Туня́цца ‘туляцца’ (Сцяшк.), ‘бадзяцца, хадзіць без мэты’ (Юрч.), туня́нне ‘лодарнічанне, бесклапотнае бадзянне’ (Юрч. Вытв.). Відавочна, звязана з тунна ‘дарэмна, марна (траціць час)’, гл. Параўн. лат. taūņât ‘быць у нерашучасці’, ‘марудзіць’, ‘бадзяцца’, ‘не брацца за работу’, taūņa ‘гультай’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вімба ’рыба cyprinus’ (Герд, Дыял. Прыб. канф.), рус. вимба, вымба ’тс’. Запазычана з балтыйскіх моў; параўн. лат. vimba < літ. vim̃ba, у якія гэта лексема прыйшла з ліўск. vīmpa < эст. vimb, фін. vimpa (Фасмер, 1, 368; Лаўманэ, Zivju, 248).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каплі́вы ’цяжкі, марудны’ (красл.) фармальна мог утварыцца ад капаць, *капіць (прасл. карт ’ліцца па кроплях’), як імчацьімклівы, маўчацьмаўклівы, кеміцькемлівы. Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 405) суадносіць гэту лексему з літ. kapliuoti, лат. kaplot ’цяжка рабіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мігла́, мыгла́ ’імжа’, мігленне ’тс’, міглі́ць, мыглі́ць, мігле́ць (Сл. ПЗБ, ТС; лельч., Нар. лекс.; лун., Шатал.), міглі́ца ’імгла’ (лях., клец., Федар. 5, 6). Балтызм. Параўн. літ. miglà, лат. migla ’туман’, ’імжа’, miglénti ’імгліць’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 65).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́кля ’кароткае грубае валакно, непрыгоднае для пражы, якое адыходзіць пры апрацоўцы льну або канапель’ (ТСБМ). З рус. па́кля; (дзе запазычанне з літ. pàkulos мн. л., лат. pakulas (Фасмер, 3, 189; там жа і інш. літ-pa). Параўн. пакулле.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасачы́ць ’атрымаць у спадчыну’, ’быць падобным’ (КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ), ’пашукаць’ (Касп.). Да сачы́ць < прасл. sočiti ’праследаваць (звера)’ > ’ісці ўслед’. Блізкія да бел. значэнні ў літ. sèkti ’сачыць’, ’ісці следам за кім-н.’, ’пераймаць’, ’наследаваць’, лат. sekot ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перамітузі́ць ’суняцца (пра боль)’ (паст., Сл. ПЗБ). Да пера- і мітусі́цца (гл.), значэнне, магчыма, адлюстроўвае сувязь з лат. mits, mitus ’мена’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 55–56), на магчымае балтыйскае паходжанне мітусіць ’перашкаджаць, трывожыць’ звярнуў увагу яшчэ Карскі (Труды, 393).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Піры́ць ’перыць, біць цэпам’ (Скарбы), ’праць бялізну пранікам’ (шчуч., дзятл., ЛА, 3), гродз. траць (хусця) ’тс’ (тамсама). З іншай ступенню чаргавання галоснага асновы прасл. *perti, гл. перыць, параўн. лат. pireties ’тс’, літ. perti ’біць, сцябаць венікам у лазні’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тылізу́й ‘балотны кулік, Limosa melanura’ (Мядзв.). Магчыма, складанае слова, параўн. пачатак літ. tilvikas ‘бакас, баран, Scolapax’, лат. tilbīte ‘кулік’ і літ. zuĩkis ‘заяц’, гл. выкарыстанне назвы жывёлы для наймення птушак у літ. perkūno oželis ‘бакас’, дзе oželis — ‘козлік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЯРЦІ́НСКІ (Анатоль Ільіч) (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.​Себасцьяна «Безыменная зорка», В.​Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1973;

Святло зямное. Мн., 1981;

Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;

Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.

Літ.:

Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;

Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;

Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;

Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

М.​І.​Мішчанчук.

А.І.Вярцінскі.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)