экспа́нсія

(лац. expansio = расшырэнне, распаўсюджанне)

1) распаўсюджанне чаго-н. за першапачатковыя межы;

2) пашырэнне сферы ўплыву дзяржаў, грамадскіх груп, арганізацый, якое ажыццяўляецца прымусовымі або якімі-н. іншымі сродкамі (напр. эканамічная э.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

калю́р

(фр. colure, ад гр. koluros = бясхвосты)

вялікі круг нябеснай сферы, які праходзіць праз полюсы свету і пункты веснавога і асенняга раўнадзенстваў або праз полюсы свету і пункты летняга і зімовага сонцастаянняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мо́да

(фр. mode, ад лац. modus = спосаб)

1) непрацяглае панаванне пэўнага густу ў якой-н. сферы жыцця або культуры;

2) узор адзення, туалету, які прапануецца на пэўны час;

3) звычка, спосаб паводзін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАРФАЛАМЕ́ЕВА (Тамара Барысаўна) (н. 24.6.1944, в. Малое Сцяпанава Касалапаўскага р-на, Рэспубліка Марый Эл),

бел. этнамузыколаг. Канд. мастацтвазнаўства (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1970). З 1981 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе гісторыю, тэорыю і эстэтыку бел. муз. фальклору, яго сістэмную тыпалогію і арэальныя стылявыя характарыстыкі, палеагеаграфію і этнамуз. дыялекталогію. У сферы практычнай фалькларыстыкі выступае па пытаннях экалогіі традыц. культуры.

Тв.:

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні: [Муз. раздзел]. Мн., 1986;

Северобелорусская свадьба: Обряд, песенно-мелодич. типы. Мн., 1988;

Традыцыйныя вяселлі Віцебшчыны. Мн., 1988;

Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990 (у сааўт.);

Традыцыйнае вяселле Гродзеншчыны. Мн., 1992.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 4, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯДУ́ЛЯ (Уладзімір Лявонцьевіч) (н. 24.5.1927, в. Падомша Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

гаспадарчы, дзяржаўны дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1971, 1987). Засл. работнік культуры Беларусі (1977). З 1951 на камсамольскай рабоце. З 1956 старшыня калгаса «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на — адной з перадавых гаспадарак Беларусі. Дэпутат Вярх. Савета БССР у 1967—71, 1985—90. Нар. дэпутат СССР у 1989—91. Член ЦК КПБ у 1990—91. У калгасе «Савецкая Беларусь» пад кіраўніцтвам Бядулі дасягнуты высокія паказчыкі ў вытв-сці прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі, развіцці сац. сферы і культуры, шырока выкарыстоўваюцца інтэнсіўныя тэхналогіі, прагрэс. метады гаспадарання і кіравання.

У.Л.Бядуля.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКЛА́НАЎ (Рыгор Якаўлевіч) (н. 11.9.1923, г. Варонеж),

рускі пісьменнік. Скончыў Літаратурны ін-т імя М.​Горкага (1951). Гал. рэдактар час. «Знамя» (з 1986). Першая аповесць «У Снегірах» (1954). Вядомасць прынеслі аповесці пра Вял. Айч. вайну «Дзевяць дзён» («На поўдзень ад галоўнага ўдару», 1958), «Пядзя зямлі» (1959), «Мёртвыя сораму не маюць» (1961), «Ліпень 41 года» (1964; аднайм. раман 1965), «Карпухін» (1966), «Тэмп вечнай пагоні» («Месяц у Амерыцы», 1972), «Навекі — дзевятнаццацігадовыя» (1979, Дзярж. прэмія СССР 1982), «Меншы сярод братоў» (1981). Аўтар рамана «Сябры» (1975), нарысаў, кінасцэнарыяў. Паглыблены псіхалагізм, замкнутасць сферы развіцця дзеяння, кантрастнасць дэталяў — характэрныя рысы маст. манеры пісьменніка.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАБАКО́ВАЯ ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня, якая не мае двух розных бакоў, чым і адрозніваецца, напр., ад сферы, куба ці квадрата. Размешчаная ў прасторы аднабаковая паверхня з зафіксаваным на ёй пунктам неперарыўнай дэфармацыяй абарачальна ператвараецца ў такую, на якой праз гэты пункт будзе праходзіць некаторы замкнёны шлях (абход), уздоўж якога можна пабудаваць нармаль, што неперарыўна мяняе свой кірунак да паверхні; праходзячы гэты шлях, нармаль вяртаецца ў зыходны пункт з напрамкам, процілеглым першапачатковаму. Характарыстыка аднабаковай паверхні — яе неарыентаванасць (гл. Арыентацыя). Для трохмернай прасторы сапраўдна і адваротнае: кожная неарыентаваная паверхня будзе аднабаковай паверхняй. Прыклады аднабаковай паверхні: Мёбіуса ліст, Клейна паверхня.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ГРАФ (ад астра... + ...граф),

астранамічная прылада для фатаграфавання нябесных аб’ектаў. Працуе па схеме рэфрактара, рэфлектара ці люстрана-лінзавага тэлескопа. Відарыс нябеснага свяціла або часткі неба з дапамогай аб’ектыва фіксуецца на фотапласцінцы. Святласіла астрографа і маштаб відарысаў залежаць ад дыяметра і фокуснай адлегласці аб’ектыва. Вял. ўчасткі неба фатаграфуюць караткафокуснымі астрографами з фокуснай адлегласцю менш за 1 м. Для вызначэння зорных паралаксаў, даследавання падвойных зорак, уласнага руху зорак і інш. выкарыстоўваюць астрографы з фокуснай адлегласцю да 10—15 м. Зрушэнне трубы астрографа ўслед за сутачным вярчэннем нябеснай сферы пры фатаграфаванні забяспечваецца гадзіннікавым механізмам і кантралюецца назіральнікам або аўтам. сістэмай.

т. 2, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАШО́ВЫ КАПІТА́Л,

грошы, якія функцыянуюць у вытворчасці і прыносяць прыбытак; адна з функцыян. формаў прамысловага капіталу. Першапачаткова ўзнік у выглядзе ліхвярнага капіталу, грашова-гандл. і грашовай формы купецкага капіталу; гістарычна папярэднічаў вытв. і таварнай формам прамысл. капіталу. З развіццём капіталізму і ва ўмовах рыначнай гаспадаркі грашовы капітал функцыянуе ў сферы абарачэння і з’яўляецца зыходнай і заключнай стадыяй кругаабароту капіталу. На зыходнай стадыі грашовы капітал авансуе працэс вытв-сці, на заключнай адбываецца яго вяртанне ў выніку продажу вырабленых тавараў. Асаблівай формай грашовага капіталу з’яўляецца пазыковы капітал, рух якога апасродкуецца крэдытнай сістэмай дзяржавы.

Г.​С.​Кузьменка.

т. 5, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСПІТАЛІ́ЗМ,

сіндром паталогіі дзіцячага псіхічнага і асобаснага развіцця, як вынік аддзялення дзіцяці ад маці і яго ранняй інстытуалізацыі. У дзіцячым узросце гаспіталізм накладвае негатыўны адбітак на ўсе сферы яго фарміравання як асобы, тармозіць інтэлектуальнае і эмацыянальнае развіццё, разбурае фіз. стан і г.д. Агульныя прыкметы гаспіталізму: страта ў вазе, вяласць, апатычнасць, павышаная санлівасць, мышачны гіпатонус, адыход ад кантактаў з людзьмі (адсутнасць зрокавага сачэння, паваротаў «на голас», «гулення» ў адказ на ласку дарослага), слабы плач і г.д. У крайніх формах гаспіталізму можа прывесці да сур’ёзных душэўных захворванняў (дзіцячы маразм і інш.), хранічнага інфіцыравання, а часам да смерці.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)