кірунак эканам. тэорыі, які склаўся ў 1870—80-я г. і развіваўся пераважна ў Германіі да 1930-х. Непасрэдная пераемніца гістарычнай школы. Гал. аб’екты даследаванняў школы — праблемы гіст. вытокаў і лёсу капіталізму, рухаючых сіл і перыядызацыі гіст. працэсу. Прадстаўнікі школы Л.Брэнтана, В.Зомбарт, ням. эканамісты Г.Шмолер, К.Бюхер і інш. разглядалі сац.-эканам. развіццё асобных краін як адлюстраванне рознага ў розных народаў «нацыянальнага духу», што выключала магчымасць агульных для іх законаў, выступалі за «гісторыка-статыстычны» метад у эканам. тэорыі. Адно з асн. паняццяў школы — «сацыяльны арганізм» (ужывалася да грамадства, розных сац. груп і інш.). За адраджэнне канструкцый гэтай школы выступаў У.Ростаў у тэорыі «стадый эканамічнага росту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ Існаваў у 1673—1-й трэці 19 ст. за 1 км на Пд ад Нясвіжа. Засн. падканцлерам ВКЛ Міхалам Казімірам Радзівілам, які запісаў на пабудову касцёла св. Крыжа 30 тыс. злотых. Новыя ахвяраванні зрабіў яго сын Кароль Станіслаў. У 1690 рашэнне пра заснаванне кляштара зацвердзіў сейм. Мураваны касцёл па бенедыкцінскай традыцыі быў крыжападобны ў плане, са светлавым купалам на сяродкрыжжы і вежай над гал. фасадам (пацярпеў ад пажару 1793). Паводле інвентара 1804, у касцёле было 5 ілюзорных алтароў, маляваных на сценах, 1 алтар і амбон разьбяныя. Побач з кляштарам размяшчаліся гар. прывілеяваныя могілкі. У 1830-я г. кляштар скасаваны. Будынкі разабраны ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛТУШСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў в.Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1783, перабудавана ў 1862 і 1868. У 1889 да царквы пры ўваходзе праз тамбур далучана 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) з шатровым дахам. Царква складаецца з трох прамавугольных у плане зрубаў. Асн. зруб накрыты шатровым, бабінец — 2-схільным са шчытом на гал. фасадзе, апсіда — 3-схільным дахамі, завершанымі фігурнымі вежачкамі. Сцены гарызантальна ашаляваны і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з разнымі ліштвамі. Унутры асн. зруб і бабінец перакрыты вянковымі скляпеннямі накшталт усечанай столі. Трох’ярусны іканастас аформлены разнымі пілястрамі і лапаткамі. Асн.дэкар. акцэнт — царскія вароты (ажурная разьба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 2-й пал. 18 ст., ў цэнтры вёскі часткова перабудавана ў 19 ст. Прамавугольная ў плане 3-нефавая базіліка са зрэзанымі вугламі ў алтарнай частцы. Цэнтр. неф вышэйшы за бакавыя, завершаны 2-схільным дахам. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, умацаваны брусамі-лапаткамі, аконныя праёмы прамавугольныя і паўцыркульныя (у цэнтр. нефе). Спачатку гал. неф фланкіравалі 2 вежы абапал трохвугольнага франтона. Пры перабудове вежы разабраны, фасад аформлены 8-калонным порцікам (пазней калоны схаваны шалёўкай тамбура). У інтэр’еры 3-ярусны разны іканастас канца 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНО́ЎСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (н. 21.2.1952, в. Бечы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец, мастак. Вучыўся ў Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна (1986—89). Скончыў Бел.АМ (1993). З 1986 у Нац.маст. музеі Беларусі (з 1990 гал. хавальнік). У 1989—91 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, у 1994—99 — у Бел.АМ. Даследуе праблемы сучаснага бел. мастацтва. Аўтар творчых партрэтаў да каталогаў бел. мастакоў (У.Слабодчыкава, Ю.Герасіменкі, П.Дурчыка, А.Кузняцова і інш), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Rondo» (1998), «Пірасмані з Баранавічаў», «Intervert» (абодва 2000). Адзін з аўтараў альбома «Сяргей Ткачэнка. Жывапіс» (2000). Працуе таксама ў жывапісе і скульптуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЖСКІ КО́РПУС,
прывілеяваная ваенна-навуч. ўстанова ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст.Засн. ў 1759 у С.-Пецярбургу. Рыхтаваў да ваен. і дзярж. службы дзяцей знаці (гал. чынам прыдворных саноўнікаў і афіцэраў гвардыі), якія атрымлівалі прыдворнае званне пажоў і камер-пажоў (у іх абавязак уваходзіла выкананне даручэнняў членаў імператарскай сям’і). У 1807 пераўтвораны ў навуч. ўстанову тыпу кадэцкіх карпусоў. Выпускнікам П.к. прысвойваўся чын падпаручніка, і яны карысталіся пераважным правам службы ў гвардыі і спец. войсках; непрыгодныя да ваен. службы атрымлівалі цывільны чын 10, 12, 14-га класаў. Выхаванцамі П.к. былі: І.У.Гурка (гл. ў арт.Гуркі), І.Ф.Паскевіч, А.М.Радзішчаў і інш. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 П.к. скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМАРА́НЕ,
група зах.-слав. плямён, якія ў старажытнасці насялялі пераважна польскае Памор ’е. На З межавалі з палабскімі славянамі, на У — з балцкімі плямёнамі прусаў, на Пд — з польскімі плямёнамі куявян (гл.Куявія) і палян. З канца 10 ст. ўваходзілі ў стараж.-польскую дзяржаву. Вял. ролю ў іх гасп. жыцці адыгрывалі рамяство, гандаль, мараплаўства, рыбалоўства. Гал. рамесныя і гандл. цэнтры — Волін і Шчэцін. Уваходзілі ў склад Вендскай дзяржавы (1040-я г. — 1129), разам з палабскімі славянамі змагаліся супраць герм. агрэсіі. У 12 — пач. 14 ст. заваяваны герм. феадаламі, якія падверглі П. вынішчэнню і гвалтоўнай асіміляцыі. Нашчадкамі П. з’яўляецца польская этнагр. група кашубаў, што захавала асаблівасці сваёй культуры, мовы і побыту. Гл. таксама Кашубская мова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРСАДА́НАЎ (Георгій Арцёмавіч) (10.9.1911, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 15.10.1989),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1937). З 1959 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект», у 1962—73 нач. Упраўлення па справах буд-ва і архітэктуры Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: генпланы гарадоў Мінск (1946), Слуцк Мінскай вобл. (1937—40, 1947), Рэчыца Гомельскай вобл. (1937—39, 1951), Магілёў (1947—50, 1961), Салігорск Мінскай вобл. (1958, 1971, апошнія 4 у сааўт.), карэкціроўка генплана Мінска (1959). Аўтар праектаў жылых раёнаў аўтамабільнага, падшыпнікавага з-даў, камвольнага камбіната (1945—55), мікрараёна па вул. Валгаградскай (1956, усе ў сааўт.) у Мінску; курортнай зоны воз. Нарач (1966, 1974—75).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПАЛА́Ц СПО́РТУ.
Пабудаваны ў 1966 на праспекце Машэрава ў Мінску (арх. С.Філімонаў, В.Малышаў). Самае вял. ў Беларусі крытае спарт. збудаванне шматмэтавага прызначэння. Амаль квадратны ў плане будынак (82 × 78 м); яго аб’ём 100,5 тыс.м³. Кампазіцыя гал. фасада, арыентаванага на праспект, заснавана на рытме жалезабетонных пілонаў. Глядзельную залу (66 × 64 м) перакрывае прасторавая сістэма металічных ферм (макс. пралёт 61,5 м). Мае хакейную пляцоўку (30 × 61 м) і стацыянарныя асіметрычныя трыбуны (на 4 тыс. месцаў, пры трансфармацыі залы і арэны макс. 6 тыс. месцаў), 2 спарт. залы (12 × 18 м), адм. і дапаможныя памяшканні. У 1999 каля палаца ўзведзены будынак лядовай пляцоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЛЕ́ШКА (Іван Ілья) (каля 1552—13.5.1622),
бел.дзярж. дзеяч, пісьменнік. Падкаморы мазырскі і падстароста слонімскі з 1591, маршалак слонімскі з 1602, кашталян мсціслаўскі ў 1605—10, брэсцкі ў 1610—15 і смаленскі з 1615. Пасол на сейм 1605. На сеймах 1598, 1609 і 1611 прызначаны ў склад камісіі па размежаванні Мазырскага пав. з Кіеўскім ваяв. У 1613 у складзе сенатарскай рады пры Жыгімонце III Вазе. Валодаў маёнткамі Дзевяткавічы, Бусяж, часткай Жыровічаў, трымаў Здзітаўскую дзяржаву. У 1613 фундаваў уніяцкі Жыровіцкі Успенскі манастыр, ігуменам якога стаў Іасафат Кунцэвіч; у 1613 і 1618 перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў. Аўтар славутага сатыр. твора «Прамова Мялешкі», скіраванага супраць замежнага (гал.ч. польскага) уплыву ў ВКЛ.