Трыні́ца ‘лёгкая верхняя накшталт кашулі адзежа, якую просты чалавек надзяваў паверх світкі ці кажуха ў выпадку дажджу’ (Нас., Некр. і Байк.), трыні́цы ‘кароткія світкі з белага палатна’ (вільн., Кіркор). Параўн. польск. trynica, trenica ‘апанча з грубага палатна, якую сяляне надзяваюць зверху світкі ці кажуха’. Балтызм, параўн. літ. trinỹčiai ‘верхняя кашуля хатняга вырабу’ < *trỹs + nỹtys ‘ніт’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 50). Мяркуецца, што трапіла праз польскую мову, што неабавязкова. Гл. яшчэ Урбуціс, Baltistica, V, 1, 154.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
падсу́седзі, ‑яў; адз. падсусед, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Беззямельныя сяляне ў Вялікім княстве Літоўскім у 16 — першай палавіне 17 ст., якія жылі на чужых дварах у вёсках і гарадах.
2. Разм. Кватаранты, жыльцы. [Барысевіч:] — Маці пусціла да нас жыць пагарэльцаў. У хаце жыло тады ў падсуседзях восем чужых сем’яў. Залескі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АГАРО́ДНІКІ,
сяляне ў ВКЛ, якія пасяляліся на невял. дзялянках зямлі, за што абавязваліся выконваць пэўныя павіннасці. Агароднікі давалі па 3 маргі (1 морг — 0,71 га) зямлі і сялілі вёскамі па 10—20 двароў паблізу фальваркаў. За надзелы агароднікі адпрацоўвалі на землеўладальніка 1 дзень у тыдзень без каня, а іх жонкі — 6 дзён за лета. У час валочнай памеры ў катэгорыю агароднікаў пераводзілі чэлядзь. У 18 — 1-й пал. 19 ст. агароднікамі называлі сялян, якія мелі толькі хату і агарод.
т. 1, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ШЧЫЦКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл урадавымі войскамі сялян в. Кішчыцы Чавускага пав. (цяпер Шклоўскі р-н Магілёўскай вобл.). 17.6.1905 каморнікі пад аховай войск і паліцыі пачалі праводзіць мяжу паміж Горацкім і Чавускім пав., якая адначасова павінна была стаць мяжой паміж памешчыцкімі і сял. землямі. Сяляне вёскі не дазволілі праводзіць межавыя работы на карысць памешчыка. Спробы коннай паліцыі разагнаць натоўп не далі вынікаў. Войскі ўжылі зброю, забілі 8 сялян, цяжка паранілі 15. На месцы К.р. ў 1955 пастаўлены помнік.
т. 8, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАНЬЕ́ЛА (Masaniello, скарочанае ад Тамаза Аньела, Tommaso Aniello; чэрв. 1620, г. Пазітана, Італія — 16.7.1647),
правадыр нар. паўстання ў Неапалі ў чэрв. 1647, накіраванага пераважна супраць ісп. панавання; рыбак. Зачэпкай да паўстання паслужыла ўвядзенне падатку на садавіну. Паўстанцы спалілі падатковыя дакументы, аблажылі палац віцэ-караля і абвясцілі М. капітанам народа Неапаля. Да іх далучыліся сяляне, жыхары шэрагу паўд. італьян. гарадоў. Віцэ-кароль пайшоў на перагаворы і адмяніў падатак, адначасова арганізаваў забойства М. Паўстанне было задушана толькі ў крас. 1648.
т. 9, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙЛЯНЬЦЗЯ́О, Секта белага лотасу,
тайная будыйская секта ў Кітаі ў 12 — пач. 19 ст. Узнікла на пач. праўлення дынастыі Паўд. Сун [1127—1279]. У 14 ст. злілася з будыйскімі сектамі Мілацзяо і Мінцзяо і стала масавай арг-цыяй, у якую ўваходзілі пераважна сяляне і рамеснікі. Удзельнічала ва ўзбр. барацьбе супраць манг. дынастыі Юань. У наступныя стагоддзі неаднаразова ўздымала сял. паўстанні; адно з буйнейшых адбылося ў 1796—1805. Пасля яго задушэння маньчжурска-кіт. феадаламі секта спыніла сваю дзейнасць (за выключэннем адгалінаванняў у Шаньдуні і Чжылі).
т. 2, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІГО́ЙЦЫ (франц. Albiegeois),
удзельнікі ерэтычнага руху ў паўд. Францыі ў 12—13 ст., прыхільнікі вучэнняў катараў і вальдэнсаў. Назва ад аднаго з цэнтраў руху г. Альбі. Адмаўлялі асн. догматы каталіцкай царквы, патрабавалі ліквідаваць царк. іерархію, землеўладанне і дзесяціну. Асн. склад альбігойцаў — рамеснікі, сяляне, іх падтрымлівалі рыцары і знаць, якія дамагаліся зямельных багаццяў царквы. На Тулузскім саборы 1119 адлучаны ад царквы, асуджаны Усяленскім саборам 1215. Пасля Альбігойскіх войнаў 1209—29 знаць адышла ад ерасі. Рэшткі альбігойцаў знішчаны інквізіцыяй у 13 — пач. 14 ст.
т. 1, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ШЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1932,
узброенае выступленне сялян у Зах. Беларусі (в. Асташына і навакольныя вёскі Навагрудскага пав.) 19—20.3.1932 супраць падатковага прыгнёту. Адбылося пад кіраўніцтвам сялянскага к-та. Сяляне спалілі маёнтак абшарніка, сядзібы асадніка і гандляра, узброіўшыся паляўнічымі стрэльбамі, уступілі ў перастрэлку з паліцыяй, разграмілі паліцэйскі ўчастак, вызвалілі вязняў, захапілі зброю, спалілі двор каменданта паліцыі. Польскія ўлады жорстка расправіліся з удзельнікамі выступлення: паводле прыгавору надзвычайнага суда 5.7.1932 у Навагрудку 4 паўстанцы павешаны, 49 прыгавораны да турэмнага зняволення, з іх 5 да пажыццёвага зняволення.
т. 2, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАСПАДАРЫ́»
(«Гаспадары, для Вас пішам гэта апавяданне...»),
бел. ананімная брашура. Выйшла нелегальна асобным выданнем без тытульнага ліста. Надрукавана лацінкаю. Налічвае 8 стар. празаічнага тэксту. Мяркуецца, што твор надрукаваны ў Кракаве. Прысвечана падзеям, што разгарнуліся 9.11.1893, калі царскія ўлады закрывалі касцёл у мяст. Крожы (Кражай) у Літве. Сяляне аказалі супраціўленне, іх схапілі і судзілі ў Віленскай суд. палаце. Багацце лексікі, трапныя фразеалагізмы, жывая гутарковая мова даюць падставу прыпісаць гэта выданне Ф.Багушэвічу. Брашура зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
С.Х.Александровіч.
т. 5, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́ЙШЧЫКІ, пікінёры,
пешыя і конныя воіны ў арміях краін Зах. Еўропы, Польшчы, ВКЛ і Расіі ў 16—18 ст., асн. зброяй якіх было доўгае (3—4 м) кап’ё (піка). Дзейнічалі пад прыкрыццем стралкоў і артылерыі, пасля залпу якіх самкнутым строем атакоўвалі праціўніка і наносілі яму паражэнне ў блізкім (рукапашным) баі. З увядзеннем штыка ў пач. 18 ст. паступова зніклі ў рэгулярных арміях. У час паўстанняў 1794, 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве як К. дзейнічалі сяляне-касінеры.
т. 8, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)