«БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»

(БелСЭ),

12-томны даведнік па ўсіх галінах ведаў; першая ў гісторыі бел. народа універсальная энцыклапедыя. Выдадзена ў Мінску ў 1969—75 выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». У 1976 выпушчаны дадатковы спец. том паказальнікаў (прадметны, імянны, геагр. назваў). У 1—11-м тамах у алфавітным парадку змешчана 34 409 артыкулаў, у канцы 11-га тома надрукаваны дадатак — матэрыялы пра падзеі, што адбыліся за час выдання БелСЭ. 12-ы том цалкам прысвечаны Беларусі, а матэрыялы ў ім размешчаны па тэматычным прынцыпе. Стваральнікі БелСЭ творча выкарысталі вопыт лепшых энцыклапедычных выданняў, метадычныя прынцыпы адбору, апрацоўкі і сістэматызацыі матэрыялаў. Звесткі па ўсіх пытаннях падаюцца ў цеснай сувязі з Беларуссю — з яе прыродай, эканомікай, навукай, гісторыяй, культурай, мастацтвам. Бел. нац. тэматыка ў БелСЭ складае каля 40%. У выданні змешчана каля 12 тыс. ілюстрацый і 672 карты. У напісанні артыкулаў для БелСЭ прынялі ўдзел больш за 5 тыс. аўтараў, з іх больш як 90% навукоўцы Беларусі. Групе стваральнікаў БелСЭ прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1976. У 1978 дапрацаваныя матэрыялы 12-га тома выдадзены на рус. мове асобнай кнігай «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка».

Літ.:

Грыцкевіч А., Мальдзіс А. Свята беларускай культуры // Полымя. 1975. № 12.

І.​П.​Хаўратовіч.

Выданне «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». 1969—76.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ БІ́БЛІЯ, Радзівілаўская біблія,

помнік польскамоўнага кнігадрукавання на Беларусі. Выдадзена ў 1563 у адной з Брэсцкіх друкарняў на сродкі М.​Радзівіла Чорнага, старосты берасцейскага. Адно з лепшых выданняў на той час у ВКЛ і Польшчы. Мае назву «Біблія святая, гэта значыць Кніга Старога і Новага запаветаў з яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай нанава на польскую мову са стараннасцю і дакладна перакладзеная». Амаль на кожнай старонцы на палях каментарыі да тэксту. Упершыню ў гісторыі кнігадрукавання на Беларусі змешчаны прадметны паказальнік У пратэстанцкай па накіраванасці прадмове тлумачацца прынцыпы і асаблівасці перакладу, адзначаецца, што за ўзор узята Біблія на франц. мове.

Брэсцкая біблія — вялікі фаліянт, апраўлена ў скураную вокладку з малюнкамі і графічным афармленнем. Выдадзена фарматам «у ліст», мае 738 старонак. Асобныя гравюры паводле кампазіцыі і малюнка, асобных дэталяў узыходзяць да гравюр Ф.​Скарыны. Тэкст надрукаваны гатычным шрыфтам у 2 калонкі па 58 радкоў у кожнай. Экзэмпляры Брэсцкай бібліі зберагаюцца ў Дзярж. публічнай б-цы ў Маскве, Цэнтр. б-цы АН Літвы і ў Ягелонскай б-цы ў Кракаве, няпоўны экз. — у Цэнтр. навук. б-цы імя Я.​Коласа АН Беларусі.

А.​П.​Грыцкевіч.

Ілюстрацыя «Патоп» у Брэсцкай бібліі.

т. 3, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́ВІЧ (Антон) (н. 26.6.1909, Мінск),

гісторык і літаратуразнавец. З 1928 вучыўся ў БДУ. У 1930 арыштаваны па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы ў Расію. У 1938 вызвалены; вярнуўся ў Мінск, скончыў БДУ. У час 2-й сусв. вайны чл. Цэнтр. рады Бел. нар. самапомачы, прэзідыума Бел. навук. т-ва, рэферэнт па справах прапаганды і прэсы пры Ген. камісарыяце Беларусі, супрацоўнік рэдакцыі «Менскай газэты» («Беларускай газэты»). Пасля вайны ў Зах. Германіі рэдагаваў бел. эмігранцкія газеты і часопісы. Адзін са стваральнікаў Мюнхенскага ін-та па вывучэнні СССР, кіраўнікоў бел. рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода». З 1960 у ЗША. Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы і культуры Беларусі: «Бальшавізм на шляхах устанаўлення кантролю над Беларуссю» (1954); «Бальшавізм у рэвалюцыйным руху на Беларусі» (1956); «Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча)» (1983). Пісаў пра бел. л-ру («Максім Гарэцкі», 1928; «Якуб Колас у супраціве саветызацыі», 1955; «Супраціўленне саветызацыі ў беларускай літаратуры», 1958, на англ. мове). Аўтар тэндэнцыйных уступных арт. да эмігранцкіх выданняў твораў Н.​Арсенневай, М.​Багдановіча, А.​Гаруна, У.​Жылкі, Л.​Калюгі, А.​Мрыя, А.​Салаўя, публікацый пра бел. паэтаў, якія былі рэпрэсіраваны (У.​Дубоўка, Я.​Пушча і інш.).

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКІ ШРЫФТ,

шрыфт, уведзены ў Расіі для друкавання свецкіх выданняў у выніку праведзенай у 1708 Пятром I рэформы рус. пісьменства. Крыніца — маскоўскае пісьменства канца 17 — пач. 18 ст. на аснове кірыліцы і лац. шрыфту антыква. Пры стварэнні грамадзянскага шрыфту з кірыліцы былі выключаны непатрэбныя для рус. мовы грэч. літары «псі», «ксі», «амега», «іжыца», лігатура «от», знак націску (моцы), скарачэнняў (цітлы), «юсы» (вял. і малы, якія служылі для перадачы насавых гукаў). У алфавіце быў узаконены новы абрыс літар «э», «я», замест абазначэння лічбаў літарамі сталі выкарыстоўваць араб. лічбы. Эскізы малюнкаў літар грамадзянскага шрыфту, верагодна, рабіў сам Пётр, шрыфт маляваў Куленбах. Літары грамадзянскага шрыфту былі адліты ў Амстэрдаме і на Маскоўскім друкарскім двары. Мяркуюць, што ў падрыхтоўцы рэформы рус. пісьменства і ўзораў шрыфтоў прымаў удзел І.Ф.Капіевіч. Першая кніга, набраная грамадзянскім шрыфтам, — «Геометриа славенски землемерие» (1708). У 18—19 ст. грамадзянскі шрыфт узяты за аснову балг. і сербскага, у 20 ст.манг. алфавітаў. Пад яго ўплывам сфарміраваліся бел. і ўкр. алфавітныя сістэмы, а таксама некат. народаў Расіі.

Літ.:

Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт: Вопр. истории и практика применения. 2 изд. М., 1985.

М.​Б.​Батвіннік.

Да арт. Грамадзянскі шрыфт. Старонка рускай грамадзянскай азбукі з уласнаручнымі паметамі Пятра I.

т. 5, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́ЛЬДЫКА (позналац. heraldica ад heraldus вяшчальнік),

спецыяльная гістарычная навука, якая даследуе паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне гербаў, інстытут іх карыстання. Падзяляецца на тэарэтычную (вывучэнне гербаў) і практычную (стварэнне новых гербаў). Першая праца па геральдыцы — «Трактат пра адзнакі і гербы» італьян. юрыста Бартала да Сасаферата (14 ст.). З 17 ст. геральдыка развіваецца як навука і выкладаецца ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай геральдыцы прысвечаны працы кн. Ю.​А.​Ябланоўскага «Геральдыка, гэта значыць асада клейнодаў рыцарскіх...» (6 выданняў у 1742—52) і Д.​Ф.​Колі «Кароткі трактат пра геральдыку» (1747). Тэарэт. праблемамі геральдыкі ВКЛ займаліся таксама гісторыкі А.​Малецкі, У.​Сямковіч і інш. У цяперашні час акрамя дзярж. герольдый манархічных краін геральдыкай займаюцца шматлікія геральдычныя т-вы розных краін, аб’яднаныя ў некалькі міжнар. асацыяцый. На Беларусі геральдыку даследуюць Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве, асобныя даследчыкі.

Літ.:

Fox-Davies A.C. Complete Guide to Heraldry. 8 ed. London, 1969;

Oswald G. Lexikon der Heraldik. Leipzig, 1984;

Kalinowski A. Heraldyka szlachecka. Warszawa, 1990.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Да арт. Геральдыка. Герб роду Лукашэвічаў з радаводнай справы. 19 ст. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

т. 5, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКАЗА́ЛЬНІК,

пералік упарадкаваных паводле алфавітнай, храналагічнай, нумарацыйнай ці інш. прыкметы апісанняў твораў друку і пісьменства, назваў прадметаў, уласных імён, абазначэнняў і інш., які дазваляе хутка знаходзіць неабходныя звесткі ў адпаведным інфарм. масіве. Паводле зместу і прызначэння традыцыйна адрозніваюць П. бібліягр. і дапаможныя. Бібліягр. П. з’яўляецца разнавіднасцю бібліягр. дапаможнікаў; мае самаст. даведачнае значэнне (гл. Бібліяграфія). Дапаможны П. не мае самаст. даведачнага значэння; выступае ў якасці даведніка па тэксце, ён абавязковы для даведачных, навук. і навуч. выданняў. Складаецца са спасылак да тэксту (старонкі, нумары параграфаў і да т.п.), якія паказваюць на месца знаходжання інфармацыі. У залежнасці ад зместу рубрык П. бываюць імянныя, прадметныя, геагр. і інш.; паводле прынцыпу размяшчэння матэрыялу — алфавітныя, сістэматычныя, храналагічныя і інш.; паводле структуры рубрык — простыя і разгорнутыя П., а пры наяўнасці дадатковых звестак — анатаваныя. Па ступені раскрыцця зместу дакумента бываюць П. да ўсяго тэксту, часткі тэксту, па аднаму ці некалькіх аспектах. Выбар тыпу П. залежыць ад зместу выдання, яго чытацкага прызначэння, аб’ёму, традыцый у канкрэтных галінах ведаў. Чым больш складаны тэкст выдання, тым больш разнастайныя П. да яго.

Літ.:

Кунце Х. Составление вспомогательных указателей: Пер. с нем. М., 1977;

Призмент Э.Л., Динерштейн Е.А. Вспомогательные указатели к книжным изданиям. М., 1988.

А.​І.​Чарняева.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЫБУ́ЦЫЯ,

1) устанаўленне аўтарства непадпісанага або псеўданімнага літ., навук., маст. твора, вызначэнне яго прыналежнасці да пэўнага гіст. часу, нац. школы; адна з важных праблем тэксталогіі і мастацтвазнаўства. У літаратуразнаўстве вял. роля адводзіцца атрыбуцыі помнікаў стараж. пісьменства, якія распаўсюджваліся пераважна ананімна, і атрыбуцыі твораў бесцэнзурнай л-ры. Для бел. літ.-знаўства атрыбуцыя мае асаблівае значэнне ў сувязі са спецыфічнымі ўмовамі развіцця л-ры ў дасав. перыяд (афіцыйная забарона друкавання кніг на бел. мове, малалікасць нац. перыёдыкі, рукапіснае і вуснае бытаванне многіх твораў ці ананімнасць выданняў). Асн. кірункі навук. атрыбуцыі: аналіз дакумент. матэрыялаў (аўтографаў, перапіскі, дзённікаў, мемуараў аўтара і яго сучаснікаў); супастаўленне ідэйна-вобразнага зместу твора з ідэйнай пазіцыяй магчымага аўтара; аналіз мовы і стылю тэксту. Побач з тэрмінам «атрыбуцыя» ў навуцы карыстаюцца таксама тэрмінам эўрыстыка.

М.​І.​Мушынскі.

2) У археалогіі атрыбуцыя — выяўленне асноўных, істотных, вызначальных уласцівасцяў, прыкмет аб’екта даследавання, без якіх ён траціць сэнсавую нагрузку. Пры археал. і гіст. даследаваннях атрыбуцыю праводзяць з дапамогай параўнальна-гістарычнага, параўнальна-тыпалагічнага і інш. метадаў. Высвятленне атрыбутыўных рысаў патрабуе гіст. падыходу. У археалогіі выкарыстоўваецца атрыбуцыя стараж. рэчаў, археал. помнікаў, комплексаў, культур. Найвышэйшай ступені дасягае атрыбуцыя этнічнай прыналежнасці гіст. помнікаў, калі археал. крыніцы ператвараюцца ў гіст. факты і з’яўляецца магчымасць вывучаць гісторыю пэўнага этнасу (племянной групы, народнасці, нацыі).

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ПІУС (Яўген Уладзіміравіч) (7.7.1903, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 5.6.1985),

рускі музыказнавец-фалькларыст. Д-р мастацтвазнаўства (1958), праф. (1944). Скончыў Ін-т гісторыі мастацтваў (1924) і кансерваторыю (1928) у Ленінградзе. У 1927—43 працаваў у навук. установах і ВНУ Ленінграда і Масквы. Заснавальнік і навук. кіраўнік (1927—43) Фонаграмархіва АН СССР (Ін-т рус. л-ры — «Пушкінскі дом»). Удзельнік фалькл. экспедыцый, у т. л. на Бел. Палессі (1934). Распрацаваў тэарэт. праблемы збірання, натавання, акустычнага вымярэння гукавышыннага ладу нар. напеваў, займаўся пытаннямі сістэмнай тыпалогіі, параўнальным вывучэннем лакальных меладычных стыляў муз. фальклору рускіх, беларусаў, фіна-угорскіх і цюрк. народаў у іх гіст. развіцці, даследаваў інтэрнац. вытокі рус. рэв. песень. Рэдактар многіх фалькл. выданняў, у т. л. «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940, з З.​Эвальд), «Беларускія народныя песні» (1941, «Песні народаў СССР»), «Песенная культура беларускага Палесся» З.​Мажэйкі (1971), «Песні беларускага Палесся» Эвальд (1979).

Тв.:

Интонационные элементы русской частушки // Советский фольклор. М.; Л., 1936. № 4—5;

Песни Пинежья. Кн. 2. М., 1937 (разам з З.​Эвальд);

Белорусский песенный фольклор (разам з З.​Эвальд) // Сов. музыка. 1940. № 4;

Сборники русских народных песен М.​А.​Балакирева // Балакирев М.А. Русские народные песни. М., 1957;

«Эй, ухнем» — «Дубинушка»: История песен. М., 1962.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КАЛЬНІК (Нестар Васілевіч) (20.9.1809, С.-Пецярбург — 20.12.1868),

рускі пісьменнік. Брат П.В.Кукальніка. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1829), у якой вучыўся з М.​Гогалем. Выкладаў у 1-й і 2-й віленскіх гімназіях (да 1831), служыў чыноўнікам у Пецярбургу. У 1832 сакратар камісіі па заснаванні Віленскай мед.-хірург. акадэміі. У 1836—41 у Пецярбургу выдаваў «Художественную газету» — адно з першых перыяд. выданняў Расіі, прысвечаных жывапісу, час. «Дагерротип» (1842), «Иллюстрация» (1845—47).

Друкаваўся з 1833 (п’еса «Тарціні»). Драм. творчасць умоўна падзяляюць на «драм. фантазіі» ў вершах і прозе пра лёс мастака («Тарквата Таса», паст. 1835; «Джакоба Саназар», 1834; «Мейстар Мінд», 1839; «Імправізатар», 1844, і інш.) і гіст. трагедыі, у якіх адлюстраваны моманты рус. гісторыі, што найб. ярка дэманструюць працэсы нац. яднання і самасвядомасці («Рука Усявышняга айчыну выратавала», паст. 1834; «Князь Данііл Дзмітрыевіч Холмскі», 1840, муз. М.​Глінкі, і інш.). Гіст. аповесці і апавяданні 1830—40-х г. прысвечаны пераважна эпосе Пятра I («Сяржант Іван Іванавіч Іваноў, ці Усе заадно», «Два Іваны, два Сцяпанычы, два Кастыльковы» і інш.). На словы К. напісаны рамансы Глінкі «Сумненне», цыкл з 12 рамансаў «Развітанне з Пецярбургам» і інш. Удзельнічаў у напісанні лібрэта опер Глінкі «Руслан і Людміла» і «Жыццё за цара» («Іван Сусанін»). Аўтар «Практычнага курса рускай граматыкі» (Вільня, 1830).

А.​В.​Спрынчан.

т. 8, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУБО́К, народная карціна,

твор графікі (пераважна друкаванай), прызначаны для масавага распаўсюджання. Вызначаецца даходлівасцю вобраза, дэкаратыўнасцю і прастатой тэхнікі, лапідарнасцю выяўл. форм, якая часта дасягаецца выразным штрыхом, яркай размалёўкай. У выяўл. тканіну Л. часта ўваходзяць подпісы, што тлумачаць выяву. Выконваецца звычайна непрафес. мастаком. Часам да Л. адносяць і творы прафес. графікі, якія пераймаюць лубачна-фальклорныя прыёмы.

Здаўна вядомы ў Кітаі, першапачаткова маляваны, з 8 ст. — у тэхніцы дрэварыту. Атрымаў пашырэнне ў краінах Еўропы: з 15 ст. — дрэварыт, з 17 ст. — медзярыт, з 19 ст, — літаграфія. У 19 ст. да тэхнікі Л. часам звярталіся прафес. мастакі: Ф.​Гоя (Іспанія), А.​Дам’е, Г.​Курбэ (Францыя), А.​Венецыянаў, Дз.​Маор (Расія) і інш., у 20 ст. — прадстаўнікі прымітывізму.

У бел. мастацтве вядомы з сярэдзіны 16 ст. (асобныя дрэварыты віленскіх выданняў Ф.​Скарыны). У 17—18 ст. прыёмы Л. шырока выкарыстоўваліся ў ілюстрацыях бел. друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Куцейны, Магілёва. Лубачныя карцінкі на рэліг. сюжэты, абразкі бытавалі на Беларусі ў 18—19 ст. Яны выконваліся ў тэхніцы абразной гравюры або медзярыта (Л. гравёра П.​Комара з Супрасля, 1740). У бел. мастацтве нашага часу стылістыка Л. ўласціва кніжнай графіцы А.​Лось, станковым серыям Я.​Бусла і інш.

В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Лубок. Блазан Фарнос, Чырвоны нос. Рускі народны лубок. 18 ст.

т. 9, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)