«СІЦЫЛІ́ЙСКАЯ ВЯЧЭ́РНЯ»,

паўстанне ў г. Палерма (в-аў Сіцылія) у 1282 супраць франц. прыхільнікаў караля Карла I Анжуйскага, які ў 1268 падпарадкаваў сваёй уладзе Сіцылійскае каралеўства. Карл рэзка павысіў у Сіцыліі падаткі, пазбавіў гарады прывілеяў, канчаткова заняволіў сялян, не лічыўся са стараж. звычаямі і вольнасцямі мясц. насельніцтва, перанёс сталіцу Сіцылійскага каралеўства з Палерма ў Неапаль. Паўстанне пачалося стыхійна 31 сак. (паводле пазнейшай легенды — пад сігнал звона да вячэрні; адсюль назва). Большасць французаў (3—4 тыс.) была забіта. Палермскім парламентам сіцылійская карона прапанавана арагонскаму каралю Педра III, які ў вер. 1382 прыбыў на востраў і авалодаў усёй Сіцыліяй. Вайна супраць французаў скончылася ў 1302 поўным адпадзеннем ад Паўд. Італіі Сіцыліі, дзе ўсталявалася Арагонская дынастыя.

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМУРЫ́ДЫ,

дынастыя, якая правіла ў Маверанахры, Харэзме, Харасане і інш. тэрыторыях у 1370—1507. Засн. Цімурам, які сам падзяліў дзяржаву паміж сынамі і ўнукамі. Пасля смерці Цімура Ц. абвясцілі сябе незалежнымі ўладарамі і пачалі міжусобную барацьбу за вярх. ўладу. У пач. 15 ст. ўтварыліся 2 дзяржавы: малодшага сына Цімура — Шахруха [1409—1447] з цэнтрам у Гераце (Харасан) і яго сына Улугбека з цэнтрам у Самаркандзе. У 1447 Углугбек атрымаў у спадчыну праўленне ўсёй краінай. Пасля яго смерці дынастычная барацьба аднавілася. Праўленне Султан-Хусейна [1469—1506] — перыяд росквіту культуры ў Гераце. Пры яго сынах у пач. 16 ст. ўладанні Ц. прыйшлі ў заняпад і заваяваны ўзбекамі. Адзін з Ц. — Бабур — заснаваў у 1526 у Індыі дынастыю Вялікіх Маголаў.

т. 17, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дом, -а і -у, мн. дамы́, дамо́ў, м.

1. -а. Будынак для жылля або для размяшчэння ўстаноў.

Цагляны д.

2. -у. Кватэра, памяшканне, а таксама сям’я, людзі, што жывуць разам, іх гаспадарка.

Званілі з дому.

Збегся ўвесь д.

3. -а. Установа, што абслугоўвае якія-н. грамадскія патрэбы, а таксама памяшканне, дзе яна знаходзіцца.

Д. адпачынку.

Д. мадэлей.

Д. кнігі.

4. -у. Дынастыя, род.

Д.

Раманавых.

○

Жоўты дом (уст.) — бальніца для душэўнахворых.

Заезны дом — памяшканне для начлегу з дваром для коней.

|| памянш. до́мік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.) і дамо́к, -мка́, мн. -мкі́, -мко́ў, м. (да 1 знач.).

|| прым. дамавы́, -а́я, -о́е.

Д. камітэт.

○

Дамавая кніга — кніга для рэгістрацыі жыхароў якога-н. дома.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ЛІ́ДЫЯ (грэч. Lydia),

старажытная дзяржава на З М. Азіі ва ўрадлівай даліне р. Герм. Насялялі індаеўрап. плямёны лідыйцаў. Каля 7 ст. да н.э., багатая радовішчамі золата, Л. ўпершыню ў гісторыі пачала чаканку манет; развіваліся ювелірнае, ткацкае, гарбарнае рамёствы. У пач. 1-га тыс. да н.э. ў складзе Фрыгіі. У пач. 7 ст. да н.э. незалежная дзяржава са сталіцай у г. Сарды. Правячая яе дынастыя — Мермнады (цары Гугу, Аліят, Крэз) усталявала сваю ўладу амаль на ўсёй тэр. М. Азіі. У 546 да н.э. Л. заваявана перс. царом Кірам II; у 4 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. падпарадкавана Селеўкідамі, пазней у складзе Пергамскай дзяржавы. У 133 да н.э. частка рым. правінцыі Азія.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЙ,

дынастыя ў Кітаі ў 581—618 Засн. палкаводцам Ян Цзянем, які ў 581 скінуў імператара з дынастыі Паўн. Вэй (што скончыла панаванне на Пн Кітая некітайскіх дынастый) і абвясціў сябе імператарам Вэньдзі [581—604]. У 589 ён аб’яднаў пад сваёй уладай Паўн. і Паўд. Кітай, чым паклаў канец перыяду паўднёвых і паўночных дынастый. Ажыццявіў рэформы з мэтай стварэння моцнай цэнтралізаванай дзяржавы. Пры яго пераемніку імператару Ян Гуану [Яндзі; 605—617), кіраванне якога вылучалася крайнім дэспатызмам, пабудавана асн. ч. Вялікага канала. Знешнія войны (у Карэі, В’етнаме і інш.) пагоршылі эканам. становішча краіны, а высокія падаткі выклікалі нар. паўстанне (611—618). Ян Гуан забіты сваімі салдатамі, а ўладу ў 618 захапіў намеснік у Таюані — Лі Юань, які заснаваў дынастыю Тан.

т. 15, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гогенцолерны (дынастыя) 3/527, 586; 8/588; 9/174; 10/624

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Сасаніды (дынастыя) 1/149; 4/114; 5/145, 186; 9/366

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДЗІМІ́НАВІЧЫ,

дынастыя вял. князёў і паліт. дзеячаў ВКЛ, вяльмож Рас. дзяржавы. Верагодны пачынальнік роду Скалмант (Скаламенд, сярэдзіна 13 ст.). Назву атрымалі ад імя яго ўнука Гедзіміна. Гербам Гедзімінавічаў і іх дзяржавы ВКЛ, пачынаючы з Віценя, стала «Пагоня», якая пераходзіла па спадчыне разам з годнасцю вял. князя. Іншыя Гедзімінавічы, удзельныя князі, мелі асобныя гербы. У 14 ст. большасць Гедзімінавічаў, якія дагэтуль былі язычнікамі, перайшлі ў праваслаўе, некаторыя — у каталіцтва, засвоілі бел. культуру. Унук Гедзіміна Ягайла, заключыўшы Крэўскую унію 1385, стаў каралём польскім і заснавальнікам каралеўскай дынастыі Ягелонаў, якая правіла ў Польшчы і ВКЛ (да 1572), у Чэхіі і Венгрыі. З Гедзімінавічаў вылучыліся таксама Альгердавічы, галіна велікакняжацкай дынастыі ВКЛ, і буйныя княжацкія роды Беларусі, Украіны і Расіі: Алелькавічы, Бельскія, Вішнявецкія, Галіцыны, Куракіны, Мсціслаўскія, Сангушкі, Трубчэўскія і Трубяцкія, Хаванскія, Чартарыйскія і інш.

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРАТЫЁНІ,

дынастыя, якая царавала ў Грузіі ў 9—19 ст. У 1-й пал. 9 ст. картлійскі цар Ашот Багратыёні стварыў княства Тао-Кларджэты, якое стала паліт. і культ. цэнтрам Грузіі. У 10 ст. Баграту III удалося аб’яднаць груз. землі. Найб. выдатныя прадстаўнікі Багратыёні: Давід IV Будаўнік, Георгій III [1156—84], Тамара. Яны пашырылі паліт. ўплыў на ўсё Закаўказзе, Паўн. Каўказ і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Чорнага м. Пасля распаду адзінай груз. дзяржавы ў канцы 15 ст. Багратыёні правілі ў Картлійскім, Кахецінскім, Імерэцінскім царствах. У 1762 Усх. Грузія пад уладай Багратыёні аб’ядналася ў адну дзяржаву. У 1801 Грузія далучана да Рас. імперыі і царская ўлада Багратыёні скончылася. Адна з 4 галін роду Багратыёні была запісана ў рас. княжацкі род. З роду Багратыёні выйшлі многія вядомыя дзеячы, у т. л. рас. палкаводзец П.І.Баграціён.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛІ́НГІ (лац. Carolingi, франц. Carolingiens, ням. Karolinger),

каралеўская і імператарская дынастыя ў Франкскай дзяржаве ў 8—10 ст. Назва ад імя Карла Вялікага. Вылучыліся ў 6 ст. са знатнага роду рыпуарскіх (усходніх) франкаў. У 7 ст. замацавалі за сабой пасаду маярдомаў (правіцеляў) Аўстразіі (усх. ч. Франкскай дзяржавы), да канца стагоддзя фактычныя ўладары ўсёй дзяржавы. Узмацніліся пры Карле Мартэлу, сын якога Піпін Кароткі (каранаваўся ў 751) скінуў апошняга прадстаўніка дынастыі Меравінгаў. Найб. магутнасці дасягнулі пры Карле Вялікім. Пасля Вердэнскага дагавора 843 падзяліліся на 3 галіны: сярэднефранкскую (італьянскую; правіла да 905), усходнефранкскую (германскую; правіла да 911), заходнефранкскую (французскую; правіла да 987). Гл. таксама «Каралінгскае адраджэнне».

Літ.:

Лебек С. Происхождение франков, V—IX вв.: Пер. с фр. М., 1993;

Тейс Л. Наследие Каролингов, IX—X вв.: Пер. с фр. М., 1993.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)