сецэрне́нты

(н.-лац. secernentea)

падклас нематодаў; чэрві з органамі асязання дотыку толькі ў галаўной капсуле; пераважна паразіты раслін, жывёл і чалавека, ёсць глебавыя і прэснаводныя формы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

холабазідыяміцэ́ты

(н.-лац. holobasidiomycetidae)

падклас базідыяміцэтаў, для якога характэрна наяўнасць цэласнай, аднаклетачнай, цыліндрычнай або булавападобнай базідыі; пашыраны па ўсім зямным шары; пераважна сапратрофы, некаторыя — паразіты раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МНОГАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, паліхеты (Polychaeta),

клас кольчатых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн. г. назад). Продкі малашчацінкавых чарвей. 25 атр., каля 80 сям., больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некаторыя — у прэсных водах, на сушы — у подсціле трапічных лясоў. Большасць М.ч. — жыхары дна, трапляюцца да глыб. 10 км, поўзаюць па грунце або закопваюцца ў мул; многія жывуць у збудаваных з пяску ці інш. матэрыялу трубачках рознай формы. Сярод найб. характэрных і вядомых прадстаўнікоў М.ч. — нерэіды, афрадыты (марскія мышы), палола, пескажылы і інш.

Даўж. ад 2 мм да 3 м. Цела складаецца з мноства (да некалькіх соцень) кольцаў-сегментаў; у кожным з іх паўтараецца комплекс унутр. органаў. Сегменты тулава маюць прымітыўныя канечнасці (параподыі) са шматлікімі шчацінкамі (адсюль назва). З параподыямі часта звязаны галінастыя прыдаткі — шчэлепы; у некаторых М.ч. іх ролю выконвае венчык шчупальцаў. Кормяцца дэтрытам; многія драпежнікі, нярэдка каменсалы, зрэдку паразіты. Раздзельнаполыя; развіццё з метамарфозам, з яйца выходзіць лічынка трахафора.

Многашчацінкавыя чэрві: 1 — нераіс пелагічны; 2 — нераіс зялёны; 3 — афрадыта; 4 — пескажыл; 5 — лічынка нераіса зялёнага; 6 — лічынка пескажыла.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’Я́ЎКІ (Hirudinea),

клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. 2 падкл., 3 атр., 5 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у прэсных водах, некат. — у морах, на сушы (у вільготнай глебе). П. медыцынская (Hirudo medicinalis) выкарыстоўваецца пры гірудатэрапіі. П. могуць быць прамежкавымі, рэзервуарнымі і канчатковымі гаспадарамі розных паразітаў. На Беларусі больш за 10 відаў.

Даўж. ад 0,2 да 30 см. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае, з 33 сегментаў. Афарбоўка чорная, карычневая, зеленаватая і інш. Вачэй 1—5 пар. 2 прысоскі. На пярэднім аддзеле кішэчніка сківіцы або хабаток. Драпежнікі (кормяцца дробнымі беспазваночнымі) і паразіты (кормяцца крывёю рыб, вадаплаўных птушак, млекакормячых). Слінныя залозы паразітычных П. выдзяляюць гірудзін, які перашкаджае згусанню крыві. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты, развіццё без ператварэння. Корм для некат. рыб, хахулі.

Літ.:

Фауна СССР. Пиявки. Т. 1. Л., 1976;

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.

Ю.​Р.​Гігіняк.

П’яўкі: 1 — рыбіна; 2 — двухвокая; 3 — смаўжовая; 4 — ілжэконская (а — від знізу; б — від зверху); 5 — медыцынская (а — від зверху, б — від знізу).

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

локулааскаміцэ́ты

(н.-лац. loculoascomycetidae)

падклас аскаміцэтаў, для якога характэрна фарміраванне аскаў у поласцях паміж пладовымі целамі; пашыраны па ўсім зямным шары; пераважна сапратрофы, некаторыя — паразіты раслін; аскалакулярныя грыбы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэліяспараміцэ́ты

(н.-лац. teliosporomycetidae)

падклас базідыяміцэтаў, для якога характэрна ўтварэнне ў цыкле развіцця тэліяспораў, што пасля стадыі спакою прарастаюць у базідыі; пашыраны па ўсім зямным шары; паразіты раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

адэнафарэ́і

(н.-лац. adenophorea)

падклас нематодаў, чэрві з органамі асязання дотыку па ўсім целе; жывуць пераважна ў морах, радзей у прэсных водах і глебе, некаторыя — паразіты раслін і жывёл.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

геміаскаміцэ́ты

(н.-лац. hemiascomycetidae)

падклас аскаміцэтаў, для якога характэрна фарміраванне аскаў непасрэдна на міцэліі, пашыраны па ўсім зямным шары; пераважна сапратрофы, некаторыя — паразіты раслін, жывёл і чалавека; галасумчатыя грыбы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хальцы́ды

(н.-лац. chalcidoidea)

надсямейства насякомых атрада перапончатакрылых; большасць унутраныя або вонкавыя паразіты насякомых і павукоў, ёсць шкоднікі раслін, многія яйцаеды выкарыстоўваюцца ў біялагічнай барацьбе са шкоднікамі сельскагаспадарчых культур.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЕЛЬМІНТО́ЗЫ [ад гельмінты + ...оз(ы)],

глісныя хваробы, глісныя інвазіі, хваробы чалавека, жывёл і раслін, выкліканыя паразітычнымі чарвямі (гельмінтамі): трэматодамі, монагінеямі, цэстодамі, нематодамі і скрэбнямі. У чалавека вядома больш за 150 гельмінтозаў, якія падзяляюцца на 3 групы: геагельмінтозы, біягельмінтозы і кантактныя.

Геагельмінтозы выклікаюць паразіты, што развіваюцца ў глебе, заражэнне адбываецца пры невыкананні правіл асабістай гігіены; біягельмінтозы выклікаюць гельмінты, якія развіваюцца ў целе прамежкавага гаспадара, заражаюцца імі пры ўжыванні ў ежу прадуктаў жывёльнага паходжання (мяса, рыбы); кантактныя гельмінтозы (яйцы паразітаў хутка выспяваюць) перадаюцца праз кантакт з хворым. Гельмінты паразітуюць у страўнікава-кішачным тракце, крыві, печані, лёгкіх, у нырках, галаўным мозгу, мышцах, скуры, касцях. Выдзяляюць шкодныя рэчывы, сенсабілізуюць арганізм, паглынаюць харч. рэчывы, вітаміны і мікраэлементы. На Беларусі ў чалавека найб. пашыраны гельмінтозы: анкіластамідозы, аскарыдоз, энтэрабіёз, трыхінелёз, трыхацэфалёз, апістархоз, фасцыялёз, дыфелабатрыёз; у раслін — бульбяная нематода; у жывёл — дыкрацэліёз, парамфістаматыдозы, фасцыялёз, маніезіёз, гіменалепідыдозы, аскарыдозы, дыктыякаулёзы, странгілаідозы, трыхацэфалёз, макракантарынхоз. Сажалкавай рыбагадоўлі шкодзяць батрыяцэфалёз, філаметроз, лігулёз, дактылагіроз, дыпластаматоз, гіралактылёз. Прыкметы гільментозаў: затрымка росту і развіцця, у чалавека — схудненне, зніжэнне інтэлекту, у жывёл — зніжэнне прадукцыйнасці, дрэнны апетыт, парушэнне каардынацыі рухаў. Лячэнне хім. прэпаратамі і хірургічнае.

Літ.:

Гинецинская Т.А., Добровольский А.А. Частная паразитология. М., 1978;

Найт Р. Паразитарные болезни: Пер. с англ. М., 1985.

Р.​Г.​Заяц.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)