у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 25 км на З ад г. Рэчыца. Адкрыта ў 1979, распрацоўваецца з 1980. Паклады нафты пл. каля 6 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2900—3900 м. Пароды калектары — трэшчынавата-кавернозна-порыстыя даламіты і вапнякі. Нафта высокапарафінавая, маласмалістая, маласярністая, лёгкая, малавязкая з удзельнай вагой 0,87 г/см³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСГЕНІТАЛІ́ЗМ (ад дыс... + лац. genitalis дзетародны, палавы),
агульная назва парушэнняў развіцця палавых органаў, пры якіх яны маюць празмерна вял. ці малыя памеры. Д. можа мець дачыненне да розных аддзелаў палавых органаў, аднак у плане сексуальных узаемаадносін вядучую ролю адыгрываюць змяненні формы і памераў геніталій (палавога члена, вульвы, похвы, шыйкі маткі), дзе ёсць эрагенныя зоны. Д. адрозніваюць ад набытых змяненняў формы і велічыні палавых органаў у выніку мех. пашкоджанняў, запаленчых, сасудзістых і інш. захворванняў, пухлін, парушэнняў лімфаадтоку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАБАКТЭ́РЫІ мікраарганізмы, здольныя акісляць закісныя злучэнні жалеза ў вокісныя. Адрозніваюць тыповыя аўтатрофы (выкарыстоўваюць вызваленую энергію на засваенне вугляроду з вуглякіслага газу ў працэсе хемасінтэзу) і гетэратрофы, у якіх акісленне жалеза з’яўляецца пабочнай рэакцыяй. Аўтатрофы акісляюць таксама серу і маюць першараднае значэнне ў фарміраванні зоны сернакіслага выветрывання сульфідных руд. Некаторыя гетэратрофныя Ж. спрыяюць утварэнню балотных руд, забруджваюць вадасцёкі, парушаюць водазабеспячэнне. Ж. засяляюць вадаёмы, маюць вял. значэнне ў кругавароце жалеза ў прыродзе. На дне вадаёмаў адкладаюць вокіслы марганцу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-МАЛАДУ́ШЫНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 25 км на ПдЗ ад г. Рэчыца. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1989, распрацоўваецца з 1990. Паклады нафты пл. каля 1,9 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Маладушынскай тэктанічнай зоны. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 2313—3690 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя даламіты і вапнякі. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, маласмалістая, сярэднепарафінавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНО́К (Mustela sibirica),
млекакормячае сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Азіі і Усх. Еўропе. Насяляе тайгу і лесастэп, пераважна каля рэк і азёр, у гарах падымаецца да альпійскай зоны. Жыве ў норах або сярод камянёў.
Даўж. цела да 40 см, хваста каля 20 см, маса да 820 г. Прыземісты, гібкі. Поўсць густая, пушыстая, светла-рыжая, губы і падбародак белыя, каля вачэй чорная маска. Корміцца дробнымі грызунамі. Каштоўны пушны звярок (выкарыстоўваецца футра, з валасоў хваста робяць пэндзлі для жывапісу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ДЗВІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Надзвін. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1972, распрацоўваецца з 1980. Паклады нафты пл. 7,2 км² прымеркаваны да дэвонскіх адкладаў ( у іх разрэзе 2 саляносныя, падсалявыя і надсалявыя тоўшчы) на ПнУ Прыпяцкага прагіну, у межах Маладушынскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаносных пластоў 2915—2939 м. Пароды-калектары — трэшчынна-порава-кавернавыя вапнякі і даламіты. Разведаныя запасы нафты 2,7 млн.т. Нафта маласярністая, смалістая, парафінавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫ АКІЯ́Н,
умоўная назва паўд. частак Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў, якія прылягаюць да Антарктыды. Вылучаны ў 1650 нідэрландскім географам Б.Варэніусам. Да 1925 мяжой П.а. была прынята шырата Паўд. палярнага круга. Пасля мяжу праводзілі ад 35°паўд. ш. (паводле прыкметы цыркуляцыі вады і атмасферы) да 60°паўд. ш. (паводле характару рэльефу дна). У сав. Атласе Антарктыкі (т. 2, 1969) мяжа П.а. адзначана каля 55°паўд. ш. (паўн. мяжа зоны антарктычнай канвергенцыі). На сучасных картах і атласах П.а. не вылучаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЭНЦІ́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША (Lawrentian Upland). На ПнУПаўн. Амерыкі, у Канадзе і часткова ў ЗША. Мяжуе на ПдУ з Апалачскімі ўзв., на Пд з Цэнтральнымі раўнінамі, на ПдЗ з Вялікімі раўнінамі, на З з нізінай Макензі, на Пн з нізінай Гудзонава заліва. На Пн і ПнУ абмываецца Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі. Пл. каля 5 млн.км². Азёрна-ўзгорысты рэльеф. Пераважаюць выш. 200—400 м; усх.ч. (п-аў Лабрадор) больш прыўзнятая (600—700 м); на паўн.-ўсх. узбярэжжы — горы Торнгат (выш. да 1676 м). Л.ў. складзена з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў, дыярытаў. Радовішчы нікелю (Садберы), жалезных і медных руд, золата, урану і інш. Захаваліся паясы друмлінаў і озавыя грады. Густая рачная сетка, шматлікія азёры. Клімат умераны і субарктычны. Зіма працяглая са снегападамі, лета кароткае халоднае. Шматгадовая мерзлата. З Пн на Пд змяняюцца зоны тундры, лесатундры і тайгі. Для тундравай зоны (паўн. трэцяя ч.) характэрны мохава-лішайнікавыя, асаковыя, хмызняковыя (карлікавая бяроза, багульнік і інш.) раслінныя асацыяцыі на тундра-глеевых і балотных глебах. Лесатундра з рэдкастойнымі лясамі з чорнай елкі, бальзамічнай піхты і інш. Пашырана лістоўніца. На Пд таежныя хвойныя лясы. Жывёльны свет тундры: паўн. алень (карыбу), пясец, лемінг, палярны воўк, палярная курапатка, палярная сава; у тайзе — лось, лясны алень, чорны мядзведзь, куніца, скунс, бобр, норка, андатра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ БІ́ТВА 1944,
баі 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. З канца снеж. 1943, калі фронт наблізіўся да паўн. граніцы зоны, немцы імкнуліся адцясніць партызан ад дарогі Віцебск—Лепель—Параф’янава, якая звязвала 3-ю ням.танк. армію з тылам. Не дасягнуўшы поспеху да лютага 1944, захопнікі арганізавалі карныя аперацыі «Веснавое свята» і «Лівень» для правядзення якіх сабралі 12 палкоў СС і паліцыі, 5 пяхотных, часці авіяпалявой, ахоўнай і запасной дывізій, асобны батальён Дырлевангера, танк. полк, брыгаду Камінскага (каля 60 тыс.чал.), 137 танкаў, 235 гармат, 2 бронепаязды, каля 70 самалётаў. 11 крас. карнікі пачалі наступленне. Але партызаны ўтрымлівалі пазіцыі, авіяцыя 1-га Прыбалт. фронту бамбіла скопішчы ням. войск, пераправіла партызанам больш за 250 т грузаў, вывезла каля 1500 параненых і хворых; вайск. часці фронту баямі мясц. значэння адцягвалі ўвагу карнікаў. Калі гітлераўцы ўсё ж звузілі кола акружэння, партызаны 5 мая пайшлі на прарыў, у выніку якога з блакады было выведзена каля 15 тыс.мясц. жыхароў. За 25 дзён баёў партызаны моцна знясілілі варожую групоўку, прычынілі ёй вял. страты (забіта 8,3 тыс. салдат і афіцэраў). У баях супраць карнікаў загінулі камбрыгі У.У.Гіль-Радзіёнаў, А.Ф.Данукалаў, П.М.Раманаў, Дз.Ц.Караленка. У гонар подзвігу партызан паблізу г.п. Ушачы створаны мемар. комплекс «Прарыў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ЗІЯ (ад лац. abrasio саскрабанне),
разбурэнне хвалямі і прыбоем берагоў акіянаў, мораў, азёраў, вадасховішчаў. Інтэнсіўнасць залежыць ад сілы хвалевага ўздзеяння, геал. будовы і стромкасці берагоў, велічыні нахілу прылеглай зоны дна і інш. У выніку абразіі ўтвараюцца абразійныя ўступы (кліфы), хвалепрыбойныя нішы, падводныя абразійныя тэрасы (бенчы). Працягласць абразійных участкаў берагоў вадаёмаў Зямлі складае каля 400 тыс.км (51% агульнай даўжыні). У многіх месцах на прадухіленне абразіі выдаткоўваюцца значныя матэрыяльныя сродкі.
Да арт.Абразія. Абразійныя астравы і кекуры ў заліве Пятра Вялікага.