ГРАНЕ́ННЕ,
тэхніка апрацоўкі паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў, каляровага і бясколернага шкла, хрусталю для ювелірных і тэхн. мэт, хрустальнага посуду (гл. Гранільная справа).
На Беларусі граненне шкла і хрусталю вядома з 18 ст. на мануфактурах ва Урэччы (Любанскі р-н) і Налібаках (Стаўбцоўскі р-н), у Крычаве, Ушаках (Чэрыкаўскі р-н), Ільі (Вілейскі р-н), Гродне і інш. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі розныя віды гранення: «у брыльянт», «зоркі», «ромбы», «сценкі» і інш. Граненнем карысталіся пры апрацоўцы люстэркаў, пры вырабе асвятляльнай арматуры з хрусталю. Цяпер на з-дах найб. папулярнае граненне — «алмазнае» і «шырокая грань».
М.М.Яніцкая.
т. 5, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДАЛІ́Н (Аксель Вільгельмавіч) (24.6.1828, Фінляндыя — 27.12.1892),
расійскі вучоны ў галіне артыл. ўзбраення, мех. апрацоўкі металаў, мінералогіі і крышталяграфіі. Акад. Пецярб. АН (1875), ген. ад артылерыі (1890). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1849). З 1867 праф. Міхайлаўскай артыл. акадэміі. Распрацаваў тэорыю змацавання ствалоў артыл. гармат (насадкай на іх цыліндраў у гарачым стане), што дазволіла павысіць іх трываласць, магутнасць і дальнабойнасць, стварыць буйнакаліберную артыл. сістэму. Аўтар работ па апрацоўцы металаў (асабліва рэзаннем), курсаў па тэхналогіі металаў. Даследаваў мікрасіметрыю крышталяў, спосабы вызначэння шчыльнасці мінералаў. Ламаносаўская прэмія Пецярб. АН 1868.
Літ.:
Ларман Э.К. А.В.Гадолин. М., 1969.
т. 4, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯБА́З (ад грэч. diabasis пераход),
поўнакрышталічная палеатыпная магматычная горная парода з групы габрабазальтаў. Складзены з плагіяклазаў і аўгіту з прымессю магнетыту, ільменіту, другасных мінералаў, радзей алівіну, кварцу. Колер цёмна-шэры ці зеленавата-чорны. Шчыльн. 2700—3300 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Т-ра плаўлення 1005—1250 °C. Трапляецца ў магматычных формах складкавых абласцей і платформ. Формы залягання Д. — патокі, покрывы, дайкі, сілы і інш. Пашыраны ў пародах, якія складаюць крышт. фундамент Беларусі (г. Жыткавічы, р.п. Мікашэвічы, г. Шчучын). Выкарыстоўваецца як будматэрыял і сыравіна для каменнага ліцця, як напаўняльнік бетону, штучных камянёў і інш.
У.Я.Бардон.
т. 6, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛЬНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя метасаматычныя горныя пароды, якія залягаюць у выглядзе жыл, даек і інш. дробных цел, цесна звязаных з інтрузіўнымі масівамі. Утвараюцца пры застыванні магмы ў шчылінах зямной кары. Іх склад можа адпавядаць пародам буйных інтрузій (гл. Інтрузіўныя горныя пароды) або значна адрознівацца ў выніку працэсаў дыферэнцыяцыі магмы і ўзаемадзеяння яе з прылеглымі горнымі пародамі. Сярод Ж.г.п. вылучаюць меланакратавыя, абагачаныя цемнаколернымі мінераламі (керсантыт, спесартыт і інш.), і лейкакратавыя, складзеныя пераважна з светлаколерных мінералаў (апліт, пегматыт, плагіяклазіт і інш.). З Ж.г.п. звязаны радовішчы золата, свінцова-цынкавых руд, вальфраму, ртуці і інш. Трапляюцца ў крышт. фундаменце Беларусі.
У.Я.Бардон.
т. 6, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПАКІ́ВІ (фін. rapakivi ад гара адкіды, гразь + kivi камень; гнілы камень),
парфірападобны двухпалявашпатавы граніт павышанай шчолачнасці. Яго авоідная структура ўтворана буйнымі акруглымі ўкрапаннікамі артаклазу, акаймаванымі алігаклазам, абумоўлівае адносна хуткае разбурэнне пароды. Складаецца з артаклазу (каля 40%), алігаклазу (каля 20%), кварцу (каля 30%), цёмнай слюды (каля 8%) і другарадных мінералаў (каля 2%). Колер буравата-ружовы, чырванаваты, радзей зеленаваты, чорны. Шчыльнасць каля 2,65 г/см³, порыстасць 0,3%, супраціўленне сцісканню 100—200 МПа. З’яўляецца субплатформавым утварэннем, якое ўзнікла ў асацыяцыі з постарагенным магматызмам; буйныя масівы Р. акаймоўваюць стараж. платформы. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і бутавы камень, сыравіна для мікраклінавага канцэнтрату.
т. 13, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лакалі́т
(ад гр. lakkos = яма + -літ)
маса мінералаў вулканічнага паходжання, якая застыла ў верхніх слаях зямной кары ў выглядзе грыба.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідраксі́ды
(ад гідра- + аксіды)
неарганічныя злучэнні металаў з вадой, якія сустракаюцца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў (напр. гідраліт, брусіт); гідравокіслы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідратэрма́льны
(ад гідра- + гр. therme = цяпло);
г-ыя радовішчы — радовішчы карысных выкапняў, якія ўтварыліся ў выніку адкладвання мінералаў з гідратэрмаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
галагені́ды
(ад галагены + гр. eidos = выгляд)
злучэнні галагенаў з іншымі элементамі (гл. браміды, ёдыды, фтарыды, хларыды); трапляюцца ў выглядзе мінералаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
піраксе́ны
(ад піра- + ksenos = чужы)
група пародаўтваральных мінералаў класа сілікатаў белага, шэрага, жоўтага і зялёнага колеру (аўгіт, жадэіт і інш.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)