МААНЗУ́НДСКІ АРХІПЕЛА́Г, Заходне-Эстонскі архіпелаг. У Балтыйскім м., тэр. Эстоніі. Пл. каля 4 тыс.км². Больш за 500 астравоў, найбольшыя з іх Саарэмаа, Хійумаа, Муху, Вормсі. Берагі моцна парэзаныя. Паверхня раўнінная (выш. да 54 м). Астравы складзены пераважна з вапнякоў, якія месцамі ўкрыты ледавіковымі і марскімі адкладамі. Шмат азёр. Клімат умерана цёплы з мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. -4 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Большая ч. паверхні астравоў занята лугамі і лясамі; па берагах пясчаныя дзюны з хваёвымі лясамі. Глебы пераважна дзярнова-карбанатныя і забалочаныя. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Запаведнікі: Війдумяэ і Вільсандзі. Значныя гарады: Курэсаарэ (в. Саарэмаа) і Кярдла (в. Хійумаа). У раёне М.а. ў перыяд 1-й і 2-й сусв. войнаў адбыліся вядомыя ваен. аперацыі (гл.Маанзундскія аперацыі ў 1-ю сусв. вайну і Маанзундскія аперацыі ў Вял.Айч. вайну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АРХІРЭ́ЙСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры позняга барока ў Магілёве. Узведзены ў 1762—85 паводле праекта арх. І.К.Глаўбіца. Уваходзіў у арх. ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. З’яўляўся рэзідэнцыяй архіепіскапа Г.Каніскага ў 1785—95 (па яго ініцыятыве пабудаваны), з 1797 — А.Братаноўскага. Мураваны 3-павярховы будынак (3-і паверх — атыкавы ў цэнтр. частцы), прамавугольны ў плане з сіметрычнымі 2-павярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Гал. і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў, прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі, філянговыя нішы, тонкапрафіляваныя карнізы. Гал. ўваход вылучаны арачным парталам з казырком на металічных калонках. Пасля 1853 на тэр. архірэйскага двара як гал. ўезд пабудавана мураваная брама: 2 масіўныя пілоны, аздобленыя 2 дарычнымі паўкалонамі і завершаныя франтонамі; да іх паўкругам далучаны мураваныя слупы, аб’яднаныя ажурнай металічнай агароджай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЛЕ́Н,
мадленская культура, найбольш позняя палеалітычная культура (15—8 тыс.г. да н.э.), якая змяніла салютрэйскую і папярэднічала азільскай культуры ранняга мезаліту. Выяўлена франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў 1860. Назва ад пячоры Мадлен на беразе р. Везер (дэпартамент Дардонь, Францыя). Пашырана на тэр. Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, Германіі і мае шэраг мясц. разнавіднасцей. У М. пераважалі крамянёвыя разцы, праколкі, скрэблы, касцяныя гарпуны, наканечнікі коп’яў, дроцікі, кап’якідальнікі, жэзлы, іголкі, шылы і інш. Характэрны разныя выявы на рогу і косці, скульптура з рогу, косці, іклаў маманта, гравіраваныя, мона- і паліхромныя выявы на скляпеннях і сценах пячор. Насельніцтва займалася паляваннем, жыло ў пячорах і жытлах з касцей і шкур. М. адносіцца да эпохі мацярынскага роду. Тэрміны «М.» і «мадленская эпоха» ўжываюцца і ў шырокім сэнсе для пазначэння заключнага этапу развіцця познапалеалітычнай культуры еўрап. прыледавіковай вобласці ад Францыі да Урала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙНЦКАЯ КАМУ́НАМайнцкая рэспубліка,
першая рэспубліка на тэр. Германіі, якая існавала ў час акупацыі Рэйнскай вобл. войскамі рэв. Францыі ў аўстра-пруска-франц. вайну 1792—95. Абвешчана 18.3.1793 у г.Майнц Рэйнска-нямецкім нац. канвентам (першы дэмакр. парламент у герм. гісторыі), скліканым 17 сак.ням. якабінцамі (пераважна студэнты і прафесары) на чале з А.Гофманам і Г.Форстэрам, якія гуртаваліся ў засн. імі на ўзор франц.Якабінскага клуба «Т-ве сяброў свабоды і роўнасці» (вядомы як Майнцкі клуб; «клубісты» лічацца пачынальнікамі рэсп. традыцыі ў Германіі). Канвент скасаваў феад. парадкі і прыняў рашэнне аб далучэнні М.к. да Францыі. Ліквідавана ў выніку заняцця Майнца 23.7.1793 прускімі і аўстр. войскамі і аднаўлення Майнцкага курфюрства.
Літ.:
Мошковская Ю.Я. Г.Форстер — немецкий просветитель и революционер XVIII в. М., 1961;
Die Mainzer Republik. Protokolle des Jakobinerklubs. Berlin, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАЎ (сапр.Ліповіч) Марк Давыдавіч
(27.12.1918, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1986),
расійскі паэт. Скончыў Кіеўскі пед.ін-т (1940). Удзельнік партыз. руху на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Асн. тэмы паэт. зб-каў «Спадчына» (1946), «Равеснікі» (1947), «Праз дзесяць гадоў» (1956), «Салдат» (1959), «Незапатрабаванае каханне» (1967), «Бясстрашныя» (1968), «Лірыка» (1976) і інш. — братэрства народаў, героіка падполля і партыз. барацьбы, пераемнасць пакаленняў. Аўтар п’есы «Ніколі не забудзем» («Назаўсёды», паст. 1954), сцэнарыя фільма «Асабіста вядомы» (1958). На бел. тэматыку напісаў паэмы «Блакітныя агні», «У краі маўклівасці», раздзел з аповесці «Грышынцы», вершы («Курган Бессмяротнасці», «Маці», «Ноч перад расстрэлам», «Балада пра палаючае сэрца», «Лістоўка», «З партызанскага дзённіка», «Радзіма», «Балада пра маўклівасць», «Бярозка» і інш.). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі К.Жук, М.Калачынскі, Г.Кляўко, Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РСКІЯ ЎЛАДА́ННІ,
зямельная і інш. ўласнасць праваслаўных (з 12 ст.), каталіцкіх (з 15 ст.) і уніяцкіх (з 16 ст.) манастыроў. Яны фарміраваліся з падараванняў вял. князёў і каралёў, магнатаў, шляхты, а таксама ў выніку ўласнай гасп. і інш. дзейнасці (купля, атрыманне ў спадчыну або за доўг і інш.). Ва ўласнасці манастыроў звычайна знаходзіўся комплекс культавых збудаванняў, жылых будынкаў і гасп. пабудоў, у некат. выпадках — млыны, корчмы і інш. Аснову М.у. складалі зямельныя ўладанні з паселенымі на іх манастырскімі сялянамі, а таксама вял. сумы грошай. Манастыры мелі льготы ў землеўладанні, не плацілі звычайных дзярж. падаткаў. Колькасць манастыроў на тэр. Беларусі рэзка зменшылася пасля далучэння яе да Рас. імперыі (у 1842 уладанні правасл. і каталіцкай цэркваў былі перададзены ў загадванне Мін-вадзярж. маёмасцей). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 манастыры практычна зніклі, а іх уласнасць нацыяналізавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКА (ням. Mark ад сярэдневерхненям. Marke мяжа, пагран. вобласць),
1) сельская абшчына ў сярэдневяковай Зах. Еўропе. Узнікла ў 5—6 ст. у стараж.германцаў. Спачатку была вольным аб’яднаннем двароў сялян, якія валодалі індывід. надзеламі зямлі (гл.Алод), а пашы, лясы і інш. зямельныя ўгоддзі былі агульнай уласнасцю. Члены М. ўдзельнічалі ў кіраванні і судаводстве. Паступова трапляла ў залежнасць ад сеньёра. Эканамічна знікла з развіццём раннекапіталіст. адносін у земляробстве.
2) У Франкскай дзяржаве 8—9 ст. і «Свяшчэннай Рым. імперыі» пагран. ўмацаваная адм. акруга на чале з маркграфам. Пры Карле Вялікім заснаваны Іспанская, Брэтонская, Фрыульская і Панонская (Аварская) М.; пры яго пераемніках на заваяваных землях славян і венграў (з канца 9 ст.) — Мейсенская, Лужыцкая, Білунгаў, Герана М. і інш. З развіццём феад. адносін многія М. сталі тэр. княствамі (напр., герцагства Аўстрыя, маркграфства Брандэнбург).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ «ДОМ БАЯ́РЫНА».
Існаваў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. ў 12 ст. на тэр. вакольнага горада. Рэшткі будынка выяўлены ў 1960-я г. пры археал. раскопках. Пабудаваны з дрэва і цэглы. Прамавугольны ў плане будынак (пл. каля 76 м²) унутры падзяляўся сцяной на 2 памяшканні, меў зашклёныя аконныя праёмы. У цэнтры стаяў слуп, які трымаў перакрыцце. У паўн.-ўсх. куце была глінабітная печ. Драўляныя сцены знутры абчасаны, атынкаваны і аздоблены фрэскамі. Выяўлены фрагменты фрэсак: на белым і бледна-зялёным фоне геам. і расл. арнамент чырвонага і чорнага колераў, выява мужчынскай галавы ў профіль у княжацкай шапцы, а таксама графіці са стараж. надпісамі.
Літ.:
Гуревич Ф.Д. Дом боярина XII в. в древнерусском Новогрудке // Краткие сообщения Ин-та археологии АНСССР. 1964. Вып. 99;
Яе ж. Древний Новогрудок. Л., 1981. С. 36—44, 121—122.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́РА (ісп. Navarra, франц. Navarre),
сярэдневяковае каралеўства ў Пірэнеях са сталіцай Памплона (у 905—1512). У старажытнасці Н. насялялі баскі, выцесненыя ў 6 ст. вестготамі. У 716—719 заваявана арабамі, у 2-й пал. 8 ст. падпарадкавана Карлам Вялікім. З сярэдзіны 9 ст. незалежнае каралеўства, першы вядомы з летапісаў кароль Н. — Санча Гарсія (905—925). У 1027—35 у саюзе з Кастыліяй і Арагонам, у 1076—1134 у персанальнай уніі з Арагонам. У 1234—84 і 1328—1512 на каралеўскім прастоле Н. былі франц. графы, у 1285—1328 — франц. каралі. У 1485 Верхнюю Н. заваяваў Фердынанд Арагонскі. У 1512 яна далучана да Іспаніі (цяпер прав. Навара). Ніжняя Н. была фармальна незалежнай да 1589. Калі яе кароль Генрых Наварскі стаў франц. каралём Генрыхам IV, тэр. Ніжняй Н. далучылі да Францыі (цяпер дэпартамент Ніжнія Пірэнеі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́ (англ. Windward Islands, ісп. Islas Barlovento),
Карыбскія астравы, група каралавых і вулканічных астравоў у Карыбскім м.; усх.ч. архіпелага Малыя Антыльскія астравы, паміж Віргінскімі а-вамі і востравам Трынідад. Найб. а-вы: Гвадэлупа, Дамініка, Марцініка, Грэнада, Сент-Вінсент, Антыгуа і інш. На Н.а. размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Грэнада, Дамініка, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Люсія, а таксама ўладанні Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў. Агульная пл. каля 6 тыс.км². Нас. 1,3 млн.ж. (1990). Рэльеф пераважна горны (выш. да 1447 м, на в-ве Дамініка). Дзеючыя вулканы. Клімат трапічны пасатны, вільготны. Трапічнае земляробства. Плантацыі цукр. трыснягу, цытрусавых, кавы, какавы, бананаў. Важнейшыя гарады: Фор-дэ-Франс (в-аў Марцініка), Пуэнт-а-Пітр і Бас-Тэр (в-аў Гвадэлупа), Кастры (в-аў Сент-Люсія). Назва «Н.а.» тлумачыцца наветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату.