палітычная дактрына, у аснове якой ідэя агульнасці гіст. лёсу, эканомікі і культуры амер. дзяржаў. Ідэя П. прапанавана ў пач. 19 ст. С.Баліварам, які ў 1826 склікаў Панамскі кангрэс з мэтай стварэння федэрацыі лац.-амер. дзяржаў. Пасля смерці Балівара і распаду Вялікай Калумбіі (1830) ідэя П. ў паўд.-амер. варыянце страціла значэнне. У канцы 19 ст. ЗША прапанавалі ўласную канцэпцыю П., як руху дзеля абароны інтарэсаў Амерыкі перад еўрап. дзяржавамі і шматбаковага супрацоўніцтва (пераважна эканамічнага) амер. дзяржаў пад эгідай ЗША. Гэта ідэалогія была ў аснове Міжамерыканскіх канферэнцый (1889—1967) і Панамерыканскага саюза (1910—48). Яна зыходзіла з Манро дактрыны і развіта ў т.зв. дадатку (1904) прэзідэнта Т.Рузвельта, у якім абвяшчалася права ЗША ажыццяўляць ваен. інтэрвенцыі ў Лац. Амерыцы дзеля абароны яе дзяржаў. У 1-й пал. 20 ст. ЗША неаднаразова выкарыстоўвалі гэта права (уварванні на Кубу, Гаіці, у Мексіку, Дамініканскую Рэспубліку, Нікарагуа). У 1930-я г. ЗША перагледзелі свае адносіны да краін Лац. Амерыкі: у 1933 прэзідэнт Ф.Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства, у 1936 на канферэнцыі ў Мантэвідэо ён падпісаў дагавор пра забарону агрэсіі і інтэрвенцыі. Створаная ў 1948 Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў аформіла сістэму дамінавання ЗША у Лац. Амерыцы. З 1960-х г. акцэнт зроблены на супрацоўніцтва і эканам. развіццё (у 1960 створаны Міжамер. банк рэканструкцыі і развіцця). З 1961 дзейнічае Саюз дзеля прагрэсу — праграма развіцця Лац. Амерыкі пры падтрымцы і супрацоўніцтве ЗША. У 1975 створана Лац.-амер.гасп. сістэма, у 1980 — Лац.-амер. інтэграцыйная асацыяцыя. У канцы 1980-х г. ЗША аднавілі П. як ідэю эканам. сувязей паміж краінамі Амерыкі, стварыўшы Паўн.-амер. пагадненне пра свабодны гандаль (1992), мэта якога — інтэграцыя краін Зах. паўшар’я.
Літ.:
Антясов М.В. Современный панамериканизм: Происхождение и сущность доктрин панамериканской «солидарности». М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫ САЮ́З ЛІТВЫ́,
РСЛ (Związek Robotniczy na Litwie), інтэрнацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў Вільні, Мінску і Смаргоні ў 1896—1900. Створаны па ініцыятыве С.С.Трусевіча як альтэрнатыва Літ.с.-д. партыі (ЛСДП), якая адмовілася ад узаемадзеяння з рас. рабочым рухам. Арганізатары і кіраўнікі: Трусевіч, В.Вайткевіч, В.Васілеўскі, С.Рулькоўскі, М.Казлоўскі. Іх погляды склаліся пад уплывам рас. групы «Вызваленне працы» і польскай сацыяліст. партыі «Пралетарыят». РСЛ лічыў неабходным уступленне ў будучую Рас.с.-д. партыю на правах аўтаномнай групы. Ставіў за мэту звяржэнне царызму і ўстанаўленне рэсп. ладу, вызваленне рабочых ад прыгнёту бачыў у сацыялізме. Нац. пытанне ў праграме замоўчвалася. Гарантыю поўнай свабоды нац.-культ. развіцця насельніцтва «Літвы» звязваў са стварэннем рас.дэмакр. -канстытуцыі. У паняцце «Літва» дзеячы РСЛ уключалі і б.ч. Беларусі ў межах Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ., але прытрымліваліся пашыранага на той час памылковага меркавання пра адсутнасць бел. нацыі і, адпаведна, бел. рабочых, якіх па канфесіянальных прыкметах падзялялі на «рускіх» і «палякаў». У 1896—97 РСЛ кіраваў шэрагам стачак у Вільні і Смаргоні, якія суправаджаліся арыштамі. Да канца 1896 арганізаваў прафесійны саюз гарбароў Літвы з аддзяленнямі ў Вільні, Мінску і Смаргоні. Паслаў Г.В.Пляханаву, П.Б.Аксельроду, В.І.Засуліч мандат на Лонданскі міжнар.сац.кангрэс 2-га Інтэрнацыянала. Арышты 1897 большасці кіраўнікоў не спынілі дзейнасці саюза. Ён выпускаў пракламацыі, вёў вусную агітацыю, у сак. 1899 быў адным з арганізатараў 3 антыўрадавых дэманстрацый віленскіх рабочых, праведзеных з нагоды адпраўкі ў ссылку членаў РСЛ, ЛСДП і Бунда. У 1897—99 выдаў 6 нумароў газ. «Przegląd Robotniczy» («Рабочы агляд»). У студз. 1900 аб’яднаўся з сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы, некат. члены РСЛ пасля ссылкі ўдзельнічалі ў стварэнні Віленскай арг-цыі і Паўн.-Зах.к-таРСДРП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФАРМІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная плынь у міжнар. рабочым руху, прадстаўнікі якой лічаць сац. рэформы і супрацоўніцтва паміж класамі і сац. групамі з супярэчлівымі, у т. л. антаганістычнымі інтарэсамі гал. шляхам да паляпшэння капіталіст. грамадства і яго пераўтварэння ў «сац. дэмакратыю», «грамадства дабрабыту» і г.д. Другі бок Р. — адмова ад радыкальнай рэвалюцыі і заваявання рабочым класам дзярж. улады, звужванне ролі класавай барацьбы, якая прызнаецца толькі ў канстытуцыйных межах і фактычна падмяняецца ідэяй сац. партнёрства. Сац. рэформа абвяшчаецца альтэрнатывай рэвалюцыі і карэнным зменам у грамадстве ў сац. кірунку. Гісторыя Р. пачалася ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст., калі частка лідэраў рабочага руху пад уплывам яго поспехаў прыйшла да высновы аб магчымасці паступовага рэфармісцкага паляпшэння тагачаснага грамадства (Э.Бернштэйн, К.Каўцкі, А.Мільеран і інш.). Рабочы рух размежаваўся на рэфармісцкі (с.-д. партыі) і радыкальны (камуніст. партыі) кірункі. У працэсе сваёй эвалюцыі зах.-еўрап.сацыял-дэмакратыя імкнулася пазбавіць марксізм яго рэв. зместу.
Франкфурцкі кангрэсСацыялістычнага Інтэрнацыянала (1951) абвясціў афіц. дактрынай Р. дэмакр. сацыялізм, які супрацьпастаўляецца марксісцка-ленінскаму разуменню сутнасці сацыяліст. грамадства і спосабаў яго пабудовы. У ідэалогіі Р. сацыялізм — перш за ўсё этычны ідэал, які выяўляецца ў прынцыпах свабоды. роўнасці, справядлівасці, чалавечнасці. У эканоміцы дапускаюцца грамадская ўласнасць і планаванне пры панаванні прыватнай уласнасці і капіталіст. канкурэнцыі. Рэфармісцкія ўрады, партыі і прафсаюзы, асабліва ў краінах Зах. Еўропы ў 1960—70-я г., праводзілі палітыку па стварэнні разгорнутай сістэмы сац забеспячэння працоўных і заваявалі значны ўплыў у грамадстве. У апошнія гады практычнае ажыццяўленне ідэй Р. сустракаецца са значнымі цяжкасцямі, прычыны якіх — глабальная капіталіст. інтэграцыя, узнікненне суперманаполій, абвастрэнне экалагічных праблем. Усё гэта не толькі звужае магчымасці сац. манеўравання і новых рэформ, але вядзе да згортвання ўжо існуючых сац. праграм і мер, напр. у галіне асветы, медыцыны. пенсіённага забеспячэння і інш.
Літ.:
Попов С.И. Буржуазная идеология на пороге XXI столетия. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКІ РУХ,
міжнародны грамадскі рух, накіраваны на прапаганду і развіццё спорту праз падрыхтоўку і арганізацыю Алімпійскіх гульняў. Аб’ядноўвае мільёны людзей незалежна ад паліт. і рэліг. перакананняў, расавай прыналежнасці на прынцыпах раўнапраўя, дэмакратыі і ўзаемнай павагі. Асн. мэты і прынцыпы алімпійскага руху выкладзены ў Алімпійскай хартыі. Арганізац. аснова алімпійскага руху — Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), Нацыянальныя алімпійскія камітэты (НАК) і іх кантынентальныя аб’яднанні (Асацыяцыя нац. алімпійскіх к-таў, Алімпійскі Савет Азіі, Асацыяцыя еўрап.нац. алімпійскіх к-таў і інш.), арганізац. к-ты Алімпійскіх гульняў, міжнар. і нац. федэрацыі па алімпійскіх відах спорту. Важную ролю ў развіцці алімпійскага руху адыгрываюць алімпійскія кангрэсы, сесіі МАК, дзейнасць яго спецыялізаваных камісій і інстытутаў, а таксама розных міжнар.спарт. арг-цый (Трыбунал спарт. арбітражу, Вярх. Саветміжнар.спарт. арбітражу, Міжнар. алімпійская асацыяцыя даследаванняў у спарт. медыцыне і інш.). Алімпійскі рух мае свае традыцыі, рытуалы, алімпійскую сімволіку.
Гісторыя сучаснага алімпійскага руху пачынаецца з канца 19 ст. Па ініцыятыве франц. педагога, гісторыка і грамадскага дзеяча П. дэ Кубертэна ў 1894 у Парыжы адбыўся I Міжнар.спарт. (алімпійскі) кангрэс, які прыняў рашэнне аднавіць на сучаснай аснове Алімпійскія гульні. Праграмныя і арганізац. асновы алімпійскага руху, распрацаваныя Кубертэнам і яго паплечнікамі, удасканальваліся на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
Розныя праграмы МАК па каардынацыі дзейнасці нац. алімпійскіх к-таў прадугледжваюць дапамогу ім у развіцці алімпійскага руху ў сваіх краінах (асн. з іх — праграма «Алімпійская салідарнасць»). Дзейнічаюць Міжнар. алімпійская акадэмія (засн. ў 1961 у Алімпіі, рыхтуе спецыялістаў вышэйшага класа ў розных галінах спорту), Алімпійскі музей (засн. ў 1993 у Лазане, Швейцарыя), Міжнар. алімпійская федэрацыя філатэлістаў (з 1982). Існуе сістэма алімпійскіх узнагарод — медалі для пераможцаў і прызёраў гульняў, Алімпійскі кубак і Алімпійскі ордэн (прысуджаюцца за асаблівыя заслугі ў развіцці алімпійскага руху) і інш. У сістэме алімпійскага руху вылучаюцца рэгіянальныя спарт. спаборніцтвы пад патранажам МАК (Азіяцкія, Афрыканскія, Панамерыканскія і інш. гульні), спаборніцтвы, што наладжваюцца пасля Алімпійскіх гульняў у алімпійскім горадзе для спартсменаў-інвалідаў (гл.Параалімпійскія гульні). На Беларусі алімпійскім рухам кіруе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.
Літ.:
Le mouvement olympique = The olympie movement. Lausanne, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ (British Empire),
назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.
Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст.Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл.Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл.Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ.калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл.Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл.Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл.Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т ЕЎРО́ПЫ (СЕ; англ. Council of Europe, франц. Conseil de l’Europe),
найстарэйшая міжпарламенцкая і міжурадавая кансультатыўная паліт.арг-цыяеўрап. дзяржаў, утвораная ў 1949 для садзейнічання інтэграцыйным працэсам у галіне правоў чалавека. Статут арг-цыі падпісаны 5.5.1949 (набыў сілу 3.8.1949) у Лондане на канферэнцыі 10 дзяржаў-заснавальніц (Бельгія, Вялікабрытанія, Данія, Ірландыя, Італія, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Францыя, Швецыя). Пазней у СЕ уступілі Грэцыя і Турцыя (1949), Ісландыя (1950), ФРГ (1951), Аўстрыя (1956), Кіпр (1961), Швейцарыя (1963), Мальта (1965), Партугалія (1976), Іспанія (1977), Ліхтэнштэйн (1978), Сан-Марына (1988), Фінляндыя (1989), Венгрыя (1990), Польшча (1991), Чэшская і Славацкая Федэратыўная Рэспубліка (1991, з 1993 асобна Чэшская і Славацкая Рэспублікі), Балгарыя (1992), Эстонія, Літва, Славенія, Румынія (усе ў 1993), Андора (1994), Албанія, Латвія, Македонія, Малдова, Украіна (усе ў 1995), Расія і Харватыя (1996), Грузія (1999); усяго 41 дзяржава (1999). Статус назіральніка маюць Ізраіль (з 1961) і ЗША (з 1996). Займаецца шырокім колам пытанняў чалавечага вымярэння: ад абароны правоў чалавека, умацавання дэмакр. шматпарт. рэжымаў, выпрацоўкі захадаў для вырашэння агульных праблем грамадскага жыцця, фарміравання агульнаеўрап. культ. супольніцтва да барацьбы з тэрарызмам. Спрыяе уніфікацыі заканадаўства розных краін у галіне правоў чалавека. Праводзіць экспертызу ўзроўню абароны правоў асобы ў канкрэтнай краіне, у яе заканадаўстве і на практыцы. Органамі СЕ, рашэнні якіх маюць рэкамендацыйны характар, з’яўляюцца: К-т міністраў (уваходзяць міністры замежных спраў краін-членаў), Парламенцкая асамблея (уваходзяць прадстаўнікі нац. парламентаў дзяржаў-членаў), Ген. сакратарыят, Кангрэс абшчын і рэгіёнаў Еўропы. Пры СЕ функцыянуе шэраг спецыялізаваных устаноў — Еўрап. суд па правах чалавека, Еўрап. камісія па правах чалавека, Савет культ. супрацоўніцтва. Штаб-кватэра знаходзіцца ў г. Страсбур (Францыя) у Палацы Еўропы. Сімвал СЕ — зацверджаны 8.12.1955 еўрап. флаг (12 залатых зорак, размешчаных па крузе на блакітным фоне).
У 1993 упершыню адбыўся афіц. візіт ген. сакратара СЕ К.Лалюм’ер у Рэспубліку Беларусь. У 1993 Беларусь накіравала афіц. заяву з просьбай аб уступленні ў СЕ, у 1997 статус рэспублікі ў гэтай арг-цыі як «спецыяльна запрошанай» прыпынены.
Літ.:
Штайнер Ю. Еўрапейскія дэмакратыі. Пер. з англ.Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ВІ (чычэва Malaŵi, англ. Malawi),
Рэспубліка Малаві (чычэва Mfuko la Malaŵi, англ. Republic of Malawi), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на 3 з Замбіяй, на Пд з Мазамбікам; на У мяжа з Танзаніяй і Мазамбікам праходзіць па воз. Ньяса (Малаві). Пл. 118,5 тыс.км², у т. л. водная паверхня азёр 24,4 тыс.км². Нас. 9,8 млн.чал. (1998). Дзярж. мовы — чычэва (малаві) і англійская. Сталіца — г.Лілонгве. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Народнаму сходу, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які прызначаецца прэзідэнтам.
Прырода. У рэльефе пераважае пласкагор’е, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Характэрны вышыні 1000—1500 м, найб. вышыня — г. Сапітва (3002 м). На У грабен (ч. Усходне-Афр. рыфавай сістэмы) з воз. Ньяса (на выш. 472 м над узр. м.) і р. Шырэ, якая выцякае з возера і ўпадае ў р. Замбезі. У М. ёсць невял. радовішчы баксітаў, каменнага вугалю, уранавых руд, буд. матэрыялаў і інш. Клімат субэкватарыяльны з летнім дажджлівым (ліст.—май) і сухім (май—лістапад) сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 14—19 °C (ліп.) да 23—27 °C (лістапад). Ападкаў 1500—3000 мм за год. У расліннасці пераважаюць акацыевыя саванны з баабабамі, паркавая саванна з пальмамі; у гарах — лістападныя трапічныя лясы, участкі стэпаў, па далінах рэк — галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэр. краіны. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: бегемоты, кракадзілы, львы, леапарды, павіяны, зебры, антылопы. Ёсць малярыйныя камары і муха цэцэ. Воз. Ньяса багатае рыбай (асн. від тылапія). Нац. паркі: Касунгу, Ленгве, Лівондэ, Ньіка; некалькі паляўнічых рэзерватаў. Нац. парк воз. Малаві (Ньяса) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 99% складаюць блізкія паміж сабой народы, што адносяцца да ўсх. групы банту. Найб. — малаві (каля 55% насельніцтва), асн. этнічная група чэва (гавораць на мове чычэва). На Пд жывуць макуа, ломве, ваяа, суахілі, нгоні. Выхадцы з краін Азіі і Еўропы (больш за 30 тыс.чал.) жывуць пераважна ў гарадах. Сярод вернікаў 55% пратэстантаў, па 20% католікаў і мусульман, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост 1,5% (1997), у асобныя гады перавышае 3%. Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны. У гарадах жыве 14% насельніцтва. Найб. гарады: Блантайр-Лімбе — каля 500 тыс.ж., Лілонгве — каля 400 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%, у абслуговых галінах — каля 9%. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў М. сезонна працуюць у Паўд.-Афр. Рэспубліцы (ПАР).
Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — бантумоўныя плямёны н’янджа (на Пд), чэва (у цэнтры) і тумбука (на Пн). У канцы 15 ст. каля воз. Ньяса склалася племянное аб’яднанне Малаві на чале з правадыром Каронгі. Пазней сюды перасяліліся народы нгоні і яо. У сярэдзіне 19 ст. тэр. М. наведваў Д.Лівінгстан, у 1876 брыт. місіянеры заснавалі пасяленне Блантайр. З 1891 М. — брыт. пратэктарат Ньясаленд. У 1915 тут адбылося антыбрыт. паўстанне на чале з Дж.Чылембве, задушанае ўладамі. У 1920—30-я г. ўзніклі туземныя асацыяцыі, у 1944 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр.Кангрэс Ньясаленда (АКН). У 1953—63 М. ўваходзіла ў Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда. Пасля забароны АКН на яго базе ў вер. 1959 створана партыя Кангрэс М. (КМ) на чале з Х.Бандам. У 1961 уведзена ў дзеянне канстытуцыя Ньясаленда. На першых усеагульных выбарах у Заканад. сход у 1961 перамог КМ. У лют. 1963 Ньясаленд атрымаў унутр. самакіраванне, а Банда стаў прэм’ер-міністрам краіны.
6.7.1964 абвешчана незалежная дзяржава М. ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1966 М. — рэспубліка, прэзідэнт — Банда, адзіная легальная партыя — КМ. У краіне ўсталяваўся рэжым асабістай улады Банды, які ў ліп. 1971 абвешчаны яе пажыццёвым прэзідэнтам. Жорстка душылася ўсялякая апазіцыя. Праводзілася палітыка спрыяння прыватнаму сектару, асабліва ў галіне забеспячэння харчаваннем. У знешняй палітыцы кіраўніцтва М. падтрымлівала цесныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы, ЗША і ПАР. З пач. 1990-х г. краіну ахапілі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем адраджэння дэмакратыі, якія ўзначальвала каталіцкае духавенства. Восенню 1992 створаны альянс за дэмакратыю і Аб’яднаны дэмакр. фронт (АДФ). У студз. 1993 урад быў вымушаны дазволіць шматпартыйнасць. У 1994 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам М. выбраны лідэр АДФ Б.Мулузі. З мая 1995 набыла сілу новая канстытуцыя краіны. М. — чл.ААН і арг-цыі афр. адзінства (з 1964). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны Дэмакр. фронт, Кангрэс М.
Гаспадарка. М. — аграрная краіна са слаба развітой эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Штогадовы даход на 1 чал. каля 180 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 45% валавога нац. прадукту, прам-сць — 30%, абслуговыя галіны — 25%. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — земляробства. Апрацоўваецца каля 1,7 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца саванны і рэдкастойныя лясы агульнай пл. каля 2 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, але асн. экспартную прадукцыю даюць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям і еўрап. каланістам (каля 10% апрацаваных зямель). Штогод збіраюць асн. экспартныя культуры (тыс. т): чай (займае 6% с.-г. зямель) — каля 50, тытунь — каля 130. Меншае экспартнае значэнне маюць бавоўнік, тунг, цукр. трыснёг, арахіс, каўчуканосы. Харч. культуры (у сял. гаспадарках): кукуруза (займае 80% с.-г. зямель, штогадовы збор 1,5—2 млн. т), афр. сорга, проса, рыс, пшаніца, бабовыя, маніёк, батат. Агародніцтва, трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля абмежавана з-за распаўсюджання мухі цэцэ і нізкай якасці пашы. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 1000, авечак і коз — каля 800. Птушкагадоўля. Азёрнае і рачное рыбалоўства — 65 тыс. т (1993). Лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба, арыентавана на перапрацоўку с.-г. прадукцыі, вытв-сць спажывецкіх тавараў. Вытв-сць электраэнергіі 782 млн. кВт гадз (1993), пераважна на невялікіх ЦЭС і ГЭС. Найб.ГЭС на р. Шырэ. Асн. прадпрыемствы звязаны з апрацоўкай тытуню і чаю (Блантайр-Лімбе, Лілонгве, Зомба). Ёсць бавоўнаачышчальныя, тэкст., швейныя, кансервавыя, цукр., па вытв-сці тунгавага алею, мукамольныя, цагельныя, лесапільныя, цэм. прадпрыемствы. Невял. здабыча мармуру, жал. руды, кіяніту, баксітаў, буд. матэрыялаў. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, унутр. водны. У М. 49,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 5,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 15 тыс. легкавых, 19 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Даўж. чыгункі 789 км. Знешнегандл. сувязі пераважна па чыг. Блантайр-Лімбе—Бейра (Мазамбік). Унутр. водныя шляхі па воз. Ньяса і асобных участках р. Шырэ. У краіне 41 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. каля Блантайр-Лімбе і Лілонгве. У 1995 экспарт склаў 431 млн.дол., імпарт — 348 млн. долараў. М. экспартуе тытунь (40% па кошце), чай (35%), цукар, каву, арахіс, драўніну, імпартуе харч. прадукты, нафту і нафтапрадукты, тавары шырокага ўжытку, трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: ПАР, ЗША, Японія, Германія. Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР і замежны турызм. Эканоміка М. залежыць ад эканам. дапамогі МВФ, Сусв. банка і асобных краін-донараў (найб. — Вялікабрытаніі і ПАР). Грашовая адзінка — квача.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Малаві.Да арт.Малаві. Узбярэжжа возера Ньяса.Да арт.Малаві. Краявід на Пд краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў АФГАНІСТА́НЕ,
узброеная барацьба ўнутры афг. грамадства з восені 1978 з прычыны нявырашанасці паліт., эканам., сац., этн.-нац. і рэліг. праблем у краіне. На 1-м этапе вайны (1978—79) супраць новаўвядзенняў кіруючай Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА) выступіла ўзбр. радыкальная ісламская апазіцыя (фундаменталісты), якая пасля паражэння сваіх папярэдніх антыўрадавых мяцяжоў 1970—75 арганізавала на тэр. Пакістана падрыхтоўку маджахедаў. Ва ўмовах крызісу ўлады па просьбе кіраўніцтва НДПА 27.12.1979 у Афганістан уведзены сав. войскі, новым ген. сакратаром НДПА і прэзідэнтам краіны стаў Б.Кармаль. На 2-м этапе (1980—89) непасрэдны ўдзел у вайне сав.ваен. кантынгенту (да 120 тыс.чал.) прывёў да кансалідацыі апазіцыйных НДПА сіл. Апошнім аказвалі падтрымку і дапамогу ЗША (у 1980—86 кангрэс выдаткаваў 750 млн., у 1987 — 630 млн.дол.), Пакістан, частка араб. краін, фундаменталісты Ірана, Кітай і інш. У кастр. 1986 з Афганістана выведзены 6 сав. палкоў. Пры новым афг. лідэры Наджыбуле афіцыйна абвешчана палітыка нац. прымірэння (снеж. 1986), прынята канстытуцыя 1987, уведзена шматпарт. сістэма і інш. Пасля падпісання ў Жэневе 14.4.1988 прадстаўнікамі Афганістана, Пакістана, СССР, ЗША шэрагу дакументаў аб паліт. урэгуляванні афг. праблемы 15.2.1989 з Афганістана канчаткова выведзены сав. войскі. На 3-м этапе вайны (1989—92) пасля спынення паставак зброі з Расіі ўраду Наджыбулы (прэзідэнт Афганістана да 16.4.1992) узбр. апазіцыя 28.4.1992 заняла Кабул, да ўлады прыйшлі яе лідэры (гл. В.Рабані, Г.Хекмаціяр). На 4-м этапе (1992—96) у межах т.зв.мусульм. рэвалюцыі забаронена дзейнасць Партыі Айчыны (былая НДПА). Абвастрэнне рознагалоссяў паміж пушгунскім і непуштунскім лагерамі ісламістаў выклікала новую жорсткую хвалю грамадз. вайны. 5-ы этап звязаны з дзейнасцю найб. артадаксальных ісламістаў — талібаў, якія імкнуцца да суцэльнай ісламізацыі краіны. У вер. 1996 яны захапілі Кабул, да 1997 кантралявалі 2/3тэр. Афганістана, наблізіліся да мяжы з Таджыкістанам і Туркменіяй. У ходзе грамадз. вайны загінулі 1,5 млн. афганцаў і 15 тыс.сав. вайскоўцаў (з іх больш за 750 чал. з Беларусі), 5 млн.афг. грамадзян сталі бежанцамі, знішчана 80% прадукц. сіл краіны і інш.
Літ.:
Спольников В.Н. Афганистан: Исламская оппозиция: Истоки и цели. М., 1990;
Война в Афганистане. М., 1991;
Афганистан-95 // Азия и Африка сегодня. 1995. № 10.
М.Г.Елісееў.
Да арт.Грамадзянская вайна ў Афганістане. Байцы аднаго з добраахвотніцкіх атрадаў, якія ваявалі на баку ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКА (Андрэй Тадэвуш Банавентура) (ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 15.10.1817),
палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нац.-вызв.паўстання 1794. З роду Касцюшкаў. Скончыў Любяшоўскі піярскі калегіум (1760), Варшаўскі кадэцкі корпус (1769), Парыжскую акадэмію (1774). Вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 1774 вярнуўся на радзіму. У 1775 выехаў у Парыж, у 1776—83 добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Служыў у амер. арміі на пасадзе гал. вайсковага інжынера арміі Поўначы. У 1777 удзельнічаў у буд-ве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў буд-вам найвялікшай цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. У 1783 Кангрэс ЗША надаў К. званне брыгаднага генерала; узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амер. грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У 1784 К. вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы. У 1789 прызначаны ген.-маёрам у кароннае войска. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі 1792. Як камандзір дывізіі ў арміі Ю.Панятоўскага вызначыўся ў бітве пад Дубенкай. Узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» з наданнем чына ген.-лейтэнанта (1792). У 1792—93 выязджаў у Лейпцыг і Парыж за дапамогай для паўстання (канкрэтнай дапамогі не атрымаў). 24.3.1794 аб’яўлены галоўнакамандуючым узбр. сіламі і нач. паўстання. К. даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. У маі 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі універсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Імкнуўся надаць паўстанню агульнанар. дэмакр. характар, але яго намер зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне шляхты, што звузіла сац. базу паўстання. У бітве каля Мацяёвіц 10.10.1794 К. цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 вярнуўся ў Еўропу. Памёр у Швейцарыі. Астанкі К. перапахаваны ў Кракаве. У гонар К. пад Кракавам насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Музей К. існуе ў Салюры (Швейцарыя). Імем К. названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. К. нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.
Літ.:
Юхо Л., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...». Мн., 1994;
Szyndler B. Tadeusz Kościuszko, 1746—1817. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІПТАЛО́ГІЯ,
комплексная навука, якая вывучае мову, гісторыю, культуру Стараж. Егіпта. Інтэнсіўнае развіццё Е. як навукі звязана з Егіпецкай экспедыцыяй 1798—1801, у якой удзельнічала каля 150 вучоных. У выніку іх дзейнасці заснаваны Ін-т Егіпта ў Каіры (дзейнічае і цяпер), выдадзена «Апісанне Егіпта» (т. 1—24, 1809—28). Дэшыфроўка ў 1822 Ж.Ф.Шампальёнам егіп.-іерагліфічнага пісьма на т.зв. Разецкім камені паклала пачатак навук. вывучэнню стараж.-егіп. помнікаў. У 1828—29 (Шампальён, І.Раселіні) і ў 1842—45 (К.Р.Лепсіус) праведзена інвентарызацыя помнікаў егіп. архітэктуры і мастацтва. Франц. егіптолагі вялі археал. раскопкі (А.Марыет), публікавалі помнікі егіп. філалогіі, перакладалі і выдавалі іерагліфічныя і іератычныя тэксты (Г.Масперо, Ф.Шаба, Э. дэ Ружэ, Э.Навіль), даследавалі гісторыю Стараж. Егіпта (Э.Дрыятон, Ж.Вандзье і інш.), яго рэліг. і сац. ін-ты (А.Марэ, Э.Ф.Гацье). Вялікае значэнне для развіцця Е. мела т.зв. берлінская школа, заснаваная ў 1890-я г. А.Эрманам. Ням. егіптолагі вывучалі пераважна егіп. мовы. Лепсіус выдаў збор першакрыніц, стварыў асновы храналагічнай перыядызацыі гісторыі Стараж. Егіпта. У 1880 выйшла граматыка копцкай (Л.Штэрн) і новаегіп. (Эрман) моў. Лексікаграфічныя даследаванні вёў Г.Бругш (іерагліфічна-дэматычны слоўнік). У 1896 пад кіраўніцтвам Эрмана і Г.Грапава пачалася праца над слоўнікам егіп. мовы. У пач. 20 ст.егіп. палеаграфію даследаваў Г.Мёлер, рэліг. тэксты — К.Зетэ і С.Шот, інш.літ. помнікі — Г.Штайндорф, гісторыю Стараж. Егіпта — Э.Маер, А.Шарф. Брыт. егіптолагі праводзілі інтэнсіўныя археал. раскопкі (У.Пітры Фліндэрс). У сярэдзіне 19 ст. выдадзены адзін з першых іерагліфічных слоўнікаў (С.Бёрч, 1867), апрацавана граматыка класічнай мовы (А.Гардынер), выдадзены копцкі слоўнік (У.Крам, 1939). Намаганнямі Дж.Брыстыда ў Чыкага (ЗША) заснаваны Усходні ін-т, вакол якога групаваліся амер. егіптолагі. Заснавальнік Е. ў Расіі У.С.Галянішчаў сабраў вял. калекцыю стараж.-егіп. матэрыялаў, апублікаваў працы па егіп. філалогіі і археалогіі. Аўтар «Гісторыі Старажытнага Усходу» (т. 1—2, 1935—36). Б.А.Тураеў стварыў рус. школу егіптолагаў. Сац.-эканам. развіццё стараж.-егіп. грамадства даследаваў В.В.Струве. Над праблемамі Е. працавалі У.І.Аўдзіеў, І.М.Лур’е, Ю.Я.Перапёлкін і інш. З 1952 пытанні Е. больш актыўна даследуюць самі егіпцяне. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны для выратавання гіст. помнікаў, якія знаходзіліся ў зоне затаплення, у 1960 пры ЮНЕСКА быў створаны міжнар.к-т, у Егіпет і Судан накіраваны археал. экспедыцыі шэрагу краін. У Александрыі, Малаві, Асуане і інш. гарадах створаны музеі егіп. старажытнасцей. У 1976 у Каіры адбыўся 1-ы Міжнар.кангрэс егіптолагаў (з гэтага часу склікаецца кожныя 3 гады).
Літ.:
Постовская Н.М. Изучение древней истории Ближнего Востока в Советском Союзе (1917—1959 гг.). М., 1961.