АНГЛЕЗІ́Т (ад назвы в-ва Англсі ў Англіі),

мінерал класа сульфатаў, сульфат свінцу, Pb[SO4]. Мае 68,3% свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тонка і тоўстатаблітчастыя, прызматычныя; зярністыя і шчыльныя агрэгаты, жаўлакі. Бясколерны, белы, злёгку афарбаваны (шэры, жоўты, буры і інш.). Бляск шкляны да алмазнага, цьмяны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Пераважна гіпергенавы, утвараецца ў зоне акіслення свінцовых рудаў. Свінцовая руда.

Англезіт.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭТА́НЬ (Bretagne),

паўвостраў на ПнЗ Францыі. Абмываецца на Пн прал. Ла-Манш і зал. Сен-Мало, на З Атлантычным ак., на Пд Біскайскім зал. Значная ч. Брэтані занята Армарыканскім узв. (выш. да 391 м, горы Арэ). Берагі пераважна скалістыя, на З — рыясавага тыпу. Клімат умераны марскі. Верасоўнікі, тарфяныя пустэчы; трапляюцца дубовыя і букавыя лясы. Характэрны культ. ландшафт тыпу бакаж. Гал. парты Нант і Брэст.

т. 3, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЫМЕ́ (ад франц. bouts rimés рыфмаваныя канцы),

верш, напісаны на загадзя вядомыя рыфмы. Узнік у Францыі ў 1-й пал. 17 ст. як форма салоннай «лёгкай паэзіі», чыста літаратурная забава. З 20 ст. становіцца пераважна эстрадным жанрам. Прынцып бурыме пакладзены ў аснову некаторых бел. нар. песень: назвы ўсіх дзён тыдня прадвызначылі рыфмы, а разам з тым і арганізавалі вершаваныя радкі жартоўнай песні «Ад панядзелка да панядзелка».

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ЛЕЧНЫ МОСТ,

мост з пралётнымі збудаваннямі, асноўнымі нясучымі канструкцыямі якіх з’яўляюцца суцэльныя бэлькі або бэлечныя фермы. Адрозніваюць бэлечны мост з простымі бэлечнымі пралётнымі збудаваннямі, што апіраюцца на 2 апоры, і неразразныя, якія апіраюцца на 3 апоры і болей. Пралётныя збудаванні робяць са сталі, алюмінію, жалезабетону, дрэва. На бэлечным мосце з бэлькамі суцэльнага профілю пралётныя збудаванні робяць звычайна з яздой па версе, з бэлечнымі фермамі — пераважна па нізе.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГА́НТЫ (ад лац. vagantes вандроўныя),

вандроўныя студэнты, шкаляры, ніжэйшыя клірыкі ў Зах. Еўропе 11—13 ст., якія складалі на лац. мове і выконвалі сатыр. вершы, застольныя, студэнцкія і любоўныя песні, пародыі, высмейвалі феадалаў, вышэйшае духавенства і заможных гараджан. Наз. таксама галіярдамі. Найб. росквіту творчасць вагантаў, пераважна песенная, дасягнула ў 12—13 ст. Праследаваліся афіц. царквой. З 14 ст. страцілі сваё значэнне.

Літ.:

Поэзия вагантов. М., 1975.

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДУ́Ц (Vaduz),

горад, сталіца Ліхтэнштэйна. Размешчаны ў даліне р. Рэйн, каля падножжа хр. Рэтыкон. Горад утварыўся каля замка, засн. ў 9 ст. 5 тыс. ж. (1993). Гандл.-фін. цэнтр краіны. Прыладабудаванне, тэкст, прам-сць, вінаробства. Каля В. — ф-ка па вырабе фарфоравых зубных пратэзаў (пераважна на экспарт). Паштовы музей. Замак 9 ст. з гатычнай капэлай 15 ст. (дзярж. маст. калекцыя карцін, зброі, керамікі, дываноў і інш.). Турызм.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІНА,

археалагічныя помнікі (2 селішчы, бескурганны могільнік) ранняга жалезнага веку каля в. Вароніна Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. На селішчах знойдзены фрагменты грубаляпной і чорнаглянцаванай керамікі зарубінецкай культуры і ляпной керамікі сярэднявечча. На могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змешчаны ў прадаўгаватых або круглых ямах. Пахавальны інвентар — драцяныя фібулы, бронзавыя шпількі, спіралепадобныя бранзалеты, жал. кольцы, нажы, спражкі і інш., гліняныя, пераважна глянцаваныя, пасудзіны розных форм.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЧАРЫ́НКА, вечарына,

у беларусаў даўні звычай сялянскай моладзі збірацца вечарамі, асабліва ў нядзелю або свята, на танцы і гульні. Наладжвалі вечарынкі пераважна зімой у прасторнай хаце або карчме. У грамадскім побыце дарэв. вёскі — найбольш даступная магчымасць сустрэч моладзі. Бытавалі вечарынкі і ў гар. асяроддзі. На пач. 20 ст. ў гарадах і мястэчках вечарынкі выкарыстоўвалі аматарскія гурткі для папулярызацыі бел. л-ры і мастацтва (т.зв. Беларускія вечарынкі).

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШЫ МАСТА́ЦКА-ТЭХНІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т (ВХУТЭІН),

навучальная ўстанова ў Ленінградзе ў 1922—30 (створана на базе АМ) і Маскве ў 1926—30 (засн. на базе Вышэйшай мастацка-тэхнічнай майстэрні). Рыхтаваў пераважна мастакоў-станкавістаў. На яго базе ў 1930 створаны ў Ленінградзе Ін-т пралетарскіх выяўл. мастацтваў (з 1932 Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры), у Маскве Вышэйшы арх.-буд. ін-т (з 1933 Маскоўскі арх. ін-т).

т. 4, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ НЯВО́ЛЬНІЦКАЕ ВО́ЗЕРА (Great Slave Lake),

возера на ПнЗ Канады. Пл. 28,6 тыс. км², даўж. каля 480 км, глыб. да 150 м. Берагавая лінія значна парэзаная. Зах. берагі нізкія, парослыя хвойнымі лясамі, паўн. і ўсх. ўзгорыстыя, пераважна бязлесныя. Ва ўсх. ч. шмат астравоў. На паўн. узбярэжжы залатыя капальні. Упадаюць р. Нявольніцкая, Хей і інш., выцякае р. Макензі. Гал. парты: Форт-Рэзальюшэн, Форт-Провідэнс, Йелаўнайф.

т. 4, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)