КРЭДЫ́ТНЫЯ СА́НКЦЫІ,

меры ўздзеяння, накіраваныя на частковае або поўнае спыненне (забарону) крэдытных узаемаадносін. Існуюць розныя віды К.с.: перавод на асаблівы рэжым крэдытавання, датэрміновае спагнанне выдадзеных пазык, спагнанне ў бясспрэчным парадку пратэрмінаваных плацяжоў, часовае спыненне крэдытавання. Ужываюцца часцей да дзяржавы (яго юрыд. або фіз. асоб) пры парушэнні ёй сваіх абавязацельстваў і норм міжнар. права, а часам і з мэтай парушэння яе эканам. развіцця і прымусу да выканання якіх-н. патрабаванняў, у т. л. і палітычных. Напр., Міжнар. валютны фонд уплывае на эканам. курс той ці інш. дзяржавы на аснове прадастаўлення крэдытаў (больш выгадных, чым камерцыйныя) у абмен на строга пэўны курс у правядзенні эканам. рэформаўтварэння. Паміж урадам і фондам падпісваецца дакумент («Пісьмо аб намерах»), у якім выразна выкладзены ўсе будучыя эканам. меры. Пад іх даюцца крэдыты, крэдытаванне вядзецца па частках і спыняецца, калі ўрад адхіліцца ад прынятага курсу рэформ. Такі падыход нельга лічыць дыскрымінацыйным, калі ён не ўшчамляе нац. інтарэсы краіны-пазычальніка і не мае на мэце паліт. інтарэсаў. Гл. таксама Крэдытная блакада, Крэдытная дыскрымінацыя.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСА́ЛЬ (Lassalle, да 1846 Lassal) Фердынанд (11.4.1825, г. Брэслаў, цяпер Вроцлаў, Польшча — 31.8.1864), дзеяч герм. рабочага і сацыяліст. руху, публіцыст. У 1843—46 вывучаў філасофію, філалогію і гісторыю ў Брэслаўскім і Берлінскім ун-тах. Яго погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй І.Г.Фіхтэ, Г.Гегеля, Я.Блана і П.Ж.Прудона. У 1848—49 супрацоўнік «Neue Rheinische Zeitung» («Новай Рэйнскай газеты»), якую рэдагаваў К.​Маркс; за ўдзел у рэв. руху ў г. Дзюсельдорф у 1848 быў зняволены. Распрацоўшчык асноў праграмы, адзін з заснавальнікаў (1863) і першы прэзідэнт Усеагульнага герм. рабочага саюза. Прапагандаваў «жалезны закон» заработнай платы (паводле яго заробак вагаецца вакол фізічна неабходнага мінімуму сродкаў існавання ў залежнасці ад росту або скарачэння рабочага насельніцтва), выступаў за ўсеагульнае і роўнае выбарчае права, стварэнне з дзярж. дапамогай асацыяцый рабочых, дасягненне бяскласавага грамадства шляхам рэформаў і інш. Быў прыхільнікам аб’яднання Германіі пад вяршэнствам Прусіі. У 1863—64 намагаўся супрацоўнічаць з О.Бісмаркам супраць лібералаў. Аўтар прац «Філасофія Геракліта» (ч. 1—2, 1858), «Сістэма набытых правоў» (т. 1—2, 1861; гал. паліт. твор), драмы «Франц фон Зікінген» (1859) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі.

т. 9, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАПА́Д (Юрый) (Георгій) Іванавіч (крас. 1897, в. Варкавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.6.1938),

бел. паліт. дзеяч. Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю (1914). Удзельнік грамадз. вайны, на 1-м з’ездзе Случчыны абраны ў Беларускую раду Случчыны, удзельнік Слуцкага паўстання 1920. Пасля ўцёк у Польшчу. У 1922 нелегальна вярнуўся ў Слуцк, працаваў настаўнікам, стыльрэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР. 22.10.1925 арыштаваны ДПУ БССР як кіраўнік «контррэвалюцыйнай арганізацыі», якая распаўсюджвала антысав. лістоўкі і заклікала да паўстання і звяржэння сав. улады. У сак. 1926 Л. асуджаны на 5 гадоў турэмнага зняволення. У сувязі з тым, што Л. стаў сакрэтным супрацоўнікам ДПУ, у ліст. 1927 вызвалены. У 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларус», праз некалькі месяцаў вызвалены. У ліп. 1933 перасяліўся ў г. Ржэў, дзе працаваў рахункаводам. У кастр. 1933 зноў арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра» і ў студз. 1934 засуджаны на 8 гадоў. Пакаранне адбываў у Бамлагу, дзе паводзіў сябе непакорна. У жн. 1935 у лагеры на яго заведзена крымінальная справа. 31.3.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Па прыгаворах 1934 і 1938 рэабілітаваны Ваен. трыбуналам БВА ў 1956.

У.​М.​Міхнюк.

т. 9, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОЙД ДЖОРДЖ ((Lloyd George) Дэвід) (17.1.1863, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 26.3.1945),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Двайфар (1945). Юрыст. З 1890 дэп. палаты абшчын ад Ліберальнай партыі, выступаў супраць англа-бурскай вайны 1899—1902. З 1905 міністр гандлю, з 1908 міністр фінансаў (на ўзор Германіі правёў у 1908 сац. рэформу — закон аб пенсіі па ўзросце, абавязковае страхаванне ад хвароб і беспрацоўя з 1911), з 1915 міністр ваен. забеспячэння, у 1916—22 прэм’ер-міністр (у 1916 і ваен. міністр) Вялікабрытаніі. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 і аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919. Падтрымліваў Грэцыю ў час грэка-тур. вайны 1919—22, садзейнічаў заключэнню кампраміснага англа-ірландскага дагавора 1921. Кіраўнік брыт. дэлегацыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1926—31 лідэр Ліберальнай партыі. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі А.​Гітлера (1933) выступаў у яго падтрымку, аднак хутка зразумеў сваю памылку. У 1945 чл. палаты лордаў.

Тв.:

Рус. пер. — Военные мемуары. Т. 1—6. М., 1934—37;

Правда о мирных договорах. Т. 1—2. М., 1957.

Літ.:

Виноградов К.Б. Дэвид Ллойд Джордж. М., 1970.

Д.Лойд Джордж.

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБА́ЎСКІ (Мацвей Кузьміч) (13.8. 1860, с. Вял. Мажары Сараеўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 22.11.1936),

расійскі гісторык. Чл.-кар. Расійскай АН (1917), акад. АН СССР (1929). Д-р гіст. н. (1901). Скончыў Маскоўскі ун-т (1882), з 1894 дац., з 1901 праф. у ім, у 1911—17 рэктар. Вучань В.В.Ключэўскага. У 1913—29 старшыня Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх. У 1929 арыштаваны і ў 1930 высланы ў г. Уфа, дзе ў 1931—35 працаваў навук. супрацоўнікам Башкірскага НДІ нац. культуры. Аўтар грунтоўных даследаванняў па сац.-паліт. гісторыі ВКЛ («Літоўска-рускі сейм», 1900; «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна», 1910, і інш.), курсаў лекцый «Гістарычная геаграфія Расіі ў сувязі з каланізацыяй» (1909), «Лекцыі па старажытнай рускай гісторыі да канца XVI ст.» (3-е выд., 1918) і інш. Сярод яго вучняў У.І.Пічэта, С.У.Бахрушын, М.Г.Беражкоў і інш.

Тв.:

Обзор истории русской колонизации с древнейших времен и до XX в. М., 1996.

Літ.:

Карев Д.В. Академик М.​К.​Любавский: Судьба и наследие // Наш радавод. Гродна, 1994. Кн. 6, ч. 3.

т. 9, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ХРО́НІКА,

помнік гарадскога летапісання 17—19 ст., апошні бел. летапісны звод. Складзена ў Магілёве купецкім старостам Трафімам Суртам (звесткі за 1526—1701) і рэгентам гар. канцылярыі Юрыем Трубніцкім (звесткі за 1701—46), прадоўжана сынам апошняга Аляксандрам і ўнукам Міхаілам (да 1856). Напісана па-польску, запісы за 1841—56 па-руску. Крыніцамі хронікі паслужылі летапісныя запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі А.​Гваньіні і М.​Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў. У хроніцы адлюстравана сац.-паліт., гасп.-эканам. і культ. жыццё Магілёва эпохі позняга феадалізму. Змяшчае матэрыял па гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі 17—18 ст., а таксама шэраг літ. твораў 1-й пал. 18 ст., у т. л. вершаваны пасквіль на польск. кардынала М.​Радзяёўскага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземны ў Польшчы». Складаецца з кароткіх пагадовых запісаў і разгорнутых апавяданняў пра значныя гіст. падзеі і асобныя моманты з жыцця герояў. Часткова апублікавана ў 19 ст. ў перакладзе на рус. мову, частка (да 1746) змешчана ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Рукапіс зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭЛІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

дзейнасць па вызначэнні аптымальных мадэлей сац. сістэм, іх асн. якасцей, крытэрыяў, параметраў, а таксама спосабу дзеяння, адносін, працэсаў і інш. Аб’екты М.с. — сац. супольнасці, працэсы, з’явы, грамадскія сувязі, якія падлягаюць уздзеянню суб’ектаў мадэліравання (элементы і сістэмы матэрыяльнай і духоўнай вытв-сці, сац. структуры грамадства, эканам., паліт. і інш. адносіны). Ажыццяўляецца М.с. нетрадыцыйных сац. аб’ектаў — т.зв. «адкрытых сістэм» (ладу жыцця, сістэм адукацыі, аховы здароўя і інш.). Адпаведна спосабу ўзнаўлення рэчаіснасці і сродкам пабудовы сац. мадэлі адрозніваюць іх асн. класы: матэрыяльныя (заснаваны на ўдзеле ў іх людзей), ідэальныя («машынныя мадэлі»), змешаныя («чалавека-машынныя мадэлі»). Вылучаюць таксама тэарэт. і эмпірычныя, ігравыя і неігравыя, аналітычныя і машынныя, рэгрэсійныя, прычынныя і імітацыйныя, алгарытмічныя і аптымізацыйныя, з кіраваннем і без кіравання і інш. сац. мадэлі. М.с. ажыццяўляецца тэхн., матэм. і лагічнымі сродкамі, пры дапамозе якіх атрымліваюць, аналізуюць і перапрацоўваюць інфармацыю аб стане сац. супольнасцей, працэсаў і з’яў, тэндэнцыях іх развіцця або непасрэдна распрацоўваюць сац. мадэлі. На Беларусі назапашаны пэўны вопыт М.с. працэсаў прац. актыўнасці, узнаўлення і размеркавання прац. рэсурсаў, паводзін вял. і малых сац. груп і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬЦІ́НСКІ (Хаім Ізраілевіч) (7.8.1910. г. Паневяжыс, Літва — 8.2.1986),

яўрэйскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі (1932). Да 1946 працаваў у друку на Беларусі, потым у Бірабіджане. У 1948 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Жыў у Мінску, з 1975 у Ізраілі. Друкаваўся з 1929. Пісаў на ідыш. Першы зб. вершаў «Якое жыццё дарагое» (1931). Аўтар кніг апавяданняў і вершаў для дзяцей «Дзеці», «Наш хор» (абедзве 1933), «Бадзёрым крокам», «Без ценю», «Каб лёгка ісці» (усе 1936), «Брацікам і сястрычкам» (1939), п’ес «На вышцы» (1934), «Ёсць фарпост» (1935). У зб-ку паэзіі «Гады, гады мае...» (1973) філас. асэнсаванне грамадска-паліт. падзей у краіне. На бел. мове выйшлі зб-кі твораў М. «Навагодняя елка» (1939), «Поплеч з сынамі ўсімі» (1963), «Родны дом» (1965), «На сонечным баку» (1967) у перакладзе Э.​Агняцвет, Д.​Бічэль-Загнетавай, Г.​Бураўкіна, З.​Бядулі, А.​Бялевіча, А.​Вольскага, С.​Гаўрусёва, Н.​Гілевіча, П.​Глебкі, Х.​Жычкі, А.​Зарыцкага, Г.​Кляўко, Е.​Лось, П.​Макаля, Я.​Семяжона, М.​Стральцова, П.​Прыходзькі, В.​Ціхановіча і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Мой добры голуб: Выбр. Мн., 1970.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́ЙЧЫК ((Mikołajczyk) Станіслаў) (18.7.1901, Гольстэргаўзен, Германія — 13.12.1966),

польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Удзельнік Велікапольскага паўстання 1918 супраць прускага панавання, савецка-польскай вайны 1920. У 1920—31 чл. партыі Польске стронніцтва людовэ-«Пяст» (у 1930—31 чл. Гал. рады), у 1931—39 чл. Гал. рады партыі Стронніцтва людовэ. Адзін з заснавальнікаў (1927) Велікапольскага Саюза сял. моладзі. Дэпутат сейма (1930—35). За кіраўніцтва сял. забастоўкай 1937 быў зняволены. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік вераснёўскай кампаніі 1939. Пазней у эміграцыі. У 1940—43 віцэ-прэм’ер, у 1943—44 прэм’ер-міністр польскага эмігранцкага ўрада. З 1946 віцэ-прэм’ер і міністр земляробства кааліцыйнага Часовага ўрада нац. адзінства. У 1945 засн. партыю Польскае стронніцтва людовэ (ПСЛ, у 1945—47 яе старшыня). Дэпутат Краёвай рады нарадовай (1945—47), сейма (1947). Арганізатар легальнай антыкамуніст. апазіцыі ў Польшчы. Пад пагрозай арышту выехаў у ЗША. У 1947—66 старшыня ПСЛ у эміграцыі. Аўтар успамінаў «Згвалтаваная Польшча» (1948), прысвечаных падзеям 1939—47.

Літ.:

Paczkowski A Stanisław Mikołajczyk, czyli Klęska realisty. Warszawa, 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЕ́НЫ (Mykēnai),

старажытнагрэчаскі горад у Аргалідзе (п-аў Пелапанес), буйны цэнтр Крыта-мікенскай культуры ў эпоху бронзы. Заселены ў пач. 3-га тыс. да н.э. З 17 ст. да н.э. сталіца адной з дзяржаў ахейцаў. У 14—12 ст. да н.э. дасягнулі эканам. і паліт. росквіту, пашырылі свой уплыў на ўвесь Пелапанес, авалодалі Кносам, замацавалі сувязі з Егіптам, хецкай дзяржавай, Кіпрам, Сірыяй. У канцы 12 ст. да н.э. разбураны дарыйцамі. У 1-м тыс. да н.э. невял. паселішча, якое ў 468 да н.э. заваявалі і зруйнавалі аргосцы.

У выніку раскопак (пачаты ў 1874—76 Г.Шліманам) адкрыты: шахтавыя грабніцы з багатым пахавальным інвентаром (17—16 ст. да н.э.), цыклапічныя сцены крэпасці з т. зв. Львінымі варотамі, палац з прапілеямі, лесвіцамі, дваром, гасп. і жылымі памяшканням, аздобленымі фрэскамі, статуямі і інш., жылыя дамы (усё 14—13 ст. да н.э.), зернесховішча (12 ст. да н.э.) і інш. У ніжнім горадзе выяўлены жылыя дамы, цыстэрны, толасы (14—13 ст. да н.э.).

Літ.:

Бартонек А. Златообильные Микены: Пер. с чеш. М., 1991.

Да арт. Мікены. Ільвіныя вароты. 14—13 ст. да н.э.

т. 10, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)