курс

(лац. cursus = ход, цячэнне)

1) напрамак руху, шлях (карабля, самалёта і інш.);

2) кірунак у палітыцы, грамадскай і інш. дзейнасці;

3) цана, па якой прадаюцца каштоўныя паперы (аблігацыі, вэксалі і інш.);

4) аб’ём якога-н. навучання (напр. к. сярэдняй школы);

5) год навучання ў вьппэйшай або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе;

6) сістэматычны выклад якой-н. навуковай дысцыпліны, а таксама падручнік з такім выкладам (напр. к. фізікі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бала́нс

(фр. balance = літар. вагі)

1) раўнавага, ураўнаважванне;

2) суадносіны ўзаемазвязаных паказчыкаў якой-н. дзейнасці, працэсу, напр. вытворчасці і спажывання, увозу і вывазу тавараў, прыходу і расходу вады;

3) параўнальны вынік прыходу і расходу пры завяршэнні разлікаў, а таксама зводная ведамасць разлікаў;

4) бярвенні аднолькавай даўжыні, якія ідуць на выраб цэлюлозы;

5) дэталь гадзіннікавага механізма ў выглядзе кольца з папярочкай, якая з’яўляецца рэгулятарам ходу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Пе́рад ’пярэдняя частка чаго-небудзь’, перада́, перадок, пірадок, пэрэдо́к, пырыдо́к, пярадок ’тс’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бір. Дзярж., Сцяшк. Сл., Бес., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; Варл.; Карскі 2–3, 438); перадок, пірадо́к ’кароценькая лавачка перад сталом’ (віц., Шн. 3; Касп.), пірядок ’невялікі ўслон’ (Сл. ПЗБ), перады́ ’перад бота, кашулі’ (вільн., Сл. ПЗБ); пе́рад ’адборнае, перадавое зерне’ (раг., паст., Сл. ПЗБ; мін., маг., гом., ЛА, 2); пе́рад(а) ’спераду’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; Варл.), ’напярэдадні’ (віл., лід., Сл. ПЗБ), ’уперад, раней, у мінулым’ (маладз., Жыв. сл.), пе́рат ’у параўнанні з…’ (зэльв., Жыв. сл.), пе́радам ’даўней, калісьці’ (Сцяшк. Сл.), перад ’пад’ (ТС), пе́рад пе́радам ’перад сабой’ (Ян.). Укр., рус. пе́ред, стараж.-рус. передь, польск. przed(e), в.-луж. před, н.-луж. pśed, чэш. před, славац. pred, славен. prêd, pred‑, серб.-харв. пред(а), макед., балг. пред, ст.-слав. прѣдъ. Прасл. *per‑dъ, першая частка якога генетычна ўзыходзіць да і.-е. *per‑ (авест. parō ’спераду, перад’, ст.-грэч. πάρος ’наперад, раней’, ст.-інд. purā ’тс’, гоц. faúro, ням. vor ’перад’), а ‑dъ узята з *роdъ (Махэк₂, 491), альбо з і.-е. *dhē (Бернекер, KZ, 57, 240); Вондрак (Vergl. gr., 2, 298), а яшчэ раней Зубаты (IF–Anzeiger, 22, 57) у якасці такой узмацняльнай часціцы прыводзяць ст.-інд. bahirdhā ’без’ /bahir; Станг (ScSl, 3, 236) супастаўляе ‑dъ у прасл. nadъ, podъ, perdъ, zadъ з прус. ‑dau: pirsdau ’перад’, sirsdau ’сярод’, pansdau ’потым’ (ESSJ, 1, 127–128). Для перадокпрасл. *perdъkъ. Сюды ж перадавы́ ’плытагон, які кіруе плытом’ (віл., віц., Нар. лекс.); перадаво́е, перэдовое, перэдко́вое, перэдко́вэ ’лепшае зерне’ (петрык., глус., лельч., ЛА, 2); перадаві́к ’той, хто дасягнуў найбольшых вынікаў у сваёй дзейнасці (ТСБМ) < рус. передовик ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

архі́ў

(лац. archivum, ад гр. archaios = старажытны)

1) установа, дзе захоўваюцца і сістэматызуюцца пісьмовыя помнікі мінулага, старыя дакументы;

2) аддзел установы, дзе захоўваюцца старыя дакументы, скончаныя справы і інш.;

3) збор пісем, рукапісаў, фатаграфій, якія маюць адносіны да дзейнасці якой-н. арганізацыі, установы, асобы (напр. а. інстытута, а. Якуба Коласа).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ВАРА́ГІ (познагрэч. Barangoi ад стараж.-сканд. vaeringjar нарманскія воіны, якія служылі ў візант. імператараў),

1) у Візантыі любы наёмны воін.

2) Назва скандынаваў (продкаў датчан, нарвежцаў і шведаў) ва Усх. Еўропе ў 2-й пал. 9 — 1-й пал. 11 ст. У час сваёй экспансіі ў Еўропе ў эпоху вікінгаў (793—1066) датчане і нарвежцы рабілі марскія паходы гал. чынам у Зах. Еўропу (гл. Нарманы), шведы — пераважна ва Усходнюю. Апошнія гандлявалі, рухаючыся па водным шляху «з варагаў у грэкі» (праходзіў праз Беларусь), і па Волзе — да булгараў, хазараў і закаспійскіх народаў; абкладалі данінай і часткова захоплівалі слабаразвітыя вобласці Балт. рэгіёна; асн. сферамі іх дзейнасці на Русі паступова сталі гандаль і служба ў дружынах князёў. Варажскія паселішчы на землях усх. славян былі разрозненыя і адзінкавыя, а самі варагі хутка асіміляваліся. Ад факта знаходжання варагаў на Русі паходзіць т.зв. нарманская тэорыя. У «Аповесці мінулых гадоў» пад 859 згадваюцца крывічы, якія плацілі даніну варагам. У 862 крывічы разам з інш. плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым чудзь, наўгародскія славяне і крывічы запрасілі да сябе варажскіх князёў. Летапіс паведамляе, што Полацк заснавалі крывічы, а варагі ў ім прышлыя. Пра кантакты стараж. насельніцтва Беларусі з варагамі сведчаць таксама археал. матэрыялы (знаходкі сканцэнтраваны пераважна ўздоўж Зах. Дзвіны і Дняпра, а таксама на Гродзеншчыне).

Літ.:

Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;

Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,

сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт. дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.

Літ.:

Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.

А.​А.​Цітавец.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛЮСТРАВА́ННЯ ТЭО́РЫЯ,

сукупнасць палажэнняў, катэгорый і прынцыпаў, якія выражаюць агульныя заканамернасці эвалюцыйнага развіцця ўсіх формаў адлюстравання ў неарганічнай і жывой прыродзе, у сац. рэальнасці. Зыходны прынцып адлюстравання тэорыі: вынікі пазнання павінны быць адносна адэкватныя сваёй крыніцы — арыгіналу. У якасці гнасеалагічнага прынцыпу адлюстраванне прызнавалася і ў стыхійным матэрыялізме, але разглядалася як пасіўнае, мёртвае «фатаграфаванне» навакольнага свету. Дыялектыка разглядае яго як складаны і супярэчлівы працэс узаемадзеяння пачуццёвага і рацыянальнага пазнання, мысліцельнай і практычнай дзейнасці. Пры гэтым свядомасць у сваім развіцці не вычэрпваецца паняццем адлюстравання, паколькі ўключае ў сябе творчасць і прадбачанне.

У распрацоўцы адлюстравання тэорыі вылучаюць 2 канцэпцыі: функцыянальную і атрыбутыўную. Прыхільнікі першай канцэпцыі сцвярджаюць, што ў неарганічных аб’ектах ёсць толькі перадумовы ўласцівасці адлюстравання, але не яго актыўнае праяўленне. Прыхільнікі другой настойваюць на ўсеагульнасці ўласцівасцяў адлюстравання. Збліжэнню гэтых канцэпцый садзейнічае ўсведамленне суадносін катэгорыі адлюстравання з агульнанавук. паняццем інфармацыі, далейшай распрацоўкай прынцыпу глабальнага эвалюцыянізму ў навуцы і сінергетыцы.

Катэгорыі і прынцыпы адлюстравання тэорыі ўвайшлі ў філас. абгрунтаванне тэорыі функцыянальных сістэм, канцэпцыі сістэмагенезу ў біялогіі, распрацаванай П.​К.​Анохіным. Асн. прынцыпы адлюстравання тэорыі процілеглыя прынцыпу тоеснасці мыслення і быцця, які з’яўляецца зыходным для філас. сістэм аб’ектыўнага ідэалізму, а ў шэрагу філас. вучэнняў (напр., у Спінозы, Спенсера) трактуецца ў духу паралелізму паміж зместам свету і зместам яго пазнання (гл. таксама Пазнанне).

Літ.:

Коршунов А.М. Теория отражения и современная наука. М., 1968;

Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;

Петушкова К.П. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1988.

В.​Я.​Петушкова.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДКАВЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

горныя пароды, якія ўтвараюцца асаджэннем рэчыва ў водным асяроддзі, радзей з паветра і ў выніку дзейнасці ледавікоў. У залежнасці ад характару асаджэння падзяляюцца на абломкавыя, хім. і арганагенныя (біягенныя). Утвараюць пласты, слаі, лінзы і інш. геал. целы рознай формы і памераў, якія залягаюць у зямной кары гарызантальна, нахільна або ў выглядзе складаных складак. Адрозніваюць больш як 10 груп асадкавых горных парод: абломкавыя, гліністыя, глаўканітавыя, гліназёмістыя, жалезістыя, фасфатныя, марганцавыя, карбанатныя, солі, каўстабіяліты і інш., а таксама мяшаныя вулканагенна-асадкавыя пароды. Сярод асадкавых горных парод пераважаюць гліністыя (гліны, аргіліты, гліністыя сланцы — каля 50%), пясчаныя (пяскі і пясчанікі) і карбанатныя (вапнякі, даламіты і інш.; разам каля 45%), астатнія тыпы (солі і інш.) складаюць менш за 5%. Утварэнне і размяшчэнне на зямной паверхні асадкавых горных парод (асадканамнажэнне) вызначаецца пераважна кліматычнымі і тэктанічнымі ўмовамі, мае перыядычны характар і падобныя ўмовы ў мінулыя геал. эпохі і ў сучаснасці. Асадкавыя горныя пароды складаюць каля 10% масы зямной кары, укрываюць 75% паверхні Зямлі. Асн. іх маса сканцэнтравана на мацерыках (752 млн. км³), шэльфах і кантынентальных схілах (158 млн. км³), менш на дне акіянаў (190 млн. км³). Многія асадкавыя горныя пароды — карысныя выкапні (нафта, прыродны газ, вугаль, фасфарыты, баксіты, вапнякі, нярудныя буд. матэрыялы). Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі, асабліва гліны, алеўраліты, пяскі, каменная і калійная солі, ангідрыт, вапнякі, даламіты, мергелі, мел.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии: (к Межведомств. стратигр. Совещанию, Минск, октябрь, 1981 г.). Мн., 1981;

Логвиненко Н.В. Петрографяя осадочных пород с основами методики исследования. 3 изд. М., 1984.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ШТАБ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ (БШПР),

рэспубліканскі орган ваен. кіраўніцтва партыз. рухам на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дзейнічаў з 9.9.1942 да ліст. 1944. Сфарміраваны ў паласе 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту, у вёсках Шэйна і Цімохіна Тарапецкага р-на Калінінскай вобласці. З ліст. 1943 размяшчаўся ў Маскве, з мая 1943 — на ст. Сходня пад Масквой, з лютага 1944 — у в. Чонкі Гомельскага р-на, з ліп. 1944 — у в. Лошыца пад Мінскам. Нач. штаба: П.​З.​Калінін, з кастр. 1944 А.​А.​Прохараў; нам. нач. штаба: І.​М.​Арцём’еў, І.​П.​Ганенка, В.​І.​Закурдаеў, І.​А.​Крупеня, А.​А.​Прохараў, І.​І.​Рыжыкаў, Р.​Б.​Эйдзінаў. У сваёй дзейнасці штаб кіраваўся дырэктывамі ЦК ВКП(б), Дзярж. к-та абароны СССР і інш. вышэйшых органаў дзярж. і ваен. ўпраўлення. Працаваў пад непасрэдным кіраўніцтвам Цэнтральнага штаба партызанскага руху і ЦК КП(б)Б. Штаб распрацаваў і ажыццяўляў мерапрыемствы па разгортванні партыз. барацьбы, планаваў, арганізоўваў і кантраляваў баявую дзейнасць брыгад і атрадаў, вырашаў пытанні забеспячэння партызанаў сувяззю, зброяй і боепрыпасамі; арганізоўваў авіяперавозкі ваен. грузаў і асабовага складу; праводзіў эвакуацыю параненых у сав. тыл; кіраваў падрыхтоўкай і ўлікам партыз. кадраў. 14.11.1944 расфарміраваны. У в. Чонкі (Гомельскі р-н) у гонар БШПР пастаўлены помнік.

Літ.:

Калинин П.З. Партизанская республика. 3 изд. Мн., 1973;

Артемьев И.Н. В эфире партизаны. М., 1971;

Брюханов А.И. В штабе партизанского движения. Мн., 1980.

А.​Л.​Манаенкаў.

Мемарыяльная стэла ў гонар Беларускага штаба партызанскага руху ў в. Чонкі Гомельскага раёна.

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАЗІ́НСКІ ((Brzezinski) Збігнеў) (н. 28.3.1928, Варшава),

амерыканскі сацыёлаг, палітолаг і дзярж. дзеяч. Скончыў ун-т Мак-Гіла ў Манрэалі (Канада, 1949) і Гарвардскі ун-т (1953). У 1977—81 нам. прэзідэнта ЗША па нац. бяспецы. З 1981 праф. Калумбійскага ун-та і дарадчык Цэнтра стратэг. і міжнар. даследаванняў Джорджтаўнскага ун-та (Вашынгтон). У працы «Паміж двух вякоў. Роля Амерыкі ў тэхнатронную эру» (1970) распрацаваў адзін з варыянтаў тэорыі «пост-індустрыяльнага грамадства», паводле якога новы этап развіцця чалавецтва вызначаецца яго эвалюцыйным пераходам ад ніжэйшай стадыі (аграрнай) да «тэхнатроннай эры» і якаснымі зменамі ў сац.-паліт. і эканам. адносінах. Даследуе сац.-філас. аспекты паходжання, праяўленняў і шляхоў вырашэння глабальных праблем чалавецтва (глабалістыка). Адзін са стваральнікаў тэорыі таталітарызму. Упершыню сфармуляваў гіпотэзу пра распад камуніст. сістэмы ў Цэнтр. і Усх. Еўропе, даў характарыстыку спецыфікі пераходу былых сацыяліст. краін ад таталітарнай мадэлі развіцця да цывілізаванага грамадства, якое абапіраецца на прынцыпы дэмакратыі і рыначнай эканомікі («Палітычная ўлада: ЗША/СССР», 1964; «Вялікі крах: зараджэнне і смерць камунізму ў XX ст.», 1989, і інш.). Бжазінскі лічыць, што ў новых абставінах ключавымі момантамі ў дзейнасці Захаду павінны стаць палітыка стрымлівання і пашырэнне дэмакр. ўплыву, уключэнне краін Усх. Еўропы ў НАТО, супрацоўніцтва ў галіне бяспекі з Расіяй, садзейнічанне новым незалежным дзяржавам б. СССР у захаванні рэальнага суверэнітэту.

Тв.:

Totalitarian dictatorship and autocracy. Cambridge, 1956 (разам з К.​І.​Фрыдрых);

Strategy of game. Boston;

New York, 1986.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 3, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)