помнік драўлянага дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1773 у в.Воўпа біскупам інфлянцкім Янам Непамукам Касакоўскім на месцы касцёла 16 ст. Рэстаўрыраваны ў 1889. Падоўжаны 1-нефавы аб’ём з трансептам у сярэдняй частцы. Гал. фасад 3-часткавы: цэнтр.ч. ў выглядзе неглыбокага рызаліту завершана атыкам і трохвугольным франтонам, бакавыя ўтвораны дзвюма 2-яруснымі вежамі з нізкімі шатровымі дахамі і фігурнымі шпілямі над імі. Прастору нефа замыкае драўляны разьбяны гал. алтар (1-я пал. 17 ст.; спалучае рысы маньерызму і ранняга барока; майстар невяд.), багата дэкарыраваны накладной і скразной разьбой у выглядзе арабескавых паясоў, ракавін, картушаў, галовак херувімаў. Фундатар алтара падканцлер Казімір Леон Сапега. У прыбудове размешчаны алтар Маці Божай Ружанцовай (1-я пал. 17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБЯНЕ́ЦКІ Уладзімір Іосіфавіч [Дубянецкіс
(Dubeneckis) Уладас; 6.9.1888, г. Барнаул, Расія — 10.8.1932], літоўскі архітэктар, тэатр. мастак. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1906—14) у Л.Бенуа, выкладаў там у 1917—18 (праф. 1917). З 1919 (з перапынкамі) жыў у Каўнасе. З 1927 выкладаў у Каўнаскай маст. школе. У пабудовах выкарыстоўваў элементы барока, класіцызму, літоўскага нар.дойлідства. З арх. М.Сангайлам зрабіў рэканструкцыю Дзярж.т-ра (1923—25) і арх. праект завода «Рагуціс» (1924) у Каўнасе. Пабудаваў касцёл у в. Бяцігале (Расейняйскі р-н),
адзін з аўтараў праектаў Каўнаскага гіст. музея і Маст. музея імя М.К.Чурлёніса (пабудаваны ў 1931—36). Сярод тэатр. работ (створаны пад уплывам творчасці «Свету мастацтва») дэкарацыі да оперы «Трубадур» Дж.Вердзі (1929), балета «Сільвія» Л.Дэліба (1928) і інш. (усе ў Дзярж. т-ры ў Каўнасе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ Станіслаў Юльянавіч (13.5.1875, в. Ендрыхаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — жн. 1944),
жывапісец. Акад. жывапісу (з 1907). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901), дзе вучыўся ў І.Левітана, В.Сярова. Быў чл.Т-ва перасоўных выставак (з 1903), Саюза рус. мастакоў (з 1907). З 1917 у Польшчы, у 1920 адкрыў прыватную школу жывапісу ў Варшаве. Пісаў пейзажы, інтэр’еры, нацюрморты. Сярод твораў: «Нёман» (1895), «Веснавая вада» (1898), «Месячная ноч» (1899), «Першыя прадвеснікі вясны. Пралескі» і «Стары маёнтак» (абодва 1910), «Радасны май» (1912), «Зімовая ноч» (1919), «Рака на Палессі» (1928), «Інтэр’ер. Пакой мастака на вуліцы Кошыкавай у Варшаве» (1930), «Крыгаход на Нёмане» (1931), «Рака Вілейка» (1932). У Нац.маст. музеі Беларусі каля 40 карцін Ж., у т. л. «Возера Сенеж» (1902), «Старая сядзіба» (1910), «Інтэр’ер» (1916) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, Храм св. Сафіі,
помнік візант.дойлідства. Пабудаваны ў 532—537 у Канстанцінопалі (цяпер. г. Стамбул) Анфіміем з Тралаў і Ісідарам з Мілета. 3-нефавая купальная базіліка (даўж. 77 м). Купал (на ветразях; дыям. 31,5 м; адноўлены ў меншых памерах пасля зруйнавання ў 6 ст.) аб’яднаны з базілікальнай ч. пры дапамозе складанай сістэмы паўкупалаў, што надае інтэр’еру грандыёзнасць і пышнасць, гарманічнае адзінства. Унутры храм абліцаваны каляровым мармурам, аздоблены мазаікай (затынкавана туркамі, якія пасля 1453 ператварылі яго ў мячэць; частка мазаік 6—12 ст. расчышчана). Вонкавае манум. аблічча помніка скажонае тур. прыбудовамі 16—18 ст. (мінарэты і інш.). Цяпер музей. Разам з гіст. цэнтрам Стамбула ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў Леў Уладзіміравіч (13.1.1899, г. Тамбоў, Расія — 29.3.1970),
расійскі кінарэжысёр, тэарэтык кіно, педагог; адзін з пачынальнікаў рас. кінамастацтва. Нар.арт. Расіі (1969). Д-р мастацтвазнаўства (1946). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1939 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. У кіно пачынаў як мастак (1916). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Праект інжынера Прайта» (1918). Стварыў тэорыю мантажу («эфект К.»). Фармальныя і жанравыя пошукі ў фільмах «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924), «Прамень смерці» (1925), «Гарызонт», «Вялікі суцяшальнік» (абодва 1933) і інш. Стужкам К. ўласцівы напружанасць сюжэтаў, востра акрэслены малюнак роляў, высокая выяўл. культура. Аўтар кніг «Мастацтва кіно» (1929), «Асновы кінарэжысуры» (1941) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, сабор св. Сафіі,
помнік стараж.-рус.дойлідства ў г.Ноўгарад. Пабудаваны ў 1045—50 кіеўскімі майстрамі ў дзядзінцы (крамлі) з каменю (скляпенні і аркі з цэглы-плінфы) на ўзор Кіеўскага Сафійскага сабора (толькі меншых памераў). Быў кафедральным саборам. Храм крыжова-купальны 5-нефавы 5-купальны 3-апсідны, абкружаны з трох бакоў напачатку 1-яруснымі, пазней — высокімі закрытымі 2-яруснымі галерэямі. З зах. боку ў галерэю ўбудавана масіўная вежа з лесвіцай, што вядзе на хоры. Сабор вылучаецца суровай магутнасцю і прастатой форм, сціпласцю дэкору. Захаваліся фрагменты фрэсак (2-я пал. 11 ст., 1108, 1144), зах. бронзавыя, т.зв. Карсунскія вароты (1152—56), абразы сярэдзіны 14 — пач. 15 ст. Сабор часткова пашкоджаны ў 1941—44, рэканструяваны. Цяпер музей і адначасова дзеючы храм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІ́НАЎ Андрэй Міхайлавіч (13.10. 1852, г. Іркуцк, Расія — 25.11.1897),
расійскі гісторык архітэктуры, архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1879). Акад. архітэктуры (1882). Чл. Маскоўскага археал.т-ва (1885). З 1888 заг. аддзела Аружэйнай палаты ў Маскве. Даследаваў помнікі архітэктуры і выяўл. мастацтва Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, рабіў іх навук. апісанні і замалёўкі. На 9-м археал. з’ездзе ў Вільні (1893) выступіў з дакладамі пра стараж. помнікі мураванага і драўлянага дойлідства Віцебска і Полацка. Вызначыў, што зах. апсіды Полацкага Сафійскага сабора прыбудаваны пазней, падрабязна апісаў муроўку Віцебскай Благавешчанскай царквы і датаваў гэты помнік 12 ст. Аўтар манаграфіі «Гісторыя рускай архітэктуры» (1894). Праектаваў грамадскія будынкі ў Маскве.
Тв.:
Древние храмы Витебска и Полацка в г. Витебске // Тр. девятого Археол. съезда в Вільне, 1893. М., 1895. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
руская феад. дзяржава з цэнтрам у г.Пскоў у 2-й пал. 13 ст. — 1510. Пасля распаду ў 12 ст.Кіеўскай Русі Пскоўская зямля — частка Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Пры князю, выхадцу з ВКЛ, Даўмонце [1266—99] яна фактычна аддзялілася ад Ноўгарада, што юрыдычна замацаваў Болатаўскі дагавор 1348. П.ф.р. мела дзярж. лад, падобны на наўгародскі (веча, пасаднікі, савет баяр, служылы князь). Аснова гаспадаркі — земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства, развітыя рамёствы, гандаль. Імкнучыся пазбавіцца ад наўгародскай і інш. знешніх пагроз (частыя войны з ВКЛ і Лівонскім ордэнам), П.ф.р. ў 14—15 ст. зблізілася з Маскоўскім вял. княствам, у 1456, 1471 і 1478 падтрымала яго паходы супраць Ноўгарада. У 1510 ліквідавана, яе тэр. далучана да Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. У П.ф.р. развіваліся Пскоўская школа дойлідства і Пскоўская школа жывапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЎРА́САЎ Аляксей Кандратавіч (24.5.1830, Масква — 8.10.1897),
рускі жывапісец-пейзажыст. У 1844—54 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, у 1857—82 выкладаў у ім. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Раннім творам уласцівы рысы рамант. пейзажу («Від на Крэмль у непагадзь», 1851). У 1850—70-я г. звяргаўся да спакойных, апавядальных вобразаў, каларыстычнага адзінства, узмоцненага эмацыянальным гучаннем святлаценю («Ласіны востраў у Сакольніках», 1869; «Гракі прыляцелі», 1871). Прастатой матыву, вял.ўнутр. змястоўнасцю, цэльнасцю вызначаюцца работы «Прасёлак» (1873), «Дворык» (1870-я г.) і інш. С. зрабіў вял. ўплыў на рус. пейзажыстаў канца 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАГО́РСКІ МАНАСТЫ́Р,
помнік архітэктуры 16—19 ст. у г.п. Пушкінскія Горы Пскоўскай вобл. (Расія). Засн. ў 1569 як мужчынскі. Размяшчаецца на Святых (б. Сінічых) гарах. Ансамбль манастыра абнесены пабеленымі каменнымі сценамі і Анастасіеўскай і Святой брамамі. На вяршыні ўзгорка — мураваны 4-стаўповы 3-апсідны 1-купальны Успенскі сабор (16 ст.) з традыц. рысамі Пскоўскай школы дойлідства. У ветразевых скляпеннях і верхняй ч. праслаў сабора ўстаноўлены галаснікі. У ансамблі С.м. званіца ў стылі класіцызму (скончана ў 1821; у яе верхнім ярусе размяшчаўся гадзіннік), брацкі корпус з трапезнай, гасцініца. На тэр. манастыра магіла А.С.Пушкіна і яго продкаў. Пасля 1918 у саборы была экспазіцыя, прысвечаная Пушкіну. У Вял.Айч. вайну манастыр моцна пашкоджаны. Адноўлены. З 1990-х г. храм дзейнічае. С.м. уваходзіць у склад Музея-запаведніка Пушкіна.