ПАРЭ́ЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Створаны на правым пакатым беразе р. Ясельда. Парк пейзажнага тыпу, пл. 60 га. Каля р. Ясень, рукава Ясельды, стаяў мураваны палац (не захаваўся), на астраўку побач быў пладовы сад. У аснове планіроўкі парку — сетка ўзаемна перпендыкулярных алей. Гал. кампазіцыйная вось арыентавана з ПнУ на ПдЗ. На паўн. ускраіне сістэма каналаў і праточных сажалак утварае маляўнічыя астравы і паўастравы з багатай расліннасцю, густым падлескам. На Пд дуброва з дубу чырвонага і рабініі псеўдаакацыі (белай акацыі) і пладовы сад. У парку шмат экзотаў (піхты белая, сіб., аднаколерная, хвоя веймутава, елкі канадская, Энгельмана, дугласія Мензіса, клён ясенялісты, бук лясны, арэх Зібальда, дуб балотны і інш.).

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975. С. 108—110.

В.​Р.​Анціпаў.

Парэцкі парк. Схема.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАК ((Pollock) Джэксан) (28.1.1912, г. Коды, штат Ваёмінг, ЗША — 11.8.1956),

амерыканскі жывапісец, адзін з гал. прадстаўнікоў амер. абстрактнага экспрэсіянізму. Вучыўся ў Вышэйшай школе прыкладнога мастацтва ў Лос-Анджэлесе (1925—29) і ў Маст. студэнцкай лізе ў Нью-Йорку ў Т.​Х.​Бентана (1930—31). Пасля 1935 зазнаў уплыў П.​Пікасо і сюррэалізму («Ваўчыха», «Захавальнікі сакрэту», абедзве 1943, і інш.). У 1940-я г. звярнуўся да абстрактнага мастацтва. Працаваў у рэчышчы т. зв. жывапісу дзеяння, калі фарбы наносяцца непасрэдна з цюбікаў без дапамогі пэндзля (тэхніка «дрыпінг») па разасланым на падлозе палатне, што дазваляе спалучаць аўтарскую задуму з выпадковымі каляровымі і лінейнымі эфектамі. Сярод твораў: «Капрыз мора» (1947), «Арабескі № 13» (1948), «За межамі палатна № 7» (1949), «Lavender Mist № 1», «Восеньскі рытм № 30» (абодва 1950) і інш. З 1951 працаваў у чорна-белым фігуратыўным жывапісе.

Дж.Полак. Капрыз мора. 1947.

т. 12, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́НІН (Васіль Васілевіч) (13.1.1898, г. Тамбоў, Расія — 12.5.1951),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1949). Скончыў драм. студыю ў Тамбове (1920). Працаваў у т-рах Тамбова, Петраграда. У 1924—49 вядучы акцёр Т-ра імя МГСПС (з 1938 імя Массавета). У 1944—51 кіраўнік акцёрскай майстэрні Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі, праф. (з 1949). З 1950 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя А.​Пушкіна. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. Сярод роляў: Чапаеў (аднайм. п’еса паводле аповесці Дз.​Фурманава), Фаюнін («Нашэсце» Л.​Лявонава), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна; і рэжысёр). З 1927 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1949.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІ́Л, Ахілес,

у грэчаскай міфалогіі герой Траянскай вайны, адзін з гал. персанажаў «Іліяды». Паводле падання, маці Ахіла, марская багіня Фетыда, каб зрабіць сына бессмяротным, пакупала яго ў свяшчэнных водах р. Стыкс. Толькі пятка, за якую яна трымала дзіця, засталася паражальная. Загінуў Ахіл ад стралы Парыса, што трапіла ў пятку (адсюль выраз «ахілесава пята»). Ахіл — улюбёны герой стараж.-грэч. мастакоў і паэтаў, яму прысвечаны шматлікія малюнкі на ант. вазах, пампейскія фрэскі, рэльефы рым. саркафагаў. Міф пра Ахіла стаў сюжэтам твораў жывапісцаў А. ван Дэйка, П.​П.​Рубенса, Дж.​Б.​Цьепала, Н.​Пусэна, А.​Іванава.

Да арт. Ахіл. Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара. Мастак А.​А.​Іванаў. 1824.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́Н (Грузенберг) Міхаіл Маркавіч

(9.7.1884, г.п. Янавічы Віцебскага р-на — 29.5.1951),

рэвалюцыянер, сав. дзярж. і паліт. дзеяч. У рэв. руху з 1900, чл. Бунда. У 1907—18 у ЗША: стварыў у Чыкага спец. школу для эмігрантаў, удзельнічаў у рабоце сацыяліст. партыі Амерыкі, быў казначэем Т-ва дапамогі рус. палітвязням. З 1919 ген. консул РСФСР у Мексіцы, адначасова працаваў у Камінтэрне. У 1923—27 у Кітаі — паліт. саветнік ЦВК, нац. рэв. партыі Гаміньдана, потым у СССР нам. наркома працы, нам. дырэктара ТАСС, з 1932 гал. рэдактар газ. «Moscow News» («Маскоўскія навіны»), у Вял. Айч. вайну ў рэдакцыі Саўінфармбюро. У 1951 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАН ((Baran) Пол) (1910, Украіна — 1964),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Вучыўся ў Берліне і Парыжы. З 1939 у ЗША, працягваў адукацыю ў Гарвардскім ун-це. З 1949 праф. эканомікі Станфардскага ун-та. У кн. «Палітычная эканомія росту» (1957) імкнуўся з марксісцкіх пазіцый прааналізаваць некаторыя эканам. праблемы краін, што сталі на шлях незалежнага развіцця. У працы «Манапалістычны капітал» (1966, разам з П.​Суізі) аналізаваў праблемы манапаліст. эканомікі ЗША. У шэрагу пытанняў, найперш у вызначэнні эканам. прыкмет імперыялізму, сур’ёзна адыходзіў ад марксісцкай тэорыі («Заметкі па тэорыі імперыялізму», 1964, разам з Суізі). Гал. шляхам пераходу да сацыялізму лічыў нац.-вызв. рух, а не рэв. барацьбу ў развітых капіталіст. краінах.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРО́СІК (Мікалай Мікалаевіч) (н. 8.1.1945, в. Каменка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарнай мікрабіялогіі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Д-р вет. н. (1989). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1970). З 1972 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.​Н.​Вышалескага, з 1994 нач. Гал. ўпраўлення аграрнай адукацыі Мінсельгасхарча Беларусі. Навук. працы па дыягностыцы, спец. прафілактыцы і мерах барацьбы з інфекц. хваробамі жывёл.

Тв.:

Профилактика пневмоний свиней. Мн., 1989;

Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд. Мн., 1990 (у сааўт.);

Справочник по болезням молодняка животных. Мн., 1995 (разам з М.​В.​Якубоўскім, Я.​А.​Панкаўцом).

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Opolskie),

на Пд Польшчы. Пл. 8,5 тыс. км², нас. 1023 тыс. чал., гарадскога каля 52% (1987). Адм. ц.г. Аполе. Найб. гарады: Кендзежын-Козля, Аполе, Бжэг, Ныса, Крапкавіцы і інш. Размешчана ў Ніжнім Шлёнску, на Апольскай раўніне, Глубчыцкім плато, на Пд заходзяць Судэты (выш. Да 889 м), на У — частка Шлёнскага узв. (выш. да 400 м). Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,6 °C, ападкаў 650 мм за год. Гал. рака — Одра з прытокамі. Прам-сць: горназдабыўная, электратэхн., хім., лёгкая, харчовая. Вырошчваюць ячмень, кармавыя культуры, цукр. буракі, бульбу, рапс. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Турызм.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІМПТАТЫ́ЧНЫ ВЫ́РАЗ у матэматыцы,

параўнальна простая элементарная функцыя, набліжана роўная (з любой папярэдне зададзенай дакладнасцю) больш складанай функцыі пры імкненні яе аргумента да пэўнага значэння (напр., пры вял. значэннях аргумента). Напрыклад, пры x→0 ln (1 + x) ~ x, sin x ~ x, калі ўраўненне y = kx — асімптатычны выраз функцыі y = 𝑓(x) пры малых значэннях x, то такую функцыю можна вызначыць як 𝑓(x) = kx + a(x), дзе a(x)→0 пры x→0. У самым агульным выпадку асімптатычны выраз — гал. член больш складаных (і дакладных) набліжаных выразаў, якія наз. асімптатычнымі шэрагамі або раскладаннямі. Выкарыстоўваецца ў лікавых задачах у матэматыцы, механіцы, фізіцы.

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАН ((Grahn) Люсіль) (30.6.1819, Капенгаген — 4.4.1907),

дацкая артыстка балета, балетмайстар; адна з найб. вядомых рамант. танцоўшчыц. Скончыла школу Каралеўскага дацкага балета (педагог А.Бурнанвіль), з 1826 у яго трупе, афіцыйна дэбютавала ў 1834 (па-дэ-дэ ў оперы «Нямая з Портычы» Ф.​Абера). З 1839 у Парыжскай оперы. У 1843—46 гастраліравала ў Еўропе, з 1848 пераважна ў Германіі. Яе танец адметны лёгкасцю, грацыяй, выключнай тэхнікай. Выконвала гал. партыі ў балетах, паст. Бурнанвілем, Ф.Тальёні, Ж.Ж.Перо і інш. У 1856 пакінула сцэну, працавала балетмайстрам у Лейпцыгу (1858—61), Мюнхенскай прыдворнай оперы (1869—75). Сярод пастановак сцэна вакханаліі ў оперы «Тангейзер» Р.​Вагнера.

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)