род кветкавых раслін сям. сітнікавых. Больш за 250 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых і халодных абласцях, некат. — у высакагор’ях тропікаў і субтропікаў. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя С.: ніткападобны (J. filiformis), разгалісты (J. effusus), рапухавы (J. bufonius), скучаны (J. conglomeratus), сплюшчаны (J. compressus), членісты (J. articulatus). Трапляюцца на балотах, па берагах вадаёмаў.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. ад 2—3 да 80—90 см. Сцёблы шматлікія, цыліндрычныя. Ніжняе лісце лускападобнае, сцябловае — з цыліндрычнай голай пласцінкай, часам усё лісце лускападобнае. Кветкі бураватыя ці зеленаватыя, адзінкавыя або сабраныя ў пучкі. Плод — каробачка. Сцёблы некат. відаў выкарыстоўваюць для пляцення вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПНЁВЫЯ, асліннікавыя (Onagraceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку міртавых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі каля 25 відаў з родаў асліннік, двухпялёснік, скрыпень, іван-чай (капорскі чай). Шэраг відаў з родаў кларкія і фуксія культывуюць у садах, парках, аранжарэях і пакоях.
Пераважна шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты ці невял. дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, суцэльнае, звычайна ланцэтнае, суцэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі двухполыя, адзінкавыя або сабраныя ў суквецце ў пазухах лісця. Плод — каробачка, радзей арэхападобны ці ягадападобны. Лек., харч., дэкар., меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Табаке́рка ’скрыначка для табакі’ (ТСБМ, Шн. 2, Касп.; ашм., Стан.; Бяльк., Федар. 4), тобаке́рка, тобакі́рка, тобаке́рочка ’зробленая з кары каробачка для тытуню, для захавання дробных рэчаў накшталт іголак, нітак і інш.’ (палес., З нар. сл.; ТС). Укр.табаке́рка ’табакерка’, рус.табаке́рка, польск.tabakiera, tabakierka, серб.-харв., балг.табаке́ра, макед.табаке́ра, табаке́рка ’тс’. Праз польскую мову з франц.tabaquière ’табакерка’ (форма, вядомая з XVII ст.) < tabac ’тытунь’ (Фасмер, 4, 5; Чарных, 2, 223; ЕСУМ, 5, 498). Параўн. табацірка (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стрэмялі́на ‘брызгліна, Enonymus L.’ (гродз., Кіс.). Відаць, да стрэмя (гл.), паводле знешняга падабенства пладоў, параўн.: “каробачка, выспеўшы, лопаецца, і чорнае насенне вісіць некаторы час на валокнах”, гл. Янышкава, Этимология–1985, 42. Параўн. таксама польск.trzemielina ‘тс’, якое выводзяць з przemielina (Махэк, Jména, 141–142) або ад trzmiel ‘чмель’ (з-за двухколернасці чмялёў), гл. Брукнер, 581. Гл., аднак, польск.дыял.strzemielina ‘брызгліна’ (Варш. сл., калі гэта не з беларускай), што пацвярджае зыходную сувязь з *(s)tremę або другаснае з ім збліжэнне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АСІ́НА, таполя дрыжачая (Populus tremula),
лістападнае дрэва з роду таполя сям. вярбовых. Пашырана ў Еўропе і Азіі, трапляецца ў Паўн. Афрыцы. Утварае асінавыя лясы. На Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі.
Двухдомнае ветраапыляльнае дрэва выш. да 35 м. Ствол дыяметрам да 60—100 см. Крона невялікая, рыхлая. Лісце чаргаванае, простае, круглаватае або круглавата-рамбічнае. Кветкі дробныя, сабраны ў адвіслыя цыліндрычныя каташкі. Плод — зеленавата-бурая каробачка. Насенне з пушыстым чубком, прыстасаванае, каб разносіцца ветрам. Хуткарослая і вельмі прадукцыйная на драўніну піянерная расліна. Жыве да 100 і больш гадоў. Драўніна лёгкая, мяккая. Выкарыстоўваюць у запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці, буд-ве і тарнай вытв-сці, кару, лісце і пупышкі — у медыцыне. Асн. корм для ласёў, зуброў і аленяў. Утварае мікарызу з падасінавікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУ́Н (Ledum),
род кветкавых раслін сям. верасовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў халодных і ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі ўсюды трапляецца багун балотны (Ledum palustre). Расце на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах, утварае зараснікі.
Шматгадовазялёны куст выш. 30—120 см з прамастойным галінастым сцяблом. Верхавінкі маладых галінак, кветаножкі і лісце знізу ўкрытыя ржава-бурым лямцам. Лісце чаргаванае, лінейна-падоўжанае, на кароткіх чаранках, шчыльнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белыя, адурманьвальна-духмяныя, у верхавінкавых парасонападобных шчытках. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек. (адхарквальны сродак), інсектыцыдная і меданосная расліна. Мае ў сабе дубільныя і фарбавальныя рэчывы, ядавіты — гліказіды арбуцін і андрамедатаксін, да 7,5% эфірнага алею з рэзкім пахам і горкім смакам, які валодае раздражняльным і наркатычным дзеяннем, у значных дозах паралізуе нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАТНАКВЕ́ТНІК (Nymphoides),
род кветкавых раслін сям. бабковых. Каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах абодвух паўшар’яў. Ва ўмераным поясе і на Беларусі трапляецца балатнакветнік шчыталісты (Nymphoides peltata). Вядома адзінае ізаляванае месцазнаходжанне на р. Нёман у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Расце ў стаячай вадзе заток, старыц і сажалак, утварае амаль чыстыя зараснікі. Вельмі рэдкі еўразійскі від. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шматгадовая травяністая расліна з паўзучым членістым карэнішчам, даўж. да 1,5 м. Сцёблы доўгія, дасягаюць паверхні вады. Лісце акругла-эліпсоіднае, на доўгіх чаранках, шчыльнае, скурыстае, знізу густа ўкрытае цёмнымі залозістымі плямкамі, плавае на вадзе. Кветкі ярка-жоўтыя, на доўгіх кветаносах, у пазушных парасонападобных пучках. Плод — яйцападобная каробачка. Дэкар., кармавая і харч. (як агародніна) расліна, прыдатная на аквакультуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭЗ (Syringa),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Вядома 28 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі інтрадукцыйную праверку прайшлі 19 відаў, з іх 4 рэкамендаваны для зялёнага буд-ва. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў дэкар. садоўніцтве бэз звычайны (S. vulgaris), які мае шмат садовых формаў і сартоў (у т. л.бел. селекцыі) і бэз венгерскі (S. josikaea).
Пераважна лістападныя галінастыя кусты або невял. дрэвы. Лісце звычайна цэласнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках Кветкі дробныя, p трубчастым вяночкам, духмяныя, рознага колеру, у густых гронкападобных суквеццях. Плод — сухая двухгнездавая каробачка. Дэкар. і тэхн. расліны, выкарыстоўваюцца ў адзіночных, групавых і лесаахоўных пасадках, на зразанне і выганку; у парфумерыі для атрымання экстракту з кветак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС (Calluna),
род кветкавых раслін сям. верасовых. 1 від — верас звычайны (Calluna vulgaris). Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы і на Атл. узбярэжжы Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце на пясчаных мясцінах у хваёвых барах, на высечках, выгарынах, пустэчах, тарфяніках, утварае вял. зараснікі — верасоўнікі.
Шматгадовая вечназялёная галінастая кустовая ці кусцікавая расліна выш. да 1 м. Лісце дробнае, лускападобнае, сядзячае, ланцэтнае, размешчана накшталт чарапіцы ў 4 рады. Кветкі дробныя, двухполыя, званочкавыя, бэзава-ружовыя, зрэдку белыя, у аднабокіх гронках. Плод — пушыстая чатырохгранная каробачка. Дэкар., лек (мачагонны, патагонны, процізапаленчы, вяжучы, злёгку снатворны і заспакаяльны сродак), тэхн. (мае дубільнікі, гліказіды, смалу, крухмал), кармавая і меданосная (дае т.зв. «верасовы мёд») расліна. Часам верасам таксама наз. віды роду эрыка (Erica).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРО́ФІЛА (Hygrophila),
род кветкавых раслін сям. акантавых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Афрыкі і паўд.-ўсх. Азіі ў вадаёмах, на балотах і інш. вільготных месцах; некаторыя віды трапляюцца як пустазелле на рысавых палях. На Беларусі ў акварыумах культывуюць найчасцей гігрофілу шматнасенную (H. polysperma), зрэдку азёрную (H. lacustris) і гвіянскую (H. guianensis).
Шмат- або аднагадовыя водныя травяністыя расліны з прамым або ўзыходным сцяблом. Кветкі сабраны невял. групамі, рэдка адзіночныя, у пазухах лісця або ў канцавых суквеццях, гермафрадытныя. Плод — каробачка. У гігрофілы шматнасеннай каранёвая сістэма развіта слаба, сцябло доўгае, тоўстае; паветранае лісце простае, вузкае, доўгае, размешчанае супраціўна парамі, апушчанае ў ваду. Лепш расце ў мяккай, слабакіслай вадзе пры т-ры 22—24 °C. Размнажаецца чаранкамі і грунтавымі парасткамі.