МУБА́РАК (Мухамед Хосні) (н. 4.5.1928, в. Кафр-эль-Мусейліха, Егіпет),

ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч Егіпта. Скончыў авіяц вучылішчы ў Егіпце і СССР, Ваен. акадэмію імя Фрунзе ў Маскве (1957). У 1967—69 нач. Ваенна-паветр. акадэміі Егіпта. У 1969—72 нач. штаба, у 1972—75 камандуючы егіп. ВПС, нам. ваен. міністра. У 1976—81 нам. старшыні Нац.-дэмакр. партыі, са студз. 1982 яе ген. сакратар. У 1975—81 віцэ-прэзідэнт, з кастр. 1981 прэзідэнт Егіпта. Праводзіць прагматычны курс на эканам. развіццё Егіпта і на супрацоўніцтва як з індустрыяльнымі дзяржавамі, так і з краінамі, якія развіваюцца.

т. 10, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НГУЕ́Н ВАН ТХІЕ́Ў (Nguyễn Vãn Thieû; н. 5.4.1923, г. Фанранг, В’етнам),

ваенны і дзярж. дзеяч Паўд. В’етнама. Ген.лейтэнант. Скончыў Нац. ваен. акадэмію (1949). У 1945—46 чл. В’етміня (выйшаў з яго з-за нязгоды з палітыкай камуністаў). Пасля абвяшчэння на Пд В’етнама Рэспублікі В’етнам (РВ) на розных кіруючых пасадах у яе ўзбр. сілах: камандзір дыв., корпуса, нач., Ген. штаба, міністр абароны. З чэрв. 1965 кіраўнік дзяржавы. У 1967 выбраны прэзідэнтам РВ. 13.4.1975 у выніку наступлення войск Дэмакр. Рэспублікі В’етнам і атрадаў Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама падаў у адстаўку і пакінуў краіну. Жыве ў Вялікабрытаніі.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́Ў (Іван Іванавіч) (5.3.1905, в. Малыгіна Кашынскага р-на Цвярской вобл., Расія — 1.11.1943),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З 1930 на парт. рабоце ў Ленінградзе. З сак. 1941 сакратар Брэсцкага абкома КП(б)Б. У пач. Вял. Айч. вайны ў палітупраўленні Зах., Цэнтр. франтоў. Са жн. 1942 у ЦШПР, з ліст. 1942 у распараджэнні БШПР. З сак. 1943 пам. упаўнаважанага БШПР па Брэсцкай вобл., з крас. 1943 сакратар Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б, адначасова чл. штаба і нам. камандзіра Брэсцкага партыз. злучэння. Загінуў у баі каля в. Бялавічы Івацэвіцкага р-на, ратуючы моладзь ад вывазу ў Германію.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ у Вялікую Айчынную вайну.

Створаны 20.10.1943 у выніку перайменавання Цэнтральнага фронту, дзейнічаў на Гомельска-Бабруйскім напрамку. Камандуючы ген. арміі К.К.Ракасоўскі, чл. ваен. савета ген.-лейт. К.Ф.Цялегін, нач. штаба ген.-палк. М.С.Малінін. Уваходзілі арміі: 3, 10, 11, 47, 48, 50, 61, 63, 65, 69, 70, 16-я паветр. і Дняпроўская ваенная флатылія. Войскі фронту правялі Гомельска-Рэчыцкую аперацыю 1943, Калінкавіцка-Мазырскую аперацыю 1944. 17.2.1944 у сувязі са стварэннем на Ковельскім напрамку Беларускага фронту другога Беларускі фронт перайменаваны ў Беларускі фронт першы. 5.4.1944 у сувязі са скасаваннем 2-га Бел. фронту Беларускі фронт адноўлены. 16.4.1944 зноў перайменаваны ў 1-ы Бел. фронт.

М.​І.​Камінскі.

т. 2, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРДЗЕ́ЙНЫ (Аляксей Сямёнавіч) (18.10.1908, г. Жытомір, Украіна — 21.4.1987),

савецкі ваен. дзеяч, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Ген.-палк. (1961), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Саратаўскае бранятанк. вучылішча (1932), ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА (1940), Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну камандзір палка, нач. штаба танк. брыгады, корпуса. Удзельнік абароны Кіева, Харкава, баёў пад Варонежам, Сталінградскай і Курскай бітваў. З восені 1943 у складзе Зах., 3-га Бел. франтоў вызваляў Оршу, вызначыўся пры вызваленні Мінска. Удзельнік баёў у Літве, Усх. Прусіі. У 1954—63 на адказных ваен. пасадах у БВА, да 1974 — у Мін-ве абароны СССР.

А.С.Бурдзейны.

т. 3, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВА́РДЫЯ ЛЮДО́ВА (Gwardia Ludowa),

узброеныя падп. і партыз. фарміраванні Польскай рабочай партыі ў 1942—43 у 2-ю сусв. вайну. Створана 6.1.1942 (першы партыз. атрад на чале з Ф.​Зубжыцкім пачаў дзейнічаць у маі 1942). Камендант (камандзір) Б.​Малоец, нач. Гал. штаба М.​Спыхальскі (1942) і Ф.​Юзвяк (1942—43). Асн. формы дзейнасці: дыверсіі, сабатаж, разведка, партыз. рух. У 2-й пал. 1942 налічвала больш за 11 тыс. чал., у т. л. 1400 у партыз. атрадах. Атрады Гвардыі Людовай дзейнічалі супраць ням.-фаш. акупац. улад у Люблінскім, Жэшаўскім, Кракаўскім, Келецкім ваяводствах, у Сілезіі, Лодзі і інш. месцах. 1.1.1944 на базе Гвардыі Людовай створана Армія Людова.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕ́ЙЗЕНАЎ ((Gneisenau) Аўгуст Вільгельм Антон) (27.10.1760, Шыльдаў, каля г. Торгаў, Германія — 23.8.1831),

прускі палкаводзец. Генерал-фельдмаршал (1825). Граф фон Нейдгарт (1814). Скончыў Эрфурцкі ун-т. Служыў у арміях Аўстрыі (1778—80), ням. княства Ансбах (1780—86) і Прусіі (з 1786). У 1807 камендант крэпасці Кольберг (цяпер г. Калобжэг, Польшча), кіраваў яе абаронай ад франц. войск да заключэння Тыльзіцкага міру 1807. Пасля паражэння Прусіі працаваў у камісіі па рэарганізацыі прускай арміі. З 1813 генерал-кватэрмайстар, нач. штаба Сілезскай арміі ген. Г.Блюхера. Здзейснены паводле задумы Гнейзенава манеўр прускай арміі садзейнічаў перамозе каля Ватэрлоо (1815). З 1818 губернатар Берліна і член Дзярж. савета Прусіі.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ШЫН (Сяргей Уладзіміравіч) (18.3.1917, в. Фаміно Дарагабужскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 25.6.1994, адзін з кіраўнікоў партыз. барацьбы на Смаленшчыне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Канд. ваен. н. (1964). Скончыў Дарагабужскае пед. вучылішча (1935),

ваен. акадэміі імя Фрунзе (1947) і Генштаба (1955). З 1939 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце, камандзір танк. ўзвода. З чэрв. 1942 камандзір партыз. палка (з чэрв. 1944 злучэння) «Трынаццаць», які з крас. 1943 дзейнічаў на тэр. Беларусі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваен. навуч. установах, у 1955—58 нач. аддзела штаба арміі.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РЫН (Антон Іосіфавіч) (28.9.1910, в. Шпількі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.10.1962),

Герой Сав. Саюза (1954), контр-адмірал (1951). Скончыў ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1932), Ваенна-марскую акадэмію імя Варашылава (1948). У ВМФ з 1928. У 1935—40 штурман дывізіёна падводных лодак, камандзір падводнай лодкі, эскадранага мінаносца. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўн. флоце, камандзір дывізіёна эскадраных мінаносцаў; толькі з 1944 удзельнічаў у 18 баявых аперацыях, суправаджаў 95 транспартаў, камандаваў 10 аперацыямі па канваіраванні саюзных транспартаў і аперацыямі па пошуку падводных лодак ворага. З 1949 нач. штаба і камандзір злучэння караблёў, нач. кафедры Ваенна-марской акадэміі імя Варашылава.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́БЕЛЬТ (Лявонцій Васілевіч) (1792, г. Магілёў — 9.5.1862),

ваенны і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў паліт. вышуку ў Расіі. Генерал ад кавалерыі (1856). Скончыў Горны кадэцкі корпус (1807), служыў у пяхоце (да 1830). Ўдзельнік кампаній 1807 і 1812—15, ад’ютант Дз.С.Дахтурова, М.М.Раеўскага. У пач. 1820-х г. масон. З 1830 у Корпусе жандараў, з 1835 нач. штаба корпуса. У 1839—56 адначасова кіраўнік «Трэцяга аддзялення», чл. Гал. ўпраўлення цэнзуры і Сакрэтнага к-та аб раскольніках. Кіраваў праследаваннем паэтаў А.​С.​Пушкіна і М.​А.​Някрасава, расследаваў справы Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства і петрашэўцаў. З 1856 у адстаўцы.

Літ.:

Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.

т. 6, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)