культу́рны в разн. знач. культу́рный;

~ная рэвалю́цыя — культу́рная револю́ция;

к. чалаве́к — культу́рный челове́к;

~ныя на́выкі — культу́рные на́выки;

~ная камі́сія — культу́рная коми́ссия;

~ныя раслі́ны — культу́рные расте́ния;

к. слой зямлі́ — культу́рный слой земли́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ЛЮ́КСЕМБУРГ (польск. Luksemburg, ням. Luxemburg) Роза (5.3.1871, г. Замасць, Польшча — 15.1.1919), дзеяч польскай і ням. сацыял-дэмакратыі і камуніст. руху. Скончыла Цюрыхскі ун-т (1896). Адна з заснавальнікаў (1893) Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), аўтар большасці яе праграмных дакументаў, у т. л. па нац. пытанні. З 1898 у Германіі, належала да кіраўніцтва С.-д. партыі і 2-га Інтэрнацыянала. Выступала супраць т.зв. рэвізіянізму ў сацыял-дэмакратыі, мілітарызму і каланіяльнай палітыкі еўрап. дзяржаў. Удзельніца рэвалюцыі 1905—07 у Варшаве і Пецярбургу. Адна з заснавальнікаў «Спартака саюза» (1916), Камуніст. партыі Германіі (1918—19), аўтар яе праграмы, удзельніца Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Разам з К.Лібкнехтам арыштавана і забіта членамі афіцэрскага баявога атрада «Фрайкорпуса». Аўтар прац па палітэканоміі, тэорыі сацыяліст. рэвалюцыі, у т. л. па нац. і сял. пытаннях («Развіццё прамысловасці ў Польшчы», 1898, «Сацыяльная рэформа ці рэвалюцыя», 1900). Аналізавала прагрэс. грамадскія сілы, механізмы рэвалюцыі, ролю ўсеагульнай забастоўкі («Масавая забастоўка, партыя і прафсаюзы», 1906), фактары і перашкоды ў эканам. развіцці пры капіталізме («Накапленне капіталу», т. 1—2, 1913), праблемы ў сацыяліст. руху ў 1-ю сусв. вайну («Крызіс сацыял-дэмакратыі», 1916), адзначыла пагрозу ўзнікнення таталітарызму ў рас. рэвалюцыі («Руская рэвалюцыя», выд. 1922). Яе тэарэт. і паліт. канцэпцыі, супраць якіх выступаў У.​І.​Ленін, паўплывалі на фарміраванне праграмы радыкальнага крыла сацыяліст., а пазней камуніст. руху.

Тв.:

Рус. пер. — О социализме и русской революции: Избр. статьи, речи, письма. М., 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

Р.Люксембург.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНЬКО́ВІЧ ((Wańkowicz) Мельхіёр) (10.1.1892, в. Калюжыца Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 10.9.1974),

польскі празаік і публіцыст. З роду Ваньковічаў. Скончыў Варшаўскі ун-т (1922). Аўтар брашуры «Чаму польскі салдат уваходзіць у Літву і Беларусь» (1919). На ўспамінах аб дзіцячых гадах заснавана аповесць «Шчанюковы гады» (1934). Пасля наведання СССР выдаў кнігу рэпартажаў «Анер’еная рэвалюцыя» (1934). З 1949 жыў у ЗША, у 1958 вярнуўся ў Варшаву. Аўтар гіст. аповесці з часоў грамадз. вайны «Шпіталь у Ціхінічах» (2-е выд., 1935), рамана «Зелле на кратэры» (1957), аповесці «Вестэрплятэ» (1959), нарысаў і рэпартажаў «Монтэ Касіна» (1957), «Ад Стоўбцаў да Каіра» (1969), успамінаў «Туды і сюды» (1961) і інш.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮМ ((Blum) Леон) (9.4.1872, Парыж — 30.3.1950),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі, пісьменнік, публіцыст. У 1919 абраны ў палату дэпутатаў. З 1920 кіраўнік Франц. сацыяліст. партыі (СФІА). У 1936—37 і ў 1938 кіраўнік урадаў Нар. фронту, якія ажыццявілі шэраг сац. рэформаў. Праводзіў палітыку няўмяшальніцтва ў час грамадз. вайны ў Іспаніі (1936—39). У 1940 арыштаваны калабарацыянісцкім урадам «Вішы», у 1943 выдадзены герм. уладам і вывезены ў канцлагер Бухенвальд, потым у Дахаў. Прэм’ер-міністр Францыі ў 1946—47. У сваіх працах («У чалавечым маштабе», 1945, і інш.) развіваў тэорыю «інтэгральнага сацыялізму», паводле якой перамогу сацыялізму павінна забяспечыць «маральная рэвалюцыя», а не ўзбр. барацьба за ўладу.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЯ́ТАЯ КАЛО́НА».

назва шматлікай агентуры ген. Ф.Франка Баамондэ, якая ў час грамадзянскай вайны 1936—39 у Іспаніі (гл. Іспанская рэвалюцыя 1931—39) дзейнічала ў тыле рэсп. войск. Тэрмін «П.к.» ўзнік у кастр. 1936, калі франкісцкі ген. Э.​Мола абвясціў па радыё, што мяцежнікі наступаюць на Мадрыд 4-ма калонамі, а 5-я ў рашаючы момант ударыць па рэспубліканцах з тылу. «П.к.» ўчыняла сабатаж, шпіянаж і дыверсіі, сеяла паніку. У гады 2-й сусв. вайны «П.к.» называлі нацысцкую агентуру ў розных краінах, якая дапамагала захопу гэтых краін фаш. войскамі. У наш час тэрмін «П.к.» ўжываецца ў шырокім сэнсе для абазначэння варожай агентуры.

А.Ф.Пятаковіч.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙДЭМЕЕР ((Weydemeyer) Іосіф Арнольд Вільгельм) (2.2.1818, г. Мюнстэр, Германія — 20.8.1866),

дзеяч ням. і амер. рабочага руху. У 1839—45 афіцэр прускай арміі. У 1845—47 займаўся журналістыкай. Чл. Саюза камуністаў з 1847. У час рэвалюцыі 1848—49 адзін з арганізатараў рабочых саюзаў і дэмакр. т-ваў у Вестфаліі. У 1851 эмігрыраваў у ЗША, дзе выдаваў штотыднёвую газ. «Die Revolution» («Рэвалюцыя»), працы К.​Маркса і Ф.​Энгельса і разам з Ф.​А.​Зорге заснаваў Пралетарскі саюз (1852), уваходзіў у кіраўніцтва заснаванага ням. эмігрантамі Амер. рабочага саюза (з 1853), удзельнічаў у працы Камуніст. к-та ў Нью-Йорку (з 1857) і інш. У час Грамадзянскай вайны ў ЗША палкоўнік арміі паўночнікаў (1861—65).

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎЭР ((Bauer) Ота) (5.9.1881, Вена — 4.7.1938),

адзін з кіраўнікоў аўстр. сацыял-дэмакратаў, тэарэтык аўстра-марксізму, публіцыст. Юрыст. З 1907 рэдактар «Arbeiter Zeitung» («Рабочай газеты») і дэпутат рэйхсрата (сакратар с.-д. фракцыі). У 1908 разам з Ф.Адлерам заснаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Аўстрыі, штомесячнік «Der Kampf» («Барацьба»). У 1918—19 міністр замежных спраў, выступаў за аншлюс. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў т.зв. двухспалавіннага (1921—23) і Сацыяліст. рабочага (1923—40) інтэрнацыяналаў. Намагаўся прымірыць рэв. і рэфармісцкія сілы ўнутры СПА («Лінцкая праграма» 1926). Пасля паражэння Лют. паўстання 1934 эмігрыраваў. Аўтар прац «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя» (1907), «Шлях да сацыялізму» (1919), «Аўстрыйская рэвалюцыя 1918 г.» (1923), «Капіталізм і сацыялізм пасля сусветнай вайны» (1931) і інш.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВОСЬ БЕРЛІ́Н—РЫМ»,

ваенна-палітычны саюз фашысцкіх Германіі і Італіі, які склаўся ў 1936. Аформлены 25.10.1936 падпісаным у Берліне італагерм. пратаколам аб супрацоўніцтве. Бакі дамовіліся аб размежаванні сфер эканам. экспансіі на Балканах і ў Дунайскім басейне і скаардынавалі свае дзеянні ў вайне супраць Ісп. рэспублікі; Германія афіцыйна прызнала захоп Італіяй Эфіопіі. Збліжэнню абедзвюх фаш. дзяржаў папярэднічалі прыхільная пазіцыя Германіі ў час італьян. агрэсіі супраць Эфіопіі (гл. Італа-эфіопская вайна 1935—36) і сумесная германа-італьян. інтэрвенцыя ў Іспаніі (гл. ў арт. Іспанская рэвалюцыя 1931—39). У выніку пагадненняў «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт» напярэдадні 2-й сусв. вайны аформіўся блок агрэсіўных дзяржаў (гл. «Трохвугольнік Берлін—Рым—Токіо»).

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЬЕ́, Мацьез (Mathiez) Альбер (10.1.1874, Ла-Бруер, Францыя — 26.2.1932), французскі гісторык. Замежны чл.-кар. АН СССР, д-р гуманіт. н. (1904). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1897). З 1911 праф. правінцыяльных ун-таў, з 1926 праф. парыжскай Сарбоны. Першапачаткова прыхільнік левых радыкалаў, да 1926 звязаны з камуністамі, у канцы жыцця прымкнуў да правых. Вывучаў пераважна гісторыю Французскай рэвалюцыі 1789—99, асабліва перыяд якабінскай дыктатуры. Выступаў супраць ідэалізацыі Ж.Дантона, але ідэалізаваў М.Рабесп’ера. У 1907 засн. і ўзначальваў Т-ва рабесп’ерысцкіх даследаванняў, засн. час. «Annales révolutionnaires» («Рэвалюцыйныя аналы»). Асн. працы: «Французская рэвалюцыя» (т. 1—3, 1922—27), «Вакол Рабесп’ера», «Вакол Дантона» (абедзве 1926) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Французская революция. Ростов н/Д, 1995.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЛЕР ((Müller) Герман) (18.5.1876, г. Мангейм, Германія — 20.3.1931),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1899 рэдактар с.-д. друкаванага органа «Görlitzer Volkszeitung» («Гёрліцкая народная газета»). З 1906 чл. праўлення, у 1919—27 адзін са старшынь С.-д. партыі Германіі (СДПГ). У 1916—18 і 1920—28 дэп. рэйхстага (у 1920—28 адначасова старшыня фракцыі СДПГ у рэйхстагу). У 1919—20 міністр замежных спраў, ад імя Германіі 28.6.1919 падпісаў (разам з міністрам зносін І.​Белам) Версальскі мірны дагавор 1919. У сак.чэрв. 1920 і чэрв. 1928 — сак. 1930 рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі. Выступаў за вырашэнне пытання аб выплаце Германіяй рэпарацый пасля 1-й сусв. вайны (зацвярджэнне закона аб ажыццяўленні Юнга плана). Аўтар працы «Лістападаўская рэвалюцыя» (1928).

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)