О́РДАС,

пустыннае плато на ПнЗ вял. лукавіны р. Хуанхэ ў Кітаі. На Пд пераходзіць у Лёсавае плато. Выш 1100—2500 м (на З да 3015 м). Пл. каля 95 тыс. км². Складзена пераважна з пясчанікаў. Паверхня ўяўляе сабой чаргаванне слаба расчлянёных узгоркападобных узвышшаў і паніжэнняў, у якіх салёныя азёры, саланчакі, месцамі забалочаныя. Каля ​1/2 тэр. ўкрыта бугрыстымі пяскамі. Клімат рэзка кантынентальны, умераны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 23 °C, ападкаў за год 100—150 мм на ПнЗ, 300—400 мм на ПдУ. Пустынная і паўпустынная расліннасць, сухія стэпы. Качавая жывёлагадоўля. Радовішчы каменнага вугалю, нафты, соды.

т. 11, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАТЭ́ХНІКА (ад піра... + тэхніка),

галіна тэхнікі па вытв-сці і выкарыстанні піратэхнічных саставаў, аснашчаных імі вырабаў і наладжванні феерверкаў. Вядома з глыбокай старажытнасці (напр., у Кітаі элементы П. выкарыстоўвалі за некалькі стагоддзяў да н.э.). Да 19 ст. П. ўключала выраб порахаў і выбуховых рэчываў.

Вытв-сць піратэхн. вырабаў уключае здрабненне кампанентаў саставаў, іх сушку, прасейванне і змешванне ў спец. змяшальніках з дыстанцыйным кіраваннем. Запаўненне вырабаў (кардонных і метал. гільзаў) піратэхн. саставам ажыццяўляюць пад ціскам на прэсах, часам шнэкаваннем ці заліўкай. Вытв. аперацыі ў П. пажара- і выбухованебяспечныя.

Літ.:

Шидловский А.А. Основы пиротехники. 4 изд. М., 1973.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛУІ́Н, Салуэн (тыбецкае Наг-Чу, кіт. Нуцзян),

рака ў Кітаі і М’янме, часткова — мяжа паміж М’янмай і Тайландам. Даўж. каля 3200 км, пл. басейна каля 325 тыс. км². Пачынаецца з ледавікоў хр. Тангла на У Тыбецкага нагор’я. Цячэ па Юньнаньскім і Шанскім нагор’ях у глыбокіх (да 3 тыс. м) цяснінах, утварае парогі і вадаспады, у ніжнім цячэнні — па раўніне. Упадае 2 рукавамі ў Андаманскае м. Рэжым мусонны з летнімі паводкамі (пад’ём узроўню ў цяснінах на 15 м і больш). Сярэдні расход вады каля 6700 м³/с. Сплаўная, суднаходная ў ніжнім цячэнні на 120 км. У вусці — марскі порт Малам’яйн.

т. 14, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

калькві́цыя

(н.-лац. kolkwitzia)

кустовая расліна сям. бружмелевых з апушаным знізу лісцем і ярка-ружовымі кветкамі ў выглядзе званочкаў, пашыраная ў Цэнтр. Кітаі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кена́ф

(цюрк. kenaf, ад перс. kanap)

травяністая расліна сям. мальвавых, пашыраная ў Індыі, Кітаі, Бразіліі, ЗША, з валакна якой вырабляюць шпагат, канаты, мешкавіну, а таксама валакно гэтай расліны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хенаме́лес

(н.-лац. chaenomeles)

кустовая расліна сям. ружавых са скурыстым лісцем і буйнымі чырвонымі, ружовымі або белымі кветкамі, пашыраная ў Кітаі і Японіі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАРАДЗІ́Н (Грузенберг) Міхаіл Маркавіч

(9.7.1884, г.п. Янавічы Віцебскага р-на — 29.5.1951),

рэвалюцыянер, сав. дзярж. і паліт. дзеяч. У рэв. руху з 1900, чл. Бунда. У 1907—18 у ЗША: стварыў у Чыкага спец. школу для эмігрантаў, удзельнічаў у рабоце сацыяліст. партыі Амерыкі, быў казначэем Т-ва дапамогі рус. палітвязням. З 1919 ген. консул РСФСР у Мексіцы, адначасова працаваў у Камінтэрне. У 1923—27 у Кітаі — паліт. саветнік ЦВК, нац. рэв. партыі Гаміньдана, потым у СССР нам. наркома працы, нам. дырэктара ТАСС, з 1932 гал. рэдактар газ. «Moscow News» («Маскоўскія навіны»), у Вял. Айч. вайну ў рэдакцыі Саўінфармбюро. У 1951 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АА́ЗІС (грэч. oasis ад назвы егіп. г. Аасія),

1) месца ў пустынях і паўпустынях, забяспечанае вадой, з багатай расліннасцю. Адрозніваюць прыродныя аазісы, якія ўтвараюцца на месцы выхаду крыніц, пры высокім узроўні грунтавых водаў, перыядычных разлівах рэк, і штучныя — пры арашэнні з артэзіянскіх калодзежаў, свідравін, арашальных каналаў і рэк. Маюць пл. ад соцень квадратных метраў да дзесяткаў тысяч квадратных кіламетраў. Найб. старажытныя Хатанскі ў Зах. Кітаі, Фаюмскі ў Афрыцы; самыя вялікія — густа населеныя раёны з інтэнсіўным земляробствам (напр., даліна Ніла ў Егіпце, Ферганская даліна ў Сярэдняй Азіі).

2) Свабодны ад лёду ўчастак ў Антарктыдзе (аазіс Бангера, Вікторыі).

Аазіс Більма ў Аравійскай пустыні.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАЦЫ́Т (ад грэч. anthrakitis від вугалю),

выкапнёвы вугаль найвышэйшай ступені вуглефікацыі. Колер шаравата-чорны і чорна-шэры. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 1500—1700 кг/м³. Не спякаецца. Мае вугляроду 94—97%, вадароду 1—3%. Удзельная цеплыня згарання 33,8—35,2 МДж/кг. У гаручай масе да 9% лятучых рэчываў. Найб. колькасць антрацыту ўтварылася ў выніку рэгіянальнага метамарфізму пры апусканні вугляносных тоўшчаў у вобласць павышаных тэмператур (350—550 °C) і ціскаў. Высакаякаснае бяздымнае энергет. паліва, тэхнал. сыравіна ў горнай і каляровай металургіі, хім., электратэхн. прам-сці (вытв-сць карбідаў, электродаў і інш.). Гал. радовішчы антрацыту ў Расіі, на Украіне, у ЗША, Кітаі.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КАНА́Л (кіт. Даюньхэ),

суднаходны канал у Кітаі. Важная водная артэрыя краіны; адно са стараж. гідратэхн. збудаванняў. Злучае 2 буйн. парты — Цяньцзінь і Шанхай. Агульная працягласць 1782 км, з адгалінаваннямі ў гарады Ханчжоў, Пекін і Наньтун — 2470 км. Шыр. ад 40 м (правінцыі Шаньдун, Хэбэй) да 3500 м (Шанхай). Глыб. на фарватэры 2—3 м; 21 шлюз. Перасякае рэкі Хуанхэ і Янцзы, уключае натуральныя водныя шляхі (рэчышчы рэк і азёры). Складаецца з некалькіх участкаў: паўднёвы пабудаваны ў 7 ст., паўночны — у 13 ст., частка цэнтр. ўчастка (ад г. Хуайінь да г. Цзянду) праходзіць па канале Ханьгоў. Рэканструяваны ў 1961—62 і 1982—83.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)