род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Названа ў гонар К.Лінея. 1 від — Л. паўночная (L. borealis). Пашырана ў Паўн. паўшар’і. Рэлікт ледавіковага перыяду. На Беларусі праходзіць паўд. мяжа яе арэала. Занесена ў Чырв. кнігу. Расце ў хваёвых і яловых лясах імшыстага і бруснічнага тыпаў невял. курцінкамі.
Вечназялёныя сцелістыя кусцікі з тонкімі сцёбламі даўж. 1—2 м і бакавымі прамастойнымі галінкамі выш. 10—20 см. Лісце дробнае, круглаватае, скурыстае, па краях зубчастае, супраціўнае. Кветкі белыя або ружовыя з пурпуровымі жылкамі і прыемным пахам ваніліну, па 2 на канцах кветаносаў. Плод — касцянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПАВЫЯ ЛЯСЫ́, ліпнякі,
фармацыя шыракалістых лясоў, у якіх пераважае ліпа. На Беларусі ўтвараюцца на месцы дуброў і ялова-шыракалістых лясоў. Займаюць багатыя, добра дрэніраваныя, гумусаваныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя і сугліністыя глебы. Пл. 0,03%. Адрозніваюць 5 тыпаў Л.л.: кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы і чарнічны. Дрэвастоі складаюцца з некалькіх ярусаў. 1-ы ярус (акрамя ліпы): асіна, бяроза (павіслая і пушыстая), вольха чорная, граб, дуб, елка, клён, ясень; 2-і — вязавыя, елка, граб, клён. Падлесак добра развіты (крушына ломкая, ляшчына, парэчкі, рабіна, чаромха і інш.). Высокапрадукцыйныя, маюць ахоўнае, гідралагічнае і прамысл. значэнне, каштоўныя меданосныя плантацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗО́МЕТР (ад грэч. piezō цісну + метр),
прылада для вызначэння аб’ёмнай сціскальнасці газаў, вадкасцей і цвёрдых цел пад уздзеяннем гідрастатычнага ціску. Выкарыстоўваюцца таксама для даследаванняў дыяграм стану, фазавых пераходаў і інш.фіз.-хім. працэсаў.
Паводле прынцыпу дзеяння бываюць 2 тыпаў: П., у якіх маса рэчыва, што даследуецца, застаецца пастаяннай, а аб’ём змяняецца ў залежнасці ад ціску і т-ры; П., у якіх маса — пераменная велічыня, а аб’ём пасудзіны з рэчывам, што даследуецца, не змяняецца. Для вызначэння сціскальнасці вадкасцей і цвёрдых цел выкарыстоўваюць П. плунжэрнага або поршневага тыпу; лінейных памераў цел пад гідрастатычным ціскам — лінейныя П. (дылатометры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Аляксей Зіноўевіч) (28.10.1910, с. Кошкі Самарскай вобл., Расія — 9.5.1972),
расійскі і ўкраінскі фізік-тэарэтык. Акад.АН Украіны (1969). Скончыў Казанскі ун-т (1937), дзе і працаваў з 1943, з 1970 у Ін-це тэарэт. фізікі АН Украіны. Навук. працы па матэм. фізіцы, агульнай тэорыі адноснасці і тэорыі гравітацыі. Распрацаваў новыя метады вывучэння гравітацыйнай радыяцыі і энергіі гравітацыйнага поля, мадэліравання палёў прыцягнення. Выявіў існаванне трох тыпаў палёў гравітацыі (тыпы П.). Выказаў ідэю апісання тэорыі прыцягнення А.Эйнштэйна ў тэрмінах плоскай прасторы. Ленінская прэмія 1972.
Тв.:
Пространства Эйнштейна. М., 1961;
Новые методы в общей теории относительности. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Р,
васемнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Р («рцы»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ρ («ро»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «р» («рама», «рука»). Мела лічбавае значэнне «сто». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорны дрыжачы пярэднеязычны цвёрды і зацвярдзелы зычны гук «р» («рэчка», «рыс», «раса», «хмара»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЬБАНАРАЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
шматлязовы металарэзны інструмент для ўтварэння вонкавай (на шрубах, шпільках, балтах і інш.) і ўнутр. (у адтулінах гаек, утулак і інш.) разьбы. Да Р.і. адносяцца разьбовыя разцы, метчыкі, плашкі, фрэзы, шліфавальныя кругі, грабяні, рэзьбанаразныя галоўкі. Разьбовыя грабяні (некалькі аб’яднаных у адзінай канструкцыі разьбовых разцоў) бываюць плоскія (стрыжнёвыя, прызматычныя) і круглыя. У корпусе рэзьбанаразных галовак уманціравана некалькі разьбовых грабянёў. Устанаўліваюць на рэзьбаапрацоўчых станках і станках інш.тыпаў, некаторыя інструменты выкарыстоўваюць для ручнога наразання разьбы.
Да арт.Рэзьбанаразны інструмент. Рэзьбанаразныя галоўкі: 1 — з радыяльна пастаўленымі плоскімі грабянямі; 2 — з тангенцыяльна пастаўленымі плоскімі грабянямі; 3 — з круглымі грабянямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,
універсальная фіз. тэорыя мікрабудовы матэрыі, якая прызначана даць апісанне ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў, вызначыць уласцівасці элементарных часціц і законы іх руху.
У аснове адзінай тэорыі поля ляжаць агульныя палажэнні: 1) універсальнасць палявой канцэпцыі — кожнаму тыпу элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў адпавядаюць свае квантаварэлятывісцкія палі; 2) калібровачны (суперкалібровачны) прынцып як універсальны дынамічны прынцып для ўсіх тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў — кожны з іх звязваецца з дынамічнай (калібровачнай) сіметрыяй і адказнымі за гэтае ўзаемадзеянне сілавымі зарадамі элементарных часціц, а таксама з адпаведнымі калібровачнымі палямі (базонамі) — іх пераносчыкамі; 3) гіпотэза аб існаванні адзінага універсальнага фундаментальнага ўзаемадзеяння (адзінага поля), канкрэтнымі праявамі якога пры адпаведных умовах з’яўляюцца гравітац., эл.-магн., слабае і моцнае ўзаемадзеянні. Пачатак адзінай тэорыі поля пакладзены стварэннем адзінай калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў (1967—68), першага аб’яднанага апісання двух тыпаў узаемадзеяння ў межах адной тэорыі. Пасля пабудовы квантавай хромадынамікі прапанаваны розныя схемы «Вялікага аб’яднання», адзінай калібровачнай палявой тэорыі эл.-магн., слабага і моцнага ўзаемадзеянняў. Уключэнне гравітацыйнага ўзаемадзеяння ў агульную схему дасягнута за кошт увядзення суперсіметрыі (што звязвае ферміёны і базоны) і адпаведных суперкалібровачных палёў (гл.Супергравітацыя).
На Беларусі даказана магчымасць пабудовы тэорыі ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў з дапамогай універсальных нелінейных ураўненняў Фёдарава для аб’яднаных палёў (1968; Ф.І.Фёдараў).
Літ.:
Физика микромира. М., 1980;
Фёдоров Ф.И. Уравнения первого порядка для гравитационного поля // Докл.АНСССР. 1968. Т. 179, № 4;
Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫ ГО́РАН,
печ для абпальвання ганчарных вырабаў, якая выкарыстоўваецца пры высокаразвітым ганчарстве. Абпальванне ажыццяўляецца гарачымі (700—900 °C) газамі, якія атрымліваюцца пры згаранні паліва. Працэс бывае акісляльны (найб. пашыраны) і ўзнаўляльны (пры недастатковым доступе кіслароду). У сучаснай вытв-сці выкарыстоўваюць горны верт. і гарыз.тыпаў (электрычныя, на мазутным або газавым паліве). Першыя ганчарныя горны вядомы з канца 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Былі адкрытага і закрытага тыпаў, 1-, 2-, 3-ярусныя. У Еўропе пашыраны з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э., на ўсходнеслав. землях — з 12—13 ст. На Беларусі выяўлены горны ў Мінску (16 ст.), Оршы (17 ст.), Міры (18 ст.). Іх муравалі з цэглы, камянёў, гліны, пераважна 1- і 2-ярусныя, круглыя (грушападобныя) ці чатырохвугольныя ў плане, з адкрытым і купалападобным (скляпеністым) верхам. Ніжні (топачны) ярус заглыблялі ў зямлю, верхні па баках засыпалі грунтам і агароджвалі зрубам, часам умацоўвалі бярвеннем, жэрдкамі, метал. прутамі, дротам, каменнем і дзёрнам. Для агню рабілі яму, у якую выходзіла вусце топкі. Ярусы (камеры) падзяляліся гарыз. перакрыццем (скляпеннем) з адтулінамі (люхтамі) для праходу гарачых газаў. Звычайна ганчарныя горны былі разлічаны на адначасовую тэрмічную апрацоўку 300—350 (часам 800—1000) вырабаў, якая працягвалася 9—14 гадз.
В.М.Ляўко.
Беларускія ганчарныя горны (двух’ярусныя): 1 — круглы з адкрытым верхам; 2 — чатырохвугольны з закрытым верхам.Прамысловы ганчарны горан вертыкальнага тыпу: 1 — малая печ (топка); 2 — под; 3 — вялікая печ; 4 — загрузачная адтуліна; 5 — дымаходы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЛЬНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне, якое звязвае шуканую функцыю і інтэграл ад яе. Да І.ў. зводзяцца шматлікія задачы фізікі, краявыя задачы, задачы на адшуканне ўласных значэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Тэорыя І.ў. зарадзілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў нетрах тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і матэм. фізікі пасля прац матэматыкаў італьян. В.Вальтэра (1896), швед. Э.Фрэдгальма (1903), ням. Д.Гільберта (1912) і Э.Шміта (1907). Яна стымулявала развіццё функцыянальнага аналізу і тэорыі аператараў у абстрактных прасторах. Адрозніваюць І.ў. рэгулярныя (з інтэграламі Рымана ці Лебега) і сінгулярныя (з няўласнымі інтэграламі розных тыпаў), лінейныя і нелінейныя. Найб. вывучаны лінейныя І.ў., напр., ураўненні Фрэдгальма
, дзе u(t) — шуканая, a(t), k(t,s) (ядро) і f(t) — зададзеныя функцыі, Ω — вобласць эўклідавай прасторы аднаго або многіх вымярэнняў; калі a(t) = 0, дадзенае ўраўненне наз. ўраўненнем 1-га роду, калі a(t) = 1—2-га, у астатніх выпадках — 3-га. Пры замене інтэграла на інтэгральную суму (гл.Вызначаны інтэграл) атрымліваецца сістэма алг. ураўненняў, для якой вядомыя ўмовы вырашальнасці. Важнымі класамі нелінейных І.ў. з’яўляюцца ўраўненні Ляпунова—Шміта, Урысона і інш Разглядаюцца таксама сістэмы І.ў., а таксама І.ў. з вектар-функцыямі розных тыпаў, выпадковымі працэсамі і інш. Рашэнні ўраўненняў часта знаходзяць лікавымі метадамі.
На Беларусі даследаванні па тэорыі І.ў. пачаты ў 1961 пад кіраўніцтвам Ф.Дз.Гахава (сінгулярныя ўраўненні) і праводзяцца ў БДУ, Ін-це матэматыкі Нац.АН і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЧЫ́ННІКАЎ (Юрый Анатолевіч) (2.8.1934, Масква — 17.2.1988),
савецкі хімік і біяхімік. Акад.АНСССР (1970), віцэ-прэзідэнт АНСССР (1974). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). З 1960 у Ін-це біяарган. хіміі АНСССР (з 1970 дырэктар). Навук. працы па сінтэзе і будове розных тыпаў фізіялагічна актыўных злучэнняў, вывучэнні малекулярных механізмаў іх дзеяння. Распрацаваў мас-спектраметрычны метад вызначэння паслядоўнасці амінакіслотных рэшткаў у пептыдах і метад сінтэзу пептыдаў на палімерным носьбіце. Вызначыў будову шэрагу бялкоў — рыбасамальных, нейратаксінаў і інш.; адкрыў новы тып мембранаактыўных камплексонаў.
Тв.:
Мембрано-активные комплексоны. М., 1974 (разам з В.Ц.Івановым, А.М.Шкробам).