БЕ́ЛАЯ РУСЬ,

гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.​Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.​Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.​Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял. кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст. зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус. тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.​М.​Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.​Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).

Літ.:

Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.​Сагановіч. Мн., 1991;

Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;

Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АЛФАВІ́Т,

сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай беларускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Склаўся на аснове кірыліцы. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары кірыліцы. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах (о — ω, ф — ѳ, і — и — ү, з — ѕ, е — ѥ — ѣ, ꙗ — ѧ, у — ꙋ — ѫ, ѱ — пс, ѯ — кс), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных. Развіццё старабел. графікі было звязана з пошукам найб. зручных спосабаў перадачы на пісьме асаблівасцяў жывой мовы. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі графемы «э» (канец 15 ст.) і «й» (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца знакі і, ѵ, ѯ, ψ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў трапляліся радзей. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне Ф.​Скарынам друкарскага варыянта алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства, якое з ростам школ і асветы, пашырэннем грамадскіх функцый пісьмовай мовы паступова перастала быць манаполіяй царкоўнікаў і стала здабыткам больш шырокіх колаў тагачаснага грамадства. Аднак удасканаленне графікі адбывалася стыхійна, не было праведзена ніводнай рэформы, таму дублетныя літары былі абмежаваны ва ўжытку, але не адкінуты. У сувязі з заняпадам старабел. пісьменства ў 18 — пач. 20 ст. на Беларусі пашырылася лацінскае пісьмо (лацінка), якое дагэтуль служыла толькі для афармлення польск. і лац. тэкстаў. Лацінкаю былі надрукаваны творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча і інш. пісьменнікаў. З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Як адзіны графічны сродак пісьмовай формы бел. літ. мовы беларускі алфавіт канчаткова замацаваўся пасля 1917. Сучасны беларускі алфавіт складаецца з 32 літар: Аа, Бб, Вв, Гг, Дд (Дждж, Дздз), Ее, Ёё, Жж, Зз, Іі, Йй, Кк, Лл, Мм, Нн, Оо, Пп, Рр, Сс, Тт, Уу, Ўў, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Ыы, Ьь, Ээ, Юю, Яя (пра кожную літару гл. асобны арт.). У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў jо («ё») і спецыфічна бел. гука ў («ў»), афрыкаты «дж» і «дз» перадаюцца дыграфамі. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой. Яны могуць выкарыстоўвацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і радковую форму. Ёсць спец. знак — апостраф.

А.​М.​Булыка.

т. 2, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НЫ (Athēnai),

горад, сталіца, паліт., эканам. і культ. цэнтр Грэцыі. Адм. ц. нома Атыка. Размешчаны на п-ве Атыка, непадалёку ад Эгейскага м., на раўніне, якую арашаюць Кіфісос і яе прыток Ілісос. Раўніну перасякае ланцуг вапняковых узгоркаў, асн. вяршыні якіх — Акропаль (каля 125 м) і Лікавіт (каля 275 м) — пануюць над горадам; з трох бакоў раўніна абмежавана гарамі, з чацвёртага — заліў Саранікос. Разам з прыгарадамі і г. Пірэй (аванпорт Афін на Эгейскім м.) утварае агламерацыю Вял. Афіны. 748 тыс. ж., у агламерацыі (пл. 433 км²) больш за 3,5 млн. ж. (1991). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт Элінікон. У Вял. Афінах сканцэнтравана каля ​2/3 прамысл. вытв-сці краіны. Асн. галіны: металургія, машынабудаванне (у т. л. суднабудаванне, аўтамабільнае), нафтаперапр., хім., цэлюлозна-папяровая, тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харч. прам-сць, турызм. Праз Аыіны праходзіць каля 70% імпарту і 40% экспарту Грэцыі. Метрапалітэн. Ун-т. Акадэмія навук. Нац. б-ка. Музеі.

Афіны — стараж. горад Грэцыі; горад-дзяржава (гл. Афіны Старажытныя). Паводле паданняў, першыя паселішчы на месцы сучасных Афін з’явіліся ў 16—13 ст. да нашай эры. З 146 (паводле інш. звестак 86) да нашай эры Афіны знаходзіліся пад уладай Рыма. З 4 ст. ўваходзілі ў склад Візант. імперыі. З 1204 сталіца Афінскага герцагства. У 1458 захоплены туркамі. З 1834 сталіца Грэцыі.

Спалучэнне выдатных помнікаў антычнасці (гал. ч. на Афінскім акропалі) з помнікамі візант. дойлідства і буйнымі раёнамі новабудоўляў надае Афінам непаўторную своеасаблівасць. Стыхійная планіроўка ант. Горада склалася да 7 ст. да нашай эры. Гіст. ядро Афін — скала Акропаля. Сярод інш. помнікаў стараж.-грэч. і рым. дойлідства: плошча Агары з храмам Гефеста, Дыпілон — гал. гарадскія вароты стараж. Афін, Дыпілонскі некропаль са скульпт. надмагіллямі 5—4 ст. да н.э, храм Зеўса Алімпійскага, тэатр Дыяніса, б-ка і арка Адрыяна, стадыён, т.зв. «Вежа вятроў», помнік Лісікрата. Да візант. эпохі належаць цэрквы 11—12 ст. Малая Мітраполія, св. Апосталаў на Агары, Капнікарэя і інш. Найб. значныя грамадскія будынкі 19 ст. ўзведзены ў стылі неакласіцызму: парламент, Нац. б-ка, ун-т, Акадэмія навук, Нац. музей і інш. Сучасныя Афіны будуюцца паводле рэгулярнага плана ва ўсіх напрамках ад цэнтр. вуліц. Сярод збудавання 20 ст.: тэатр «Алімпія», Хілтан-атэль і інш. Музеі: Нац. археалагічны, Акропаля, Агары, Візантыйскі, Нац. галерэя жывапісу, керамікі.

Літ.:

Сидорова Н.А. Афины. 2 изд. М., 1984.

Афіны.
Да арт. Афіны. Царква Капнікарэя. 12 ст.
Афіны. Агульны выгляд (на пярэднім плане музей Агары).
Да арт. Афіны. Тэатр Дыяніса. 6—4 ст. да н.э.

т. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАЛО́ГІЯ (ад гіста... + ...логія),

навука, якая вывучае заканамернасці развіцця, будову і жыццядзейнасць тканак і органаў жывёл і чалавека. Даследуе комплексы клетак, што ўваходзяць у склад тканкі, у іх узаемадзеянні паміж сабой і з прамежкавымі асяроддзямі. Як частка марфалогіі гісталогія цесна звязана з эмбрыялогіяй (гістагенез), цыталогіяй, фізіялогіяй (гістафізіялогія), біяхіміяй (гістахімія). Падзяляецца на агульную (вывучае тканкі) і прыватную (вывучае мікраскапічную будову асобных органаў і сістэм арганізма).

Развіццё гісталогіі як самаст. навукі звязана з узнікненнем мікраскапіі (італьян. вучоны Г.​Галілей, 1610, англ. Р.​Гук, 1665, галанд. А.​Левенгук, 1695), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. вучоны Т.​Шван, 1839) і класіфікацыі тканак (ням. вучоныя Р.​А.​Кёлікер, 1852, і Ф.​Ляйдыг, 1857). Тэрмін «гісталогія» ўвёў ням. анатам К.​Маер (1819). У Расіі адным з першых гістолагаў быў А.​М.​Шумлянскі, які ў 1752 апісаў будову нырак. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пытанні гісталогіі нерв. сістэмы высвятлялі А.​І.​Бабухін, М.​Д.​Лаўдоўскі, А.​С.​Догель, П.​І.​Перамежка і інш. Была створана эвалюцыйная гісталогія (школы А.​А.​Заварзіна і М.​Р.​Хлопіна), нейрагісталогія (Б.​І.​Лаўрэнцьеў, М.​А.​Міслаўскі і інш.).

На Беларусі развіццё гісталогіі звязана з арганізацыяй кафедры гісталогіі ў БДУ (з 1921). Даследаванні вядуцца ў мед. ін-тах, Ін-це фізіялогіі Нац. АН. У 1920—60-я г. вывучаліся будова і развіццё клетачнага ядра, узаемасувязі морфадынамічных сістэм, што забяспечваюць раздражняльнасць клеткі, абмен рэчываў і энергіі, рост, размнажэнне і палавы працэс (П.А.Маўрадыядзі), працэсы неўратызацыі ўнутр. органаў чалавека і жывёл (П.Я.Герке), інервацыя серозных абалонак і прыдаткавых зародкавых органаў (В.​Н.​Блюмкін). У 1960—90-я г. даследаваліся марфал. асновы кампенсатарна-прыстасавальных рэакцый у нерв. сістэме, структура нейрасакрэтарных клетак гіпаталамуса (С.М.Мілянкоў), фарміраванне і будова нервовамышачных сувязей у працэсе развіцця (Я.​Я.​Карытны), органы імуннай сістэмы (А.​Ф.​Суханаў) і скуры (А.​Д.​Мядзелец). З 1970-х г. вывучаецца эмбрыянальны морфагенез органаў розных сістэм арганізма, узаемасувязі развіцця ўнутр. органаў і рэгулявальных сістэм (А.А.Арцішэўскі, Я.І.Бальшова, Н.А.Жарыкава, А.С.Леанцюк, Т.​М.​Малярэвіч, І.​А.​Мельнікаў і інш.). Распрацаваны метады інфармацыйнага, карэляцыйнага, фрактальнага аналізу біял. сістэм (Леанцюк). Вывучаецца нейрагумаральная рэгуляцыя структуры і хім. арганізацыі страўнікавых залоз (А.А.Турэўскі), мышцаў і клетак крыві (Т.​Г.​Мацюхіна), гісталогія нерв. сістэмы (А.П.Амвросьеў, Л.​І.​Арчакова, Д.М.Голуб, У.М.Калюноў, Ф.Б.Хейнман і інш.).

Літ.:

Гистология. 4 изд. М., 1989;

Голуб Д.М. Очерки развития морфологии в БССР // Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДН ((Haydn) Франц Іозеф) (31.3.1732, Рораў, цяпер г. Брук-ан-дэр-Лайта, Аўстрыя — 31.5.1809),

аўстрыйскі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. Ганаровы д-р Оксфардскага ун-та (1791), чл. Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1798), ганаровы чл. Філарманічнага т-ва ў Пецярбургу (1808). Пач. муз. адукацыю атрымаў у І.​М.​Франка ў г. Гайнбург. У 1740—49 спяваў у хоры сабора св. Стэфана ў Вене, удасканальваў ігру на клавіры, скрыпцы, аргане. У 1753—56 акампаніятар у італьян. кампазітара Н.​Порпары, вывучаў кампазіцыю. У 1761—90 капельмайстар князёў Эстэрхазі. У 1792 вучыўся ў Л.​Бетховена ў Вене. У 1791—92 і 1794—95 у Лондане. У творчасці Гайдна сфарміраваліся класічныя жанры (сімфонія, саната, канцэрт для інструментаў з арк., квартэт), формы (у т. л. санатная форма і санатна-сімф. цыкл), прынцыпы тэматычнага развіцця, класічны склад аркестра (т.зв. двайны). Яго музыцы ўласцівы аптыміст. тонус, шматграннасць зместу, кампазіцыйная стройнасць, шырыня фалькл. сувязей (аўстр., ням., венг., слав. ўплывы). Раннія квартэты і сімфоніі блізкія да бытавых сюітных жанраў. У творах пач. 1770-х г. прасочваюцца лірыка-драм. тэндэнцыі («Жалобная сімфонія», «Развітальная сімфонія», абедзве 1772; квартэты 1771—72 і інш.). Пераломныя ў яго творчасці т.зв. «Рускія квартэты» (1781), дзе аформіўся класічны інстр. стыль, які дасягнуў росквіту ў 6 «Парыжскіх» (1785—86) і 12 «Лонданскіх» (1791—95) сімфоніях. У канцы 1790 — пач. 1800-х г. стварыў лепшыя вак.-сімф. творы, у т. л. араторыі «Стварэнне свету» (1798) і «Поры года» (1801). Сярод інш. твораў: 24 оперы, у т. л. зінгшпіль «Крывы д’ябал» (1753), оперы-серыя «Ацыс і Галатэя» (1763), «Арміда» (1784), оперы-буфа «Аптэкар» (1768), «Святло месяца» (1777), «Сапраўднае пастаянства» (1779), героіка-камічная «Раланд-паладзін» (1782); араторыі, у т. л. «Сем слоў збавіцеля на крыжы» (1796) і інш.; 14 мес («Нельсан-меса», 1798, «Меса Тэрэзія», 1799, «Harmoniemesse», 1802); кантаты; 2 «Те Deum»; «Stabat mater» і інш. духоўныя творы; 104 сімфоніі; уверцюры, танцы, маршы; больш за 30 канцэртаў для інструментаў з арк.; дывертысменты, струнныя квартэты, у т. л. 6 «Сонечных» (1772), 6 «Рускіх» (1781), 6 «Прускіх» (1787); трыо, дуэты; творы для фп., для голасу з фп. і інш.

Літ.:

Кремлев Ю.А. Йосеф Гайдн: Очерк жизни и творчества. М., 1972;

Seeger H. J.Haydn. Leipzig, 1961;

Geiringer K. Haydn: a creative life in music. 3 ed. Berkeley, 1982;

J.Haydn: Berichte über den Internationalen Kongress. München, 1986.

І.Гайдн.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ЎКРАІ́НСКАГА І БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДАЎ 1648—54,

вайна за вызваленне з-пад польскага панавання, супраць феад.-прыгоннага ўціску. На Украіне з канца 16 ст. неаднойчы ўзнікалі сял.-казацкія паўстанні: К.Касінскага (1591—93), Жмайлы (1625), Федаровіча (1630), П.Паўлюка (1637), Я.Астраніна (1638). Пачаткам вызв. вайны стала паўстанне ў Сечы Запарожскай на чале з Б.​Хмяльніцкім у студз. 1648. У крас. 1648 Хмяльніцкі рушыў сваёй 2-тысячнае войска на Правабярэжную Украіну. Супраць паўстанцаў выступіў вял. каронны гетман М.​Патоцкі. Рэестравыя казакі, якія знаходзіліся ў складзе яго войска, перайшлі на бок паўстанцаў. Польскі авангард быў разбіты каля Жоўтых Вод (15—16 мая), гал. сілы — у Корсунскай бітве 1648, а Патоцкі і польны гетман М.​Каліноўскі трапілі ў палон. Гэта стала сігналам да ўсеагульнага паўстання. У чэрв.ліп. 1648 паўстанцкія атрады на чале з М.Крываносам і І.​Ганжой вызвалілі Брацлаўшчыну. На дапамогу паўстанцам Беларусі былі пасланы атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, М.Крычэўскім, М.Нябабам, І.Галотам і інш. (пра падзеі на Беларусі больш падрабязна гл. ў арт. Антыфеадальная вайна 1648—51). Гал. сілай у вайне было сялянства, якое змагалася за знішчэнне феад. і нац. прыгнёту. Кіраўніцтва барацьбой ажыццяўлялі казацкая старшына і дробная ўкр. шляхта, якія імкнуліся абмежаваць рух мэтамі нац. вызвалення і захаваць феад. парадкі. Гэта выклікала вострыя супярэчнасці ў стане сял.-казацкіх войск. Перамога паўстанцаў пад Піляўцамі і асада ў кастр. 1648 г. Замосця вымусілі польск. караля Яна II Казіміра заключыць з Хмяльніцкім перамір’е. Сял.-казацкае войска адышло на Прыдняпроўе, а 2.1.1649 урачыста ўступіла ў Кіеў. Асцерагаючыся наступлення польск. войск, Хмяльніцкі накіраваў у Маскву паслоў з просьбай прыняць Украіну ў склад Рас. дзяржавы, якая пачала аказваць Украіне ваен., эканам. і дыпламат. дапамогу. Імклівае наступленне войск Хмяльніцкага вымусіла польск. войскі адступіць, у Збораўскай бітве 1649 яны былі разгромлены. І толькі здрада крымскага хана, з якім раней быў заключаны саюз, прымусіла Хмяльніцкага спыніць ваен. дзеянні і заключыць Збораўскі дагавор 1649, паводле якога Польшча траціла ўплыў на Украіну. У пач. 1651 польск. армія зноў уварвалася на Украіну і ў бітве каля Берасцечка сял.-казацкае войска пацярпела паражэнне. Хмяльніцкі вымушаны быў заключыць Белацаркоўскі дагавор 1651, які пагоршыў становішча Украіны. Казацкія атрады былі выведзены з Беларусі, і вайна на яе тэр. скончылася. Вясной 1652 на Украіне ваен. дзеянні аднавіліся і працягваліся з пераменным поспехам. Хмяльніцкі накіраваў у Маскву новае пасольства, каб паскорыць аб’яднанне з Расіяй. Земскі сабор 11.10.1653 прыняў рашэнне аб далучэнні ўкр. зямель. Гэты гіст. акт замацавала Пераяслаўская рада 1654.

т. 4, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,

1) фарміраванне ВМФ Расіі ў рус.-тур. вайну 1735—39. Утворана ў 1737 у Бранску (пад камандаваннем віцэ-адм. Н.​А.​Сянявіна, пабудавана каля 300 невял. драўляных парусна-вёславых суднаў) і накіравана ў Дняпроўскі ліман (б.ч. суднаў разбілася на дняпроўскіх парогах). Садзейнічала рас. войскам у баях за Ачакаў. Скасавана у канцы вайны.

2) Фарміраванне сав. ВМФ у бас. Дняпра ў грамадз. і польска-сав. вайну 1920 і ў 1925—40. Створана ў сак. 1919 у Кіеве. У вер. 1919 перабазіравалася ў Гомель, папоўнілася суднамі расфарміраванай Прыпяцкай ваеннай флатыліі. Вясной 1920 мела каля 40 баявых караблёў, у т. л. 18 кананерскіх лодак. 5 бранякатэраў і 48 дапаможных суднаў. Камандуючыя: А.​В.​Палупанаў, П.​І.​Смірноў, М.​Г.​Сцяпанаў. Вяла баі (з крас. 1919) на Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, вызначылася ў Лоеўскім прарыве 1920 і інш. Расфарміравана 21.3.1921. Адноўлена ў кастр. 1925 у Кіеве як атрад суднаў Д.в.ф., з 27.6.1931 зноў наз. Д.в.ф. У вер. 1939 удзельнічала ў паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь, у т. л. ў падняцці затопленых суднаў польскай Пінскай флатыліі. З кастр. 1939 гал. база — Пінск. Мела больш за 120 караблёў. Камандуючыя: М.​В.​Траццякоў, Б.​У.​Харошхін, Г.​Н.​Чубуноў, М.​В.​Абрамаў. Расфарміравана ў чэрв. 1940, караблі перададзены на фарміраванне Пінскай ваеннай флатыліі і Дунайскай ваен. флатыліі.

3) Аператыўнае аб’яднанне сав. рачных суднаў на зах. напрамку ў Вял. Айч. вайну і пасля яе. Сфарміравана 14.9.1943 з караблёў Волжскай ваен. флатыліі. Гал. база — Чарнігаў, з ліст. 1943 Кіеў, з ліп. 1944 Пінск. Уваходзіла ў склад Бел. і 1-га Бел. франтоў. Мела каля 200 суднаў (1945), ударную сілу складалі бранякатэры. Камандуючы — В.В.Грыгор’еў. Удзельнічала ў Беларускай аперацыі 1944, баях на Зах. Бугу на тэр. Польшчы, Берлінскай аперацыі 1945 (фарсіраванне Шпрэе і інш.). 20 маракам прысвоена званне Героя Сав. Саюза. Злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў баях, нададзены ганаровыя найменні «Бабруйскіх», «Лунінецкіх», «Пінскіх», «Берлінскіх». Расфарміравана ў 1945 (паводле інш. звестак у 1951). У Пінску на месцы высадкі дэсанта Д.в.ф. ў 1944 створаны мемарыяльны комплекс, пастаўлены помнік маракам Д.в.ф.

Літ.:

Кравцов И.Я. Моряки Днепровской военной флотилии в борьбе за власть Советов // Судостроение. 1990. № 5;

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.

Р.​К.​Паўловіч.

Помнік маракам Дняпроўскай ваеннай флатыліі каля в. Чыркавічы Светлагорскага р-на (злева) і бранякатэр флатыліі — фрагмент мемарыяльнага комплексу вызваліцелям у Пінску (справа).

т. 6, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУК АКУПАЦЫ́ЙНЫ ў Вялікую Айчынную вайну,

выданні, якія выходзілі ў 1941—44 на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі. Выдаваўся ням. адміністрацыяй (цывільнай і ваеннай), бел. легальнымі арг-цыямі і фарміраваннямі для прапаганды палітыкі і практыкі ням.-фаш. улад, забеспячэння эфектыўнасці кіравання на захопленых тэрыторыях, захавання лаяльнасці мясц. насельніцтва, барацьбы з партыз. рухам і ўплывам камуніст. ідэалогіі. На тэр. Беларусі выходзіла каля 100 легальных перыяд. выданняў (разам з аднадзёнкамі і нерэгулярнымі выданнямі) на бел., рус., ням., часткова ўкр. мовах (газеты выдаваліся раз у 3—7 дзён, часопісы раз у 1—2 месяцы); на бел. мове выдаваліся адм. структурамі акупац. улад і падкантрольнымі ім установамі-аддзеламі прэсы, прапаганды, культуры гебітскамісарыятаў і гар. упраў, спецыялізаванымі выд-вамі (газ. «Голас вёскі», «Беларуская газэта», «Слонімскі кур’ер», час. «Беларуская школа», «Новы шлях» і інш.) або грамадскімі арг-цыямі — бел. нац. к-тамі, культ. згуртаваннямі, прафс. арг-цыямі, цэнтр. і рэгіянальнымі структурамі Бел. нар. самапомачы, Саюза бел. моладзі (газ. «Беларускі голас», час. «Жыве Беларусь!» і інш.). Тэматычна да гэтай групы выданняў прымыкала бел. перыёдыка ў Германіі (газ. «Раніца», «Беларускі работнік», час. «Беларускі студэнт», «Малады змагар»), распаўсюджанне якой на Беларусі было вельмі абмежавана. На старонках легальнай прэсы друкаваліся загады і распараджэнні акупац. улад, прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі, тэндэнцыйная інфармацыя пра баявыя дзеянні на франтах 2-й сусв. вайны і міжнар. падзеі, агляды перыёдыкі краін саюзнікаў Германіі, публікацыі пра эканам., паліт., сац., ваен. сітуацыю ў Беларусі, дзейнасць легальных арг-цый і фарміраванняў, успаміны бел. эмігрантаў, навукова-папулярныя артыкулы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, праблемах развіцця культуры, асветы, навукі, мовы, агляды культ. жыцця і г.д. Ваен. ўлады тылавога раёна групы армій «Цэнтр», камандаванне рус. калабарацыянісцкіх вайск. фарміраванняў, антысав. арг-цыі прарус. арыентацыі выдавалі на рус. мове газ. «Новый путь» (Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Віцебск, Гомель, Лепель, Магілёў і інш.), «Боевой путь» (Дзятлава), «Казак» (Навагрудак) і інш. Асобную групу складалі перыяд. выданні на ням. мове — зборнікі нарматыўных актаў, загадаў, распараджэнняў і інфармацый акупац. улад, штодзённая газ. «Minsker Zeitung» («Мінская газета»). У паўд. ч. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Украіна», распаўсюджваліся газеты на ўкр. мове — «Наше слово» (Брэст) і «Пиньска газета» (Пінск). З прапагандысцкімі мэтамі выкарыстоўваліся таксама плакаты (іх друкавалі пераважна за межамі Беларусі) і лістоўкі.

Літ.:

Библиография оккупационных периодических изданий, выходивших на территории Белоруссии в 1941—1944 гг. Мн., 1995.

С.​У.​Жумар.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 14—20 ст. Утвораны ў канцы 14 ст. пасля скасавання Віцебскага княства. Тэр. Віцебскага павета складалася з 2 асн. частак: стараж. баярскіх вотчын і княжацкіх двароў, якія размяшчаліся пераважна на З, У і Пд ад Віцебска на адлегласці каля 20—30 км, і больш аддаленых валасцей Азярышча (Езярышча), Бруса, Дрэчылукі, Мікуліна, Усвят (Усвяты) і інш. Княжацкімі дварамі, верагодна, здаўна былі Выдрэя, Лемніца (Ілемніца), Лужасна, Любашкаў, якія ў 16 ст. і пазней сталі велікакняжацкай уласнасцю. Шматлікія баярскія вотчыны (у 15—16 ст. сярод іх упамінаюцца Бялынавічы, Вымна, Глазамічы, Караміды, Пагосцішча, Старое Сяло, Тухачова, Фальковічы, Хоцімля і інш.) належалі прадстаўнікам 20—30 родаў мясц. паходжання ці раздаваліся вял. князямі служылым князям. У 1508 утворана Віцебскае ваяводства, куды ўвайшоў і Віцебскі павет. Функцыі віцебскага намесніка перайшлі да ваяводы, якога замяшчаў падваявода. У 1514 паўн.-ўсх. частка Віцебскага павета (воласці Веліж і Жыжэц) адышла да Маскоўскай дзяржавы (Веліж вернуты ў 1582 пасля Лівонскай вайны 1558—83). Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 удакладнены межы Віцебскага павета, уведзены новыя службовыя пасады (кашталян, суддзя земскі з падсудкам і пісарам, суддзя гродскі з пісарам, харужы, падкаморы і інш.), уся шляхта павета была ўраўнавана ў правах і атрымала самакіраванне — павятовы соймік. У час Лівонскай вайны на тэр. маёнтка Дрэчылукі ў 1563 пабудаваны дзярж. Суражскі замак. На тэр. Віцебскага павета здаўна існаваў праваслаўны Маркаў (Маркаўскі) манастыр (на правым беразе Зах. Дзвіны ніжэй ад Віцебска). У 16—18 ст. найбуйнейшымі землеўладальнікамі павета былі Сапегі, Сангушкі, Агінскія. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебскі павет у складзе Рас. імперыі: з 1772 у Пскоўскай, з 1776 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губ. У гэты перыяд тэр. Віцебскага павета значна паменшылася: з яго вылучаны Веліжскі, Гарадоцкі і Суражскі пав., паўд. частка ўвайшла ў Бабінавіцкі пав., паўд.-заходняя — у Сенненскі. У 1866 тэр. Суражскага пав. падзелена паміж Віцебскім паветам і Веліжскім пав. З гэтага часу Віцебскі павет набыў межы, у якіх заставаўся да 1918. У 1897 тэр. павета 2861,1 кв. вярсты, нас. 177 066 чал. З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Віцебскі павет увайшоў у яе склад. З утварэннем Літ.-Бел. ССР (ліст. 1919) павет у Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. Да 1920 у павет уваходзілі 23 воласці, пасля ўзбуйнення валасцей (1923) у Віцебскім павеце іх засталося 15. У сак. 1924 тэр. павета ў межах адм.-тэр. падзелу 1920 вернута ў БССР. 17.7.1924 Віцебскі павет скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Віцебскую акругу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАВА́ННЕ ў вытворчасці,

форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая ўяўляе сабой тэхнал. спалучэнне ў адным прадпрыемстве (камбінаце) узаемазвязаных разнародных вытв-сцей адной або розных галін прам-сці. Прыкметы: аб’яднанне разнародных вытв-сцей; прапарцыянальнасць паміж імі; тэхніка-эканам. адзінства паміж гэтымі вытв-сцямі (зліццё розных спецыялізаваных вытв-сцей у адзіны арганізац.-тэхн. комплекс, які абслугоўваецца адзінай агульнакамбінацкай дапаможнай гаспадаркай, праца па адзіным плане і наяўнасць агульнага кіраўніцтва); вытв. адзінства (усе часткі камбіната размешчаны на адной тэрыторыі і звязаны паміж сабой агульнымі камунікацыямі).

У залежнасці ад характару вытв-сці, тэхналогіі і аб’яднання ў вытв. працэсе асобных стадый перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў К. выступае ў 3 асн. формах: паслядоўная перапрацоўка сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі (напр., у чорнай металургіі на першай стадыі жал. руды выплаўляюць чыгун, затым у сталеліцейнай вытв-сці яго пераплаўляюць у сталь, а потым у пракатнай вытв-сці перапрацоўваюць у сартавы або ліставы пракат); комплексная перапрацоўка сыравіны, калі з аднаго яе віду выпрацоўваюцца розныя віды прадукцыі (напр., нафтаперапр. і нафтахім. камбінаты, дзе з нафтавай сыравіны атрымліваюць алефіны, араматычныя вугляроды, бутадыен, з якіх тут жа выпрацоўваюць хім. рэчывы для канчатковага прадукту вытв-сці камбіната — сінт. каўчук, пластмасы і інш.); выкарыстанне спадарожных прадуктаў і адходаў вытв-сці (напр., К. ў каляровай металургіі з хім. прам-сцю, калі адходы перапрацоўкі руды ў выглядзе сярністага ангідрыду выкарыстоўваюцца для атрымання серы і сернай к-ты). Многія сучасныя камбінаты спалучаюць 2 або нават 3 формы К.

Узровень К. характарызуюць наступныя паказчыкі: колькасць вытв-сцей, што ўваходзяць у склад камбіната; доля канкрэтнай прадукцыі, якая выпускаецца камбінатамі ў агульным аб’ёме вытв-сці; колькасць відаў карысных кампанентаў, атрыманых з зыходнай сыравіны; колькасць кожнага віду прадукцыі, створанай з адзінкі пэўнай сыравіны; удзельная вага сыравіны і паўфабрыкатаў, што перапрацоўваюцца ў наступны прадукт на месцы іх атрымання і інш. Камб шаты маюць істотныя эканам. перавагі ў параўнанні з некамбінаванымі прадпрыемствамі: для іх як для буйных прадпрыемстваў характэрны ўсе перавагі канцэнтрацыі вытв-сці; скарачаюцца выдаткі на перавозку паўфабрыкатаў і на стварэнне складскіх памяшканняў; расшыраецца сыравінная база ў выніку выкарыстання пабочных прадуктаў і адходаў вытв-сці, што паляпшае і экалагічную сітуацыю ў рэгіёне; больш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца прылады працы за кошт высокага ўзроўню неперарыўнасці вытв. працэсаў; паскараецца абарачальнасць абаротных сродкаў за кошт скарачэння перапынкаў паміж асобнымі стадыямі вытв-сці.

Літ.:

Экономика предприятия. Мн., 1997. С. 153—156.

М.​Ю.​Пасюк.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)