ГІБРЫДЫЗА́ЦЫЯ,

скрыжаванне генетычна разнародных арганізмаў (раслін і жывёл) з мэтай атрымання лепшых па якасцях сартоў, відаў, парод; адзін з важнейшых фактараў эвалюцыі біял. форм у прыродзе. Скрыжаванне асобін аднаго і таго ж віду наз. ўнутрывідавой гібрыдызацыяй, а розных відаў або родаў — аддаленай гібрыдызацыяй. У эксперыменце магчыма гібрыдызацыя паміж непалавымі (саматычнымі) клеткамі вельмі аддаленых відаў (напр., чалавека і мышы, соі і гароху). Гібрыдызацыя саматычных клетак адкрывае падыходы да такіх праблем, як зменлівасць на клетачным узроўні, працэсы антагенезу, узнікненне пухлін і інш. У малекулярнай біялогіі шырока выкарыстоўваюць гібрыдызацыю малекул нуклеінавых кіслот рознага паходжання (гл. Генетычная інжынерыя).

У аснове гібрыдызацыі ляжыць здольнасць раслін і жывёл да палавога ўзнаўлення шляхам апладнення. Натуральная гібрыдызацыя адбываецца спантанна ў прыродных умовах, штучная гібрыдызацыя кіруецца чалавекам шляхам падбору пар з пэўнымі прыкметамі і ўласцівасцямі, якія неабходна атрымаць у патомкаў (якасць, буйнаплоднасць, прадукцыйнасць, ранняспеласць, устойлівасць да хвароб і шкоднікаў, марозаўстойлівасць і інш.). У селекцыі раслін найб. пашырана ўнутрывідавая гібрыдызацыя. Нескрыжавальнасць пар і стэрыльнасць гібрыдаў пры аддаленай гібрыдызацыі пераадольваюцца метадамі поліплаідыі і бекросу, папярэднім вегетатыўным збліжэннем і інш. У жывёлагадоўлі адрозніваюць уласна гібрыдызацыю (атрыманне гібрыдаў паміж відамі і родамі розных жывёл, напр., буйной рагатай жывёлы з якам і зебу, свойскай свінні з дзіком і інш.) і міжнароднае скрыжаванне (унутрывідавую гібрыдызацыю, якая з’яўляецца метадам прамысл. развядзення жывёл). Развіваецца таксама ўнутрыпародная (міжлінейная) гібрыдызацыя адселекціраваных па пэўных прыкметах парод, тыпаў, ліній.

А.​Т.​Купцова.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́ІКА (ад грэч. archaïkos старадаўні, старажытны),

ранні этап у гіст. развіцці якой-небудзь з’явы. У мастацтвазнаўстве тэрмін выкарыстоўваецца гал. чынам для вызначэння ранняга перыяду развіцця архітэктуры і выяўл. мастацтва Старажытнай Грэцыі (7—6 ст. да н.э.), калі выпрацоўваліся найважнейшыя арх.-маст. прыёмы, традыцыйныя для грэч. класікі.

Архітэктура развівалася на аснове стоечна-бэлечнай канструкцыйнай сістэмы, выяўл. мастацтва — вобразаў ант. міфалогіі. Найважнейшымі дасягненнямі мастацтва перыяду архаікі была выпрацоўка прапарцыянальных канонаў і дэкар. формаў арх. ордэра (у т. л. дарычнага і іанічнага), асн. тыпажу манум. скульптуры, чорна- і чырвонафігурнага стыляў вазапісу; з’явіліся і новыя тыпы манум. скульптуры — статуі юнакоў-атлетаў (курас) і дзяўчат (кора). У больш шырокім значэнні архаіка — мастацтва стараж. гіст. эпох, якое вызначаецца прымітывізмам формаў. У мастацтвазнаўстве тэрмін «архаіка» выкарыстоўваецца ў дачыненні да твораў, у якіх ёсць рэтраспектыўныя формы старажытнасці (пераважна антычнасці).

На Беларусі зварот да формаў архаікі найб. выявіўся ў познім класіцызме ў інтэр’еры палацаў (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль) і пры трактоўцы малых арх. формаў у палацава-паркавым мастацтве (сфінксы на варотах Новага замка ў Гродне, фантан Нараўлянскага сядзібна-паркавага ансамбля і мемарыяльнай архітэктуры (капліца-пахавальня сядзібы ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на).

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Архаіка. Фрагмент вазапісу. Майстар Эксекій. 6 ст. да н.э.
Да арт. Архаіка. Капліца-пахавальня ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага раёна Мінскай вобл. 2-я пал. 19 ст.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕ́РСІЯ ХВАЛЬ,

залежнасць фазавай скорасці распаўсюджвання монахраматычных хваль у рэчыве (або паказчыка пераламлення рэчыва) ад частаты іх ваганняў. Назіраецца для хваль любой прыроды, у т. л. пры распаўсюджванні хваль у накіроўных сістэмах (напр., хваляводах); вядзе да скажэння формы сігналу (напр., гукавога імпульсу) пры распаўсюджванні ў асяроддзі; хвалі розных частот на мяжы двух асяроддзяў пераламляюцца па-рознаму і інш. На Д.х. заснаваны прынцыпы дзеяння многіх радыётэхн., аптычных і інш. прылад: спектральных, рэфрактометраў, антэн з частотным сканіраваннем дыяграм накіраванасці і інш.

Д.х. абумоўлена спазненнем водгуку асяроддзя пры ўзаемадзеянні яго з пераменным (у часе) полем хвалі; канкрэтны выгляд дысперсійнай залежнасці для розных тыпаў хваль розны і можа быць знойдзены на аснове квантава-мех. даследаванняў працэсу ўзаемадзеяння поля хвалі з часціцамі асяроддзя. Д.х. суправаджаецца паглынаннем, пры гэтым вызначана інтэгральная сувязь паміж паказчыкам пераламлення і каэфіцыентам паглынання як функцыямі частаты (суадносіны Крамерса—Кроніга). Адрозніваюць Д.х. нармальную (удалечыні ад вобласці паглынання асяроддзя) і анамальную (у межах гэтай вобласці). Звычайна назіраецца дадатная Д.х. (у нармальнай вобласці паказчык пераламлення расце з ростам частаты, у анамальнай — спадае). Пры асаблівых умовах, калі значная частка атамаў рэчыва знаходзіцца ва ўзбуджаным стане, узнікае адмоўная Д.х.: па-за вобласцю паглынання паказчык пераламлення спадае, унутры — расце.

Літ.:

Уизем Дж.Б. Линейные и нелинейные волны: Пер. с англ. М., 1977;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989.

Б.​А.​Соцкі, А.​Р.​Хаткевіч.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

міжнародная салідарнасць людзей розных нацый і рас, аснова іх сумеснага выжывання на планеце, узаемнага даверу, узаемаразумення, узаемапранікнення культур, каштоўнасцей, ведаў, тэхналогій. І. адмаўляе тэзіс пра існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых», «лепшых» і «горшых» народаў. У сучасным свеце І. знаходзіць сваё ідэйнае, паліт. і арганізац. афармленне ў выглядзе выяўлення салідарнасці інтарэсаў, мэт і дзеянняў, што практычна існуюць у кожным грамадстве. У 2-й пал. 19—20 ст. на сусв. грамадска-паліт. падзеі і на жыццё шматлікіх краін значны ўплыў аказваў І. міжнар. рабочага, сацыяліст. і камуніст. руху (тэарэт. распрацаваны ў працах К.​Маркса, Ф.​Энгельса і У.​І.​Леніна), што склаўся на аснове с.-д. і сацыяліст. руху, адыграў станоўчую ролю ў пашырэнні ў розных краінах свету сац. заканадаўства, у рэфармаванні некат. бакоў грамадскага жыцця, палітыкі, асветы. Актывізацыя міжнар. сувязей паміж ліберальнымі, кансерватыўнымі, клерыкальнымі паліт. партыямі і аб’яднаннямі пасля 2-й сусв. вайны суправаджаецца стварэннем адпаведных форм і прынцыпаў міжнар. салідарнасці. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у свеце дзейнічаюць анархісцкія, фашысцкія, тэрарыст. арг-цыі, якія таксама кіруюцца сваімі кодэксамі І. У апошняй чвэрці 20 ст. інтэнсіўна фарміруецца экалагічны І., гал. змест якога — забеспячэнне шляхам развіцця эканам. свядомасці адзінства дзеянняў шматлікіх грамадска-паліт. аб’яднанняў, партый, а таксама ўрадаў з мэтай абароны прыроднага асяроддзя ад разбуральных уплываў сучаснай цывілізацыі. І. як прынцып міжнар. адзінства роўных суб’ектаў грамадска-паліт. жыцця супрацьстаіць касмапалітызму, а таксама нацыяналізму і этнацэнтрызму.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТУМБРЫ́ЗМ (ісп. costumbrismo ад costumbre нораў, звычай),

кірунак у літаратуры і выяўл. мастацтве Іспаніі і Лац. Амерыкі 19 ст. Узнік з цікавасці рамантыкаў да нар. побыту, стаў паваротам да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці. Перадаваў уздым нац. самасвядомасці, імкненне да выяўлення асаблівасцей нар. жыцця, часта з ідэалізацыяй патрыярхальных нораваў і звычаяў. У літаратуры распрацоўваў пераважна жанр нарыса, развіваўся ў рамане, драматургіі, паэзіі. Прадстаўнікі ісп. К.: С.​Міньяна (крытычныя нарысы «Лісты прастадушнага гультая», 1820), Р. дэ Месанера Раманас, М.Х. дэ Лара, С.​Эстэбанес Кальдэрон, Х.​Самоса, С.​Лопес Пелегрын, М.​Лафуэнтэ-і-Самальёа і інш. У 1843 пісьменнікі-кастумбрысты апублікавалі калектыўны зб. «Іспанцы, якія стварылі вобраз саміх сябе». У Лац. Амерыцы ўзнік у 1840-я г.: Х.​Х.​Вальеха (Чылі), Х. дэ Дзьёс Рэстрэпа, Т.​Караскілья (Калумбія), Ф.​Парда-і-Альяга, Р.​Пальма (Перу), Х.​Б.​Маралес, М.​Пайна, Г.​Прыета (Мексіка). У выяўленчым мастацтве развіваўся ў графіцы і жывапісе краін Лац. Амерыкі. У яго аснове — імкненне да дакумент. дакладнага адлюстравання прыроды, характэрных рыс і маляўнічых асаблівасцей нар. жыцця і побыту, часта звязанае з навук. вывучэннем краіны. Часам этнагр. матывы ператвараліся ў ідылічныя жанравыя сцэны. Школы кастумбрыстаў склаліся на Кубе (В.П. дэ Ландалусе, Ф.​Міяле), Калумбіі (Р.​Торэс Мендэс), Аргенціне (К.​Марэль), Уругваі (Х.​М.​Беснес-і-Ірыгоен), Чылі (М.​А.​Кара), Мексіцы (Х.​А.​Ар’ета) і інш.

т. 8, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМУХА, Тройца, зялёныя святкі,

старажытнае земляробчае свята ў беларусаў і інш. славянскіх народаў. Лакальная назва зелянец. Святкавалася на сёмы (русальны) тыдзень пасля Вялікадня. Вытокі С. ў родавым грамадстве; у аснове яе культ зеляніны, шлюбу і продкаў. Пераходнае паміж веснавым і летнім земляробчымі цыкламі («На зелянец вясны канец»). Перад святам прыбіралі і ўпрыгожвалі хату і двор «маем» (аерам, галінкамі і дрэўцамі бярозы, клёну, рабіны, дубу і інш.), прыбіралі магілы. У суботу напярэдадні свята спраўлялі дзяды. Як пазнейшую з’яву трэба разглядаць асвячэнне ў нядзелю (1-ы дзень свята) у царкве лугавых і палявых зёлак, якія потым захоўваліся (у некаторых мясцовасцях імі абкурвалі нябожчыкаў, клалі іх у труну). Залежна ад мясц. традыцый на другі ці іншы дзень рабілі т.зв. «піва», кірмашы ці фэсты (прымяркоўваліся і да інш. свят), на якія збіраліся сваякі, нават далёкія. У час свята ў некаторых мясцовасцях адбывалася кумаванне, завівалі бярозку, ладзілі гульні, карагоды, потым агульнае частаванне, вілі вянкі. З вянкамі, «маем» звязаны ўяўленні, якія раней мелі характар магічных дзеянняў. На С. спявалі сёмушныя (траецкія) песні, асн. матывы якіх — каханне і шлюб (у паўд.-зах. раёнах спявалі яшчэ куставыя песні). На С., перад пачаткам летніх палявых работ, на Беларусі спраўлялі шмат вяселляў. Свята Тройцы ўведзена ў культавую практыку правасл. царквы ў 14 ст. Сергіем Раданежскім. Хоць С. і злілася з гэтым святам, яна захавала многія рысы язычніцтва і земляробчага культу.

А.​В.​Цітавец.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ,

каардынацыйны орган бел. нац. партый і грамадскіх арг-цый у ліп.—кастр. 1917. Створана на з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый і партый 8—10(21—23).7.1917 на аснове б. мінскага Беларускага нацыянальнага камітэта. У яго выканаўчы к-т абраны правадз. члены У.​Галубок, Я.​Лёсік, А.​Лявіцкі (Ядвігін Ш), А.​Смоліч (фактычны кіраўнік), У.​Фальскі і кандыдаты В.​Лявіцкая, Турчыновіч, Парэчын. Зацверджаны паліт. ўпаўнаважаныя рады ў Петраградзе (Ф.​Ярэміч, П.​Бадунова, К.​Дуж-Душэўскі), Маскве (Я.​Васілевіч, Я.​Дыла), для сувязі з Усерас. сял. саюзам (А.​Бурбіс, З.​Жылуновіч). На 1-й сесіі рады (5—6.8.1917) прыняты статут арг-цыі, паводле якога рада складалася з дэпутатаў ад усіх бел. арг-цый, валасных, гар. і пав. органаў самакіравання, к-таў бежанцаў і гурткоў беларусаў-вайскоўцаў. Сваю дзейнасць рада будавала на 2 гал. прынцыпах: «палітычны — поўны дэмакратызм і сацыяльны — перадача зямлі без выкупу працоўнаму народу і абарона інтарэсаў работнікаў», чым падкрэслівалася дамінуючая роля прадстаўнікоў БСГ у радзе. Сесія абрала новы склад выканаўчага к-та: Лёсік, Дыла, Р.​Астроўскі, П.​Галавач, Ф.​Шантыр, Смоліч, С.​А.​Курчановіч-Сяўрук (сакратар), Бадунова, Жылуновіч, Каткоўская (кандыдат). Дзейнасць рады адыграла станоўчую ролю ў аб’яднанні бел. нац. арг-цый, пашырэнні ідэй адраджэння бел. культуры. У кастр. 1917 рэарганізавана ў Вялікую беларускую раду.

Літ.:

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 17, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНСЛАВІ́ЗМ,

ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. У паліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г. аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав. нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв. Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.​І.​Кошалеў, М.М.Страхаў і інш. У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.​Ф.​Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн. чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч. дзярж. (граф М.​П.​Ігнацьеў, кн. У.​А.​Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.​Дз.Скобелеў, Р.​А.​Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.​Ф.​Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.​М.​Каяловіч і іх прыхільнікі І.​А.​Катовіч, П.М.Жуковіч, В.​В.​Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-ва слав. узаемнасці на чале з М.​А.​Хамяковым, У.​Л.​Маклаковым, Б.​А.​Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.

Літ.:

Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;

Павленко О.В. Панславизм // Славяноведение. 1998. № 6.

В.​М.​Чарапіца, В.​М.​Міхееў.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІЯ ПРЫРОДНЫХ ЗЛУЧЭННЯЎ

Хімія драўніны і цэлюлозы. Адна з галін хіміі драўніны — сухая перагонка пнёвага асмолу — развівалася на Беларусі з 17 ст. Навукова-даследчыя работы ў гэтай галіне пачаліся ў 1920-я г. ў Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі і ў Бел. с.-г. акадэміі (К.​М.​Караткоў, І.​І.​Красікаў, У.​В.​Шкатэлаў). Вывучаўся піроліз драўніны, распрацавана тэхналогія працэсу, пабудаваны драўнінна-газавы з-д у Мінску.

У Ін-це хіміі АН Беларусі даследаваліся кінетыка гідралітычнага расшчаплення поліцукрыдаў драўніны, састаў смалістых рэчываў, вылучаных з паверхневага і глыбіннага асмолу тарфяных пакладаў. Прапанавана методыка гідролізу драўніны разбаўленай сернай к-той (у 1955 пабудаваны першы на Беларусі Бабруйскі гідролізны з-д) і тэхналогія гідролізу мікалагічна разбуранай драўніны (А.​І.​Скрыган). У пасляваенны час даследаванні расшырыліся і вядуцца ў многіх НДІ і ВНУ Беларусі. У Ін-це фізіка-арган. хіміі (да 1959 — Ін-т хіміі) Нац. АН Беларусі даследаваліся тэрмадынамічныя сувязі цэлюлозы, іх дыфільная прырода, вывучаўся ўплыў дыспергавання цэлюлозы на трываласць валокнаў і плёнак з яе (Д.​У.​Жаркоўскі, С.​М.​Ліпатаў). Выяўлены заканамернасці пераўтварэнняў, што адбываюцца ў драўніне ў натуральных умовах і пры тэрмахім. апрацоўцы; паказана аналагічнасць гэтых працэсаў гідрагенізацыйнаму-дэгідрагенізацыйнаму каталізу; распрацаваны спосабы выкарыстання драўніны балотных пнёў і аднагадовых парасткаў вярбы ў гідролізнай, цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці, спосабы вылучэння і пластыфікацыі цэлюлозы з мясц. расліннай сыравіны, спосабы каталітычнай дэлігніфікацыі цэлюлозы; вывучана залежнасць яе структуры ад паходжання і фізіка-хім. ўздзеяння (А.​І.​Скрыган). У Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі даследуюцца цэлюлоза і яе вытворныя, інш. вышэйшыя поліцукрыды, а таксама іх мадэльныя злучэнні метадамі інфрачырвонай спектраскапіі (Р.​Г.​Жбанкоў). У Бел. тэхнал. ун-це распрацоўваецца агульная тэорыя рэакц. здольнасці лігніну, даследуюцца змены яго будовы ў філагенет. шэрагу раслін. Эксперыментальна пацверджана тэорыя полікандэнсацыі лігніну; паказана структурна-генет. сувязь лігніну са сфагнавых імхоў з лігнінамі вышэйшых раслін; даказана, што ў аснове лігніну сфагнавых імхоў ляжыць структура пара-оксіфенілпрапану (У.​М.​Рэзнікаў). Даследаваны гідралітычныя пераўтварэнні поліцукрыдных кампанентаў драўніны. Распрацаваны метады мадыфікацыі драўніны сінт. палімерамі. Гл. таксама Хімія высокамалекулярных злучэнняў, Хімічная тэхналогія.

Хімія тэрпеноідаў. Даследаванні тэрпеноідаў на Беларусі пачаліся ў 1923 у Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, прадоўжаны ў Бел. с.-г. акадэміі, Бел. НДІ лясной гаспадаркі, Ін-це хіміі АН Беларусі, Лесатэхн. ін-це (з 1961 Бел. тэхнал. ін-т, з 1993 ун-т) і інш. Вывучаліся састаў і пераўтварэнні смаляных к-т хваёвай драўніны. Высветлена, што састаў смаляных кіслот з жывіцы хвоі і каніфолі з гэтай жывіцы аднолькавы з саставам аднайм. прадуктаў, атрыманых з амерыканскай і французскай хвоі, і што яны маюць у сабе α-пімаравую, левапімаравую і абіяцінавую к-ты; распрацавана тэхналогія і арганізавана падсочка хвоі (В.​П.​Сініцкі, У.​В.​Шкатэлаў). Пабудаваны (1929—30) Барысаўскі каніфольна-шкіпінарны і Навабеліцкі каніфольна-мылаварны з-ды. Вывучалася аўтаакісленне шкіпінараў у прысутнасці розных каталізатараў, удасканальвалася тэхналогія лесахім. вытворчасцей (К.​М.​Караткоў).

Даследаваны састаў смалістых рэчываў, вылучаных з паверхневага і глыбіннага асмолу, тарфяных пакладаў, удасканальвалася тэхналогія працэсаў смола-шкіпінарнай вытв-сці (А.​І.​Скрыган). Вывучаліся састаў і рэакцыя нітравання смаляных к-т (П.​С.​Пішчымука), аўтаакісленне смаляных к-т і тэрпенаў (Б.​В.​Ерафееў, М.​І.​Міцкевіч), састаў смаляных к-т і іх ангідрыдаў рэнтгенаструктурным метадам (М.​Я.​Лазараў) і інш. З 1955 асн. даследаванні па хіміі тэрпеноідаў сканцэнтраваны ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Устаноўлены хім. састаў бальзамаў найб. важных айч. хвойных парод; вывучаны ізамерызацыйныя пераўтварэнні тэрпенаў і смаляных к-т; распрацаваны спосабы атрымання полімерызаванай, гідрыраванай, мадыфікаванай і дыспрапарцыянаванай каніфолі, многіх яе эфіраў, мед. камфоры, лесахім. ядахімікатаў, політэрпенаў і інш. прадуктаў (І.​І.​Бардышаў, Х.​А.​Чэрчас). З канца 1970-х г. сістэматычна вывучаюцца хім. пераўтварэнні індывід. монатэрпенавых злучэнняў — алефінаў, спіртоў, кетонаў і інш. Вызначаны асн. заканамернасці перабудовы вуглевадароднай асновы гэтых злучэнняў ва ўмовах кіслотнага каталізу. На аснове рэакцыі гідраамінавання, рэакцый Рытэра, Бекмана, Маніха і інш. знойдзены эфектыўныя спосабы сінтэзу цяжкадаступных азотзмяшчальных злучэнняў, што маюць разнастайныя фармакафорныя групоўкі. Распрацаваны падыходы да высокатэхнал. выкарыстання аднаўляемай лесахім. сыравіны, якія накіраваны на атрыманне паверхнева-актыўных рэчываў, біяцыдаў, аналагаў прыродных нізкамалекулярных біярэгулятараў, тэхнал. дадаткаў, духмяных рэчываў і інш. практычна каштоўных злучэнняў (І.​І.​Бардышаў, С.​С.​Кавальская, М.​Г.​Казлоў).

Нафтахімія. Хімію нафты на Беларусі пачалі даследаваць пасля адкрыцця на яе тэрыторыі першага радовішча нафты (Ельск, 1952). У Ін-це хіміі і Ін-це геал. навук АН Беларусі вывучалі асн. характарыстыкі бел. нафты. Пасля адкрыцця прамысл. радовішчаў (1964) фізіка-хім. і геахім. характарыстыкі нафты вывучаюцца ў Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (В.​А.​Лапуць, Р.​Я.​Семячка), Ін-це геахіміі і геафізікі АН Беларусі (да 1971 Лабараторыя геахім. праблем; К.​І.​Лукашоў), хім. састаў, фізіка-хім. і тэхнал. характарыстыкі — у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі (Ю.​Р.​Егіязараў, М.​С.​Казлоў, Г.​М.​Сянькоў). Прапанаваны новыя спосабы сінтэзу ненасычаных цыклічных вуглевадародаў, спіртоў, кетонаў і іх функцыянальных вытворных, атрыманы новыя палімеры, эпаксідныя смолы, іаніты, воднарастваральныя поліэлектраліты, дэпрэсары і пластыфікатары (Н.​П.​Емяльянаў, Б.​В.​Ерафееў, С.​Ф.​Навумава). Распрацаваны асновы тэрмакаталітычных працэсаў ператварэння нафтавых вуглевадародаў у рэакцыяздольныя манамеры і метады сінтэзу на іх аснове функцыянальных вытворных і высокамалекулярных злучэнняў (Я.​М.​Павушкін). Вядуцца даследаванні па паляпшэнні тэхніка-эканам. паказчыкаў прамысл. прадпрыемстваў: прапанаваны мадыфікаваныя каталізатары і метады рэактывацыі прамысл. каталізатараў працэсу дэгідравання цыклагексанолу (для Гродзенскага хім. камбіната) і працэсаў ізамерызацыі ксілолаў (для Полацкага нафтаперапр. з-да), новы спосаб сінтэзу 2- і 3-атамных фенолаў на аснове цыклагексену, біметал. каталізатары для каталітычнага рыформінгу бензінаў. У Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН Беларусі прапанаваны адсарбенты і каталізатары для нафтаперапр. і нафтахім. працэсаў (У.​С.​Камароў); у Бел. тэхнал. ун-це створаны тэарэт. асновы падбору экстрагентаў для вылучэння араматычных вуглевадародаў з каталізатараў рыформінгу бензіну і з пірабензіну (Я.​І.​Шчарбіна). Тэрмадынаміка галагеназамешчаных вуглевадародаў нафты вывучалася ў БДУ (Дз.​М.​Андрыеўскі).

Літ.:

Бардышев И.И. Изучение химического состава сосновой живицы и полученных из нее канифоли и скипидара // Новое в лесохимии. М., 1973;

Егиазаров Ю.Г., Козлов Н.С., Куликов В.И. Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972;

Паушкин Я.М. Нефтехимическая наука и промышленность. Мн., 1972;

Егиазаров Ю.Г., Савчиц М.Ф., Устиловская Э.Я. Гетерогенно-каталитическая изомеризация углеводородов. Мн., 1989.

М.​Г.​Казлоў (хімія драўніны і цэлюлозы, хімія тэрпеноідаў), Ю.​Р.​Егіязараў (нафтахімія).

т. 18, кн. 2, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МАВА-ТЭХНІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

падгаліна гумаазбеставай прамысловасці. Аб’ядноўвае прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам на агульнай гумавай аснове (з выкарыстаннем інш. рэчываў) разнастайных прылад, дэталей і інш. рэчаў вытв., прамысл. і спажывецкага прызначэння. Да іх адносяць рукавы, пасы, трансп. (канвеерныя) стужкі, сальнікі, кольцы, пыле-, вільгаце- і маслаахоўныя каўпачкі, гумава-металічныя амартызатары, вырабы для ўшчыльнення акон і дзвярэй аўтамабіляў, самалётаў, чыг. вагонаў, для герметызацыі стыкаў буд. панэлей, тэхн. прагумаваных тканін і вырабаў з іх. Па спосабах атрымання і прызначэнні вырабы падзяляюцца на фармавыя (каля 30 тыс. найменняў), нефармавыя (больш за 12 тыс. найменняў), трансп. стужкі, пасы, рукавы. У Беларусі гумава-тэхнічных вырабаў вытворчасць пачала развівацца ў пасляваен. час. Дзейнічаюць акцыянернае т-ва «Беларусьгуматэхніка», бабруйскія прадпрыемствы бел.-ірл. «Ірбел», «Бонаш» канцэрна «Белнафтахім», акцыянернае т-ва «Барысаўгуматэхніка» (гл. Барысаўскі завод «Гуматэхніка»), Магілёўскі рэгенератарны з-д. Выпускаюць гумаватэхн. вырабы для аўтамаб., трактарнай, авіяц., станкабуд., мэблевай, трыкатажнай, буд. матэрыялаў прам-сці, с.-г. машынабудавання, буд-ва наземных і падземных збудаванняў, маналітныя гумавыя шынкі, гумава-тэхн. вырабы для грузавых і легкавых аўтамабіляў, розныя камплектуючыя вырабы, рэгенерыраваную гуму, гумавыя крошку, пракладкі для шпал, пырскавікі для аўтамабіляў, дарожкі і інш.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)