ПРЫШЧАПЁНАК (Валерый Георгіевіч) (15.11.1921, г. Омск, Расія — 7.11.2000),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1955). З 1955 саліст ансамбля песні і танца БВА, у 1956—58 і ў 1968—81 саліст хору Бел. тэлебачання і радыё, у 1958—68 — Дзяржтэлерадыё Беларусі. Рэпертуар складаўся з песень і рамансаў бел. кампазітараў, бел.нар. песень. Выканаў партыі Паўла, Андрэя, Шата ў радыёмантажах опер «Павел Карчагін» П.Падкавырава, «Андрэй Касценя» М.Аладава, аперэты «Алазанская даліна» Ю.Бяльзацкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЖА́ЎКА,
рака ў Рагачоўскім і Жлобінскі.м р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 43 км. Пл. вадазбору 396 км². Пачынаецца за 2,5 км на Пн ад в. Рыскоў Рагачоўскага р-на, вусце за 2 км на У ад г. Жлобін. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Даліна на вялікім працягу трапецападобная (пераважна шыр. 1—2 км), у нізоўі невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча на працягу 35 км (ад вытоку да в. Асінаўка Жлобінскага р-на) каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́, Днепр (стараж.-грэч.Барысфен,
укр.Славуціч),
рака ў Расіі, у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл. Беларусі і на Украіне; трэцяя па даўжыні і плошчы басейна ў Еўропе (пасля Волгі і Дуная). Даўж. 2145 км, на Беларусі 689 км, у т. л. на мяжы Расіі і Беларусі 17 км, у Беларусі да Лоева 562 км і 110 км на мяжы Беларусі і Украіны. Пл. вадазбору 504 тыс.км², у т. л. на Беларусі 118 тыс.км². Пачынаецца з невял. балота на Валдайскім узв. (Смаленская вобл., Расія), упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. Вярхоўі вадазбору ў межах Смаленскага ўзв., правабярэжжа сярэдняй ч. верхняга цячэння на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, левабярэжжа на Аршанска-Магілёўскай раўніне, што на Пд пераходзіць у нізіну Беларускага Палесся. На Пд ад г. Рагачоў па левабярэжжы ракі цягнецца Прыдняпроўская нізіна. У вярхоўі даліна добра распрацаваная, трапецападобная, шыр. 600 м — 1 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. ад 50 м да 1,5 км. Рэчышча свабодна меандрыруе. У межах Беларусі даліна пераважна трапецападобная, ніжэй вусця р. Сож невыразная, шыр. ад 800 м да 10 км, у межах Палескай нізіны зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма на значным працягу ад Магілёва — двухбаковая тэраса, шыр. яе ад 1 да 10 км у межах Гомельскага Палесся. Рэчышча на вял. працягу моцназвілістае, багатае перакатамі і мелямі, найб. выразнымі на ўчастку паміж вусцямі рэк Друць і Сож. За 9 км вышэй г. Орша рака праразае граду дэвонскіх вапнякоў, утварае т.зв. Кабяляцкія парогі, даўж. якіх каля 200 м. У сярэднім цячэнні даліна Д. шыр. 6—10 км. Правы бераг узвышаны і стромкі, абрываецца да ракі. Каля г. Канеў даліна звужаецца да 2 км. Паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа Д. перасякае гранітны масіў, дзе да буд-ва Днепрагэса былі Дняпроўскія парогі. У нізоўях Д. цячэ па Прычарнаморскай нізіне, шыр. поймы 23 км. Асн. прытокі на Беларусі: Адроў, Лахва, Друць, Бярэзіна, Прыпяць (справа), Ухлясць, Ржаўка, Сож (злева). Сярэдні і ніжні Д. ў асноўным — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Кіеўская, Канеўская, Крамянчугская, Днепрадзяржынская, Дняпроўская, Кахоўская. У сярэднім цячэнні гал. прытокі Рось (справа), Сула, Псёл, Ворскла, Самара (злева); у ніжнім — Базаўлук, Інгулец (справа), Конка (злева). Асноўны сцёк ракі фарміруецца ў верхнім цячэнні. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1670 м³/с. Ледастаў з снеж. да сак. ў нізоўі і да пач.крас. ў вярхоўі. Воды Д. выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (каналы: Д. — Крывы Рог, Д. — Данбас, Паўночна-Крымскі арашальны). Суднаходны ад вусця да г. Дарагабуж. Д. злучаны з бас. Віслы Дняпроўска-Бугскім каналам, з бас. Нёмана — Агінскім каналам, з бас.Зах. Дзвіны — Бярэзінскім каналам. На правым беразе Д. Канеўскі запаведнік. Асн. гарады: Дарагабуж, Смаленск (Расія), Орша, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца (Беларусь), Кіеў, Чаркасы, Крамянчуг, Днепрапятроўск, Запарожжа, Нікапаль, Херсон (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЛО́Н,
рака, правы прыток Калымы, у Магаданскай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція) Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1114 км. Пл.бас. 113 тыс.км². Пачынаецца на Калымскім нагор’і, цячэ ў вузкай горнай даліне. Пасля ўпадзення р. Кегалі даліна расшыраецца, рака разбіваецца на рукавы. Асн. прытокі: Малангда, Алой, Алайчан (справа); Кедон (злева). Замярзае ў кастр., крыгалом у канцы мая — пач. чэрвеня. У вярхоўях перамярзае, утвараюцца наледзі. Сярэдні расход вады ў верхнім цячэнні 33,7 м³/с. У ніжнім цячэнні сплаўная. Суднаходная на 595 км ад вусця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМГА́,
рака ва Усх. Сібіры, левы прыток Алдана, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Даўж. 1462 км, пл.бас. 69,3 тыс.км². Пачынаецца на Алданскім нагор’і, цячэ ў вузкай і глыбокай даліне з камяністым рэчышчам, у нізоўях — на Цэнтральнаякуцкай нізіне, даліна шырокая, рэчышча звілістае. Жыўленне снегавое і дажджавое. Высокае веснавое разводдзе і частыя летнія паводкі. Ледастаў з кастр. да мая. Зімой наледзі. Сярэднегадавы расход вады каля 190 м³/с. У бас. Амгі больш за 5,5 тыс. азёраў. Суднаходная на 472 км ад вусця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦЬ, Прабойная канава,
рака ў Калінкавіцкім і Хойніцкім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Прыпяці. Даўж. 70 км. Пл. вадазбору 991 км². Пачынаецца каля в. Нахаў Калінкавіцкага р-на, цячэ ў Хойніцкім р-не па нізіне Гомельскае Палессе. Прытокі — невял. ручаі і меліярац. канавы. Даліна невыразная, у нізоўі зліваецца з поймай Прыпяці. Да в. Барысаўшчына Хойніцкага р-на пойма двухбаковая; яе шыр. 200—300 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ТА,
рака ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 424 км². Выцякае з воз. Набіста пад назвай Хараброўка (пасля в. Шчоўна называецца Вята), на невял. працягу цячэ па паўн. ускраіне гідралаг. заказніка Балота Мох. Верхняе цячэнне ў межах Браслаўскай грады, сярэдняе і ніжняе на ПнЗ Полацкай нізіны. На вадазборы шмат азёр (агульная пл. 36 км²). Асн. прыток Голчыца (справа). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, у сярэднім — трапецападобная. Рэчышча ад вытоку на працягу 14 км каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЧА,
рака ў Лагойскім і Мінскім р-нах Мінскай вобл., у бас.р. Дняпро. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 297 км². Пачынаецца на ПнЗ ад в. Селішча Лагойскага р-на, цячэ па Мінскім узв., на рацэ вадасх.Вяча. Даліна трапецападобная, шыр. 200—300 м. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, выш. каля 2,5 м. Берагі нізкія, спадзістыя. Пойма шыр. 50—100 м. Рэчышча звілістае, ад вусця на 13 км каналізаванае і часткова абвалаванае. Цячэ ў зонах адпачынку Вяча і Мінскае мора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎЯ,
рака ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл. Беларусі і ў Літве, правы прыток Нёмана. Даўж. 100 км (у межах Беларусі 68 км). Пл. вадазбору 1680 км². Пачынаецца на паўд.-зах. схілах Ашмянскага узв. Шальчынінкскага р-на Літвы. Асн. прытокі: Клява, Якунька, Апіта, Жыжма. Даліна выразная. Пойма лугавая, шыр. 100—900 м. Рэчышча звілістае, на асобных участках каналізаванае. Берагі стромкія. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,6 м³/с. На левым беразе ў в. Жамыслаўль Іўеўскага р-на помнік прыроды — Жамыслаўскі ясень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЗА,
рака ў Магілёўскім і Быхаўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 51 км. Пл. вадазбору 458 км². Пачынаецца каля паўд.-ўсх. ускраіны в. Загрэззе Магілёўскага р-на, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прыток Езва (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова парэзаная старымі рэчышчамі і канавамі, шыр. 400—500 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці каля 2,3 м³/с. Берагі ўмерана стромкія, адкрытыя, пад лугамі. Водапрыёмнік меліярац. каналаў.