Пу́хнуць1 ’распухаць, разбухаць’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), ’апухаць’: пухнуць людзі ад голаду (Сержп.), по́хнуць ’тс’: шчыка похніць (дрыс., Хрэст. дыял.); параўн. укр. пу́хнути, рус. пу́хнуть, польск. puchnąć, чэш. puchnouti, в.-луж. puchnyć ’пыхнуць, дунуць’, н.-луж. puchnuś se ’ўздуцца’, славен. púhniti ’дунуць; ударыць, піхнуць’, серб.-харв. пу́хнути ’дунуць; сапсаваць паветра’, балг. пу́хна ’пыхнуць; узбіць, выбіць’, макед. пувне ’глуха стукнуць’. Прасл. *puxnǫti суадноснае з *puxati (гл. пу́хаць, параўн. цягаць/цягнуць і пад.); значэнне уздымацца, разбухаць’ характэрна для паўночнаславянскіх моў, грунтуецца на семантыцы ’брадзіць’ (“o skutkach fermentacji, gnicia, rozkładu” гл. Банькоўскі, 2, 963), а форма незак. тр. на ‑nǫ‑ другасная да *puxъti, гл. пухці, і ў паўднёваславянскіх мовах у дзеясловах зак. тр. са значэннем аднакратнага дзеяння пераважала зыходная семантыка імітацыі раптоўнасці руху, выбуху (гл. пух1), параўн. Фурлан–Бязлай (3, 135), дзе зроблена спроба звязаць паўднёваславянскія формы з *pьchati (гл. піхаць, пхнуць). Гл. таксама Куркіна, Этимология–1994–1996, 204.

Пу́хнуць2 ’многа спаць, дрыхнуць’ (ТС; ушац., Нар. лекс.; уздз., Жд. 3; светлаг., Мат. Гом.), ’спаць без просыпу’ (Ян.), параўн. польск. арг. puchnąć ’заспаць’. Метафарычнае ўтварэнне на базе пухнуць1; зыходнае значэнне ’брадзіць, гнісці, раскладацца’, параўн. тыпалагічную паралель: серб. дыял. ква̏сити ’ляжаць доўга ў ложку, гультайнічаць’ і ’кіснуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́віна ’Salix caprea’ (Нас. Доп., Кліх., Бяльк., Кіс.), і́ва (Бяс., 114). Рус. и́ва, укр. и́ва, ги́ва (Грынч.), польск. iwa, iwina, дыял. wiwa, в.-луж. jiwa, н.-луж. wiwa, палаб. jeivó, чэш. jíva, славац. iva, славен. íva, серб.-харв. и̏ва, балг. и́ва, макед. ива. Прасл. *iva/*jьva (Трубачоў, Эт. сл., 8, 248) мае шматлікія адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. ievà ’чаромха’, лат. iēva ’тс’, прус. iuwis ’ціс’, ст.-в.-ням. iwa ’тс’, ірл. eo ’тс’, грэч. οἄ, οἴη ’Sorbus’, арм. aigi ’вінаграднік’ (апошнія з вакалізмам ‑o‑). Звязваюць з і.-е. *ei̯‑u̯o‑ ’чырванаваты’ (Покарны, I, 297; Слаўскі, 1, 473–474; Тапароў, 3, 100–101). Адсюль розныя значэнні ў і.-е. арэале: ’чаромха’, ’ціс’ ад колеру драўніны; ’рабіна’, ’вінаград’ па афарбоўцы ягад. Скок (1, 737) першасным лічыць значэнне ’ягада’. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 438; Мейе, MSL, 14, 1906–1908, 479; Машынскі, Pierw., 61; Клюге, 153; Фасмер, 2, 113; Безлай, 1, 214. Махэк₂ (230) супастаўляе з ням. Weide ’вярба’, грэч. ἰτέα ’тс’ < «праеўрапейскага» *vīteuā. Трубачоў (Эт. сл., 8, 249), прымаючы збліжэнне з ням. Weide, прапануе звязаць з і.-е. коранем *u̯i‑/*u̯ei̯‑ ’віць’, адкуль *u̯ei̯‑u̯ā > *ei̯‑u̯ā. Бел. івіна ўтворана ад іва суф. ‑ін‑а, які падкрэслівае значэнне асобнай адзінкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бры́на ’вільгаць, вада’ (У склепе адна бры́наСцяшк. МГ). Цёмнае слова. Можа, мае нейкія адносіны да рус.-ц.-слав. брение гліна, гразь’, ст.-серб.-харв. брна ’гразь’, славен. bȓn ’рачны іл’ (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 212). Але хутчэй за ўсё да слав. *brьněti ’налівацца, паспяваць’ (гл. брыня́ць), асабліва параўн. яго значэнне разбухаць’. З гэтага апошняга, відаць, і трэба зыходзіць: ’разбухаць (ад вільгаці)’ → ’рабіцца вільготным’ → ’вільгаць’. Пра сувязь дзеяслова набрыня́ць ’набухнуць’ з бры́на думаюць Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, № 1, 80.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́кідаць (БРС, Шат., Касп., Яруш., Бяльк.), вы́кідацца ’стараннай працай, руплівасцю выйсці з цяжкага становішча’; ’вырасці ў беднасці’; ’акрыяць’ (Янк. III); ’вырасці, выхавацца’; ’перанесці, перажыць пэўны час’ (Шат.), законч. трыванне выкінуцца ’нечакана з’явіцца’ (КЭС, лаг.). Гл. кідаць. Значэнне ’акрыяць’ або калька з літ., параўн. pasitaisýti ’акрыяць, паправіцца’ і taisýti ’выкідваць (штукі)’, або вынік незалежнага развіцця семантыкі дзеясловаў з прыстаўкай вы‑ і са значэннем руху знутры, якія вельмі часта набываюць пераносныя значэнні ’выйсці з цяжкага становішча, пазбавіцца ад бяды’; ’вырасці (у беднасці)’ і г. д.; параўн. выкачацца, выкруціцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лясны́, лясны́й, ліснэ́й ’уласцівы лесу’, ’які жыве, расце, знаходзіцца ў лесе’, ’багаты лесам, лясісты’, ’які мае адносіны да лесаводства’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ); ’дзікі’ (пра яблыні, пчолы)’ (глыб., віл., іўеў., воран., чэрв., Сл. ПЗБ). Прасл. lěs‑ьnъ. Да lěsъ > лес (гл.). Значэнне ’дзікі’ — уплыў балтыйскага субстрату; цяпер яму адпавядаюць лат. прыметнікі ад mežs ’лес’: meža pīle ’дзікая качка’ męża zvēri ’дзікія звяры і інш.’ (Непакупны, Связи, 77–82). Сюды ж лясныя пчолы ’дзікія пчолы’ (чэрв., іўеў., воран., З нар. сл.); лясны клоп ’смярдзюха’ (Сцяшк.), польск. leśnieć ’дзічэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гаво́рка ’размова’ (БРС, Гарэц., Мядзв., Касп., Бяльк.), ’гутарка, размова’ (Яруш., БРС, Нас.), ’гаворка, дыялект’ (БРС, Яруш., Гарэц., Нас., Касп., Шат.), ’пагалоскі, размовы’ (БРС, Бяльк.), ’манера гаварыць, акцэнт мовы’ (Гарэц., Мядзв., Бяльк.). Рус. дыял. (смал., пск.) ’гутарка, размова; погалас, чуткі; манера гаварыць, вымаўленне; гаворка, дыялект; настаўленне, славеснае павучанне’, укр. гові́рка ’вымаўленне, манера гаварыць; дыялект, гутарка, гаварэнне; погалас, плётка’. Усх.-слав. утварэнне ад *govoriti па прасл. мадэлі «дзеяслоўная аснова + суф. *‑ka», якая мела значэнне галоўным чынам nomen actionis (*govorъka). Параўн. балг. падобныя фармацыі (з прэфіксамі) погово́рка, угово́рка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гумно́ ’гумно’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Шатал.). Гл. яшчэ Яшкін, дзе прыводзяцца і іншыя значэнні. Слова, вядомае ва ўсіх слав. мовах. Параўн. рус. гумно, укр. гумно, польск. gumno, чэш. humno, балг. гумно, серб.-харв. гумно, ст.-слав. гоумьно. Прасл. *gumьno. Найбольш верагоднай лічыцца этымалогія Пагодзіна: *gumьno з’яўляецца старым складаным словам: *gu‑ (звязана этымалагічна з *govędo) і *mьn‑ (апошняе, напр., у дзеяслове *męti ’мяць’). Першапачатковае значэнне ’месца, дзе жывёла топча хлеб’. Гл. Фасмер, 1, 474; Бернекер, 1, 362; Трубачоў, Эт. сл., 7, 173–175.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́спа1 ’насып, верх; збожжа, насыпанае звыш меры’ (Нас., Яруш.). Паводле Насовіча, ад сыпаць, насыпаць (Нас., 319).

На́спа2 ’лес, які расце на ўскраіне поля’ (Шн.), іці́ць у на́спу ’ісці ў малады лес збіраць грыбы’ (Нік. Посл.). Відаць, ад насыпаць, гл. насып ’насыпаны вал, тэраса’, параўн. рус. смал. на́спа ’насып (земляны)’, польск. naspa ’тс’, чэш. дыял. tiäspa ’тс’ (< *nasbpay гл. Махэк₂, 390; Бязлай, 2, 215); значэнне ’малады лес’ другаснае, узнікла ў сувязі з тым, што звезенае на край поля каменне, ламачча і пад. хутка зарастала хмызняком.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наўспяце́нь (ныўспяцень) ’наадварот’: прыставіць дзверы ныўспяцень (Бяльк.). Магчыма, да рус. вспять ’назад’ (да пята, гл. Фасмер, 3, 363); аднак, зыходзячы з ілюстрацыі і ўдакладнення рэдактараў слоўніка, якія дадалі значэнне ’ўгару, увысь, высока’, можна звязаць з успяць ’падняць угару’ (да пяць, пну, гл.). Прымаючы пад увагу магіл. на́піта, напята ’насцеж’ (гл.) і пятнік ’вушак, да каторага прыладжваюцца дзверы завесамі’, мае права на існаванне і іншая версія: да пята ’ніжняе гняздо, у якое ўстаўлялася драўляная вось дзвярэй’, тады наўспяцень значыла б ’не тым канцом восі (устаўлены дзверы)’ ці пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капу́т ’канец, смерць’ (ТСБМ). Паходзіць з нямецкай мовы (праз польскую ці рускую), параўн. н.-в.-ням. kapútt ’сапсаваны, разбіты, зламаны’, ’які загінуў’ < франц. capot ’прапаў, праіграў’ у выразе être (або faire) capot ’вашы карты пабіты’; аналагічна ням. kaputt machen (Фасмер, 2, 188; Клюге, 350–351; ЕСУМ, 2, 379). Даза (139) дапускае генетычную сувязь франц. capot з праванс. cap, якое з нар.-лац. capus, лац. caput ’галава’. У Вялікую Айчынную вайну лексема набыла значэнне ’капец, смерць’ — у выніку другаснага запазычання (Шанскі, 2 (К), 59–60).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)