КАТАРАБІЁНТЫ [ад грэч. katharos чысты + біёнт(ы)],

катаробіі, арганізмы, якія жывуць у чыстых халодных прэсных водах з вял. колькасцю растворанага кіслароду. Характэрны для вадаёмаў, размешчаных у высакагорных або паўн. раёнах — некат. азёрах, хуткацякучых рэках і ручаях.

Відавы склад К. разнастайны, часта гэта рэліктавыя арганізмы, вельмі адчувальныя да якасці вады (некат. бурыя і чырв. водарасці, імхі, двухстворкавыя бруханогія малюскі; з ракападобных — нямногія віды цыклопаў, бакаплаваў; з насякомых — лічынкі некат. вяснянак і шыцікаў; з рыб — стронгі, харыусы, бычкі-падкаменшчыкі) Многія К. фауны Беларусі занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (вусач, рыбец, стронга ручаёвая, харыус звычайны; з ракападобных — бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя).

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́ЙНІКІ (Rhantus),

род жукоў сям. плывунцоў. 82 віды. Жывуць у стаячых або з павольным цячэннем водах сажалак, рачных затокаў, лясных рэк і ручаёў, часовых вадаёмаў. На Беларусі 9 відаў. Часцей трапляюцца глейнік плямагруды (Rh. notatus), глейнік чарнабрухі (Rh. suturellus) і глейнік жаўтабрухі (Rh. exoletus). Глейнік невядомы (Rh. incognitus) занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. 7—14 мм. Цела круглаватае, злёгку пукатае. Пярэдняспінка жоўтая, зрэдку з чорнай плямай пасярэдзіне. Надкрылы жоўтыя са шматлікімі чорнымі крапінкамі. Лічынкі з падоўжаным целам, рухомыя. Кукалкі развіваюцца на сушы. Дарослыя і лічынкі драпежнікі. Пры масавым размнажэнні шкодзяць рыбнай гаспадарцы. Адначасова карысныя — знішчаюць лічынак і кукалак камароў.

Глейнікі: 1 — невядомы; 2 — плямагруды.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВАРО́ДКІ, лужанкі (Viviparidae),

сямейства бруханогіх малюскаў падкл. пярэдняшчэлепных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Паўд. Амерыкі) у прэсных вадаёмах. На Беларусі 2 віды Ж.: рачная, або звычайная (Viviparus viviparus), і азёрная (V. contectus). Жывуць на пясчаных або заглееных грунтах у прыбярэжнай зоне рэк і азёр.

Цела ўкрыта ракавінай (выш. да 6 см) з 5—7 спіральнымі завіткамі, з цёмна-карычневымі палосамі, складаецца з галавы, тулава і нагі. Вусце ракавіны авальнае, зачыняецца рагавой накрыўкай. Раздзельнаполыя. Аплодненыя яйцы развіваюцца ў матцы, моладзь выходзіць цалкам сфарміраваная (адсюль назва). Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Ж. — пажыва для многіх бентасаедных рыб. Біял. ачышчальнікі вадаёмаў.

Жывародка балотная.

т. 6, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬЧАТАКАРЭ́ННІК (Dactylorhiza),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Больш за 150 (па інш. звестках каля 30) відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: майскі (D. majalis), мяса-чырвоны (D. incarnata), плямісты (D. maculata), Фукса (D fuchsii). Трапляюцца ў вільготных лясах, на лугах, балотах, па берагах вадаёмаў.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Клубні сціснутыя, пальчатараздзельныя (адсюль назва). Сцёблы прамыя, шчыльныя. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, зялёнае або з цёмнымі буравата-чырв. плямамі. Кветкі няправільныя, жоўтыя, пурпуровыя, ружовыя, фіялетава-чырв. ў коласападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Пальчатакарэннік: 1 — плямісты; 2 — мясачырвоны.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАГРА́МА (МБП; International Biological Program),

комплекс даследаванняў біял. прадукцыйнасці экалагічных сістэм, праблем аховы прыроды, адаптацыі чалавека да розных умоў жыцця і інш. Праведзена ў 1964—72 паводле зацверджаных Ген. асамблеяй МБП асн. кірункаў даследаванняў: прадукцыйнасць наземных, прэснаводных і марскіх згуртаванняў, прадукц. працэсы, выкарыстанне і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, адаптацыя чалавека, ахова ўнутр. вадаёмаў, ахова і вывучэнне балот і тарфянікаў. У МБП удзельнічалі вучоныя больш як 100 краін, у т. л. Беларусі (ін-ты Аддзялення біял. навук Нац. АН Беларусі, БДУ і інш.), якія правялі даследаванні па біяцэналогіі, экалагічнай энергетыцы, ахове прыроды і інш. Пераемніца МБП — праграма «Чалавек і біясфера».

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІПАЖА́РНАЕ ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

комплекс інж.-тэхн. збудаванняў для захоўвання і падачы вады да месца пажару. Бывае водаправоднае (унутр. і вонкавае, высокага і нізкага ціску) і бязводаправоднае (прыродныя і штучныя вадаёмы, спец. ёмістасці для захоўвання вады).

Проціпажарныя водаправоды ў нас. пунктах і на прамысл. прадпрыемствах звычайна аб’ядноўваюць з гасп.-пітнымі і вытворчымі; самастойныя будуюць для найб. пажаранебяспечных аб’ектаў. Пры адсутнасці водаправода вада падаецца спец. пажарнай тэхнікай з вадаёмаў і ёмістасцей. З вонкавых водаправодаў вада падаецца з пажарных гідрантаў перасоўнай пажарнай тэхнікай па пажарных рукавах або спец. трубаправодах з лафетнымі стваламі або арашальнікамі. Пажарныя водаправоды ўнутры будынкаў прызначаны ў асн. для тушэння пажару на пач. стадыі.

В.​І.​Якаўчук.

т. 13, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кампілады́скус

(н.-лац. campylodiscus)

аднаклетачная дыятомавая водарасць сям. сурырэлавых, якая трапляецца ў глеі на дне прэсных і марскіх вадаёмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крык

(англ. creek)

перасыхаючая рэчка або ручай у Аўстраліі, які ў засушлівы перыяд года распадаецца на шэраг асобных вадаёмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бацыля́рыя

(н.-лац. bacillaria)

каланіяльная дыятомавая водарасць сям. ніцшыевых, якая пашырана ў бентасе і планктоне мораў, саланавата-прэсных вадаёмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фрагіля́рыя

(н.-лац. fragilaria)

каланіяльная дыятомавая водарасць сям. фрагілярыевых, якая пашырана ў бентасе, планктоне прэсных, саланаватых і марскіх вадаёмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)