МАРДО́ЎНІК (Echinops),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 125 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — М. шарагаловы (E. sphaerocephalus). Трапляецца рэдка ў хмызняках, на аблогах, каля шашы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваныя 3 віды М.: узвышаны (E. exaltatus), шыракалісты (E. latifolius) і банатыкус (E. banaticus).

Шматгадовыя травы са стрыжнёвым коранем. Сцёблы прамастойныя, рабрыстыя, часта апушаныя. Лісце чаргаванае, надрэзанае, калючае. Шматлікія кветкі ў аднакветных кошыках, утвараюць шарападобную або падоўжаную галоўку з агульнай абгорткай. Плод — густаапушаная сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны.

Мардоўнік звычайны.

т. 10, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯНТУ́З звычайны (Lota lota),

адзіная прэснаводная рыба сям. трасковых атр. траскападобных. Пашыраны ў рэках і азёрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі жыве ў вадаёмах з халоднай чыстай вадой і камяністым дном, у ямах, пад берагамі. Актыўны ўвосень і зімой, летам упадае ў спячку. Нар. назвы калека, мень, мянёк.

Даўж. да 1,7 м, маса да 32 кг (на Беларусі да 5 кг). Спінных плаўнікоў 2. Цела ўкрыта дробнай цыклоіднай луской. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя. Драпежнік. Аб’ект промыслу.

Мянтуз.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНДО́РА (грэч. Pandōra усім адораная),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчына, створаная Гефестам па волі Зеўса з зямлі і вады ў якасці пакарання людзям за ўчынак Праметэя, які ўкраў для іх агонь з неба. Паводле міфаў, Афрадыта адарыла П. незвычайнай прыгажосцю, Гермес — спрытным розумам, хітрасцю і каварствам, Афіна — прыгожым адзеннем. Зеўс аддаў П. замуж за брата Праметэя, якому падараваў скрыню з чалавечымі заганамі. Нягледзячы на забарону, цікаўная П. адчыніла скрыню і выпусціла на волю ўсе заганы, ад якіх з таго часу пакутуе чалавецтва. Адсюль выраз «адчыніць скрыню Пандоры» — неабачлівым учынкам выклікаць шматлікія бедствы.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРУ́ХНА Аляксей Радзівонавіч (2.5.1939, в. Дзвіжкі Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 6.2.1984),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1964). Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу і графіцы. Сярод твораў: «Маці і дзіця» (1966), «Сельскі матыў» (1969), «Юнацтва», «Зімовая казка» (абодва 1970), «Новы мікрараён Мінска» (1971), «Зямля» (1975), «У майстэрні» (1977), «Старое дрэва», «Вячэрні горад» (абодва 1979), «Дыханне зямлі» (1980), «Вулачкі старога Мінска» (1982), «Купалава слова», «Асеннія фарбы» (абодва 1983), «Астрашыцкія матывы» (1984), шматлікія партрэты. Творам характэрны падкрэслена лінеарны пачатак, насычанасць колеру.

А.​Я.​Белы.

А.Пятрухна. У майстэрні. 1977.

т. 13, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙМС (Reims),

горад на ПнУ Францыі, у гіст. вобласці Шампань. Засн. да н.э., быў паселішчам кельцкага племя рэмаў, потым цэнтрам рым. правінцыі Белгіка. З канца 5 ст. да 1825 — месца каранацыі франц. каралёў. Каля 200 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Каналам злучаны з рэкамі Марна і Эна. Цэнтр шарсцяной прам-сці і вытв-сці шампанскіх він. Развіта разнастайнае машынабудаванне. Ун-т (з 1548). Шматлікія арх. помнікі 2—4 ст., у т. л. стараж.-рым. арка Марса, і 11—18 ст., у т. л. Рэймскі сабор.

Рэймс. Гістарычны цэнтр.

т. 13, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́МАВА Святлана Аляксандраўна (30.4.1911, С.-Пецярбург — 17.9.1989),

руская паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве (1956—58). Друкавалася з 1928. Аўтар зб-каў «Ташкент» (1944), «Вершы і пераклады» (1947), «На палях Мірзачуля» (1950), «Сімург» (з Зульфіёй, 1951), «Агні Сталінграда» (1953), «Чырвоныя гваздзікі» (1961), «Агонь у акне» (1966), «Чырвоны явар» (1974), «На ўсходзе Месяца. Вершы і паэма» (1984). Яе творы вызначаюцца жыццёвай праўдзівасцю, эмацыянальнасцю. Была знаёма і перапісвалася з Я.​Коласам. Пераклала на рус. мову шматлікія яго вершы. а таксама Э.​Агняцвет.

М.​І.​Пратасевіч.

т. 15, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ННЫЯ АРТЭ́РЫІ,

крывяносныя сасуды, якія забяспечваюць галаву і большую частку шыі пазваночных жывёл і чалавека крывёй. Размешчаны ў вобласці шыі. Прыцісканне С.а. выклікае страту прытомнасці (адсюль назва).

У чалавека агульныя С.а. адыходзяць справа ад плечагалаўнога ствала, злева — ад дугі аорты; кожная з іх падзяляецца на вонкавую і ўнутр. артэрыі. Вонкавая забяспечвае крывёю вобласць шыі, твару, галавы, адпаведныя мышцы і органы, цвёрдую мазгавую абалонку; унутр. — галаўны мозг, вочы, вобласці лба і носа. Паміж галінамі вонкавай і ўнутр. С.а. існуюць шматлікія злучэнні — анастамозы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНКАПРА́ДЫ (Hepialidae),

сямейства насякомых падатр. раўнакрылых матылёў. Каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на лугах, палях, у лясах, хмызняках. Актыўныя на змярканні. На Беларусі 9 відаў. Найб. трапляюцца Т.: хмелевы (Hepialus humuli), верасовы (Phymatopus hecta).

Размах крылаў да 24 см. Характэрна аднолькавае жылкаванне пярэдніх і задніх крылаў. Вусікі кароткія. Вусені маюць 5 пар брушных ножак; жывуць у глебе, некат. віды — у сцёблах травяністых раслін, у ствалах і каранях дрэў.

С.​Л.​Максімава.

Танкапрад хмелевы: 1 — самец; 2 — самка; 3 — вусень.

т. 15, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

тэматычныя геаграфічныя карты, якія адлюстроўваюць сезонную дынаміку прыродных з’яў. Падзяляюцца на фенакліматычныя (сезонныя змены т-ры, колькасці ападкаў і інш.), фенагідралагічныя (напр., устанаўленне і сыход снегавога покрыва, ледастаў на рэках, паводкі і інш.), фітафеналагічныя (набраканне і раскрыццё пупышак, цвіценне, плоданашэнне раслін), зоафеналагічныя (абуджэнне жывёл ад спячкі, сезонныя міграцыі, гнездаванне птушак), медыкафеналагічныя (сезонныя ачаговыя захворванні). Ф.к. складаюць паводле звестак назіранняў т.зв. феналагічных сетак, якія ўключаюць шматлікія феналагічныя пункты, а таксама паводле дыстанцыйнай здымкі. Маюць практычнае значэнне для сельскай і лясной гаспадаркі, паляўнічага промыслу і інш.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАДЭ́НДРАН (Philodendron),

род кветкавых раслін сям. ароідных. Больш за 250 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах Амерыкі. На Беларусі ў зімовых садах і аранжарэях вырошчваюць Ф.: бародаўчаты (Ph. verrucosum), лазячы (Ph.scandens), надрэзаны (Ph. lacerum), чырванеючы (Ph. erubescens) і інш.

Дрэвападобныя або травяністыя расліны. Сцёблы лазячыя, з доўгімі паветранымі каранямі. Буйное лісце суцэльнае ці перыста-рассечанае, скурыстае, бліскучае. Шматлікія аднаполыя кветкі сабраны ў катах, абкружаны тоўстым, мясістым, згорнутым у трубку пакрывалам, белага, жоўтага або чырв. колеру. Плод — ягада. Дэкар. расліны.

Філадэндран чырванеючы: 1 — суквецце (частка пакрывала выдалена); 2 — агульны выгляд.

т. 16, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)