медная або білонная манета вартасцю ў палавіну гроша, у шэрагу краін Еўропы ў 14—18 ст. Упершыню выпушчаны ў 1-й пал. 14 ст. ў Чэхіі; з канца 14 ст. чаканіўся ў Кракаве. Маса ў 1399—1414 каля 1,58 г, у 1479 каля 0,92 г, у 1501—26 каля 1,02 г. У 1342—1414 выпускаўся ў Львове, у 1470—1528 у Сілезіі (маса 1,2 г). У ВКЛ П. чаканіўся з 1492 да 1565 у Вільні і ў 1566 у Тыкоціне. Вартасць літ. П. на 1/5 большая, чым польскага. У 1766 у Рэчы Паспалітай быў адноўлены выпуск П. Апошнія П. чаканіліся ў 1796—97. На Беларусі абарачаліся літ., польскія, свідніцкія П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧАЯ СІ́ЛА,
1) агульная колькасць асоб у працаздольным узросце (ад 16 гадоў і да выхаду на пенсію), у т. л. беспрацоўных (за выключэннем непрацаздольных). Патрэбнасць у Р.с. вызначаецца грамадствам, якое арганізуе яе падрыхтоўку і размеркаванне па базавых галінах, забяспечвае рацыянальную занятасць працаздольнага насельніцтва. Р.с. з’яўляецца паказчыкам, які змяняецца ў залежнасці ад стану ўзроставай структуры насельніцтва (чым большая колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце, тым меней прыпадае непрацаздольных на кожнага працаздольнага).
2) Сукупнасць фіз. і разумовых здольнасцей чалавека, якія ён выкарыстоўвае ў працэсе вытв-сці. Характарызуе ўзровень і якасць работнікаў. Развіваецца ў прац. дзейнасці, а таксама ў выніку набыцця навыкаў да працы, у працэсе атрымання агульнай, прафес. і спец. адукацыі, павышэння кваліфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Цэнтр — г.Рагачоў. Утвораны 2.8.1773 у складзе Рагачоўскай правінцыі, з 2.4.1777 у Магілёўскай губ., з 23.12.1796 — у Беларускай губ. У гэты час паўд. частка павета далучана да Гомельскага пав., а на Пн яму перададзена частка Чэрыкаўскага і большая частка скасаванага Быхаўскага пав. З 27.2.1802 у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1777. З 1861 падзяляўся на 18 валасцей, меў 9 мястэчак. Пл. каля 7451 км², нас. 121,6 тыс.чал. (1864), 142,9 тыс.чал. (1885). У 1917 было 14 валасцей. З 26.4.1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 3.3.1924 у складзе БССР. 17.7.1924 скасаваны, яго тэр. ўвайшла ў Бабруйскую і Магілёўскую акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁХВА́ЛІ,
электрамагнітнае выпрамяненне, даўжыня хвалі якога ўмоўна большая за 50 мкм. Працэсы выпрамянення, распаўсюджвання і пераўтварэння Р. вывучае радыёфізіка і радыётэхніка.
Існаванне Р. эксперыментальна даказана Г.Герцам (1888). Адрозніваюць Р., узбуджаныя штучнымі крыніцамі (радыёперадатчыкамі), і Р., якія паступаюць ад пазаземных крыніц ні выкліканы маланкай. Р. ад штучных крыніц умоўна падзяляюць па даўжыні хвалі (частаце) на дыяпазоны (гл.Радыёчастоты), з іх дапамогай перадаюць інфармацыю, вызначаюць адлегласці да аб’ектаў і інш. Энергію такіх Р. можна канцэнтраваць у вузкі пучок з дапамогай накіраваных антэн ці радыёхваляводаў. Р. выкарыстоўваюцца ў радыёсувязі, радыёлакацыі, радыёастраноміі і інш.Гл. таксама Адбіццё хваляў, Выпрамяненне і прыём радыёхваль, Дыфракцыя хваль, Інтэрферэнцыя хваль, Палярызацыя хваль, Пераламленне хваль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЫ,
крывяносныя сасуды, па якіх кроў цячэ да сэрца ад органаў і тканак. Усе вены, акрамя лёгачных і пупочнай, нясуць вянозную кроў. Па венах пераносяцца пажыўныя рэчывы са страўнікава-кішачнага тракту і гармоны з залоз унутранай сакрэцыі, а з тканак арганізма выдаляюцца вуглякіслы газ і інш. прадукты распаду. Самыя вялікія вены ў арганізме чалавека — полыя верхняя і ніжняя. Яны ўпадаюць у правае перадсэрдзе. Ціск і скорасць руху крыві ў венах ніжэйшыя, а ёмістасць удвая большая, чым у артэрыях. Вялікая роля ў гемадынаміцы вянознай крыві належыць клапанам, якія ўяўляюць сабой складкі ўнутранай абалонкі вен. Сценкі вен складаюцца з трох слаёў: унутранага — з эпітэлію і злучальнай тканкі, сярэдняга — з гладкіх мышцаў, вонкавага — са злучальнай тканкі, у якой шмат эластычных валокнаў. Гл. таксама Крывяносная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,
клімат Антарктыды і прылеглых да яе акіянскіх прастораў (Антарктыкі). Над мацерыком надзвычай суровы. Т-ра паветра на працягу года адмоўная: летам у студз. да -13,6 °C, зімой у ліп. -60...-70 °C, на полюсе холаду (ст. Усход) самая нізкая на Зямлі — каля -90 °C. Ападкаў за год менш за 100 мм. Надвор’е вызначаецца Антарктычным антыцыклонам. Большая частка сонечнай радыяцыі адбіваецца снегавым покрывам (альбеда каля 85%), вял. страты цяпла даўгахвалевым выпрамяненнем з-за высокага становішча паверхні над узр. мора. На ўзбярэжжы т-ра паветра летам павышаецца да 0, +5 °C, гадавая сума ападкаў да 700—1000 мм, моцныя сцёкавыя і ўраганныя (40—60 м/с) вятры. Клімат акіянскіх прастораў Антарктыкі характарызуецца рэзкімі ваганнямі ціску, частымі цыклонамі, параўнальна аднароднымі т-рамі паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1793—1924. Утвораны ў складзе Мінскай губ. пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г.Барысаў. Пл. 10182,5 км², нас. 240 764 чал. (1897). У 1917 павет уключаў 28 валасцей: Бытчанскую, Бягомльскую, Бярэзінскую, Валасевіцкую, Велікадолецкую, Вітуніцкую, Восаўскую, Вяляціцкую, Гайнаслабодскую, Глівінскую, Дзмітравіцкую, Докшыцкую, Зачысцкую, Зембінскую, Кішчынаслабодскую, Красналуцкую, Лагойскую, Лошніцкую, Мільчанскую, Мсціжскую, Плешчаніцкую, Прусавіцкую, Смалявіцкую, Тумілавіцкую, Ухвальскую, Халопеніцкую, Эсьмонскую, Юр’еўскую. У сак. 1921 Докшыцкая, Тумілавіцкая і частка Мільчанскай вол. (2-я частка перайменавана ў Горненскую вол.) адышлі да Польшчы; з Вілейскага пав. ў Барысаўскі павета перададзена Крайская вол. У чэрв. 1924 далучаны Лукомская і Чарэйская вол. са скасаванага Бачэйкаўскага пав. 17.7.1924 павет скасаваны, большая частка валасцей уключана ў Барысаўскую акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАБА́МА (Alabama),
штат на Пд ЗША. Пл. 131,4 тыс.км², нас. 4187 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Мантгомеры. Найб. гарады Бірмінгем, Мабіл, Хантсвіл. Большаяч. тэрыторыі занята нізіннай прыморскай раўнінай, месцамі забалочанай, на Пн і ПнУ — адгор’і Апалачаў. Клімат умерана цёплы, на Пд субтрапічны. Ападкаў каля 1500 мм за год. Рэкі Алабама, Тэнесі. Вядучая галіна эканомікі — апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная металургія (Бірмінгем), вытв-сць алюмінію, пластмасаў, гумы, хімікатаў, тэкстылю, электратэхн. абсталявання. Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, авіяракетнай, суднабуд., тэкст. прам-сці. Здабыча вугалю, нафты, прыроднага газу. ГЭС на р. Тэнесі. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (адкорм буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней, бройлераў). Вырошчваюць сою, кукурузу, бавоўнік, сеяныя травы, арахіс, агародніну, садавіну. Чыг., аўтамаб., водны транспарт. Марскі порт Мабіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАКУМЕ́НТЫ ПА́ПСКІХ НУ́НЦЫЯЎ ПА ГІСТО́РЫІ УКРАІ́НЫ І БЕЛАРУ́СІ»
[«Litterae nuntiorum Apostolicorum (in Polonia, Austria, Venetiis etc.) historiam Ucrainae et Bielarussjae illustrantes», vol 1—13 (1550—1683)],
серыйнае рымскае выданне дакумент. матэрыялаў, складзеных папскімі нунцыямі (пасламі) у Польшчы (з 1569 — Рэчы Паспалітай). Распачаў яго ў 1959 (1-ы том ахоплівае матэрыялы 1550—93) укр. археограф, протаархімандрыт ордэна базыльян Анастасій (Грыгорый) Вялікі, працягваюць інш. ватыканскія гісторыкі; выйшла 14 тамоў. Большая частка дакументаў на лац. і італьянскай мовах. Змяшчае справаздачы і пасланні нунцыяў у Рым, іх перапіску з царк. дзеячамі і інш. дакументы з Ватыканскага архіва.
З’яўляецца важнай крыніцай для вывучэння гісторыі каталіцкай царквы на землях Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Брэсцкай уніі 1596.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́ЛЬНЫ ГАЗ,
тэарэтычная мадэль газу, у якой не ўлічваецца ўзаемадзеянне часціц газу (сярэдняя кінетычная энергія часціц намнога большая за энергію іх узаемадзеяння). Адрозніваюць І.г. класічны і квантавы. Уласцівасці класічнага І.г. апісваюцца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем і яго асобнымі выпадкамі — Бойля—Марыёта законам, Гей-Люсака законам, Шарля законам; часціцы размеркаваны па энергіях у адпаведнасці з Больцмана статыстыкай. Мадэль класічнага І.г. добра апісвае разрэджаныя рэальныя газы пры т-рах, далёкіх ад т-ры іх кандэнсацыі. Пры паніжэнні т-ры або павелічэнні яго шчыльнасці неабходна ўлічваць квантавыя (хвалевыя) уласцівасці часціц І.г., калі даўжыня іх хваль дэ Бройля пры скарасцях, парадку цеплавых, параўнальная з адлегласцямі паміж часціцамі. Пры гэтым квантавы І.г. апісваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыкай або Фермі—Дзірака статыстыкай.