ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),
від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.
Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст.самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.Груневальд, А.Дзюрэр, Л.Кранах у Германіі, А.Альтдорфер, П.Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.П.Рубенс у Фландрыі, А.Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.Ларэна, Н.Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.Д.Фрыдрых, Л.Рыхтэр у Германіі, У.І.Кох у Аўстрыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.Каро, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле (Францыя), Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), А.Менцэля (Германія), І.Айвазоўскага, А.Бенуа, Л.Бродскай, І.Грабара, А.Дайнекі, А.Куінджы, І.Левітана, Г.Ніскага, В.Паленава, М.Рэрыха, А.Саўрасава, В.Сярова, І.Шышкіна (Расія), М.Сар’яна (Арменія), А.Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.Банар, К.Манэ, Э.Манэ, К.Пісаро, А.Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.Гаген, П.Сезан у Францыі, В.ван Гог у Нідэрландах) і інш.
У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.Жукоўскі, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Н.Орда, Ю.Пэн, К.Русецкі, Ф.Рушчыц, Я.Сухадольскі, І.Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.Волкаў, І.Гембіцкі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, Л.Лейтман, С.Лі, М.Сеўрук, М.Станюта, А.Тычына (1920—50-я г.), А.Бархаткоў, У.Басалыга, Я.Батальёнак, Г.Вашчанка, В.І.Вярсоцкі, В.Грамыка, М.Данцыг, М.Ісаёнак, К.Качан, А.Кроль, У.Лагун, З.Літвінава, А.Малішэўскі, А.Марачкін, Л.Марчанка, У.Маскоўскіх, П.Масленікаў, Г.Паплаўскі. У.Пасюкевіч, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, В.Сумараў, І.Рэй, В.Цвірка, Л.Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.
Літ.:
Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;
Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;
Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;
Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;
Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;
Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;
Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.Да арт.Пейзаж. І.Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.Да арт.Пейзаж. В.Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.Да арт.Пейзаж. В.Грамыка. Раніца туманная. 1974.Да арт.Пейзаж. В.Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Т ДАНА́ТАРСКІ,
выява данатара — заказчыка твора выяўл. мастацтва або заснавальніка храма. Трапляецца ў розных відах мастацтва, часцей у жывапісе. Заснавальніка храма часта малявалі з мадэллю будынка ў руках на абразе ці манум. размалёўцы (перад Ісусам Хрыстом, Маці Божай, святым заступнікам) або асобна, але ў кантэксце агульнай сістэмы размалёвак і дэкору храма або кнігі ў спалучэнні з інш. выявамі. Адметныя рысы П.д.: адлюстраванне данатара звычайна ўкленчаным у малітоўнай позе са складзенымі рукамі, арыентаванасць кампазіцыйнага цэнтра на святога-заступніка, самапаглыбленасць і сузіральнасць стану партрэтаванага, адсутнасць знешніх калізій і падкрэсленых сувязей са знешнім светам.
Вядомы з эпохі ранняга сярэднявечча ў мастацтве многіх еўрап. краін, росквіту дасягнуў у 14—15 ст. (размалёўка «Энрыка Скравеньі прыносіць у дар капэлу» работы Джота ды Бандоне ў Капэле дэль Арэна ў г. Падуя, Італія, 1305; алтарныя карціны «Мадонна з канцлерам Раленам» Я. ван Эйка, 1435; «Св. Кацярына і св. Магдаліна з данатарамі» Х. ван дэр Гуса, 1476—78).
На Беларусі першыя П.д. вядомы з 11 ст. (выявы тураўскага кн. Яраполка Ізяславіча, яго маці Гертруды і яго жонкі Ірыны ў «Кодэксе Гертруды», паміж 1078 і 1087). Найб. пашыраны ў 16—18 ст. у іканапісе: абразы «Пакланенне вешчуноў» (каля 1514) з выявай данатара Я.Сегеня (выява данатара — 2-я пал. 17 ст.), «Маці Божая са святымі Ігнаціем Лаёлам і Францыскам Ксаверыем» (1-я пал. 17 ст.), дзе святым нададзены партрэтныя рысы кн. М.К. і Ю. Радзівілаў, і інш. Вядомы і познія ўзоры П.д. (фрэска «Спас з данатарамі» М.Кошалева ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, 1902—11).
Б.А.Лазука, А.Ю.Хадыка.
Партрэт данатарскі. Фрагмент абраза «Пакланенне вешчуноў» з партрэтам данатара Я.Сегеня. 2-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Цюльпан 5/540—541 (укл.); 11/156
- » - Містэр ван Зейл 11/156 (іл.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКІ ПА́КТ 1940,
пакт аб ваенным саюзе, падпісаны Германіяй, Італіяй і Японіяй 27 вер. ў Берліне. Прадугледжваў падзел свету паміж саюзнікамі, быў этапам у падрыхтоўцы агрэсіі супраць СССР. Бакі пагадзіліся, каб Германія і Італія ўсталявалі «новы парадак» у Еўропе, Японія — у Азіі, дамовіліся пра ўзаемадапамогу ў паліт., эканам і ваен. галінах. Да Берлінскага пакта далучыліся Іспанія, Тайланд, Фінляндыя, залежныя ад Германіі ўрады Венгрыі, Румыніі, Славакіі, Балгарыі, Югаславіі (27.3.1941 урад Цветкавіча быў скінуты, новы югасл. ўрад адмовіўся зацвердзіць акт пра далучэнне), марыянетачныя ўрады Маньчжоу-Го, Харватыі, створаны Японіяй на тэр. акупіраванага Кітая ўрад Ван Цзін-вэя. Берлінскі пакт страціў значэнне пасля паражэння дзяржаў фаш. блоку ў 2-й сусв. вайне. Гл. таксама «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́НСАН ((Johnson) Філіп) (н. 8.7.1906, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),
амерыканскі архітэктар. Вучыўся ў арх. школе Гарвардскага ун-та ў М.Броера (1940—50-я г.). Вучань і супрацоўнік Л.Міс ван дэр Роэ. Развіваючы яго прынцыпы, пабудаваў уласны дом у г. Нью-Канаан (штат Канектыкут, 1949) у выглядзе шклянога паралелепіпеда. У далейшым спалучаў прынцыпы і матэрыялы сучаснай архітэктуры са свабоднай стылізацыяй традыц.арх. формаў — класіцызму, готыкі, рэнесансу, а таксама Стараж. Рыма, сярэдневяковага Блізкага і Д. Усходу (Музей сучаснага мастацтва, 1930—36 і 1946—54, тэатр штата Нью-Йорк у «Лінкальн-цэнтры», 1964, абодва ў Нью-Йорку; купал ядзернага рэактараў Ізраілі, 1960).
Літ.:
Noble Ch. Ph Johnson. London, 1972.
Ф.Джонсан. Інтэр’ер тэатра штата Нью-Йорк у «Лінкальн-цэнтры» ў Нью-Йорку. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЬ,
ці Шан, першая кітайская дзяржава, якая існавала ў 16—11 ст. да н.э. Апошняя сталіца знаходзілася паблізу сучаснага г. Аньян. Значную ролю ў гаспадарцы І. адыгрывалі земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства. Зямлю апрацоўвалі пераважна каменнымі і драўлянымі прыладамі. У час І. з’явілася іерагліфічная пісьменнасць. Развіваліся рамёствы, у т. л. выраб бронзавага посуду, зброі, керамікі і інш. Археалагічныя знаходкі і эпіграфічныя помнікі сведчаць аб значным маёмасным расслаенні іньскага грамадства, якое складалася са знаці (члены царскай сям’і, жрацы, чыноўнікі), сялян-абшчыннікаў і рабоў (у асноўным ваеннапалонныя). У 14 ст. на чале дзяржавы стаяў цар (ван), які меў неабмежаваную ўладу. Дзяржава І. вяла працяглую барацьбу з суседнімі плямёнамі. У 11 ст. да н.э. заваявана роднасным племем чжу і перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́ВІЧ (Мікалай Андрэевіч) (1898, г. Лібава, Латвія — 1944),
бел. графік. Працаваў пераважна ў кніжнай графіцы. У 1920—30-я г. працаваў у газ. «Чырвоная змена», выконваў ілюстрацыі да час. «Іскры Ільіча» і «Беларускі піянер». Аформіў кнігі для дзяцей «Першы дзень у дзіцячым садзе» (1928), «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.Лынькова (1937), «Казка пра рыбака і рыбку» А.Пушкіна, «Канёк-гарбунок» П.Яршова (абедзве 1938), «Верабейчык» Я.Герасімовіча (1939), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» К.Чорнага (1941). У 1920-я 1930-я г. працаваў і як карыкатурыст (8 пано-плакатаў «Падпал рэйхстага Ван дэр Любэ»).
Літ.:
Ціхановіч В. М.А.Малевіч. Мн., 1959.
М.А.Гугнін.
М.Малевіч. Ілюстрацыі да казкі «Канёк-гарбунок» П.Яршова, 1938.
помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 17 ст. ў в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 уладальнікам вёскі, «каралеўскім будаўнічым», выхадцам з Нідэрландаў П.Нонхартам разам з інж.ван Дадэнам. Сіметрычны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак накрыты вальмавым дахам, фланкіраваны па вуглах 4 круглымі вежамі, завершанымі шатрамі.
Цэнтр гал. фасада вылучаны 3-яруснай прамавугольнай вежай-брамай з мураваным ганкам на слупах (дабудаваны ў канцы 19 ст.). Фасады амаль не маюць арх. дэкору. Тоўстыя (каля 1,5 м) сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, вежаў — вокнамі-байніцамі. У інтэр’еры сцены мелі жывапісную размалёўку, ляпныя ўпрыгожанні і інш. аздобу. У 1970-я г. да ганка зроблена мураваная лесвіца, да дваровага фасада прыбудаваны 1-павярховы цагляны корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁБЛІН ((Döblin) Альфрэд) (10.8.1878, г. Шчэцін, Польшча — 28.6.1957),
нямецкі пісьменнік. Як ваен. ўрач удзельнічаў у 1-й сусв. вайне. У 1933—45 і з 1953 — у эміграцыі. Адзін з прадстаўнікоў ням.экспрэсіянізму, у рэчышчы якога напісаны раманы — філас. «Тры скачкі Ван-Луня» (1915), гіст. «Валенштэйн» (1920), утапічны «Горы, моры і гіганты» (1924). Аўтар раманаў «Гамлет, або Канец доўгай ночы» (1956), трылогіі «Амазонкі» (1937—48), тэтралогіі «Лістапад 1918» (1938—50), апавяданняў, п’ес, літ.-крытычных і публіцыстычных прац. Вяршыня творчасці — своеасаблівы «раман выхавання» — «Берлін, Александэрплац» (1929). У творах Дз. традыц. манера пісьма спалучаецца з эксперыментальнай, паглыбленасць у душэўны свет герояў з глыбокімі філас.-сімвалічнымі абагульненнямі; шырока выкарыстоўваюцца міфал. і літ. рэмінісцэнцыі і аналогіі.
Тв.:
Рус.пер. — Гамлет, или Долгая ночь подходит к концу. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАНСЕ́РТГЕБАЎ»
(Concertgebouw літар. канцэртны будынак),
канцэртная зала і аркестр у Амстэрдаме (Нідэрланды). Адкрыты ў 1888. Аркестрам у розныя гады кіравалі В.Кес, В.Менгельберг (1895—1945; пад яго кіраўніцтвам стаў адным з вядучых у Еўропе), Э. ван Бейнум, Э.Іохум, Б.Гайтынк і інш. З ім выступалі А.Боўлт, Т.Бічэм, Ф.Буш, Б.Вальтэр, Э.Клейбер, П.Манцё, І.Стравінскі, В.Таліх, Р.Штраус і інш. Выканальніцкае мастацтва адметна высокай ансамблевай культурай, насычанасцю гучання, экспрэсіяй, тонкасцю фразіроўкі. У рэпертуары муз. класіка, творы сучасных галандскіх кампазітараў. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў кампазітараў 20 ст. (Б.Бартака, Л.Яначака, С.Пракоф’ева, А.Руселя, З.Кодая, Дз.Шастаковіча і інш.). У зале «К.» акрамя канцэртаў праводзяцца муз. фестывалі: Малераўскі (з 1920), Р.Штрауса (з 1924), Галандскі (з 1947) і інш.