КРА́ЎЧАНКА (Леанід Уладзіміравіч) (н. 18.7.1936, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне дэндралогіі. Канд. біял. н. (1968). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1960). З 1971 у Ін-це эксперым. батанікі, з 1998 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі. Навук. працы па біялогіі плоданашэння, інтрадукцыі і ўкараненні ў вытворчасць гасп.-каштоўных дрэвавых парод. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Биология древесных растений. Мн., 1975 (у сааўт);

Интродуцированные технически ценные древесные породы и кустарники (разам з М.​Дз.​Несцяровічам) // Справочник работника лесного хозяйства. 4 изд. Мн., 1986.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯВО́ЧКІ (Lopinga),

род матылёў сям. аксамітніц (сатыраў). Пашыраны ў Еўразіі ў лясной і часткова стэпавай зонах. На Беларусі адзіны від роду К. прыдарожная, або аксамітніца ахінэ (L. achine). Трапляецца рэдка (у вільготных лясах, на ўскраінах балот, на ўзлесках і інш.). Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Размах крылаў К. прыдарожнай да 54 мм. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусікі булавападобныя. Хабаток добра развіты. Агульны тон афарбоўкі буры, уздоўж вонкавага краю крылаў рады вял. круглых плям (адсюль назва). Матылі кормяцца сокам дрэў, вусені — дзікарослымі злакамі.

С.​Л.​Максімава.

Краявочка прыдарожная.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАНО́САЎ (Міхаіл Пятровіч) (н. 1.5.1929, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 11.11.1994),

бел. спартсмен і трэнер па лёгкай атлетыцы (кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1954). Засл. трэнер Беларусі (1965), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Канд. пед. навук. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1953) і працаваў у ім (заг. кафедры, з 1976 прарэктар). Сярэбраны прызёр XVI Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія). Чэмпіён Еўропы (1954, Берн), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1958, Стакгольм). Чэмпіён СССР (1952, 1954—58). Рэкардсмен свету (6 рэкордаў), СССР (11 рэкордаў).

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Анатоль Васілевіч) (н. 14.1.1940, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў Мінскае муз. вучылішча (1969). З 1962 саліст Дзярж. нар. хору БССР, з 1964 артыст хору Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1969 саліст хору ансамбля песні і танца Цэнтр групы войск, з 1973 саліст Ансамбля песні і танца Узбр. сіл Рэспублікі Беларусь. Выступае сола і ў дуэце. Валодае тонкай музыкальнасцю, пачуццём ансамбля. У рэпертуары творы ваен.-патрыят. тэматыкі, бел., рус. і ўкр. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАПА́ТКІ,

птушкі сям. цецеруковых і фазанавых атр. курападобных. Пашыраны ўсюды, ад тундры да трапічных лясоў і высакагор’яў. На Беларусі 2 віды: К. белая (Lagopus lagopus) і К. шэрая (Perdix perdix). Жывуць на палях, балотах, лугах, у драбналессі. К. белая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 46 см, маса да 900 г. Афарбоўка шэра-бурая, рыжа-бурая, у К. белай зімой белая. Кормяцца парасткамі, пупышкамі, насеннем траў, зернем, насякомымі (у т. л. каларадскімі жукамі). Нясуць да 24 яец. Аб’ект палявання. Гл. таксама Белыя курапаткі.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН (Павел Аляксеевіч) (19.11.1900, в. Горнева Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 27.4.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1959). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1940). 3 ліп. 1941 камандуючы 20-й арміяй у складзе Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі на тэр. Беларусі; удзельнічаў у Смаленскай бітве 1941, са жн. 1941 камандуючы 43-й арміяй, прадстаўнік Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання, камандуючы, нам. камандуючага Паўн.-Зах., 1-м Укр., 2-м Бел. франтамі. Да 1970 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

П.А.Курачкін.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРО́РТНЫ ПАСЁЛАК,

катэгорыя населеных пунктаў гар. тыпу, у якіх не менш за 2 тыс. чалавек і на тэр. якіх размешчаны санаторыі, прафілакторыі, дамы адпачынку, пансіянаты, інш. аздараўленчыя ўстановы. На Беларусі крытэрыі аднясення населенага пункта да К.п. замацаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 5.5.1998 «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь». Пры аднясенні пэўнага населенага пункта да К.п. ўлічваецца таксама наяўнасць прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання і быт. абслугоўвання, культ.-асв. устаноў. На 1.1.1998 на Беларусі адзін К.п. (К.п. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл.).

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБКО́ (Пётр Іосіфавіч) (12.7.1929, в. Кухчыцы Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анатоміі. Д-р мед. н. (1966), праф. (1968). Засл. дз. нав. Беларусі (1994). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1951), працуе ў ім (у 1989—96 заг. кафедры). Навук. працы па вегетатыўнай нерв. сістэме, ўплыве неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя на будову нерв. сістэмы і ўнутр. органаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Чревное сплетение и чувствительная иннервация внутренних органов. Мн., 1976;

Физиологическая атрезия. Мн.,1983 (разам з Р.​М.​Пятровай, А.​М.​Чайкай).

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСНЯ́К (Liparis),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах Еўразіі, Афрыкі, Паўн. Амерыкі і Аўстраліі. На Беларусі — Л. Лёзеля (L. loeselii), сустракаецца пераважна ў Віцебскай і Гомельскай абласцях. Расце на тарфяных балотах, забалочаных лугах. Занесены ў Чырв. кнігу. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 8—20 см з кароткім карэнішчам. Сцябло баразнаватае, каля асновы ўздутае. Лісце (2) супраціўнае, эліпса-ланцэтнае, прадаўгаватае. Кветкі жаўтавата-зялёныя, па 2—10 у гронцы. Плод — каробачка.

Ласняк Лёзеля.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЎЧЫ (Мікалай Фёдаравіч) (н 1.11.1930, в. Каменка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства і экалогіі раслін. Д-р біял. н. (1992). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1954). З 1960 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (з 1982 заг. лабараторыі). Навук. працы па лясной геабатаніцы, лясной тыпалогіі, глебавай энзімалогіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Леса Белорусского Полесья. Мн., 1977 (разам з І.​Д.​Юркевічам, В.​С.​Гельтманам);

Сосновые леса Белоруссии. Мн., 1984 (разам з І.​Д.​Юркевічам);

Березовые леса Беларуси. Мн., 1992 (у сааўт.).

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)