АСМАТЫ́ЧНЫ ЦІСК, дыфузны ціск,

лішкавы гідрастатычны ціск раствору, які перашкаджае дыфузіі растваральніку праз паўпранікальную перагародку; тэрмадынамічны параметр. Характарызуе імкненне раствору да зніжэння канцэнтрацыі пры сутыкненні з чыстым растваральнікам пры сустрэчнай дыфузіі малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Абумоўлены змяншэннем хімічнага патэнцыялу растваральніку ў прысутнасці растворанага рэчыва. Роўны лішкаваму вонкаваму ціску, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб спыніць осмас. Вымяраецца ў паскалях.

Вымярэнні асматычнага ціску пачаў у 1877 ням. батанік В.​Пфефер у растворы трысняговага цукру. Па яго даных галандскі хімік Я.​Х.​Вант-Гоф устанавіў у 1887, што залежнасць асматычнага ціску ад канцэнтрацыі цукру па форме супадае з Бойля-Марыёта законам для ідэальных газаў. Асматычны ціск вымяраюць з дапамогай асмометраў. Статычны метад вымярэння асматычнага ціску заснаваны на вызначэнні лішкавага гідрастатычнага ціску па вышыні слупка вадкасці H пасля ўстанаўлення стану раўнавагі пры роўнасці вонкавых ціскаў PА і PБ; дынамічны метад зводзіцца да вымярэння скорасці V усмоктвання і выціскання растваральніку з асматычнай ячэйкі пры розных значэннях лішкавага ціску P = PА – PБ з наступнай інтэрпаляцыяй атрыманых даных да V=0 пры лішкавым ціску Δp, роўным асматычнаму ціску. Па велічыні асматычнага ціску распазнаюць: ізатанічныя, або ізаасматычныя, растворы, якія маюць аднолькавы асматычны ціск (незалежна ад саставу), гіпертанічныя з больш высокім Асматычным ціскам і гіпатанічныя растворы з больш нізкім асматычным ціскам.

Асматычны ціск адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывых клетак і арганізмаў. У клетках і біял. вадкасцях ён залежыць ад канцэнтрацыі раствораных у іх рэчываў. Па велічыні асматычнага ціску вадкасцяў унутр. асяроддзя арганізма (кроў, гемалімфа і інш.) водныя арганізмы падзяляюцца на гіпер-, гіпа- і ізаасматычныя. Сярэдняя велічыня і дыяпазон асматычнага ціску ў розных арганізмаў розныя і залежаць ад віду і ўзросту арганізма, тыпу клетак і асматычнага ціску навакольнага асяроддзя (напр., асматычны ціск клетачнага соку наземных органаў балотных раслін 0,2—1,6 МПа, у стэпавых 0,8—0,4, у дажджавых чарвякоў 0,36—0,48, у прэснаводных рыб 0,6—0,66, у акіянічных касцістых рыб 0,78—0,85, акулавых 2,2—2,3, млекакормячых 0,66—0,8 МПа). У гіперасматычных арганізмаў (прэснаводныя жывёлы, некаторыя марскія храстковыя рыбы — акулы, скаты; усе расліны) унутр. Асматычны ціск перавышае асматычны ціск навакольнага асяроддзя, таму іоны могуць актыўна паглынацца арганізмам і ўтрымлівацца ў ім, а вада паступае праз біял. мембраны пасіўна, у адпаведнасці з асматычным градыентам. У гіпаасматычных жывёл (касцістыя рыбы, некаторыя марскія паўзуны, птушкі) асматычны ціск крыві меншы за асматычны ціск навакольнага асяроддзя. Адноснае пастаянства Асматычнага ціску забяспечваецца водна-салявым абменам праз осмарэгулявальныя органы (гл. ў арт. Осмарэгуляцыя).

Літ.:

Курс физической химии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1970—73;

Пасынский А.Г. Коллоидная химия. 3 изд. М., 1968;

Гриффин Д., Новик Эл. Живой организм: Пер. с англ. М., 1973.

Вымярэнне асматычнага ціску асмометрам: А — камера для раствору; Б — камера для растваральніка; М — мембрана. Узроўні вадкасці ў трубках пры асматычнай раўнавазе: а, в — пры роўнасці вонкавых ціскаў PА = PБ; б — пры роўнасці рознасці PА−PБ асматычнага ціску.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

частка фізіка-геагр. раёна Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады на У Гродзенскай і Пн Брэсцкай абласцей. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай на З, Пн і ПнУ, Стаўбцоўскай раўнінай на У, Капыльскай градой і Баранавіцкай раўнінай на ПдУ і Пд, Слонімскім узв. на ПдЗ. Выш. да 323 м (Замкавая гара). Пл. 3550 км². Выцягнута з Пн на Пд на 72 км, з З на У на 45—50 км. Раўніны і даліны рэк, якія акаймоўваюць Н.ў., знаходзяцца на выш. 165—175 м, на Пд — да 180—200 м.

Н.ў. прымеркавана да Цэнтральнабел. масіву Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты на цэнтр. і паўн.-ўсх. участках верхнявендска-ніжнекембрыйскім комплексам парод, на паўд. — сярэднерыфейска-ніжнекембрыйскім. Тоўшча даантрапагенавых парод (магутнасць больш за 200 м) пераважна складаецца з мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, якія на асобных участках у выніку дзейнасці ледавікоў моцна дэфармаваны. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 60—316 м) суцэльным чахлом перакрывае даантрапагенавыя пароды. У ёй найб. развіты ледавіковыя адклады ранняга і сярэдняга плейстацэну. Складзена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых парод, а таксама азёрных і балотных намнажэнняў міжледавіковых эпох. У час паазерскага зледзянення ў пародах Н.ў. ўзніклі мярзлотныя дэфармацыі, намнажаліся лёсавыя ўтварэнні (магутнасць да 8 м).

Перадумовы ўзнікнення Н.ў. абазначыліся ўжо ў рэльефе крышт. фундамента, дзе выяўлена серыя невял. выступаў. Першыя ледавікі стварылі ядро ўзвышша. Канчаткова рэльеф Н.ў. сфарміраваўся ў выніку дняпроўскага зледзянення і сожскага зледзянення. На Н.ў. вылучаюць 3 тыпы рэльефу. Градава-ўзгорыстыя краявыя ўтварэнні ў цэнтры ўзвышша, на Пд ад г.п. Дзятлава і на ўчастках, што прылягаюць да далін рэк Моўчадзь, Нёўда, Сэрвач, Валоўка. Выш. 300—320 м, глыб. расчлянення 30—60 м/км². Даўж. град да 20—30 км. Спадзіста-выпуклыя схілы расчлянёныя мноствам стараж. лагчын ледавіковага сцёку і ярамі. Узгорыста-марэнны дэнудацыйны рэльеф на б.ч. ўзвышша. Выш. 170—250 м, адносныя перавышэнні 10—30 м. Густата расчлянення да 2—3 км/км². Узгорыста-марэнны рэльеф на лёсападобных пародах вызначаецца згладжанымі і платопадобнымі водападзельнымі паверхнямі і інтэнсіўным ярыста-лагчынным (3—5 км/км²) расчляненнем схілаў. Водна-ледавіковая раўніна нешырокай паласой акаймоўвае зах. схіл узвышша. Далінныя зандры развіты ўздоўж р. Моўчадзь і яе прытокаў. На плоскіх паверхнях трапляюцца тэрмакарставыя западзіны, занятыя балотамі. Карысныя выкапні: мел, гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд. Сярэднія т-ры студз. -6,6 °C, ліп. 17,4 °C, ападкаў 706 мм за год (г. Навагрудак). Рачная сетка належыць да бас. Нёмана. Н.ў. перасякае р. Моўчадзь, на схілах вытокі рэк Іса, Мышанка, Шчара, Сэрвач. Нёўда, Валоўка. На Пд ад г. Навагрудак воз. Свіцязь. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-балотныя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя. Пад лесам каля 28% тэрыторыі; лясы яловыя, яловыя з дамешкамі дубу, грабу, ясеню, вязу, клёну; дубровы. Па тэрасах р. Моўчадзь — хваёвыя бары, па далінах рэк і сухадолах — лугі. Пад ворывам 41% тэрыторыі.

М.​Я.​Зусь.

Навагрудскае ўзвышша.

т. 11, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Ашмянскія грады,

фізіка-геагр. раён Беларускай грады. На ПнУ Гродзенскайі З Мінскай абласцей. Мяжуе з Нарачана-Вілейскай нізінай на Пн, Мінскім узв. на У, Верхнянёманскай ніз. на Пд, Лідскай раўнінай на ПдЗ. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ да 110 км (заходзіць у Літву як Мядзінінкскае узв.), шыр. да 40—50 км. Далінай Зах. Бярэзіны аддзяляецца ад Мінскага узв., з якім генетычна звязана. Над суседнімі нізінамі ўзнімаецца на 75—150 м. Найб. выш. 320 м над узр. м. — г. Мілідаўская (за 2 км на ПнУ ад в. Крэва Смаргонскага р-на). Пл. каля 4 тыс. км². Ашмянскае ўзвышша — франтальныя ледавіковыя грады і вуглавы масіў, якія ўзніклі пры шматразовым насоўванні краю ледавіка вілейскай і мяркінскай лопасцяў у час Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення; зах. галіна адзінага амфітэатра канцавых марэнных утварэнняў, якія прадаўжаюцца на Пн па зах. перыферыі Мінскага узв. (да Докшыц). Прымеркавана да Валожынскага грабена і паўтарае яго арыенціроўку.

У будове ўзвышша пераважаюць адклады ніжняга і сярэдняга (​1/2 магутнасці) антрапагену. З паверхні складзена з пяскоў, супескаў і суглінкаў з уключэннямі жвіру, галькі і валуноў (трапляюцца вельмі буйныя, гл. «Асілак») дняпроўскага зледзянення, з лёсападобных і зандравых адкладаў паазерскага зледзянення, азёрных, алювіяльных і балотных утварэнняў паазерскага і галацэнавага часу. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, буд. пяскі і пясчана-жвіровы матэрыял, торф.

У рэльефе вылучаецца не менш як 5 кулісападобных градаў шыр. ад 1—1,5 да 5—7 км, якія складзены з гляцыядыслакаваных пародаў са шматлікімі адорвенямі і маюць скібава-складкавую структуру. Градава-ўзгоркавы і ўзгоркава-ўвалісты рэльеф са стромкімі (пераважна паўд.-зах.) схіламі мае адносныя вышыні ад 15—20 да 50—60 м (найб. выразны на ПнУ ад г. Ашмяны). Міжградавыя паніжэнні заняты даліннымі зандрамі і азёрна-алювіяльным рэльефам паазерскага зледзянення. Трапляюцца асобныя камы і лімнакамы, озавыя грады (найчасцей у паніжэннях). На стромкіх схілах развіты яры глыб. 3 м, даўж. 0,5 км. Узвышша пераразаюць скразныя даліны Бярэзіны паміж в. Гародзькі і Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл., Ашмянкі на ўчастку ад г. Ашмяны да в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці і інш. Вярхоўі рэк Ашмянка і Альшанка звязаны затарфаванай далінай прарыву шыр. 11 км. Рэкі адносяцца да бас. Нёмана. Прытокі Віліі дрэніруюць паўн.-ўсх. (Ашмянка і Уша) і зах. (Мяркіс) схілы, на паўд.-зах. схіле пачынаюцца р. Гаўя з прытокамі Жыжма і Клява, Альшанка і інш. прытокі Зах. Бярэзіны. Т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 17,1 °C, ападкаў 650—700 мм за год. Глебы найб. урадлівыя ва ўсх. ч. — дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках, на астатняй тэр. дзярнова-падзолістыя на марэнных супесках і водна-ледавіковых пясках, у поймах алювіяльныя, у міжградавых паніжэннях і на месцы былых азёраў тарфяна-балотныя. Лясы (36% тэр.) захаваліся на невял. участках, найб. на З у вярхоўях Мяркіса і Альшанкі, — субары, яловыя, бярозава-асінавыя і алешнікі. Лугавая расліннасць (каля 25% тэр.) злакава-разнатраўная, разнатраўная і асаковая. Разарана каля 32% тэрыторыі. Ашмянскае ўзвышша мае адметныя краявіды, асабліва каля в. Кушляны Смаргонскага р-на і в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл.

М.​Я.​Камароўскі.

Ашмянскае ўзвышша каля в. Жупраны Ашмянскага р-на.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад лац. melioratio паляпшэнне),

комплекс тэхн. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне зямельных, раслінных, водных і кліматычных рэсурсаў.

Гал. мэта М. — павышэнне ўрадлівасці глеб, фарміраванне высокапрадукцыйных аграбіяцэнозаў, стварэнне спрыяльных умоў для існавання карыснай флоры і фауны, уключэнне ў гасп. абарот вял. плошчаў непрыдатных зямель. Найб. пашырана с.-г. М., якая прадстаўлена гідратэхн., хім., агралесамеліярац., супрацьэразійнымі і культуртэхн. відамі. Гідратэхнічная М. (М. зямель з неспрыяльным водным рэжымам) — асушэнне або арашэнне глеб, тэрыторый. У залежнасці ад канкрэтных глебава-кліматычных умоў ствараюцца асушальныя, асушальна-ўвільгатняльныя, асушальна-арашальныя меліярац. сістэмы. Хімічная М. праводзіцца на с.-г. угоддзях з неспрыяльнымі аграхім. ўласцівасцямі глебы, яна ўключае вапнаванне глебы, унясенне мінер. угнаенняў і інш. хім. рэчываў. Агралесамеліярацыя выкарыстоўваецца для павышэння прадукцыйнасці лясоў. Супрацьэразійная М. накіравана на папярэджанне размыву і змыву глебы паверхневымі водамі, выдзімання яе ветрам, на ўмацаванне яроў і інш. Тэхнічная М. выкарыстоўваецца пры буд. работах для замацавання грунтоў. Большасць М. праводзіцца адначасова з культуртэхн. работамі, накіраванымі на паляпшэнне стану зямель. Пры выкананні меліярац. работ выкарыстоўваюцца меліярацыйныя машыны.

М. — адно з самых вял. антрапагенных уздзеянняў на прыродныя комплексы. Яна прыводзіць да пераўтварэння глеб, гідраграфіі, клімату, расліннасці, што выклікае глыбокія змены ў прыродным асяроддзі. Узніклі таксама новыя навукі, якія вывучаюць гэтыя з’явы: меліярацыйная гідрагеалогія, меліярацыйная геаграфія, меліярац. гідралогія, меліярац. глебазнаўства і інш. Выявіліся адмоўныя вынікі ўздзеяння М. на прыроду: перасушка глеб, выпрацоўка торфу, памяншэнне разнастайнасці жывёл і раслін, паніжэнне ўзроўню грунтавых вод (адпаведна і ў калодзежах), павялічваецца колькасць замаразкаў, сухавеяў і інш.

Тэр. Беларусі адносіцца да зоны лішкавага ўвільгатнення: 2,5 млн. га (больш за 12% тэрыторыі) займаюць балоты, з іх больш за 80% нізінныя. Гэта патрабуе гідратэхн. М., накіраванай на паляпшэнне водна-паветр. рэжыму тарфяна-балотных і пераўвільготненых мінер. глеб. Першыя асушальныя работы пачаліся ў 1856, калі на тэр. Горы-Горацкага земляробчага ін-та быў закладзены ганчарны дрэнаж. У 1873—98 М. на Палессі працавала Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот. У 1920—30-я г. праведзены работы па асушэнні Мар’інскіх балот у Любанскім р-не Мінскай вобл. Да 1941 асушана 240 тыс. га пераўвільготненых зямель, з іх 170 тыс. га асвоена. Тэмпы М. рэзка павялічыліся ў 1960-я г., асабліва на Беларускім Палессі. З 1970-х Г. павысілася доля закрытага дрэнажу, сістэм з двухбаковым рэгуляваннем воднага рэжыму (22,1%, 1996), арашэння. Асн. віды меліярац. работ суправаджаюцца меліярацыяй клімату.

На Беларусі асушана каля 4 млн. га, з іх каля 3 млн. га с.-г. угоддзяў: 40% ворыва, 28 сенажацяў, 27 пашы, 5% інш. (1999). Патрабуецца ўдасканаленне тэхн. стану меліярац. сістэм на пл. 892,5 тыс. га (30,6%) усіх асушаных с.-г. угоддзяў. Для захавання эталонных прыродных комплексаў ствараюцца запаведнікі, заказнікі і інш. ахоўныя тэрыторыі, дзе правядзенне М. абмяжоўваецца або забараняецца. Для памяншэння негатыўных экалагічных вынікаў у меліярац. праектах уведзены раздзел «Ахова прыроды», ажыццяўляецца экалагічная экспертыза праектаў. Для больш эфектыўнага вырашэння праблем меліярац. навукі створаны н.-д. ўстановы, галаўная — меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ.

В.​С.​Аношка.

Да арт. Меліярацыя. Шлюз-рэгулятар на меліярацыйным канале.

т. 10, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГІ́ЧЫНСКІ РАЁН,

на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1965). Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 52 тыс. чал. (1997), гарадскога 34%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Драгічын, г.п. Антопаль, 133 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на пассавет Антопальскі і 14 сельсаветаў: Асавецкі, Бездзежскі, Брашэвіцкі, Вулькаўскі, Галоўчыцкі, Гутаўскі, Дзеткавіцкі, Драгічынскі, Закозельскі, Імянінскі, Немяржанскі, Папінскі, Радастаўскі, Хомскі. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) 22 населеныя пункты (​1/6 тэр.) забруджаны радыенуклідамі.

Раён у межах водна-ледавіковай раўніны Загароддзе, на Пн — ч. Прыпяцкага Палесся, на Пд — у межах Брэсцкага Палесся. Паверхня плоскараўнінная, 85% тэр. з вышынямі да 165 м. Найвыш. пункт 173 м (на ПнУ ад в. Крамно). Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -4,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 629 мм за год. Вегетац. перыяд 202 сут. На Пн раёна р. Ясельда з прытокамі Ласінцы, Плёса і інш., Дняпроўска-Бугскі канал, меліярац. каналы — Белаазерскі, Жыроўскі, Ляхавіцкі, Павіцкі і інш. У межах раёна вадасховішчы: Галоўчыцкае, Белін-Восаўцы і інш.; часткова размешчаны азёры Спораўскае і Белае. Глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (37,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (34,5%), тарфяна-балотныя нізінныя (21,9%) і інш. Пад лесам 23% тэрыторыі. Найб. лясістасць на Пд; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і інш., чвэрць іх — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць 15,8% тэр., ​1/4 іх асушана. На тэр. раёна дзяржаўныя біялагічныя заказнікі Званец, Радастаўскі і часткова Спораўскі. Зоны адпачынку на р. Ясельда і Дняпроўска-Бугскім канале.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 96,9 тыс. га (51%), з іх асушана 41,9 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 22 калгасы, 1 саўгас, рыбгас «Навасёлкі», 23 фермерскія гаспадаркі. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Разводзяць авечак і свіней, займаюцца пчалярствам і рыбагадоўляй. Вырошчваюць збожжавыя культуры: жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку, гарох, бульбу, цукр. буракі, лён. Прадпрыемствы харч. (сыр, хлеб, спірт), лёгкай (ватна-прадзільная ф-ка) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў, камбікорму, безалкагольных напіткаў, гематагену. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель, аўтадарогі Брэст—Гомель і Драгічын—Бяроза, Дняпроўска-Бугскі канал, нафтаправод «Дружба». У раёне 23 сярэднія, 15 базавых, 15 пач. школ, 4 муз. школы, санаторная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, прафес.-тэхн. вучылішча, 14 дашкольных устаноў, 46 клубаў, 61 б-ка, 6 бальніц, 3 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл (да 1820) і Троіцкая царква (1784) у в. Бездзеж; царква Ушэсця (пач. 20 ст.) у в. Брашэвічы; царква Раства Багародзіцы (1737) у в. Вавулічы; Міхайлаўская царква (1780) у в. Восаўцы; Юр’еўская царква (1766) у в. Валавель; Пакроўская царква (1740) у в. Дзеткавічы; сядзіба Э.​Ажэшка з капліцай-пахавальняй (1853) у в. Закозель (19 ст.); Троіцкая царква (1842) у в. Зёлава; Успенскія цэрквы ў в. Ласінцы (пач. 19 ст.) і ў в. Ліпнікі (1792); руіны сядзібы, дзе жыла Э.​Ажэшка ў в. Людзвінова; царква Багародзіцы (19 ст.) у в. Ляхавічы; касцёл (19 ст.) у в. Новае Папіна; сядзіба (пач. 19 ст.) у в. Пярковічы; Праабражэнская царква (1810) у в. Папіна; Пакроўская царква (1862) у в. Радастава; царква Раства Багародзіцы (1797) у в. Субаты; Святадухаў касцёл (1750) у в. Язвіны. Выдаецца газ. «Драгічынскі веснік».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДО́ВА-ПА́РКАВАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва фарміравання садоў, паркаў і інш. азялененых участкаў гарманічным спалучэннем прыродных і арх. элементаў (рэльеф, вадаёмы, дрэвы, кусты, кветкі, пляцоўкі, розныя збудаванні, скульптура). У працэсе яго развіцця пад, эстэт. поглядаў выпрацаваны разнастайныя кампазіцыйныя прыёмы, якія ўмоўна зводзяцца да 2 асн. прынцыпаў — рэгулярнага парку (геам.) і пейзажнага парку (маляўнічага, імітуе прыродны ландшафт). Існуюць паркі і мяшанага тыпу.

Вядома са старажытнасці. Асн. прыёмы Сп.м. склаліся ў 16—18 ст. у Зах. Еўропе. У эпоху Адраджэння ў Італіі паявіліся рэгулярныя сады, якія ўяўлялі сабой сістэму эфектных перспектыў і размяшчаліся на тэрасах з падпорнымі сценкамі, манум. лесвіцамі, скульптурай, каскадамі, фантанамі. Рацыяналістычныя прынцыпы, якія пераважалі ў мастацтве Францыі 17 ст., увасобіліся ў строга геам. планіроўцы рэгулярных («французскіх») паркаў. У сярэдзіне 18 ст. ў Еўропе ўзніклі свабодна распланаваныя пейзажныя паркі (Вялікабрытанія, Францыя) Першыя стараж.-рус. сады вядомы ў 12 ст. У 17 ст. ў Маскве дэкар. афармленнем вылучаліся т.зв. вярховыя («красныя») сады ў верхніх паверхах будынкаў (сады Крамлёўскага палаца); існавалі рэгулярныя сады ў загарадных сядзібах, для іх характэрна спалучэнне дэкар. якасцей з утылітарнымі (пладовыя насаджэнні). У 18 ст. створаны палацава-паркавыя ансамблі ў гарадах Петрадварэц, Пушкін, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя паркі), пейзажныя паркі ў Паўлаўску, Кузьмінках (Масква), Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка» (Украіна). С.-п.м. канца 19 — пач 20 ст. характарызуецца эклектызмам (ствараліся садова-паркавыя кампазіцыі тыпу яп. садоў, іспана-маўрытанскага патыо, альпійскай горкі). У 20 ст. з’явіліся новыя віды садоў і паркаў (спарт. паркі, паркі-выстаўкі, нац., прыродныя, гіст., дзіцячыя паркі, «сады на дахах» і інш.). Для масавага адпачынку ствараюцца вял. гар паркі. Выкарыстоўваюцца новыя кампазіцыйныя прыёмы, заснаваныя на функцыян. заніраванні тэр паркаў, вылучэнні ў іх аб’ектаў відовішчна-масавага, культ.-асв., спарт. і інш. прызначэння. С.-п.м. развіваецца і ў працэсе спецыялізацыі паркаў і садоў рознага функцыян. прызначэння — дзіцячых, спарт., выставачных, бат., заал., мемар. і інш. Пераважаюць свабодныя пейзажныя кампазіцыі. засн. на маст. інтэрпрэтацыі прыродных ландшафтаў, з уключэннем рэгулярна распланаваных частак.

На Беларусі лепшымі ўзорамі С.-п.м з’яўляюцца Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, паркі ў вёсках Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Забалацце Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. і інш. (рэгулярныя), паркі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля, Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, Столінскай сядзібы «Манькавічы», Лагойскага палацава-паркавага ансамбля, Савейкаўскі парк і інш. (пейзажныя). Характэрныя рысы С.-п.м. 2-й пал. 20 ст. — спалучэнне дакладнай планіровачнай схемы са свабоднай формай пасадак і кветкавага афармлення. З развіццём горадабудаўніцтва пашырыліся задачы па фарміраванні водна-зялёных сістэм, арх.-ландшафтнай арг-цыі адкрытых (незабудаваных) прастораў. Гэтыя задачы вырашаюцца галіной арх.-горадабуд. творчасці — ландшафтнай архітэктурай. У галіне С.-п.м. працуюць арх. Л.​Белякова, Дз.​Герашчанка, М.​Жлоба, Л.​Калініна, Г.​Патаеў, І.​Рудэнка, А.​Сычова, І.​Шпіт, В.​Шыльнікоўская, Б.​Юрцін і інш. Іл. гл. таксама да арт. Сад.

Літ.:

Памятники природы Белоруссии. Мн., 1970;

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;

Архитектурная композиция садов и парков. М., 1980;

Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Мн., 1981;

Сычева А.В., Титова Н.П. Ландшафтный дизайн: Эстетика деталей городской среды. Мн., 1984;

Горохов В.А., Лунц Л.Б. Парки мира. М., 1985;

Боговая И.О., Фурсова Л.М. Ландшафтное искусство. М., 1988;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии Мн., 1989;

Яго ж. Сады и парки. Мн., 2000.

Н.​С.​Будыка, А.​В.​Сычова.

Да арт. Садова-паркавае мастацтва. Кампазіцыя «Вялікі каскад» («Купанне Дыяны») у парку каралеўскага палаца ў г. Казерта (Італія).

т. 14, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫ́НЫ ПРАСПЕ́КТ у Мінску,

гал. дыяметр і асноўная магістраль горада; перасякае яго з ПдЗ на ПнУ. З 1951 наз. Сталінскі, з 1961 Ленінскі праспект, з 1990 сучасная назва. Даўж. больш за 11 км, шыр. 48—70 м. Як гал. кампазіцыйны дыяметр арганізацыйна ўплывае на планіроўку і забудову ўсяго горада. Яго перасякаюць Мінскі водна-зялёны дыяметр р. Свіслач і важныя трансп. магістралі, якія звязваюць праспект з усімі раёнамі горада. Уздоўж праспекта размяшчаюцца асн. гар. плошчы — Перамогі плошча, Кастрычніцкая, Я.​Коласа. Чаргаванне адм. будынкаў, культ.-асв., навучальных, гандл., вытв. і інш. устаноў з жылымі дамамі і комплексамі зрабіла магчымым пазбегнуць аднастайнасці і стварыць яго своеасаблівае арх.-маст. аблічча. Як гал. гар. магістраль пачаў фарміравацца ў 19 ст. Забудоўваўся праспект у 3 чаргі: 1-ы ўчастак (цэнтральны) ад Незалежнасці плошчы да пл. Перамогі (2,9 км, з 1945 пад кіраўніцтвам М.​Баршча і М.​Паруснікава) створаны на месцы вул. Савецкай ( з 1830 вул. Захар’еўская, у 1918—19 — Адама Міцкевіча), Пушкінскай (назва ў 1920—44 участка ад вул. Даўгабродскай да будынка абсерваторыі); 2-і — ад пл. Перамогі да пл. Калініна (2,7 км) і 3-і — ад пл. Калініна да ўезда ў горад з боку Маскоўскай шашы (больш за 6 км, 1950—70-я г.). Пасля Вял. Айч. вайны гал. магістраль створана на шырокай і выпрастанай трасе. На цэнтр. участку створаны ансамблі высокай арх.-маст. вартасці, характар арх. афармлення якіх засн. на творчым асваенні класічнай спадчыны: адм. будынкі паміж вул. Гарадскі Вал і Камсамольскай (КДБ; 1945—47, арх. Г.​Гай, Паруснікаў), Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога універмага, Мінскага галоўнага паштамта, Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, Мінскага цырка, будынак б. Мінскага царкоўна-археалагічнага музея, гасцініца «Мінск» (1-я чарга ў 1957, арх. Г.​Баданаў, 2-я — у 1967, арх. Г.​Сысоеў, С.​Мусінскі, Дз.​Кудраўцаў, з 2001 на рэканструкцыі). Ад вул. Я.​Купалы праспект спускаецца да азялененай поймы Свіслачы, узвышаецца над масівамі паркаў імя Янкі Купалы і Цэнтр. дзіцячага парку імя М.​Горкага. З гранітнай набярэжнай (1958, арх. К.​Іваноў) адкрываецца панарама ў бок пл. Парыжскай камуны з манум. будынкам т-ра оперы і балета. За мостам (1951, арх. Паруснікаў, Баданаў) знаходзяцца 5-павярховыя жылыя дамы (1939, дабудаваны ў 1947, арх. Р.​Столер, у 1950—56, арх. Баршч, Л. і Г.​Аранаўскасы). Завяршае цэнтр. ўчастак праспекта пл. Перамогі з Манументам Перамогі. На 2-м участку праспекта побач з даваен. дамамі (1937—41, арх. А.​Брэгман, Г.​Якушка) узведзены новыя жылыя будынкі (1952—58, арх. Баршч, Л.​Арнаўскас, А.​Духан, С.​Баткоўскі, Н.​Макляцова, Н.​Шпігельман). Вял. роля на гэтым участку і ў структуры горада належыць пл. Якуба Коласа з помнікам Я.​Коласу ў цэнтры (1972, скульпт. З.​Азгур, арх. Ю.​Градаў, Г.​Заборскі, Л.​Левін). Другі важны вузел участка ўтвараюць рэканструяваныя і расшыраныя комплексы 1-й клінічнай бальніцы, Нацыянальнай акадэміі навук будынкі, будынак Беларускай політэхнічнай акадэміі, кінатэатр «Кастрычнік», жылыя дамы з магазінам «1000 дробязей» (1962, арх. Сысоеў, Кудраўцаў), дом гандлю «Першамайскі» (б. «Сінтэтыка»; 1964—65, арх. Мусінскі, Сысоеў); завяршае ўчастак пл. Калініна з помнікам М.​І.​Кілініну (1978, арх. Ю.​Грыгор’еў, А.​Няўзораў, скульпт. В.​Палійчук, І.​Глебаў). 3-і ўчастак адрозніваецца ад папярэдніх аднабаковай забудовай на значнай адлегласці. Тут знаходзяцца будынкі гадзіннікавага з-да «Прамень» (1956—61, арх. Баткоўскі, І.​Боўт, Шпігельман), кварталы жылых дамоў, Бел агр. тэхн. ун-т (1956, арх. Бакланаў). Да праспекта прылягае парк імя Чэлюскінцаў, тэр. дзіцячай чыгункі (вакзал пабудаваны ў 1956) і зялёны масіў. Далей размешчаны кінастудыя «Беларусьфільм», жылыя дамы канца 1950-х г., Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак, комплекс НДІ сродкаў аўтаматызацыі (1972, арх. Мусінскі, Кудраўцаў). Важная роля ў фарміраванні арх.-маст. аблічча праспекта належыць жылому раёну Усход (забудоўваецца з 1966). Уздоўж праспекта пабудавана 1-я чарга лініі Мінскага метрапалітэна. Архітэктарам Баданаву, Баршчу, Баткоўскаму, А.​П.​Воінаву, У.​Каралю, Мусінскаму, Паруснікаву, Сысоеву, Н.​Трахтэнбергу, Шпігельману прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1968.

А.​А.​Воінаў, В.​М.​Чарнатаў.

Скарыны праспект у Мінску. Фрагмент.
Скарыны праспект у Мінску. Фрагмент.
Панарама Скарыны праспекта.

т. 14, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), антрапаген (ад антрапа... + грэч. genos нараджэнне),

чацвярцічная сістэма (перыяд), апошняя сістэма кайназойскай эратэмы (групы) і апошні перыяд геал. гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер. Назву даў у 1922 рускі геолаг А.​П.​Паўлаў па найважнейшай падзеі — станаўленні чалавека. Ніжняя ўзроставая мяжа 1,65 млн. гадоў (некаторыя даследчыкі лічаць 2,4—3 млн. гадоў). Традыцыйна падзяляецца на галацэн (0—10 тыс. гадоў назад), плейстацэн (10—800 тыс. гадоў назад) і эаплейстацэн (800—1650 тыс. гадоў назад). Антрапаген вывучае чацвярцічная геалогія, адзін з цэнтраў развіцця якой на Беларусі.

Агульная характарыстыка. Адклады антрапагену ўтварыліся ў выніку дзеяння спецыфічных для канца кайназою прыродных працэсаў, сярод якіх найважнейшыя — глабальнае пахаладанне клімату, інтэнсіўныя тэктанічныя рухі і вулканізм, мацерыковыя зледзяненні і звязаныя з імі ваганні ўзроўню акіяна. Тэктанічныя рухі зямной кары ў поясе альпійскай складкавасці і пахаладанне клімату прывялі да павелічэння крыясферы і ўзнікнення зледзянення на мацерыках Паўн. паўшар’я. Ледавіковыя покрывы ахапілі да 45 млн. км² сушы, што ў 3 разы перавышала сучаснае зледзяненне. Паўд. мяжа макс. пашырэння лёду дасягала ў Еўропе 48°30′ паўн. ш., у Паўн. Амерыцы — 37°30′ паўн. ш. Даследчыкі вылучаюць ад 3 да 9 зледзяненняў, якія чаргаваліся з міжледавікоўямі. На тэр. Беларусі праходзяць межы большасці вял. ледавіковых покрываў. У час зледзяненняў вял. масы вады акумуляваліся ў ледавіковых шчытах, што выклікала зніжэнне ўзроўню акіяна на 100 м і больш і злучэнне мацерыкоў Паўн. паўшар’я па Берынгавым мосце. Узровень акіяна і клімат міжледавіковых часоў нагадваў сучасны. У субтрапічных шыротах зледзяненням адпавядалі вільготныя перыяды (плювіялы), міжледавікоўям — больш сухія.

Адклады антрапагену пераважна кантынентальныя, сярод іх найб. пашыраны ледавіковыя (марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя і лёсавыя) і такія генетычныя тыпы, як алювій, перлювій, калювій, азёрныя, балотныя, эолавыя. На прыморскіх раўнінах і шэльфе намнажаліся ледавікова-марскія і марскія адклады. У тоўшчы антрапагену на Беларусі на ледавіковыя адклады прыпадае да 88%. Пяскі складаюць 39%, гліны — 4, буйнаабломкавыя пароды — 4, марэны — 8, лёсападобныя — 0,5, карбанатныя — 1, інш. — 3,5%. Магутнасць кантынентальных адкладаў да 300 м, сярэдняя на Беларусі — 80 м, макс. — 324,5 м (у Лагойскай астраблеме). На адкладах антрапагену ўтварыўся сучасны рэльеф раўнін і нізін Зямлі, яны з’яўляюцца субстратам для глебаў, аб’ектам горных, інж.-геал. работ і антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.

Станаўленне чалавека супадае з антрапагенавым перыядам: пітэкантрап з’явіўся ва Усх. Афрыцы каля 1,6 млн. гадоў назад. У канцы плейстацэну людзі рассяляліся паблізу ледавіка, дзе жылі буйныя жывёлы (у прыватнасці, маманты), паляванне на якіх было асновай існавання познапалеалітычнага чалавека. Мяркуюць, што на тэр. Беларусі чалавек з’явіўся каля 100 тыс. гадоў назад (вядомыя стаянкі першабытных людзей Бердыж і Юравічы маюць узрост 26—24 тыс. гадоў).

Карысныя выкапні. У адкладах антрапагену вядомы радовішчы золата, алмазаў, баксітаў, нікелю, буд. матэрыялаў (гліна, суглінак, пясок, жвір, галечнік, валуны, вапняк), торфу, сапрапеляў, прыроднага газу, дыятамітаў, солі, лячэбных гразяў, серы, марганцу, прэснай пітной вады. На Беларусі з гэтых адкладаў здабываюць буд. матэрыялы, торф, сапрапелі, лячэбныя гразі, пітную ваду, россыпнае золата.

Стратыграфічны падзел. У пач. 20 ст. аўстрыйскія вучоныя А.​Пенк і Э.​Брыкнер распрацавалі ледавіковую стратыграфію для Альпаў, у якіх вылучылі 4 зледзяненні — гюнцкае, міндэльскае, рыскае і вюрмскае, пазней дунайскае (самае старажытнае). Найчасцей антрапагенавая сістэма (перыяд) падзяляюць на 4 звяны (адпавядаюць пададдзелу) — ніжняе, сярэдняе, верхняе і сучаснае. У рэгіянальных стратыграфічных шкалах асн. адзінка расчлянення — гарызонт, які адпавядае палавіне кліматычнага рытму — пахаладанню (зледзяненню) або пацяпленню (міжледавікоўю). У схеме чацвярцічных (антрапагенавых) адкладаў Беларусі вылучаны (1981) брэсцкі перадледавіковы, нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі, паазерскі ледавіковыя і белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі і галацэнавы міжледавіковыя гарызонты. Многія бел. даследчыкі з белавежскага гарызонта вылучаюць карчоўскі міжледавіковы, атаясамліваюць белавежскі і шклоўскі міжледавіковыя гарызонты, аб’ядноўваюць дняпроўскі і сожскі ледавіковыя гарызонты і вылучаюць эаплейстацэн і інш. падраздзяленні. У Зах. Еўропе найб. пашырана школа, распрацаваная В.​Загвійнам (1989) для Нідэрландаў, у Расіі — І.​І.​Красновым і А.​П.​Зарынай (1987), С.​М.​Шыкам (1992), на Беларусі — схемы Б.​М.​Гурскага з сааўтарамі (1981) і Л.​М.​Вазнечука (1981).

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Стратиграфия СССР: Четвертич. система. Полутома 1—2. М., 1982—84;

Zagwijn W.H. The Netherlands during the Tertiary and the Quaternary: A case history of Coastal Lowland evolution // Geologie en Mijnbouw. 1989. Vol. 68, Nr. 1.

Э.​А.​Ляўкоў, М.​Я.​Зусь.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтры Мінскай вобл. Утвораны 29.6.1934 (у сучасных межах з 1959). Пл. 2 тыс. км-. Нас. 127,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 6,5% (без Мінска). Сярэдняя шчыльн. 64 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мінск; г. Заслаўе, г.п. Мачулішчы, 368 сельскіх населеных пунктаў, Мачулішчанскі пасялковы Савет і 19 сельсаветаў: Астрашыцка-Гарадоцкі, Бараўлянскі, Гаранскі, Ждановіцкі, Каладзішчанскі, Крупіцкі, Лашанскі, Лугаваслабодскі, Міханавіцкі, Навадворскі, Папярнянскі, Пятрышкаўскі, Рагаўскі, Самахвалавіцкі, Сеніцкі, Хацежынскі, Цнянскі, Шчомысліцкі, Юзуфоўскі.

Большая ч. тэр. раёна на Мінскім узвышшы, паўд.-ўсх. ўскраіна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пераважна ўзвышаная, 92% яе на выш. 180—250 м, найвыш. пункт 342 м (Лысая гара). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф, Ждановіцкая мінер. крыніца. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб. рэкі: Свіслач (з прытокамі Вяча, Чарняўка, Волма), Пціч, Усяжа. Вадасховішчы: Заслаўскае вадасховішча, Дразды, Крыніца, Вяча, Воўчкавіцкае, Астрашыцкі Гарадок, ч. Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (69,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,3%). Пад лесам 31,2% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пн. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, трапляюцца асінавыя, альховыя, дубовыя і інш. Штучныя насаджэнні (каля 20% пл. лесу) пераважна хваёвыя і яловыя. Пад балотамі 2,4% тэр. раёна, 7,7 тыс. га асушана. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны — Прылуцкі, біял. — Лебядзіны і Кайкаўскі; мясц. значэння: ахоўваемыя тарфянікі — Гайдукоўскае, Янапольскае, Гарадоцкае; біял. — Крыніца, Маяк. Помнікі прыроды рэсп. значэння: геал. агаленне Заслаўе, валун «Камень кахання» паміж в. Чаромуха і в. Гуры, дуброва каля в. Шчомысліца, парк камянёў (музей валуноў) на паўн.-ўсх. ускраіне Мінска, дуб і хвоя каля в. Ждановічы і парк Ігнацічы каля в. Кацягі. Зоны адпачынку: Мінскае мора, Пціч, Зялёны Гай, Вяча, Чараўніца, Раўбічы, Стайкі, часткова Вязынка, Вясёлка. Агульная пл. с.-г. угоддзяў 102,2 тыс. га (51,7%), з іх асушаных 10,9 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 12 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка; аграфірма «Рассвет», аграгандл. фірма «Ждановічы», Бел. занальная доследная станцыя па птушкагадоўлі, племптушкарэпрадуктар «Праўда», птушкафабрыкі імя Н.​К.​Крупскай, «1-я Мінская», «Дубаўляны», рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі ў пас. Ратамка, эксперым. базы «Курасоўшчына», «Анопаль», «Русінавічы», вучэбная гаспадарка імя М.​В.​Фрунзе, с.-г. прадпрыемства «Усход», доследная гаспадарка Бел. машынна-доследнай станцыі. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, вырошчванне бульбы і агародніны. Прадпрыемствы гарбарнай (Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне), металаапр. (перапрацоўка металалому), хіміка-фармацэўтычнай (ветпрэпараты), лясной (вырабы з драўніны), харч. (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы), буд. матэрыялаў, мэблевай, паліграф. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Гомель; аўтадарогі Брэст—Масква, Вільнюс—Мінск. Мінск—Бабруйск—Гомель, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Слуцк—Мікашэвічы, Мінск—Гродна. У раёне 34 сярэднія, 6 базавых, 11 пач. школ, раённая шматпрофільная школа для дзяцей з павышаным узроўнем інтэлекту і разумовага развіцця, гімназія, 8 муз., спарт. школы, 3 школы-інтэрнаты, дзіцячы дом, Навапольскі с.-г. тэхнікум, Сеніцкі с.-г. каледж, 54 дашкольныя ўстановы, 6 цэнтраў культуры, 34 дамы культуры і клубы, 38 б-к, 8 бальніц, 22 урачэбныя амбулаторыі, 3 паліклінікі, 10 фельч.-ак. пунктаў. На тэр. раёна размешчаны: абл. клінічная бальніца (пас. Лясны), абл. тубдыспансер (в. Лескаўка), шпіталь інвалідаў вайны і працы (пас. Лясны), рэсп. псіхіятрычная клінічная бальніца «Навінкі» (в. Навінкі) і інш.; НДІ: бульбаводства, агародніцтва, пладаводства (в. Самахвалавічы), аховы раслін (в. Прылукі), эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага (в. Кунцаўшчына), анкалогіі і мед. радыялогіі (пас. Лясны); курорт «Ждановічы» (санаторыі «Беларусь», «Крыніца»), дзіцячы санаторый «Астрашыцкі Гарадок», 9 санаторыяў-прафілакторыяў, спарткомплексы «Раўбічы» і «Стайкі», водна-спарт. база «Воўчкавічы». Музеі: Бел. дзярж музей нар. архітэктуры і побыту ў в. Строчыца, Музей бел. нар. мастацтва (філіял Нац. маст. музея) у в. Раўбічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 18 ст. — 1-я пал. 19 ст.) у в. Анопаль, царква і капліца (19 ст.) у в. Астрашыцкі Гарадок, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Прылукі, касцёл (1858—62) і спарт. комплекс «Раўбічы» (1973) у в. Раўбічы, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Сеніда, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Сёмкава, Троіцкі касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Сёмкаў Гарадок. Помнік ахвярам фашызму (1963) каля в. Вялікі Трасцянец на месцы Трасцянецкага лагера смерці, на тэр. Бараўлянскага с/с урочышча Курапаты. Выдаецца газ. «Наша жыццё».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,

фізіка-геаграфічная падправінцыя Палескай правінцыі на б.ч. Брэсцкай і Гомельскай, невялікіх ч. на Пд Мінскай і крайнім ПдЗ Магілёўскай абласцей. Мяжуе на Пн з Заходне-Беларускай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй, на Пд — з Украінскім Палессем. Працягнулася з З на У больш як на 500 км, з Пн на Пд каля 200 км. Пл. 60 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Гомельскае Палессе, Мазырскае Палессе (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны і частак інш. структур. Крышталічны фундамент залягае на глыб. 0,4—1,7 км на З, 0,4—6 км на У, на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе — на глыб. 20—50 м, на Пд выходзіць на паверхню (каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). У платформавым чахле найб. пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (дэвону і інш.), мезазою і кайназою (больш поўна, у параўнанні з астатняй тэр. Беларусі, развіты адклады палеагенавай і неагенавай сістэм). Пароды антрапагену ствараюць покрыва магутнасцю 20—100 м, у ледавіковых лагчынах да 200 м. Пераважаюць ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя і балотныя адклады. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя сланцы, буры вугаль, торф, калійныя і каменная солі, рэдкія металы, даўсаніт, буд. і абліцовачны камень, буд., шкловыя і фармовачныя пяскі, жвір, вогнетрывалыя і цагельныя гліны, мінералізаваныя і тэрмальныя воды, расолы і інш.

Асн. формы рэльефу ўтвораны дняпроўскім ледавіком і расталымі водамі сожскага ледавіка. Значная рэльефаўтваральная роля належыць эразійна-акумулятыўнай дзейнасці Прыпяці і яе прытокаў, стараж. і сучасных азёраў, балотаўтваральным і эолавым працэсам. Тэрыторыя Беларускага Палесся ахоплівае б.ч. Палескай і Прыдняпроўскай нізіны, на паверхні якіх пераважаюць водна-ледавіковыя (зандравыя), азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя пясчаныя формы рэльефу. Трапляюцца марэнныя раўніны і канцова-марэнны градава-ўваліста-ўзгорысты рэльеф. Рачныя даліны Беларускага Палесся маюць шырокія поймы і тэрасы. Адзнакі паверхні вагаюцца ад 105 м над узр. м. (урэз вады ў р. Прыпяць пры выхадзе з тэр. Беларускага Палесся) да 220 м (за 5 км на Пд ад Мазыра на Мазырскай градзе), найб. пашыраны 120—150 м. У паніжаных ч. рэльефу — балоты (найб. масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Грычын, Загальскі масіў і інш.) і забалочаныя ўчасткі з азёрнымі катлавінамі. На рачных тэрасах і зандрах дзюны. Канцова-марэнныя ледавіковыя ўтварэнні (Загароддзе, Мазырская града, Юравіцкае ўзвышша, Хойніцка-Брагінскія вышыні і інш.) уздымаюцца над нізінамі да 40—80 м.

Клімат умерана кантынентальны (найб. цёплы на Беларусі), няўстойліва вільготны. Сярэднія т-ры студз. ад -4,4 °C на З да -7 °C на У (мінім. -36 °C), ліп. 18—19 °C (макс. 38 °C), ападкаў 540—645 мм за год (макс. 1115 мм). Вегетацыйны перыяд 193—208 дзён. Рэкі Дняпро і яго прытокі Сож, Бярэзіна і Прыпяць (гал. рака Беларускага Палесся) належаць да бас. Чорнага мора, Зах. Буг з Мухаўцом, Лясной і інш. — да бас. Балтыйскага мора. Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі, Мікашэвіцкі і Агінскі (не дзейнічае); густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. Азёры Беларускага Палесся пераважна мелкаводныя, найб. з іх Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае. Шмат азёраў-старыц у поймах рэк. Пабудаваны вадасховішчы Салігорскае, Лактышы, Пагост і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя на пясках, да ўзвышшаў і раўнін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных і лёсападобных супесках. Значную ч. тэрыторыі займаюць дзярновыя забалочаныя (глеевыя і глеяватыя), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (поймавыя) глебы. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў на б. ч. Беларускага Палесся 45—50 балаў. Лясы займаюць 43%, належаць да Бугска-Палескай і Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акруг падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. На водападзелах і рачных тэрасах пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы (трапляюцца невял. ўчасткі шыракаліста-яловых), на марэнных узвышшах, раўнінах і тэрасах шыракалістыя лясы, пераважна дубовыя, ясянёва-дубовыя і ясянёвыя, на нізінных балотах чорнаалешнікавыя і пушыста-бярозавыя, у поймах рэк дубровы і алешнікі. У флоры шмат рэліктаў — вадзяны арэх, сальвінія плаваючая, альдраванда пухіраватая, рададэндран жоўты і інш. Больш за 1,2 млн. га зямель асушаны і ператвораны ў с.-г. ўгоддзі, пад ворывам каля 21% тэрыторыі. У межах Беларускага Палесся Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Белае, Прастыр, Альманскія балоты, Церабень, Мазырскія Яры, Смычок, Стрэльскі, гідралагічныя Выганашчанскае, Падвялікі Мох, біялагічныя Вусце Лані, Селяхі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Радастаўскі, Шабрынскі, Ленінскі, Борскі, Букчанскі, Чырковіцкі, Ялоўскі і інш. Значная ч. тэрыторыі Беларускага Палесся забруджана радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986.

Літ.:

Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982;

Неотектоника и полезные скопаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

А.​В.​Мацвееў, Э.​А.​Крутавус.

Беларускае Палессе. Краявід каля в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл.

т. 2, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)