БАРКЛА́Й ДЭ ТО́ЛІ (Міхаіл Багданавіч) (24.12.1761, маёнтак Помуш, цяпер у Пакруойскім раёне Літвы — 25.5.1818),
расійскі палкаводзец і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1814). Выхадзец з шатл. роду, які ў 17 ст. перасяліўся ў Прыбалтыку. Удзельнік руска-турэцкай 1787—91 і руска-шведскай 1788—90 войнаў, т.зв. Польскай кампаніі 1792—94 — задушэння паўстання Т.Касцюшкі (штурм Вільні, знішчэнне атрада С.Грабоўскага каля Гродна). Камандзір дывізіі, корпуса ў руска-пруска-французскую 1806—07 і руска-шведскую 1808—09 войны. З мая 1809 галоўнакаманд. фінл. арміяй і ген.-губернатар Фінляндыі. З 1810 чл.Дзярж. савета. У студз. 1810 — вер. 1812 ваен. міністр, адначасова камандаваў 1-й Зах. арміяй, сфарміраванай у Літве і Зах. Беларусі (сак. — вер. 1812). У час вайны 1812 да 17 жн. фактычна кіраваў баявымі дзеяннямі рас. войскаў, у Барадзінскай бітве 1812 камандаваў правым флангам і цэнтрам баявога парадку. У замежных паходах рускай арміі 1813—14 галоўнакаманд. руска-прускай арміяй. З 1815 галоўнакаманд. 1-й рас. арміяй. У 1817 суправаджаў цара Аляксандра I у яго падарожжы па Беларусі; выступаў супраць ваен. пасяленняў.
Літ.:
Балязин В.Н. Фельдмаршал М.Б. Барклай-де-Толли: Жизнь и полководческая деятельность. Киев, 1990;
Тотфалушин В.П. М.Б.Барклай де Толли в Отечественной войне 1812 г. Саратов, 1991.
венгерскі кампазітар, піяніст, музыказнаўца-фалькларыст. Скончыў Будапешцкую муз. акадэмію па класах фп. і кампазіцыі (1903), у 1907—34 яе прафесар. У 1920—30-я г. выступаў як піяніст у краінах Еўропы, у ЗША, СССР. З 1940 у ЗША. Збіраў і вывучаў венг. сялянскую песню, рум., славацкі, серб., харвацкі, зах.-ўкр. фальклор (больш за 30 тыс. узораў); аўтар навук.прац. На аснове фальклору склаўся самабытны дынамічны муз. стыль Бартака, які арганічна спалучыў стараж. квартава-пентатонную аснову венг.сял. песні з найноўшымі муз.-выразнымі сродкамі прафес. музыкі, узбагаціў яе метрарытмічную і тэмбравую палітру. У творах 1910—20-х г. выкарыстоўваў наватарскія элементы дадэкафоніі, атанальнасць, політанальнасць і інш. Сярод твораў: опера «Замак герцага Сіняя Барада» (паст. 1918), балеты «Драўляны прынц» (1917) і «Цудоўны мандарын» (1926); сімф. паэма «Кошут» (1903); Танц. сюіта (1923); Музыка для струнных, ударных і чэлесты (1936); Дывертысмент для струннага аркестра (1939), Канцэрт для арк. (1943), 3 фп. і 2 скрыпічныя канцэрты; 6 струнных квартэтаў; Саната для 2 фп. і ўдарных інстр.; фп. цыкл «Мікракосмас»; хары а капэла і з фп.; цыклы песень і інш. Прэмія імя Л.Кошута 1948.
Літ.:
Уйфалуши Й. Бела Барток: Жизнь и творчество: [Пер. с венг.] Будапешт, 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІВУ́Д, Халівуд (Hollywood),
прыгарад г.Лос-Анджэлес, на ПдЗ ЗША, штат Каліфорнія. Знаходзіцца за 30 км ад узбярэжжа Ціхага ак., у раёне з разнастайнымі ландшафтамі (горы, паўпустынныя раўнінныя ўчасткі, лясныя масівы).
Цэнтр амер. кінамастацтва. Першая студыя засн. ў 1911. Расшырэнне вытв-сці абумовіла фарміраванне ў Галівудзе на аснове паўсаматужных груп буйных кампаній, частка якіх існуе і цяпер. У 1920-я г. ў Галівудзе была створана самая перадавая на той час матэрыяльна-тэхн. база кінавытворчасці, якая пастаянна ўдасканальвалася, падрыхтаваны прафесійныя кадры. Тады зарадзілася сістэма «зорак» — акцёраў, адно імя якіх збірала ў кінатэатры натоўпы гледачоў. Была наладжана паточная вытв-сць сцэнарыяў і фільмаў у рамках устойлівай сістэмы жанраў. Галівуд як «фабрыка мрояў» прыцягваў да сябе пільную ўвагу масавай аўдыторыі не толькі фільмамі, але і самім ладам жыцця, які шырока рэкламаваўся сродкамі інфармацыі. У 1927 у Галівудзе засн.Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук. У 2-й пал. 1930-х г. аб’ём кінавытворчасці 8 найб. фірмаў Галівуда («Метро-Голдвін-Маер», «20 стагоддзе-Фокс», «Уорнер бразерс», «РКО-Радыё», «Парамаўнт», «Юнайтэд артыстс», «Каламбія Пікчэрс», «Юніверсал інтэрнэшанал») складаў больш чым 500 фільмаў за год. У 1950—60-я г. Галівуд перажываў эканам. цяжкасці, але выстаяў у канкурэнцыі з тэлебачаннем і незалежнымі прадзюсерамі. Галівуд — своеасаблівы міф, сімвал амер. кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІ ДРУК,
спосаб друкавання, пры якім фарба перадаецца на паперу або інш. матэрыял друкавальнымі элементамі друкарскай формы, размешчанымі вышэй заглыбленых прабельных. Выкарыстоўваецца для друкавання кніг, газет, шматфарбавых рэпрадукцый і інш. Адрозніваецца выразнасцю і рэзкасцю выявы, каляровай насычанасцю яе элементаў.
Высокі друк — самы даўні спосаб друкавання, яго вытокі — у культуры Карэі, Кітая, Японіі (8 ст.). Першыя друкарскія формы рабілі з гладкіх дошак, у якіх выразалі паглыбленні (прабельныя элементы), а некранутыя месцы стваралі выяву. Такія формы часам выкарыстоўваюць і цяпер у мастацкай рэпрадукцыі (гл., напр., Гравюра). З развіццём кнігадрукавання формы сталі састаўныя (з асобных літар і знакаў). Сучасныя тэкставыя формы высокага друку набіраюць на фотанаборных (часам на літара- і радкаадліўных) наборных машынах, а ілюстрацыі друкуюць з клішэ. У працэсе друкавання на друкарскіх машынах фарба спец. валікам наносіцца на элементы формы, якія выступаюць, затым форма паслядоўна прыціскаецца да паперы і пакідае на ёй адбітак. Высокі друк саступае месца (як і глыбокі друк) больш прагрэсіўным тэхналогіям (афсетны друк, камп’ютэрныя сістэмы).
Літ.:
Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства: (Основы полиграфии). Ч. 2. Печатное и брошюровочно-переплетное производство. М., 1982.
Схема формы і адбітку высокага друку: а — форма з прабельнымі (1) і друкавальнымі (2) участкамі; б — форма з нанесенай фарбай (4) і прыціснутай паперай (3); в — папера з адбіткам фарбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАФА́РБАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, якая займаецца вытв-сцю лакафарбавых матэрыялаў: лакаў і эмалей, розных фарбавальнікаў, пакосту і інш. Алейныя фарбы звычайна вырабляюцца з тонказдробненага пігменту, які размеркаваны ў масе плёнкаўтваральнага рэчыва — пакосту (раней атрымлівалі толькі з расліннага алею). Разам з натуральным пакостам наладжана вытв-сцьсінт. і паўсінт. (гліфталевага) пакосту. Сыравіна для атрымання фарбавальнікаў і пігментаў разнастайная, найб. значнай з’яўляюцца араматычныя вуглевадароды — бензол, талуол, нафталін, антрацэн, ксілол і іх вытворныя. Шырока выкарыстоўваліся бітумныя лакі — растворы прыродных або штучных бітумаў ва ўайт-спірыце, ксілоле, шкіпінары і інш. растваральніках. У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся лакі на аснове эфіраў цэлюлозы, потым — сінт. смол. Цяпер выкарыстоўваюцца лакі на аснове палімераў (алкідных смол), якія ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі кіслотамі.
На Беларусі лакі і фарбы пачалі вырабляць у 1920-я г., напачатку ў арцелях па вырабе хім. прадукцыі, потым на прамысл. прадпрыемствах. У 1960-х г. пабудаваны буйныя Мінскі лакафарбавы завод і Лідскі лакафарбавы завод. Усяго на Беларусі каля 30 прадпрыемстваў і вытв-сцей Л.п. У 1994 прадпрыемствы Беларусі вырабілі 16,1 тыс.т лакаў на кандэнсацыйнай аснове, 2,9 тыс.т алейных фарбаў, 3,9 тыс.т пакосту. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Лакафарбавая прамысловасць. У цэху прыгатавання эмалей на Мінскім лакафарбавым заводзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ,
тры мануфактуры, якія дзейнічалі ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў мяст. Крычаў (цяперг. Крычаў Магілёўскай вобл.). 1-я парусінавая мануфактура існавала ў 1783—1845. Уладальнік граф Р.А.Пацёмкін. За тыдзень вырабляла каля 100 кавалкаў (5 тыс. аршынаў) парусіны. У 1783 выраблена 820 кавалкаў паруснага палатна масай 1120 пудоў. У 1786 расходавана каля 1200 пудоў пражы. У 1797 было 112 станкоў, працавалі 224 прыгонныя, выраблена 900 кавалкаў парусіны. Яе прадукцыя ішла на Крычаўскую суднаверф, а таксама ў Херсон і Крамянчуг. 2-я парусінавая мануфактура існавала ў 1786—1831. Уладальнік памешчык Галынскі. Вырабляла белае і шэрае палатно (50 тыс. аршынаў у 1796), брызентавую тканіну (33 тыс. аршынаў у 1797), суравое палатно (77 тыс. аршынаў у 1823). У 1786 было 170 ткацкіх станкоў. У 1797—1814 мелася 120 рабочых, акрамя сялянак-прадзільшчыц, якія працавалі ў вёсках у залік паншчыны. Прадукцыя ішла ў Херсон, Крамянчуг, Рыгу, Пецярбург і інш.Канатная мануфактура існавала ў 1785—98. Размяшчалася ў 2 будынках, мела 24 колы, печ для варкі смалы з попелам. Працавала каля 300 прыгонных. У 1787 вырабляла па 1000 пудоў канатаў за тыдзень. У 1785 для Херсонскага адміралцейства выпушчана канатаў на 117,2 тыс. руб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́К (Рыгор Іванавіч) (9.11.1890, хутар Дуднікава, цяпер Палтаўская вобл., Украіна — 24.8.1950),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1940). Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У арміі з 1912, удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. 3 мая 1937 нач.артыл. ўпраўлення РСЧА. З 1939 нам. наркома абароны СССР і нач.Гал.артыл. ўпраўлення. Вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40. У пач.
Вял. Айч. вайны прадстаўнік Стаўкі Гал. камандавання на Зах. фронце, у раёне г. Беласток трапіў у акружэнне. Са жн. 1941 камандуючы 54-й арміяй на Ленінградскім, потым на Варонежскім і Сцяпным франтах. У сак. 1942 за пралікі ў камандаванні войскамі паніжаны ў званні да ген.-маёра. Пасля 1944 нам. начальніка Гал. ўпраўлення фарміравання і камплектавання войск РСЧА, нам. камандуючага войскамі Прыволжскай ваен. акругі. З 1946 у адстаўцы. 11.1.1947 арыштаваны па лжывым абвінавачанні ў «антысав. варожай дзейнасці». Расстраляны паводле прыгавору ваен. калегіі Вярх. суда СССР. У крас. 1956 рэабілітаваны. У 1957 пасмяротна адноўлены ў званні Маршала Сав. Саюза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРАМА́,
горад у Расіі, цэнтр Кастрамской вобл., на р. Волга. Засн. ў 12 ст. 286 тыс.ж. (1997). Рачны порт. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. (пераважна льняной), а таксама машынабуд. (экскаватары, тэкст. машыны, аўтам. лініі, палімернае машынабудаванне, дрэваапр. станкі, фарбавальна-аддзелачнае абсталяванне і інш.), дрэваапр. (мэбля), харч., хім., абутковай і швейнай прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Інстытуты: тэхнал., с.-г., педагагічны; ф-т С.-Пецярбургскага гандл.-эканам. ін-та.
Унікальны па кампазіцыйнай цэласнасці ансамбль цэнтра К. (канец 18 — пач. 19 ст.) узнік на месцы старога цэнтра — скапаных земляных і драўляных умацаванняў крамля і Новага горада паводле генплана 1781—84. Сярод помнікаў: сабор Богаяўленскага манастыра (1559—65, размалёўкі 1672), Іпацьеўскі манастыр (16—17 ст.; у ім знойдзены Іпацьеўскі летапіс), з каменнымі сценамі, вежамі, Троіцкім саборам (1650—52; размалёўкі 1685, мастак Г.Кінешамцаў і інш.), са званіцай (1603—05; цяпер у манастыры філіял музея-запаведніка з помнікамі драўлянага дойлідства), цэрквы Ушэсця на Дзебры (1652). Іаана Багаслова (1681—87). У стылі класіцызму пабудаваны комплекс гандл. радоў (1770—1830-я г.), пажарная каланча (1825—28, арх. П.Фурсаў), будынак Дваранскага сходу(1838, арх. Праве). У 1977 узведзены гасцінічна-турысцкі комплекс «Волга» (арх. Р.Нікіцін, П.Шчарбінін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР Існаваў з пач. 17 да сярэдзіны 20 ст. ў мяст. Койданава (цяперг.Дзяржынск Мінскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 у стылі готыкі Крыштофам Мікалаем Радзівілам Перуном на месцы стараж. гарадзішча (вядомы пад назвай Койданаўскі замак). Пры буд-ве выкарыстана цэгла на вапнава-пясчанай рошчыне. У 1884 перабудаваны.
Мураваны прамавугольны ў плане храм зальнага тыпу з 5-граннай апсідай (абапал мела 2 сакрысціі) і 4-яруснай вежай-званіцай (2 васьмерыкі на 2 чацверыках). Асн. аб’ём, бакавыя сцены якога былі ўмацаваны контрфорсамі і прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, быў накрыты высокім 2-схільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Вежа-званіца з гадзіннікам у верхнім ярусе завяршалася шатром, сцены праразалі высокія арачныя аконныя праёмы і круглыя байніцы. Тэрыторыя, абкружаная валамі і вадзяным ровам, была ўмацавана мураванай сцяной і 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі (мелі па 6 байніц). Праз роў быў перакінуты драўляны мост вянковай канструкцыі з размаляванай балюстрадай. На тэр. збору знаходзіліся мураваны будынак плябаніі, драўляныя будынкі 2-класнай кальвінскай школы (існавала да сярэдзіны 19 ст.), шпіталя, жылыя і гасп. пабудовы. У К.к.з. захоўвалася Брэсцкая біблія 1563. Комплекс моцна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, пазней разабраны.
Літ.:
Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕВА́НГЕЛЬСКІЯ ХРЫСЦІЯ́НЕ,
паслядоўнікі адной з плыней пратэстантызму, падобнай да баптызму (гл.Баптысты). Найб. распаўсюджаны ў ЗША. У Расіі з’явіліся ў 1870-я г. ў арыстакратычным асяроддзі Пецярбурга. Першапачатковая назва — рэдстакісты або пашкоўцы (ад імён актыўных прапаведнікаў лорда Рэдстака і палкоўніка В.А.Пашкова). З сярэдзіны 1890-х г.наз. Е.х. У 1909 засн. Усерасійскі Саюз Е.х. на чале з І.С.Праханавым і адбыўся іх 1-ы з’езд у Пецярбургу. У аснову веравучэння, распрацаванага Праханавым, былі пакладзены агульнапратэстанцкія догматы: вучэнне аб спрадвечнай грахоўнасці чалавека і выратавальнай місіі Ісуса Хрыста; догмат аб другім прышэсці Хрыста і магчымасці выратавання толькі асабістай верай у выратавальную ахвяру Хрыста. Іх абраднасць і царк. арганізацыя яшчэ больш спрошчаныя, чым у баптыстаў. У 1930-я г. шмат кіраўнікоў Саюза Е.х. і вернікаў было рэпрэсіравана, дзейнасць яго фактычна спынілася; адноўлена ў 1942. У 1944 Е.х. аб’ядналіся з баптыстамі ў царкву Евангельскіх хрысціян-баптыстаў (Саюз ЕХБ). На Беларусі першыя паслядоўнікі Е.х. (пашкоўцы) з’явіліся ў 1870—90-я г. на Гомельшчыне. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі замежныя місіі заснавалі шэраг абшчын Е.х., у асноўным у Палескім ваяв.Цяпер большасць Е.х. уваходзіць у Саюз ЕХБ Беларусі. 1 абшчына Е.х. зарэгістравана аўтаномна (1997).