нарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

Разм.

1. на каго-што і без дап. Нечакана сустрэцца з кім‑, чым‑н., выпадкова натрапіць на каго‑, што‑н. Мы прыйшлі ў мястэчка ноччу і, каб не пераходзіць чыгункі, дзе лёгка было нарвацца на нямецкі патруль, спыніліся ў Міколкавага дзеда, двор якога стаяў наводшыбе. Навуменка. Неяк ноччу, падкрадаючыся да чыгункі, мы нарваліся на варожую засаду. Краўчанка. Падарожжа ў адзіночку палохала. Нарвешся дзе-небудзь на дэсант — прыстрэляць, і ніхто ніколі не дазнаецца пра гэта. Асіпенка. // Сустрэцца з кім‑, чым‑н. (звычайна непрыемным, непажаданым) у сваім жыцці, у сваёй дзейнасці. Дзед спрабаваў адгаварыць Міколу — не падабалася яму гэтая паездка ў такі час, калі на кожным кроку можна нарвацца на сваю смерць. Якімовіч. «Нарвецца дзяўчына», — казалі пра .. [Аўгіню] сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Колас.

2. Нечакана прыйсці, з’явіцца. Неяк .. дзядзька Мікіта прывёз сабе цэлы воз бярэзніку, а тут нечакана нарваўся .. ляснік Мацуль. Сіпакоў.

•••

Не на таго нарваўся — тое, што і не на таго напаў (гл. напасці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

Разм.

1. што. Секчы; нішчыць. Пляжылі векавыя дубы, хвоі, ясені, бярозы, грузілі іх на машыны, падводы, тралявалі да чыгункі. Сачанка.

2. Біць. Пляжылі некалі молатамі ў кузні і бацька Шведзікаў і брат, ды мала ад таго было карысці. Даніленка. — Мяне толькі бацька пляжыў дубцом па лытках, калі часам у чужы сад заблуджуся, — прызнаўся Грэчка. Няхай.

3. што. Нішчыць, глуміць. — Не будзе больш жыта машынай пляжыць. Зара[чэцца] і дзесятаму закажа. Як далі на партыйным сходзе вымову... Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыгу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Рэйкавая дарога, прызначаная для руху паяздоў. Гасцінец.. быў адзіны шлях зносін паміж гарадкамі, чыгунка была далёка. Чорны. А там за возерам, як струнка, Пралегла роўненька чыгунка. Вось пераезд даўно знаёмы; Правей вакзальныя харомы. Колас.

2. Комплекснае транспартнае прадпрыемства, якое забяспечвае перавозку пасажыраў і грузаў па такой дарозе. Працаваць на чыгунцы. □ [Кавалеўскі:] — Ужо дамовіўся з Упраўленнем чыгункі, даюць чатыры пакоі ў новым доме. Карпаў.

3. Разм. Жалезная печка. На чыгунцы грэўся чайнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАСІЛЕ́ВІЧЫ,

горад у Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. За 45 км ад Рэчыцы, 86 км ад Гомеля. Чыг. вузел (лініі на Гомель, Калінкавічы, Хойнікі), аўтадарогай злучаны з аўтамагістраллю Гомель—Калінкавічы. 5,1 тыс. ж. (1995). Харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сць. Брацкія магілы падпольшчыкаў, сав. воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму.

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст., у 18 ст. вёска. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1825 пабудавана Мікалаеўская царква, у 1866 адкрыта нар. вучылішча, у 1878 заснавана метэастанцыя. У сувязі з пракладкай чыгункі сталі значным гандл. цэнтрам. У 1897 — 1724 ж., 298 двароў. З 1919 у Гомельскай губ. У 1926—27 і 1937—59 цэнтр Васілевіцкага раёна. З 25.8.1941 да 18.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў Васілевічах і раёне загубілі 1880 чал. Дзейнічала Васілевіцкае патрыятычнае падполле. З 29.4.1950 гар. пасёлак, з 19.11.1971 горад. У 1959 — 6,4 тыс. ж., у 1970 — 6,9 тыс. жыхароў.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКА́Р (Dakar),

горад, сталіца Сенегала. Знаходзіцца на п-ве Зялёны Мыс — самым зах. пункце Афрыкі. 1490,4 тыс. ж. (1988). Другі па велічыні порт у Зах. Афрыцы, абслугоўвае Сенегал і Маўрытанію. Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог у глыб краіны. Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы прамысл., трансп. і гандл.-фін. цэнтр Зах. Афрыкі. У Д. і яго наваколлі больш за 80% усіх прамысл. прадпрыемстваў краіны. 3-ды па вытв-сці алею з арахісу, мылаварныя, мукамольныя, рыбакансервавыя і інш. прадпрыемствы харчасмакавай прам-сці. Тэкст., фармацэўтычныя, гарбарна-абутковыя, аўтазборачныя, цэм., паліграф. прадпрыемствы. Буд-ва невял. суднаў, суднарамонт. Цэнтр турызму і зімовага адпачынку. Ун-т.

Засн. ў 1857 як франц. форт. З 1895 у складзе франц. калоніі Сенегал, у 1895—1960 яе адм. цэнтр. У 1904—59 адм. цэнтр Франц. Зах. Афрыкі. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны англа-амер. войскамі (1942), іх стратэг. база для марскіх аперацый у Атлантычным ак., адзін з апорных пунктаў «Змагарнай Францыі». З 1960 сталіца Рэспублікі Сенегал.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНША́СА (Kinshasa),

горад, сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга. 4241 тыс. ж. (1997, з прыгарадамі). Рачны порт на левым беразе р. Конга. Чыгункай злучаны з марскім портам Матады. Паромныя сувязі з г. Бразавіль. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (больш за 50% вытв-сці баваўняных тканін у краіне), харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, тытунёвая), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтазборка, эл.-тэхн., з-ды па вытв-сці матацыклаў і веласіпедаў, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш.), дрэваапрацоўка, хім. вытв-сць (шыны, пластмасавыя вырабы, мыла, кіслародна-ацэтыленавы з-д). Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковыя ф-кі, рамонтныя майстэрні. Металургічны комплекс. Нац. ун-т. Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў, музей мясц. побыту.

Засн. Г.М.Стэнлі ў 1881 як гандл. цэнтр пад назвай Леапальдвіль (да 1966; у гонар бельг. караля Леапольда II) на месцы вёсак К. і Кінтама. Значэнне горада вырасла пасля буд-ва ў 1898 чыгункі. З 1926 адм. ц. калоніі Бельг. Конга, з 1960 сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга (у 1971—97 Заір).

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІФЕ́СТ ЧАСО́ВАГА РАБО́ЧА-СЯЛЯ́НСКАГА ЎРА́ДА БЕЛАРУ́СІ,

першы канстытуцыйны акт, які абвясціў Беларусь Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Падпісаны ў ноч на 2.1.1919 у Смаленску старшынёй Часовага ўрада З.​Х.​Жылуновічам і чл. ўрада А.​Ф.​Мясніковым, А.​Р.​Чарвяковым, С.​В.​Івановым, І.​І.​Рэйнгольдам. На рус. мове апублікаваны 3.1.1919, на бел. мове — у 1-м нумары афіц. ўрадавага органа — «Вестках Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларусі» 19.1.1919; месцам абвяшчэння названы Мінск. Маніфест абвясціў пра прыналежнасць усёй улады ў Беларусі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, пра ліквідацыю акупац. улад, скасаванне іх законаў і загадаў. Рада і ўрад БНР аб’яўляліся па-за законам. Абвясціў падтрыманне рэв. парадку, роўнасць у правах працоўных усіх нацыянальнасцей. Дэклараваў пераход зямлі, лясоў, вод і зямных нетраў, чыгункі і шляхоў зносін, паштовай, тэлеграфнай сувязі, фабрык, заводаў і банкаў ва ўласнасць рабочых і бяднейшага сялянства. Маніфест устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень і ўводзіў у дзеянне на тэр. Беларусі дэкрэты РСФСР.

В.​У.​Скалабан, М.​Ф.​Шумейка.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ВІЧ (Альберт Францавіч) (11.11. 1875, Мінск — 17.3.1951),

бел. паэт-гумарыст, драматург. Скончыў 4-класнае гар. вучылішча ў Мінску (1894). Працаваў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Жыў у Мінску. З 1932 у Маскве, на Урале, з 1945 у Курску. Займаўся жывапісам, вышываў дываны. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 19 ст., у бел. друку выступіў у 1907 (газ. «Наша ніва»), Друкаваўся ў альманаху «Маладая Беларусь», час. «Лучынка» і інш. Выдаў зб. вершаў «Снапок» (1910), драму «Васількі» (1919). У лірычных вершах гучалі патрыят. матывы. Творчасць П. цесна звязана з фальклорам. Найб. вядомымі і папулярнымі былі яго вершаваныя гумарыст. апавяданні, жартоўныя сцэнкі, пераказы бел. нар. анекдотаў («Пан і акуляры», «Ракі», «Шчодрая ахвяра», «Маладая гаспадынька» і інш.). Аўтар арт. «Забытае» (да гісторыі тэксту «Гутаркі Данілы са Сцяпанам», 1925), «Сялянка» В.​Дуніна-Марцінкевіча на мінскай сцэне» (1929). На бел. мову перакладаў творы А.​Пушкіна, Т.​Шаўчэнкі, М.​Канапніцкай, У.​Сыракомлі.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1975.

С.​Х.​Александровіч.

А.Ф.Паўловіч.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРАМСКА́Я ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 13.8.1944. Пл. 60,1 тыс. км², нас. 795 тыс. чал. (1997), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Кастрама. Найб. гарады: Буй, Нерахта, Шар’я, Мантурава, Галіч, Нея.

Прырода. Паверхня — хвалістая раўніна. На З вобласці Кастрамская нізіна (выш. 80—100 м). З Пд на Пн распасціраецца Галіцкае ўзв. (выш. да 292 м), на ПнУ адгор’і Паўн. Увалаў (выш. да 227 м). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, гаручыя сланцы, фасфарыты. Крыніцы мінер. вод, лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -12 °C да -14 °C, ліп. 18—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 550—600 мм. Гал. рака — Волга з прытокамі Кастрама, Унжа, Вятлуга. Буйныя азёры — Галіцкае і Чухламскае. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, у поймах рэк алювіяльныя. Пад лесам каля 60% тэрыторыі (хвоя, елка, бяроза, асіна, вольха). Жывёльны свет: буры мядзведзь, воўк, рысь, лось, ліс, вавёрка, куніца, акліматызаваная андатра.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лёгкая (пераважна льняная), маш.-буд., харч., лясная і дрэваапр., энергетыка, хімічная. Ільняная прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Вытв-сць ільновалакна, тканін, швейных і трыкат. вырабаў у гарадах Кастрама, Нерахта, Буй, скур і абутку ў г. Галіч. Прадпрыемствы па вытв-сці рачных суднаў, станкоў, экскаватараў, абсталявання для дрэваапр., тэкст., хім., харч. прам-сці ў Кастраме, Галічы, Нерахце, Мантураве. Цэнтры лесапілавання, дрэваапрацоўкі, вытв-сці мэблі, паперы — Кастрама, Буй, Шар’я, Макар’еў, Мантурава, Галіч. Развіта харч. прам-сць (малочная, сыраробная, мясная, макаронная і інш.). У Буі і Кастраме з-ды па вытв-сці сінт. смол і пластмас. Вытв-сць электраэнергіі 9,3 млрд. кВт∙гадз (1996). Кастрамская ДРЭС (Валгарэчанск) — адна з буйнейшых у Расіі. Стараж. цэнтр ювелірнага нар. промыслу — Краснае-на-Волзе. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (кастрамская парода буйн. раг. жывёлы) і льнаводства. Авечкагадоўля, птушкагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 1040 тыс. га, у т. л. пад ворывам каля 700 тыс. га. Пасевы збожжавых (жыта, пшаніца, ячмень, авёс), лёну, кармавых культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Даўж. чыгункі 646 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс. км (1996). Па тэр. К.в. праходзяць чыгункі Яраслаўль—Кастрама—Галіч, Волагда—Галіч—Мантурава—Кіраў, аўтадарогі Яраслаўль—Кастрама—Макар’еў—Мантурава, Кастрама—Іванава. Суднаходства па Волзе, у нізоўях рэк Кастрама, Унжа, Вятлуга. Курорт Салігаліч.

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сле́дства, ‑а, н.

Высвятленне органамі юстыцыі абставін, звязаных са злачынствам. Весці следства. Знаходзіцца пад следствам. □ Стары цікава расказваў, як яны калісьці арганізоўвалі забастоўкі рабочых Лібава-Роменскай чыгункі, як яго, тады яшчэ маладога чалавека, запраторылі ў астрог і ён прасядзеў аж цэлы год, пакуль вялося следства. Сабаленка. У сцэнах допыту, следства, самога судовага працэсу паэт выявіў сябе бліскучым майстрам сатыры. Навуменка. // зб. Разм. Асобы, якія вядуць судовае расследаванне якой‑н. справы. Назаўтра пасля забойства паручніка знайшлі пасярод дарогі, і следства пачало трэсці кожную хату. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)