ГІ́ЛЬЗА (ням. Hülse літар. абалонка),

1) у артылерыі элемент артылерыйскага боепрыпасу патроннага і паасобнага зараджання, танкасценны метал. стакан для размяшчэння парахавога зараду, сродкаў запальвання і інш. Для танкавай артылерыі часта вырабляюць з саставаў, якія поўнасцю або часткова згараюць у час стрэлу.

2) гільза стралковай зброі падобна па канструкцыі на гільзу артыл. патрона. Бываюць латунныя, стальныя, кардонныя (для паляўнічай зброі).

3) гільза ў тэхніцы — пустацелая зменная цыліндрычная ўстаўка поршневых цеплавых рухавікоў (унутры гільзы перамяшчаецца поршань). Вырабляюць з чыгуну, устанаўліваюць у блок-картэрах рухавікоў з алюмініевых сплаваў.

Артылерыйская гільза: а — патроннага зараджання; б — раздзельнага зараджання, 1 — дульца; 2 — схіл; 3 — корпус; 4 — капсульнае гняздо; 5 — фланец; 6 — донны зрэз.

т. 5, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСЬ БЕЛАЛО́БАЯ (Anser albifrons),

птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Жыве ў сырых тундрах і лесатундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, на астравах Паўн. Ледавітага ак. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (кастр.—ліст.) пралётах.

Даўж. цела 66—76 см, маса 2—3,2 кг. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу святлейшае, на бруху чорныя папярочныя плямы. На лбе вакол дзюбы белая пляма (адсюль назва). Дзюба аранжава-жоўтая, ногі светла-аранжавыя. Добра ходзіць і плавае, пры небяспецы нырае, хутка бегае. Гняздо будуе на сухім месцы — узгорку, высокім беразе ракі. Нясе 4—6 яец. Корміцца маладымі раслінамі (злакі, асокі і інш.). На зіму адлятае на Пд. Аб’ект палявання.

т. 5, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЧ, дзяркач (Crex crex),

птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашыраны па ўсёй Еўропе, Зах. Азіі (да Байкала). Жыве на вільготных травяністых лугах, у пасевах с.-г. культур, на лясных высечках, агародах. На Беларусі звычайны пералётны від (нар. назвы дзяргач, дзяргун). Актыўны пераважна ўначы.

Даўж. цела 18—27 см, маса 100—200 г. Афарбоўка светла-рыжая з цёмнымі стракацінамі. Дзюба кароткая, моцная. Бегае хутка. Вясной самец выдае моцныя скрыпучыя гукі (адсюль назва). Гняздуецца парамі. Гняздо — ямка пад кустом або на купіне. Нясе 7—12 яец. Птушаняты ўкрыты чорна-бурым пухам. Корміцца насякомымі, смаўжамі, дажджавымі чарвямі, насеннем пустазелля і інш. Аб’ект палявання. Зімуе ў Афрыцы і Міжземнамор’і.

Драч.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫКІ́ (Meleagrididae),

птушкі сям. індычых атр. курападобных. 2 роды: Meleagris і Agriocharis, у кожным 1 від. Пашыраны ў паўд. частцы Паўн. і ў Цэнтр. Амерыцы, пераважна ў лесастэпавай зоне.

Даўж. цела І. звычайнага (M. gallopavo) да 110 см, маса самца да 10 кг, самкі да 4 кг. Апярэнне медна-бронзавае, з метал. адлівам. Галава і верхняя частка шыі не апераныя. З верхняй ч. дзюбы звісае скурны прыдатак, на горле складка скуры. Развіты шпоры. Палігамы. Гняздо на зямлі, пад кустамі. Нясуць да 15 яец. Добра бегаюць, лётаюць марудна. Корм раслінны і жывёльны. Аб’екты палявання. Ад І. звычайнага паходзяць індыкі свойскія.

Індык.

т. 7, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРАСЮ́К (Васіль Васілевіч) (н. 10.1.1954, г. Брэст),

бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979). З 1983 заг. муз. часткі Брэсцкага абл. т-ра драмы і музыкі. Працуе пераважна ў галіне тэатр. музыкі. Сярод твораў: опера для дзяцей «Анчутка» (1993); сімфонія «Белая Русь» (1983); Канцэрт для фп. з арк. (1985); вак.-інстр. — эстр. кампазіцыі «XX век» на словы Г.​Бураўкіна (1987) і «Споведзь» на словы М.​Пракаповіча і А.​Каско (1987); камерна-інстр. музыка, песні; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1981), «Вечар» А.​Дударава (1986), «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.​Макаёнка (1987), «Машэка» М.​Арахоўскага (1989), «Памінальная малітва» Р.​Горына (1991).

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЬКІ́ (Regulus),

род птушак атр. вераб’інападобных. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі 2 віды: жоўтагаловы каралёк і чырвонагаловы К. (R. ignicapillus) — рэдкі залётны від. Жывуць пераважна ў яловых лясах.

Самыя маленькія пеўчыя птушкі, даўж. да 11 см, маса да 7 г. Ў К. чырвонагаловага афарбоўка спіны шаравата-зялёная, брушка светла-шэрае; праз вока ідзе чорная палоска; бровы белыя, шапачка аранжава-чырвоная. Гняздо К. шарападобнае, з адкрытым верхам, на выш. 4—12 м ад зямлі. Нясуць 6—10 яец двойчы за год. Кормяцца насякомымі і лічынкамі.

Да арт. Каралькі. Каралёк чырвонагаловы. 1 — самец; 2 — самка.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́НДУ (Rheiformes),

нандупадобныя, страусы амерыканскія, атрад бескілявых птушак. Вядомы з верхняга пліяцэну (каля 2—7 млн. гадоў назад). 1 сям., 2 віды: Н. паўночны, або звычайны (Rhea americana), і Н. даўгадзюбы, або дарвінаў (R. pennata, або Pterocnemia pennata). Пашыраны ў стэпах і паўпустынях Паўд. Амерыкі. Трымаюцца групамі. Падвід Н. даўгадзюбага (R.p.tarapacensis) — у Чырв. кнізе МСАП.

Выш. да 170 см, маса да 50 кг. Апярэнне бураватае, шэрае. Крылы развітыя, але няздатныя да палёту. Ногі трохпальцыя. Добра бегаюць і плаваюць, кормяцца раслінамі, малюскамі, чарвямі, яшчаркамі. Палігамы. Некалькі самак (3—8) адкладваюць яйцы ў адно гняздо (да 30 яец); наседжвае самец.

Э.​Р.​Самусенка.

Нанду: 1 — паўночны; 2 — дарвінаў.

т. 11, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАКО́Ў (Анатоль Абрамавіч) (31.3.1921, г. Растоў-на-Доне, Расія — 10.4.1990),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў студыю т-ра імя М.​Горкага ў Растове-на-Доне (1940). Працаваў у т-рах Расіі. З 1955 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Выконваў гераічныя і характарныя ролі. Сярод работ: Кусонскі, Стрыжэўскі («Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.​Губарэвіча), «Камандзір браняпоезда» («Дні нашага нараджэння» І.​Мележа), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Баян («Клоп» У.​Маякоўскага), Судакоў («Гняздо глушца» В.​Розава), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Вурм, Лейстэр («Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф Шылера), доктар Ранк («Нора» Г.​Ібсена). Зняўся ў тэлефільме «Атланты і карыятыды».

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шчаслі́вец, ‑ліўца, м.

Шчаслівы чалавек; той, каму шанцуе. Мы не тыя шчасліўцы, якім давялося чуць жывы голас Ільіча, бачыць светлы бляск яго вачэй. Лойка. На гэты раз некаторыя шчасліўцы знайшлі нават птушынае гняздо з яечкамі ды злавілі крата. Маўр. Хто ён, шчаслівец, якога пакахала такая дзяўчына? Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рэ́мез ’птушка атраду вераб’іных’ (ТСБМ, ТС), рэме́за, рэмезо́к ’тс’ (ТС), рэ́мус ’рэмез, Remiz pendulinus L.’ (Нікан.), рэ́міс ’стрыж, Apus apus’ (ЛА, 1), рэмісь ’чорны стрыж’ (Шатал.). Сюды ж рэмезо́ ’гняздо рэмеза’ (ТС). Рус. ре́мез, укр. ре́мез, чэш. remiz, польск. remiz. Паводле Фасмера (3, 467), праз польскую мову запазычана з ням. Riedmeise ’чарацянка’, дзе Ried ’чарот’, Meise ’сініца’ (Булыка, СІС, 2, 323). Брукнер лічыць назву славянскай і суадносіць са славац. remzati ’шчабятаць’, а таксама дапускае этымалагічную сувязь з rzemieśniczek ’рэмез’, паколькі гэтая птушка з вялікім майстэрствам робіць гняздо (параўн. таксама ст.-рус. ремези ’майстры’); праблема толькі ў тым, як растлумачыць пераход rze‑ > re‑ (Брукнер, 457).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)