘вусна’ (мазыр., Нар. Гом.), ст.-бел. слово ‘адзінка маўлення’, ‘выказванне’, ‘выражэнне волі, загад’, ‘павучэнне’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 75). Укр., рус. сло́во, польск. słowo, в.-луж., н.-луж. słowo ‘слова’, чэш. slovo ‘слова’, sloveso ‘дзеяслоў’, славац. slovo, серб.-харв. сло̏во ‘літара’, славен. slovọ̑ ‘развітанне’, slóvọ ‘літара; слова’, балг. сло́во, макед. слово ‘літара’, ст.-слав. слово, Р. скл. словесе. Прасл. *slovo ‘слова’ (аснова на ‑es). Роднасныя ўсх.-літ. šlavė ‘пашана; ушанаванне, слава’, šlȧvinti ‘славіць, шанаваць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; рэпутацыя; пахвала; слава’, авест. srávah‑ ‘слава, павага; кліч’, грэч. κλέος ‘слава’, ст.-ірл. clù ‘слава’; гл. Траўтман, 368; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Фрэнкель, 1008; Майргофер, 3, 389; Мее, Études, 356–357; Покарны, 606–607. Узводзяць да і.-е. кораня *kʼleu̯os < *kʼleu̯‑ ‘чуць, слухаць’ (Сной₁, 583). У славянскіх мовах звязана чаргаваннем галосных з слава, слыць (гл.). Гл. Фасмер, 3, 673; Глухак, 563; Махэк₂, 557 (падкрэслівае, што ў склад прасл. *slovo уваходзіў семантычны кампанент ‘пашана, слава’, прадстаўлены ў *slověti, *sloviti, ст.-слав. благословити ‘гаварыць, прапаведваць, велічаць, славіць’). Гл. яшчэ Скок, 3, 288–289; Трубачоў, Этимология–1968, 58; Шустар-Шэўц, 1308; Сной₁, 583; Борысь, 559; ЕСУМ, 5, 306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МНАГАМЕ́РНЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае метады вывучэння стат. даных пра аб’екты з некалькімі якаснымі і колькаснымі адзнакамі. Яго задачы — даследаванне структуры сувязей паміж пераменнымі, зніжэнне размернасці характэрных адзнак, пабудова класіфікацый, даследаванне прычынных сувязей. Для выяўлення структуры сувязей паміж рознымі пераменнымі звычайна выкарыстоўваецца матрыца карэляцый. Яе аналіз, які заключаецца ў вылучэнні падмностваў пераменных, што цесна карэліруюць адно за адным, ажыццяўляецца «ўручную» (напр., пры дапамозе графа, які адлюстроўвае найб. істотныя сувязі паміж пераменнымі, або метадамі камп’ютэрнага аналізу (напр., метад гал. кампанент, фактарны аналіз, кластэрны аналіз пераменных). Задачы і метады класіфікацыі, у залежнасці ад умоў, уключаюць: класіфікацыю па зададзеных фармальных крытэрыях, класіфікацыі аўтаматычную і з абучэннем. Класіфікацыя па зададзеных крытэрыях заключаецца ў групоўцы аб’ектаў па адным або некалькіх паказчыках. Класіфікацыя па некалькіх паказчыках наз. перакрыжаванай (лінгвістычнай; напр., полаўзроставая структура насельніцтва). Аўтаматычную класіфікацыю выкарыстоўваюць у выпадках, калі крытэрыі групоўкі невядомыя і адсутнічаюць апрыёрныя ўяўленні аб колькасці і характары класаў. Для яе пабудовы ўжываюць метады кластэрнага аналізу, якія дазваляюць вылучыць групы аб’ектаў, блізкіх адзін аднаму па значэннях пераменных, што вымяраюцца. Класіфікацыя з абучэннем выкарыстоўваецца, калі крытэрыі класіфікацыі невядомыя, але вядомы колькасць класаў і іх тыпалагічныя асаблівасці; такая класіфікацыя ажыццяўляецца некаторымі метадамі кластэрнага аналізу і метадам дыскрымінантнага аналізу. Аналіз стат. прычынных сувязей ажыццяўляецца пры дапамозе дысперсійнага аналізу, а таксама метадамі множнай лінейнай рэгрэсіі, лагістычнай рэгрэсіі, дыскрымінантнага аналізу і інш., якія прадугледжваюць наяўнасць адзінай залежнай пераменнай і не даюць магчымасці даследаваць структуру сувязей паміж незалежнымі пераменнымі (прэдыкатарамі). Структура сувязей паміж прэдыкатарамі можа быць улічана ў мадэлях пуцявога аналізу. Найб. агульным з’яўляецца метад лінейных структурных ураўненняў, што дае магчымасць будаваць складаныя мадэлі з вял. колькасцю залежных і незалежных пераменных, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой; яго прыватнымі формамі з’яўляецца рэгрэсійны, дысперсійны, пуцявы і фактарны аналіз.

Літ.:

Афифи А., Эйзен С. Статистический анализ: Подход с использованием ЭВМ: Пер. с англ. М., 1982;

Айвазян С.А., Енюков И.С., Мешалкин Л.Д. Прикладная статистика: Исслед. зависимостей. М., 1985;

Прикладная статистика: Классификация и снижение размерности: Справ. изд. М., 1989.

В.​В.​Цярэшчанка.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калашма́ціць ’шматаць, кудлачыць, тармасіць’ (ТСБМ), ’моцна тузаць, цягаць, стараючыся разадраць, пашматаць’ (ТСБМ), ’біць, калаціць’ (ТСБМ), калышмаціць ’растрасаць; лахмаціць; валтузіць’ (Яўс.), колошмаціць ’лупцаваць (чым-н.) цвёрдым па тулаву і галаве’ (жытк., Нар. словатв.). Статус слова не вельмі ясны: лінгвагеаграфія ўказвае як быццам на пагранічны да рус. гаворак арэал. Паводле нашых звестак, слова вядома прынамсі ў Мінскай вобласці, што разам з жытк. прыкладам знімае неабходнасць меркаваць аб уплыве рус. гаворак. З адпаведнікаў да бел. слова можна прывесці рус. колошматить ’несці лухту’, што дазваляе меркаваць аб бесперапынным характары распаўсюджання слова ў гэтай зоне. У іншых слав. мовах адпаведнікі да гэтых лексем як быццам адсутнічаюць; што датычыць формы, у рус. мове адзначаны яшчэ колошмачить ’біць, калаціць, калашмаціць’, колошмятить ’тс’. Адносна ўкр. матэрыялу нічога пэўнага сказаць нельга, па гэтай прычыне ўтварэнне можна разглядаць як рэгіянальную рус.-бел. інавацыю. Этымалагічна слова можа ўзыходзіць да колотить, аднак цяжка вытлумачыць наяўную устаўку, якая не нагадвае экспрэсіўныя структуры (экспрэсіўную суфіксацыю, інфіксацыю). Паводле семантычнага крытэрыю цяжка думаць аб суаднесенасці гэтага слова і адзначанага толькі ў бел. мове калашман, калашматы (гл. вышэй). Магчыма, калашмаціць неабходна разглядаць як складанае слова, у якім другую частку можна суаднесці са шматаць. Першая частка можа разглядацца як экспрэсіўны кампанент (аб паходжанні гл. меркаванні пад каламуціць, калатырыць), узмацняючы семантыку зыходнага слова. Аднак поўнаму прыняццю гэтай версіі перашкаджаюць некаторыя недакладнасці словаўтварэння. Рус. наўг. коломшить і валаг. коламяшить семантыка адпавядае бел. калашмаціць. Не выключана, што гэтыя прыклады сведчаць аб магчымасці іншай этымалогіі другой часткі і розных як фармальных (метатэза, збліжэнне з іншымі словамі), так і семантычных працэсах. На жаль, наяўны матэрыял не дазваляе меркаваць аб гэтым з упэўненасцю.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІДЭАЛО́ГІЯ (ад ідэя + ...логія),

сістэма поглядаў і ідэй, у якіх адлюстроўваюцца адносіны людзей да рэчаіснасці. Засн. на веры ў ажыццявімасць сацыяльна значных патрэбнасцей, інтарэсаў і мэт сац. груп, класаў, партый і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін. Уласна І. з’яўляюцца рэлігія і філасофія, якія зыходзяць з ідэалізаванага, бясконцага быцця і небыцця; ідэалаг. кампаненты прысутнічаюць у эканам., паліт., эстэт. і інш. поглядах. Тэрмін «І.» ўвёў у навук. ўжытак франц. філосаф і эканаміст А.​Дэсцют дэ Трасі («Элементы ідэалогіі», т. 1—4, 1801—15) для абазначэння навукі аб ідэях як асновы этыкі, маралі і палітыкі. Пазней пад І. сталі разумець не вучэнне пра ідэі, а самі ідэі, погляды, вучэнні, якія валодаюць спецыфічнымі прыкметамі. К.​Маркс і Ф.​Энгельс разглядалі І. як гістарычна зменлівыя погляды, адносілі да іх рэліг. і ідэаліст. вучэнні, сваё філас.-сац. вучэнне. У.​І.​Ленін увёў паняцце навук. І. для характарыстыкі марксізму. Прыхільнікі канцэпцыі дэідэалагізацыі (Р.​Арон, Д.​Бел і інш.) разглядалі І. як суб’ектыўна-прадузятае і адпаведна ненавук. адлюстраванне інтарэсаў розных сац. груп. Прадстаўнікі тэорыі рэідэалагізацыі (Э.​Вінер, О.​Лемберг і інш.) разглядаюць І. як сістэму ідэй, што вызначаюць каштоўнасці цывілізацыі, якія не паддаюцца рацыянальнаму, а значыць, навук. абгрунтаванню. Прыхільнікі канцэпцыі «контркультуры» (Ч.​Рэйч, Т.​Розак) звязвалі І. з праяўленнем ірацыянальных форм свядомасці. Прадстаўнікі «крытычнага рацыяналізму» (Г.​Альберт, Т.​Гайгер) атаясамлівалі І. з каштоўнаснымі суджэннямі і проціпастаўлялі яе «навук. суджэнням аб фактах».

Процістаянне ідэалаг. плыней вядома са старажытнасці. Новай з’явай стала паступовае фарміраванне (з 17 ст.) буйных паліт.-ідэалагічных плыней, якія афармляліся ў вучэнні, паліт. партыі, рухі (кансерватызм, лібералізм, утапічны сацыялізм, марксізм, анархізм, фашызм, народніцтва, сацыял-дэмакратыя і інш.). Характэрнай сучаснай з’явай стала абнаўленне традыц. І., з’яўленне іх некласічных форм: неамарксізму, неалібералізму, неакансерватызму і інш.

І. — кампанент грамадскай свядомасці, аб’ектыўная магчымасць існавання ў грамадстве розных І. Кожная І. прадпісвае сваім прыхільнікам, як трэба безумоўна ўспрымаць свет; у сапраўднасці існуе столькі вераванняў, колькі і «ісцін веры», ні адна з якіх не мае пераваг перад іншай з пункту гледжання аб’ектыўнай рэальнасці. І. здольныя аб’яднаць, мабілізаваць дзеянні сваіх прыхільнікаў, але яны здольныя і раз’ядноўваць людзей, якія прытрымліваюцца розных ідэалаг. поглядаў, ствараць паміж імі канфрантацыю (рэліг. войны, нац. канфлікты). Дэмакр. дзяржава гарантуе розныя светапогляды, у т. л. ідэалаг. плюралізм. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адзначаецца, што дэмакратыя ў краіне ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці паліт. ін-таў, 1. і поглядаў, a І. паліт. партый, рэліг. або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

Г.​А.​Антанюк.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ ВЯЛІ́КІХ ПАЎША́Р’ЯЎ галаўнога мозга,

верхні слой шэрага рэчыва на бакавой і медыяльнай паверхні і на аснове паўшар’яў галаўнога мозга чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл; найвышэйшы аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы. Складаецца з нерв. клетак (нейронаў, каля 10 млрд.), іх адросткаў (нерв. валокнаў) і прамежкавай тканкі (нейрагліі). Таўшчыня кары на розных участках паўшар’яў ад 1,3 да 5 мм; плошча паверхні ў чалавека да 0,22 м².

На паверхні кары — барозны і звіліны. Асн. 3 баразны: цэнтр., латэральная і цемянна-патылічная. Барозны падзяляюць паўшар’і на лобную, цемянную, сківічную і патылічную долі; вылучаюць таксама 5-ю астраўковую долю. Нерв. клеткі кары маюць розную форму (зорчатыя, верацёнападобныя, павукападобныя, гарызантальныя, пірамідныя), велічыню (шыр. 5—50 мкм, даўж. 10—130 мкм), колькасць і даўжыню адросткаў; на розных яе ўзроўнях групуюцца ў пласцінкі або слаі. Найб. тыповыя гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца), размешчаныя ў 5-м слоі пярэдняй цэнтр. звіліны. Ад кожнага цела гэтых клетак адыходзяць кароткія адросткі — дэндрыты і адзін доўгі нейрыт (аксон), які дае пачатак рухальным праводным шляхам. Адросткі нерв. клетак ідуць у глыбіню мозга і ўтвараюць яго нервова-валакністы кампанент — белае рэчыва, валокны якога па даўжыні, сувязях і функцыі падзяляюцца на злучальныя (асацыяцыйныя. звязваюць асобныя ўчасткі кары аднаго паўшар’я), спаечныя (камісуральныя, аб’ядноўваюць кару розных паўшар’яў), праекцыйныя (правадніковыя, звязваюць кару паўшар’яў з ядрамі ніжэйшых аддзелаў цэнтр. нерв. сістэм — з падкоркавымі ядрамі, ствалавой ч. галаўнога мозга і ядрамі спіннога мозга). Самая стараж. ч. кары — палеакортэкс, складаецца з адной пласцінкі клетак, займае 0,6% ад пл. кары; уласна старая кара, або архікортэкс — з 2—3 слаёў (2,2% ад пл. кары), новая кара ці неакортэкс — з 6 пласцінак (95,6% плошчы). Паміж новай і старой карой ёсць прамежкавая, або мезакортэкс, з 4—5 пласцінак (1,6% плошчы). У залежнасці ад будовы нерв. клетак, іх прасторавых суадносін і лакалізацыі функцый у кары паўшар’яў вылучаны 52 палі — мазгавыя цэнтры (коркавыя ядры), месцы вышэйшага аналізу і сінтэзу нерв. імпульсаў. У архітэктоніку (слаістую будову) таксама ўключаюць міэла-, ангія- і гліяархітэктоніку. Лакалізацыя функцый (прывязка да палёў) адносная, чым тлумачыцца магчымасць частковай кампенсацыі страчаных функцый. Пры парушэннях участкаў кары сімптомы раздражнення яе аддзелаў выяўляюцца прыпадкамі: лакалізаванымі сутаргавымі (маторнымі), бяссутаргавымі (сенсорнымі, вегетатыўна-вісцэральнымі, з псіхапаталаг. выявамі) ці паліморфнымі. Сімптомы выпадзення (выключэнне функцый) аддзелаў кары могуць суправаджацца парэзамі (паралічамі), расстройствамі органаў пачуццяў, мовы, псіхікі. Дыфузнае пашкоджанне кары ў дародавы або ранні дзіцячы перыяд прыводзіць да затрымкі псіхамоўнага развіцця ці алігафрэніі, у больш позні час — да дэменцыі (прыдуркаватасці).

Літ.:

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;

Шаде Дж., Форд Д. Основы неврологии: Пер. с англ. М., 1976.

Г.​Г.​Шанько.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕС,

прыродны комплекс згуртаванняў лясных раслін і жывёл з пэўным геагр. асяроддзем; адзін з асн. тыпаў расліннага покрыва Зямлі. Узнаўляльны прыродны рэсурс, які забяспечвае ўстойлівасць біясферы. Важны кампанент геагр. ландшафтаў. Складаецца з сукупнасці дрэвавых, кустовых і травяністых раслін, дзе гал. роля належыць дрэвам. Пашыраны на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды). Займае больш за 27% сушы. Біямаса Л. — 90% наземнай біямасы. Л. вывучае лесазнаўства, лесаводства і інш.

Структура Л. залежыць ад фіз.-геагр. умоў асяроддзя, відавога складу і біял. асаблівасцей раслін (гл. Біягеацэноз). Для Л. характэрна ярусная будова. Звычайна вылучаюць дрэвавыя ярусы (дрэвастой), ярус кустовага падлеску, кусцікавае, паўкусцікавае і травяністае покрыва, ярус імхоў і лішайнікаў, пазаярусныя расліны (ліяны, эпіфітныя расліны на ствалах і ў кронах дрэў). У залежнасці ад складу, умоў і асаблівасцей развіцця вылучаюць вечназялёныя лясы (вільготныя трапічныя, мангравыя, хвойныя; гл. адпаведныя арт.), лістападныя лясы (дробна- і шыракалістыя, мусонныя, саванныя і інш.). Паводле тыпу аднаўлення адрозніваюць насенныя і парасткавыя, паводле паходжання — натуральныя і штучнаствораныя, паводле гісторыі фарміравання — карэнныя і другасныя, па складзе парод — чыстыя і мяшаныя. Л. уздзейнічае на працэсы глебаўтварэння, клімат, кругаварот вільгаці, з’яўляецца адным з планетарных акумулятараў жывога рэчыва ў біясферы; актыўна ўзаемадзейнічае з трапасферай і вызначае ўзровень кіслароднага і вугляроднага абмену. Выконвае водаахоўную, глебаахоўную, рэкрэацыйную і інш. функцыі. Выключная роля Л. ў экалагічнай раўнавазе біясферы, захаванні генет. разнастайнасці раслін і жывёл, як крыніц рэсурсаў для розных галін прам-сці, сельскай гаспадаркі і інш. робяць неабходнымі мерапрыемствы па ахове лясоў, аднаўленні лясоў, лесаразеядзенні.

На Беларусі агульная пл. Л. 8,68 млн. га (1997), лесаўкрытая (без прагалін, высечак, гараў) 7 млн. га, або 35,4% тэр. краіны. Лясістасць асобных раёнаў ад 10 (Нясвіжскі) да 60% (Лельчыцкі). Найб. лясныя масівы на раўнінах (напр., Цэнтральнабярэзінскай) і нізінах (Полацкай, Верхнебярэзінскай, Верхнянёманскай), у Прыпяцкім і Мазырскім Палессі. Растуць 28 абарыгенных відаў дрэў і каля 80 відаў кустоў, паўкустоў і кусцікаў. Асн. лесаўтваральныя пароды — хвоя, елка, дуб чарэшчаты, бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вольхі чорная і шэрая, ясень, граб, клён вастралісты і ліпа драбналістая. У поймах рэк і на забалочаных глебах участкі таполі белай і чорнай, зараснікі вярбы, бярозы нізкай. Тыповыя Л.: хвойныя (хваёвыя лясы, яловыя лясы), шыракалістыя (грабавыя лясы, дубовыя лясы, ясянёвыя лясы), драбналістыя вытворныя (асінавыя лясы, бярозавыя лясы, шэраальховыя лясы), карэнныя лісцевыя балотныя (пушыстабярозавыя лясы, чорнаальховыя лясы). Пераважаюць хваёвыя Л., яловых менш па Пд (на Палессі трапляюцца рэдка), дубовых — на Пн. У паўн. ч. рэспублікі ўсх.-еўрап. Л. паўднёватаежнага тыпу, у асн. яловыя цемнахвойныя, у паўд. ч. пашыраны шыракалістыя Л. зах.-еўрап. тыпу, у цэнтр. ч. — тыя і другія. Занальнае змяненне Л. пакладзена ў аснову геабатанічнага раянавання.

Літ.:

Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности Белоруссии. Мн., 1965;

Морозов Г.Ф. Избр. труды. Т. 1—2. М., 1970—71;

Мелехов И.С. Лесоведение. М., 1980;

Лесная энциклопедия. Т. 1—2. М., 1985—86.

А.​В.​Пугачэўскі.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́ВІЧ (сапр. Дунаеў) Еўсцігней Афінагенавіч

(10.8.1878, С.-Пецярбург — 16.2.1952),

бел. драматург, рэжысёр, педагог, адзін са стваральнікаў бел. т-ра. Нар. арт. Беларусі (1940). Праф. (1945). Скончыў школу малявання пры Акадэміі мастацтваў і курсы Пецярбургскага гуртка аматараў драм. мастацтва імя Волкава. Прафесійную сцэн. дзейнасць пачаў у 1900 у Пецярбургу як акцёр і рэжысёр. З 1919 працаваў на Беларусі. Акцёр і рэжысёр Мінскага гарнізоннага т-ра (1919), Т-ра рэв. сатыры («Тэрэўсат», 1921), рус. т-ра «Шануар» (1922). Маст. кіраўнік Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1921—31, у 1941—45 рэж.), Гомельскага ТРАМа (з 1932), Гомельскага калгасна-саўгаснага (з 1935) і Бел. юнага гледача (1937—40) т-раў, Рэсп. тэатр. вучылішча (1938—41). З 1945 маст. кіраўнік і заг. кафедры майстэрства акцёра Бел. тэатр. ін-та. З 1904 выступаў як драматург. Першыя п’есы «Алекуны» (нап. 1904), «Гнілыя ўстоі» (нап. 1905), «Сучасны вампір» («Жах часу») і «Ноч мільянера» (абедзве нап. 1906, забаронены царскай цэнзурай). З дакастр. п’ес і сатыр. сцэнічных мініяцюр папулярнасцю карысталіся «Графіня Эльвіра», «Тэатр купца Япішкіна» (паст. Бел. тэлебачаннем 1978, Т-рам-студыяй кінаакцёра 1993), «Вова прыстасаваўся», «Крутавертаў і сын». Некаторыя персанажы гэтых п’ес сталі назыўнымі. У п’есах «Машэка» (першая п’еса на бел. мове, пач. назва «У часы даўнейшыя», паст. 1923) і «Каваль-ваявода» (паст. 1925) шырока выкарыстаў фалькл. сюжэты, традыцыі бел. нар. драмы. Драм. творы М. вызначаліся жанрава-тэматычнай шырынёй, сцэнічнасцю, глыбінёй пранікнення ў псіхалогію герояў. Укладам у развіццё сатыр. жанраў бел. л-ры з’явілася яго камедыя «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (паст. 1925). П’еса «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1923, экранізавана 1928) — першая спроба стварэння гіст. драмы на Беларусі. У драме «Перамога» (паст. 1926) упершыню ў сав. драматургіі выкарыстаў «кінематаграфічныя» кампазіцыйныя элементы. Паслядоўнік вучэння К.​Станіслаўскага, рэжысёр высокай тэатр. культуры, М. узбагаціў бел. сцэну лепшымі традыцыямі сусв. і рус. рэаліст. мастацтва. Гал. прынцып рэжысуры — творча асэнсаваная і ўвасобленая на сцэне жыццёвая праўда, дакладная распрацоўка псіхалогіі характараў, стварэнне сцэн. твора ў суладдзі з аўтарскай канцэпцыяй, логікай паводзін персанажаў, ансамблевасць выканання. Шырока апіраўся на нар. традыцыі, выкарыстоўваючы элементы фальклору і этнаграфіі як вобразны кампанент спектакля, сродак вобразнага ўздзеяння на гледача. Шмат увагі аддаваў распрацоўцы нар. масавых сцэн. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне бел. нац. акцёрскай школы і рэжысуры. Сярод пастановак: «На Купалле» М.​Чарота (1921), «Пасланец» Л.​Родзевіча, «Вучань д’ябла» Б.​Шоу (абодва 1922), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1924), «Змрок» В.​Шашалевіча, «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава (абодва 1927), «Гута» Р.​Кобеца (1930), «Гадзіншчык і курыца» І.​Качаргі (1935), «Даходнае месца» А.​Астроўскага (1936), «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (1939) і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Праз усё жыццё» (1978). У 1998 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы пастаўлена п’еса «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» паводле твораў М., створаных для «Інтымнага тэатра», якім ён кіраваў у Пецярбургу.

Тв.:

П’есы. Мн., 1957.

Літ.:

Пятровіч С.А. Еўсцігней Міровіч. 2 выд. Мн., 1978.

С.​С.​Лаўшук, К.​Б.​Кузняцова (тэатр).

Е.А.Міровіч.

т. 10, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)